Вы тут

«Мінскі дыялог» пра еўрапейскую бяспеку —нейтральная пляцоўка і высокі ўзровень даверу


Абмеркаваць выклікі XXІ стагоддзя, у прыватнасці сістэму кантролю над узбраеннямі, напружанасць паміж геапалітычнымі сапернікамі і адсутнасць камунікацый і паразумення паміж ваеннымі і палітыкамі з'ехалася каля 700 экспертаў, дыпламатаў і палітыкаў з 61 краіны свету. На сустрэчы ў Мінску разважаюць, як не даць свету саслізгнуць у бездань.


У сучаснай сітуацыі татальнага абвастрэння супярэчнасцяў, калі бакі нават не размаўляюць адно з адным, тое, што яны сабраліся тут, ужо само па сабе важнае дасягненне, заўважыў Яўген ПРЭЙГЕРМАН, заснавальнік і дырэктар Савета па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог», які з'яўляецца арганізатарам мерапрыемства:

— Ад нашых партнёраў мы пачулі, што Мінск мае такую аўру, што людзі нават з самымі супрацьлеглымі пунктамі гледжання знаходзяць тут магчымасць скончыць дыскусію канструктыўна, нават калі яна пачыналася на эмоцыях. Таму мы чакаем сёлета, што аўра гэтая будзе ўмацоўвацца і падобнага кшталту дыскусіі будуць працягвацца. Гэты форум не абстрактна акадэмічны, тут сабралася шмат дзеючых палітыкаў, якім неабходны дакладныя прапановы і рашэнні. Таму наша задача па выніках сустрэчы сабраць усё самае цікавае ў выніковым дакуменце, каб гэтыя ідэі можна было распрацоўваць.

Еўрапейскі рэгіён імкліва ўваходзіць у эпоху стратэгічнай нестабільнасці і непрадказальнасці. Існуючыя правілы гульні ў сферы бяспекі ўжо не ў стане перадухіліць новыя і вырашыць існуючыя канфлікты ў Еўропе. Усё гэта павышае верагоднасць развіцця сілавых сцэнарыяў, мяркуе Уладзімір МАКЕЙ, міністр замежных спраў Беларусі:

— Еўропа і Беларусь як яе неад'емная частка заўжды асоба востра адчувалі любы подых ветру міжнароднай бяспекі. А ў апошнія гады мы жывём пры пастаянным штармавым папярэджанні. Часы, калі на Еўрапейскім кантыненце ўладарыў дух міру і здаровага партнёрства, знесены парывамі геапалітычнай напружанасці і канфрантацыі. Магчымасць узаемнага стрымлівання праз нарошчванне ваенных патэнцыялаў — небяспечная ілюзія бяспекі, якая не аднойчы прыводзіла да трагедый. Гэта прамы шлях да халодных войнаў.

Ён падкрэсліў як важнасць прысутнасці экспертаў розных узроўняў, так і актуальнасць ды тэматычнасць абмяркоўваемых пытанняў міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. І адзначыў, што форум — унікальная магчымасць не проста абмяняцца думкамі, але і паспрабаваць выпрацаваць агульныя падыходы, а таксама практычныя алгарытмы вырашэння праблем, якія не проста наспелі, а нават і пераспелі.

Мяркуючы па колькасці ўдзельнікаў і краін, у свеце вераць у патэнцыял мінскай пляцоўкі як міжнароднага перагаворнага круглага стала для вырашэння найбольш значных праблем, якія існуюць не толькі ў нашым рэгіёне, але і ў цэлым у Еўразіі і ў свеце, бо ўсе яны звязаныя, падкрэсліў важнасць форуму Валерый ВАРАНЕЦКІ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах:

— Аўтарытэт і імідж мінскай перагаворнай пляцоўкі сапраўды падрос, і многія вераць, што на ёй як на нейтральнай пляцоўцы можна весці шчырую і адкрытую размову. Мае калегі са Швейцарыі ўжо кажуць, што мы сталі другой Жэневай для Усходняй Еўропы і нават Еўразіі. Важна разумець, што такія пляцоўкі дазваляюць фармуляваць падыходы і пазіцыі, і калі яны скіраваны на ўзаемаразуменне, а не на стварэнне напружанасці, то гэта вельмі важна.

Гэта важна для краіны і з пункту гледжання забеспячэння бяспекі, стабільнасці і супрацоўніцтва, гэта наш нацыянальны інтарэс. Мы зацікаўлены ў існаванні дыялогу паміж Захадам і Усходам.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.