Вы тут

Выглядаць багатымі жадалі нават старажытныя егіпцяне


Гэты рытуал дапамагаў старажытным егіпцянам быць падобнымі на багачоў

Ва ўсе часы людзі імкнуліся да багацця або хацелі быць падобнымі на вельмі заможных людзей. Напрыклад, каб выглядаць паспяхова, некаторыя сёння гатовыя ўзяць буйны і цяжкі для свайго бюджэту крэдыт на дарагі аўтамабіль.


Мяркуючы па археалагічных знаходках, выглядаць багатымі жадалі нават старажытныя егіпцяне, прычым не толькі пры жыцці, але і пасля смерці. Іх спосаб паказаць сваю ўяўную заможнасць быў вельмі дзіўны і нават жудасны: на тэрыторыі егіпецкага паселішча пад назвай Сакара археолагам удалося знайсці муміі даволі бедных людзей, якія былі пахаваныя настолькі «багата», наколькі дазваляла фантазія далакопаў.

Як правіла, фараонаў хавалі ў дарагіх саркафагах.

Дзіўнае пахаванне было знойдзена польскімі археолагамі ў верасні 2018 года непадалёк ад піраміды Джосера, якая лічыцца самай старой у свеце. У 2000-гадовых магілах ляжалі дрэнна захаваныя целы людзей, якія былі падвергнутыя толькі асноўным працэдурам бальзаміравання. Труны былі закапаныя проста ў выкапаных у пяску ямах. На момант раскопак магіл месца пахавання ўжо было разрабавана, але археолагі знайшлі сляды ўпрыгажэнняў — далакопы відавочна хацелі, каб пахаванне простых рабочых выглядала амаль як у фараонаў.

Практычна ўсе дэталі пахавання сведчаць пра тое, што далакопы, якія хавалі людзей, былі непісьменныя. На вечку адной труны былі намаляваны каралі, а ніжэй павінен быў размяшчацца надпіс з іменем пахаванага чалавека. Але, як археолагі ні імкнуліся расшыфраваць іерогліфы, ім гэта не ўдалося. Рэч у тым, што непісьменны магільшчык проста маляваў бессэнсоўныя сімвалы, быццам спрабуючы намаляваць калісьці ўбачаныя ім іерогліфы.

Мумія невядомага егіпцяніна. Фота: hi-news.ru

Таксама на труну была нанесена выява захавальніка іншасвету Анубіса. Аднак, яго цела было намалявана сінімі фарбамі, у той час як звычайна яно малявалася чорным колерам. Даследчыкі выказалі здагадку, што магільшчык папросту не быў знаёмы з мастацкімі традыцыямі. Аднак таксама ёсць імавернасць, што магільшчык хацеў зрабіць дасылку да боскіх валасоў з каштоўнасцяў сіняга колеру.

Гэтае незвычайнае пахаванне раскрыла вельмі цікавую дэталь з жыцця старажытных егіпцян. Атрымліваецца, што ў сучасных людзей і продкаў, што жылі тысячы гадоў таму, ёсць шмат агульнага. Жаданне хоць трохі паходзіць на багатых людзей — выдатны таму доказ. Вось прызнайцеся шчыра, вы ж напэўна ведаеце людзей, якія выдаткуюць плойму грошай на не самыя неабходныя ў жыцці рэчы накшталт упрыгажэнняў ці модных гаджэтаў, каб быць хоць трохі падобнымі на багатага чалавека?

Характэрна, што пра цікавыя дэталі з жыцця старажытных людзей археолагі даведваюцца вельмі часта. Напрыклад, у 2018 годзе даследчыкам удалося раскапаць рэшткі незвычайнага скандынаўскага дома, у якім захоўваліся рэшткі памерлых вікінгаў. Навукоўцы да гэтага часу паняцця не маюць, для чаго была патрэбна гэтая грабніца. Магчыма, у ёй захоўваліся целы памерлых у халодную пару года воінаў — вясной іх можна было дастаць і пахаваць згодна з усімі паганскімі традыцыямі. Таксама магчыма, што забабонныя скандынавы папросту замыкалі мёртвых людзей у дамах, каб іх душы не трывожылі жывых.

Іван Купарвас

Загаловак у газеце: Багацей пасля смерці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?