Вы тут

Тураў займеў уласную «энцыклапедыю»


Нядаўна ў выдавецтве «Беларусь» выйшаў у свет своеасаблівы навукова-папулярны даведнік пра незвычайны палескі горад — «Тураў: старажытны і сучасны». Яго аўтарам стаў пісьменнік, публіцыст і даследчык гісторыі Юрый Кур'яновіч.


Царква Усіх Святых 1802 года. Сакавік 2009 года

Каб прыцягнуць належную ўвагу грамадскасці да праблемы заняпаду Турава, Юрый Кур'яновіч запрашаў і працягвае запрашаць туды ў прыватным парадку і славутых людзей, і вядомых літаратараў, і радыёстанцыі, і тэлебачанне. Падчас карпатлівай працы над кнігай разам з аўтарам горад наведвалі такія няўрымслівыя, творчыя людзі, як член саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі паэтка Валянціна Паліканіна, паэты-барды Валерый Пазнякевіч і Эдуард Акулін, паэт Леанід Дранько-Майсюк, кінадраматург, сцэнарыст і паэт Уладзімір Мароз, паэт і публіцыст Алесь Гібок-Гібкоўскі, даследчык гісторыі і культуры, кнігазнавец Валерый Герасімаў, паэт-перакладчык Генадзь Бардышаў. Удзельнікам некаторых памятных сустрэч быў і аўтар гэтых радкоў. Адбываліся яны ў мясцовых доме культуры і бібліятэцы. Пісьменнік не пераставаў падкрэсліваць, што ён улюбёны ў Тураў. І таму, як толькі выпадала вольная хвіліна, ён лёцьма ляцеў у мястэчка.

У свой час у краязнаўчым музеі і тураўскіх школах прайшла фотавыстаўка пісьменніка пад назвай «Краявіды беларускай Палесціны», якая адлюстравала філасофскую непаўторнасць нашай Бацькаўшчыны. Сярод іншых можна было ўбачыць здымкі выраслага крыжа на Барысаглебскіх могілках і драўлянай капліцы, на месцы якой пабудавалі новую, з белай цэглы. Гэтыя фатаграфіі ўвайшлі, вядома ж, і ў багата ілюстраваную кніжку.

Як вядома, на мове геаметрыі зямная прастора мае тры вымярэнні — даўжыню, шырыню і вышыню. У такой сістэме каардынат мы і ўспрымаем, і асэнсоўваем наваколле, адзначае аўтар. А вось уявіць сабе чацвёртае вымярэнне — гэта як сляпому ад нараджэння думаць пра фарбы. У гэтым чацвёртым вымярэнні прадстаўнікі розных рэлігійных культаў знайшлі месца таямнічым, звышнатуральным з'явам. У гэты загадкавы свет Юрый Кур'яновіч і здзейсніў сваё «падарожжа», якое стала займальнай экскурсіяй у гісторыю краіны і спазнаннем багатай культурнай спадчыны з яе язычніцкімі і біблейскімі матывамі — матывамі, вельмі характэрнымі для старажытнай Тураўшчыны. Сапраўды, можа, менавіта тут і знаходзіцца каўчэг напаўнення і захавання народнай міфалогіі, ментальнасці і феномена нашай адметнай і незвычайнай культуры?

Каменны крыж, які вырастае з зямлі на Барысаглебскіх могілках. Май 2019 года

Каб заінтрыгаваць чытача, непасрэдны аповед аўтар кнігі пачынае з таго месца, дзе б'ецца сэрца палескага краю. Гэта поўдзень краіны, паэтычнае ўзбярэжжа неўтаймавана-наравістай Прыпяці. Тут, сярод балотных капішчаў, старажытных славянскіх паселішчаў і рэшткаў першых хрысціянскіх храмаў, і «прапісаўся» легендарны Тураў — рэліктавая скарбонка беларускай этнаграфіі. Нават сёння, падкрэслівае аўтар, гэтая зямля для многіх нашых суайчыннікаў — tеrrа іnсоgnіtа. Першыя рысы яе міфалагічнасці яскрава вымалёўваюцца, калі пераязджаеш прыпяцкі мост па шашы ад Жыткавіч да Турава. Перад вачыма паўстае карціна велічнай ракі, аблямаванай зялёнай стужкай адвечных лясоў. Гледзячы на гэты неруш, нібы перагортваеш старонкі памяці, вяртаешся ў часы панавання продкаў — дрыгавічоў і драўлян. Можа, гэта сюды прыводзіў драўлянскі князь Мал сваіх дзяцей — прыгажуню Малушу і дужага Дабрыню, каб яны атрымалі першае бацькоўскае настаўленне і разуменне такіх рэчаў, як свабода, незалежнасць і любоў да сваёй Радзімы? А ці не перадала потым яго дачка па крыві свайму сыну Уладзіміру Вялікаму, хрысціцелю рускай зямлі, гэты незалежніцкі, свабодалюбны дух, а дзядзька-выхавацель Дабрыня — ваяўнічы пыл?

Так, пагаджаюся з аўтарам: за смугой часу нам не даведацца пра дзявочыя мары дачкі драўлянскага князя Малушы, пра падрабязнасці яе стасункаў са сваім мужам — князем Святаславам Ігаравічам. Прыпяцкая зямля маўкліва захоўвае праўду пра тыя падзеі, пра авеяны легендамі і славай Тураў. Прыемнага ўсім знаёмства з яе таямніцамі...

Уладзімір Барысенка

Фота Юрыя Кур'яновіча

Загаловак у газеце: Таямніцы палескай зямлі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з нявесткай вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.