Вы тут

Цяжкаатлет Андрэй Арамнаў: Блізкія прывыклі, што я нясу іншапланетныя рэчы


Мы сустракаемся з Андрэем у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» — цяпер менавіта тут ён праводзіць больш за ўсё часу. Пасля чэмпіянату свету Андрэй ужо раздаў некалькі інтэрв'ю, ды і за сваю насычаную рознымі падзеямі спартыўную кар'еру цяжкаатлет прывык да частых візітаў журналістаў, таму пагаджаецца на размову адразу, без узгаднення тэм і пытанняў. Шпацыруючы па тэрыторыі спарткомплексу, назіраем, як да Андрэя раз-пораз падыходзяць людзі — работнікі сталоўкі, трэнеры па іншых відах спорту, мясцовыя рыбакі. Яны віншуюць Арамнава з перамогай, хоць на чэмпіянаце свету, нагадаем, ён стаў другім, жадаюць спартсмену поспехаў і кажуць, што будуць хварэць за яго далей. Андрэй дзякуе мінакам, кагосьці цёпла абдымае, камусьці паціскае руку. Мімаволі ўзнікае пытанне: ці той гэта Арамнаў, што ўвесь час выказвае правакацыйныя рэчы і дзівачыць у інтэрнэце? А той, звяртаючыся да нас, пачынае апавядаць пра тое, што на тэрыторыі «Стаек» ёсць выдатнае возера, каля якога ён з вудай праводзіць свае выхадныя. Трапляецца ў асноўным карась, ёсць і карп, рыба вельмі смачная, таму што возера чыстае. Асноўную частку ўлову Андрэй дорыць знаёмым, штосьці сушыць для сябе. «Тут можна адысці ад спаборніцтваў, абстрагавацца, што важна ў сур'ёзных відах спорту. Інакш можа падарваць каўпак», — лічыць спартсмен.


Фота Ганны Занкавіч.

Пасля Пекіна-2008, калі Арамнаў у 20-гадовым узросце стаў алімпійскім чэмпіёнам, яго біяграфія стала падобная на амерыканскія горкі. Спартсмена затрымлівалі падчас кіравання аўтамабілем у стане ап'янення, пазбаўлялі правоў, прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за паўторныя парушэнні, а ён адно за адным даваў скандальныя інтэрв'ю. Сыходзіў з вялікага спорту і вяртаўся. Атрымаў цяжкую траўму і, здавалася б, «завязаў» з цяжкай атлетыкай назаўжды, але раптам праз тры гады вярнуўся. Ды як! Спачатку стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы, а потым узяў «серабро» чэмпіянату свету, пасля чаго заявіў, што мае намер паехаць на Алімпіяду ў Токіа.

«У нармальнага цяжкаатлета сапернік адзін — штанга»

— Пачнём з чэмпіянату свету. Ці задаволены вы сваім выступленнем і вагамі, якія там паднялі?

— Атрымалася ўсё, што запланавана, нават трохі больш. Апошні мой сусветны рэкорд быў вельмі даўно — не чакаў, што ўстанавіць чарговы атрымаецца цяпер, але мой характар спрацаваў у патрэбным кірунку.

— Магчыма, гэты чэмпіянат свету паказаў, над чым яшчэ трэба папрацаваць у перадалімпійскі год?

— Ёсць адзін момант. Перад гэтым стартам я шмат важыў, даходзіў да 122 кг, таму давялося экстранна сушыцца, зганяць вагу. Гэта мела наступствы: былі моманты, калі стомленасць перамагала, нават узнікала галавакружэнне. Я працаваў на максімуме, што не вельмі добра ў маім узросце. Хочацца, каб усё адбывалася спакайней.

Чэмпіянат свету 2018 быў усяго праз некалькі месяцаў пасля таго, як я вярнуўся ў каманду, у цяжкую атлетыку. Да чэмпіянату Еўропы ўдалося падрыхтавацца ўжо лепш, таму што ў складзе нацыянальнай каманды ўсё ж такі рыхтавацца зручней, чым дома. Я заяўляю, што хачу стаць двухразовым алімпійскім чэмпіёнам. Гэтая Алімпіяда, хутчэй за ўсё, будзе для мяне апошняя, таму яна цяпер — галоўнае для мяне.

— Ці цяжка ўтрымаць пік формы ў 31 год?

— Складана атрымаць новы вынік, прасцей вярнуць стары. Цяпер цяжэй псіхалагічна, таму што вялікая адказнасць ляжа на таго чалавека, хто паедзе на Алімпійскія гульні, трэба будзе спрацаваць на 100 %. Ёсць перажыванні: раптам штосьці не атрымаецца. Значыць, трэба рыхтавацца з добрым запасам, каб гэтыя думкі не перашкаджалі падымаць штангу.

— У сувязі з тым, што алімпійскіх ліцэнзій у нашай каманды мінімум, у калектыве напружаная абстаноўка?

— Магчыма, у трэнерскім штабе гэтыя моманты адчуваюцца. У нармальнага цяжкаатлета сапернік адзін — штанга. Хто больш падымае, той і едзе на спаборніцтвы. Я заўсёды раіў маладым спартсменам не займацца глупствам, не спрабаваць біцца адзін з адным, а лепш падымаць вынік, ад якога ўсё гэта залежыць. Ніякіх закулісных гульняў быць не павінна, але да Алімпіяды яшчэ далёка, рана казаць, хто куды едзе, — можа быць, такія гульні і пачнуцца, хоць не хацелася б. Цяпер у нас вельмі маладая зборная, самая галоўная задача мая і трэнераў — стварыць новую каманду, якая на Алімпіядзе ў Парыжы выступіць грунтоўна. Магчыма, і я буду ў складзе той каманды. Трэба быць загадзя гатовым.

«Я ведаю, мне дапамагае Бог»

— Калі вы прынялі рашэнне вярнуцца ў вялікі спорт, ужо тады вашай мэтай быў Токіа, альбо толькі цяпер, калі ўсё зноў стала атрымлівацца?

— Я атрымаў вельмі сур'ёзную траўму, пасля якой не мог думаць пра далейшы спорт, пачаў займацца блогінгам, праяўляць сябе ў сацсетках. Так атрымалася, што паказваў практыкаванні і адчуў, што нага перастала балець. У мяне з'явілася іскрынка надзеі, што, калі я зноў пачну займацца, што-небудзь можа атрымацца. З кожным днём і з кожным месяцам прыходзіла больш упэўненасці, і, калі вынік пачаў быць падобны на сусветны, нага наогул перастала турбаваць. Я ведаю, хто я такі, ведаю сваю сілу, сваю псіхіку, я ведаю, што мне дапамагае Бог, таму вырашыў біцца да канца.

— З якой рэакцыяй сустрэліся, калі аб'явілі пра сваё вяртанне?

— Мала хто верыў, усё ж такі я заўсёды кажу вельмі шмат усяго. Родныя і блізкія прывыклі да таго, што я нясу іншапланетныя рэчы. Ніхто не ведае, што ў мяне ў галаве, але я ўсё даказаў вынікам.

— Дапусцім, што вы трапляеце ў Токіа. Якая Алімпіяда для вас будзе прасцейшай, першая ці цяперашняя?

— Кожныя спаборніцтвы складваюцца па-рознаму. На цяперашні момант гэты чэмпіянат для мяне быў самым цяжкім з усіх спаборніцтваў. Я меў вельмі моцнага саперніка — Сімона Марцірасяна. Ён малады, перспектыўны. Гэта будзе вельмі цікавая бітва. Калі ўсё складзецца, як павінна быць, Алімпіяда Пекіна і побач не стаяла з тым, што будзе адбывацца ў Токіа.

— Тое, што вы сталі алімпійскім чэмпіёнам у 20 гадоў, — плюс ці мінус?

— У 20 гадоў я атрымаў фінансы, у мяне змянілася жыццё. Тым больш да таго часу я яшчэ не паспеў ні нагуляцца, ні пазаймацца глупствам, хацелася ўсё паспрабаваць, рабіць рознага кшталту эксперыменты. Добра, што цяпер я ўжо трошачкі пасталеў і супакоіўся, многія рэчы мяне ўжо не цікавяць. У маладосці паспрабаваў усё, што трэба было паспрабаваць у маладосці, а цяпер вяду сябе прасцей.

«Па жыцці я бізнесмен, толькі грошай няма»

— На некалькі гадоў вы адышлі ад спорту. Чым тады займаліся, як жылі?

— Я сышоў дзесьці ў канцы 2014 года, у пачатку 2017-га вярнуўся ў зборную. Увесь гэты час займаўся педагагічнай дзейнасцю і ўсялякім глупствам — чым я толькі не займаўся! Мне пашанцавала, што я змог вярнуцца, тым больш так добра вярнуцца. Многія глядзяць на гэта з зайздрасцю, таму што ў некаторых не атрымліваецца зрабіць адну добрую кар'еру цяжкаатлета, а ў мяне выгарае ўжо другая. Мала хто разумее, што гэта не толькі шанцаванне, але і як мінімум Божая падтрымка. Мяне любіць сусвет, і я люблю яго.

Вядома, калі больш за паўжыцця прысвячаеш спорту і ў цябе забіраюць гэтую велізарную частку, яе няма чым запоўніць, ты ў пастаянных пошуках, прыходзяць і добрыя, і дрэнныя думкі. Калі прыходзяць дрэнныя, можна зламацца, у мяне было шмат такіх момантаў. Былі праблемы з законам, я працягнуў ездзіць выпіўшы за рулём, у мяне потым канфіскавалі машыну, я трапіў пад дамашні арышт, потым пачаліся праблемы з праверкамі пад дамашнім арыштам, мяне хацелі пасадзіць у турму. Чаго толькі не адбывалася, але ў выніку я вытрымаў, мне дапамог спартыўны характар. Мала хто выкараскваецца адтуль, адкуль выкараскаўся я. Вядома, тут праблема нашага спорту — у тым, што спартсменам, якія сыходзяць, ніяк не дапамагаюць. Пасля перамогі на Алімпіядзе табе трэба зноў стартаваць з нуля. Першы год пасля сыходу я працаваў за 50 долараў у спартшколе трэнерам. Добра, што нічога не прадаў, захаваў кватэру. Упэўнены, мяне зноў гэта чакае. Мінулым разам ад таго, што атрымаў траўму і не быў гатовы да такога (а да траўмы быў настолькі перагружаны трэніроўкамі і рэжымам, што проста маральна не вытрымліваў), з'яўляліся бяссонніца і паўвар'яцкі стан. Цяпер здаецца: з аднаго боку, добра, што адпачыў, з другога — магло б і не пашанцаваць выбрацца адтуль.

— Ці ёсць учынак, пра які вы шкадуеце?

— Заўсёды яны ёсць. У мяне цяпер усё добра, таму я з упэўненасцю мог бы сказаць, што гэта была выдатная школа. З другога боку, ці трэба было мне ўсё гэта пераносіць? І псіхалагічна складана было, і ў сям'і праблемы ўзнікалі: яна магла разбурыцца. Шкадую, што не змог выступіць на ўсіх Алімпіядах, таму што не быў дастаткова дасведчаны, каб думаць у перспектыве. Уступаў у канфлікты з трэнерамі, хоць іх нельга было пазбегнуць, трэнеры хацелі прыціснуць мяне да пазногця, а з маім характарам гэта немагчыма. Усе памыляюцца. Цяпер бы я рыхтаваўся на чацвёртую Алімпіяду, і было б выдатна.

— Толькі адсутнасць грошай тады прымусіла вас пайсці на трэнерскую работу?

— Я не збіраў фінансы, каб «замуціць» бізнес, а калі ў мяне канфіскавалі машыну, тым больш не было сродкаў. Па жыцці я бізнесмен, толькі грошай няма, заўсёды пакідаю іх на потым, а потым яны трацяцца. Раней у мяне быў выраз — «горш быць не можа», а цяпер дакладна ведаю, што ў любы момант можа быць яшчэ горш, як бы ні здавалася, што ўсё прапала. Цяпер я ведаю, што прыйдуць прызавыя за чэмпіянат свету і Еўропы, за сусветныя рэкорды, спецыяльна выкінуў картку, каб выпадкова іх не выдаткаваць. Мы чакаем папаўнення ў сям'і, таму замест кватэры хацелася б пабудаваць вялікі дом.

Работа з дзецьмі — гэта добры, цікавы вопыт, наогул я адчуваю, што ў мяне атрымліваецца трэніраваць. Цяпер няма магчымасці займацца дзецьмі, я працую з дарослымі, проста стаўлю добрую базу, каб людзі разумелі, што такое цяжкая атлетыка. На мой погляд, у свеце мала правільнай дакладнай педагогікі ў цяжкай атлетыцы, савецкая школа грунтавалася на медыкаментах і здаровых хлопцах, цяпер прыйшла эпоха Арамнава, дзе важная тонкая тэхніка. Трэнірую анлайн, але займацца ў мяне стала задорага.

— Ці задавальняе цяпер ваш заробак?

— Канешне не. Заўсёды хочацца атрымліваць больш, таму што шмат фінансаў сыходзіць на падрыхтоўку. Чым даражэйшы аўтамабіль, тым даражэйшае яго абслугоўванне, чым далей я ўпіраюся ў вынік, тым усё больш сродкаў трэба на падтрыманне формы.

— Журналісты любяць вас за адкрытасць. Калісьці даводзілася пакутаваць пасля сказаных слоў?

— Шмат разоў. Часта журналісты інтэрпрэтавалі мае словы не так, у тым ліку праз гэта мая кар'ера не здавалася такой ужо добрай. Трапляла і трэнерам, і камандзе, і маім родным. Я за гэта вельмі прашу прабачэння. Пасля кожнага інтэрв'ю мне кажуць: «Андрэй, можа, не трэба наогул даваць інтэрв'ю?» Але я не магу, таму што мая медыйнасць у тым ліку дапамагла мне вярнуцца. Было шмат абраз, але той вынік, які ў мяне атрымаўся, — аплявуха тым, хто мяне абразіў.

— Здаецца, менавіта дзякуючы гэтай шчырасці і адкрытасці вас і любяць балельшчыкі.

— Так, я сфарміраваўся ва ўяўленні многіх людзей як абсалютна сумленны і адкрыты чалавек, праз гэта ў маім жыцці з'явіліся добрыя людзі, якія дапамагалі, падтрымлівалі. Перамога і маё вяртанне — па большай частцы і ёсць гэтыя людзі, а не мая працавітасць або тэхніка. Бывала, засыпалі мяне грашыма, толькі каб я не здаваўся і вярнуўся. Тысячаразова ўдзячны тым, хто дапамагаў не толькі фінансава, але і псіхалагічна.

— Што б вы параілі сёння сабе маладому і кожнаму юнаму спартсмену?

— Сабе — ніколі не здавацца. А маладым спартсменам — паспрабаваць адчуць свой спорт, сваю тэхніку. Я як педагог сутыкнуўся з тым, што ў педагогіцы шмат няправільнага. Многія становяцца педагогамі ад безвыходнасці. 
Я параіў бы спартсменам навучыцца ўсё рабіць самім, тады і пра свае памылкі не шкадуеш. Вядома, трэба прыслухоўвацца да трэнера, але зрабіць свае высновы. І абавязкова вывучаць навуку, таму што спорт без медыцыны і навукі сёння — не спорт.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Мінск — Стайкі — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».