Вы тут

Зямля і аблокі ў нататніку


Пры першым беглым знаёмстве са зборнікам вершаў «Пад небам Рагнеды» Святланы Быкавай, які сёлета пабачыў свет, звяртае на сябе ўвагу засяроджанасць аўтаркі на тэме беларускай зямлі і яе слаўнай мінуўшчыны. Падчас глыбейшага разгляду становіцца яўнай спроба паэткі знайсці і ідэнтыфікаваць сябе менавіта праз нацыянальную гісторыю, яе блізкія і далёкія падзеі.


Гэтаму адпавядае і кампазіцыя кнігі. Выява князёўны Рагнеды не толькі займае пачэснае месца на вокладцы, але і паўнапраўна «блукае» па старонках. Гэтая ўкаранёнасць у айчынную мінуўшчыну грунтуецца і на пільнай увазе да непрыкметных у гістарычным маштабе, але важных і значных у жыцці «каранёў» — бацькоў і дзядоў, што, як магутныя і надзейныя атланты, трымаюць «дрэва рода» кожнага.

Ад прыцягальнай мінуўшчыны аўтарка незаўважна пераходзіць да тэмы бясконцасці і невядомасці абсягаў быцця. Заўважная яе зацікаўленасць сучаснымі містычнымі плынямі, якія грунтуюцца на філасофскай ідэі аб тым, што ў гэтым свеце ўсе людзі толькі госці і праходзяць урокі жыцця, а затым здаюць адпаведныя экзамены. Трансцэндэнтнасць літаральна лунае ў паветры, калі чытаеш «Пад небам Рагнеды», і, магчыма, таму лірычную гераіню так цягне паглядзець на свет нават не з вышыні птушынага палёту, а з далечыні касмічнай адлегласці. Вышэйшая ісціна даступная кожнаму і ляжыць на паверхні быцця, таму яе не трэба спецыяльна даследаваць, вышукваць ці выдумляць. Вучыцца кахаць, на думку аўтаркі, варта ў самой прыроды — травы і кветак, шчодрага сонца, ракі, якая «абдымае, цалуючы, бераг».

Лірычную гераіню сілкуе і жывіць вясна, даючы ёй сілы. Яна з падзякай і задавальненнем назірае і за тым, як адзін за адным змяняюцца ўсе чатыры прыродныя цыклы.

Усяму ёсць месца: і каханню, што ў Святланы Быкавай лёгка ператвараецца ў любоў да свету, і пакуце расстання як плаце за шчасце, і болю ад несправядлівых людскіх нападаў і пераследаў, і веры ў немінучыя перамены да лепшага, і тузе з нагоды хуткаплыннасці жыцця, а таксама здзейсненых памылках, і спадзяванню на пераадоленне адзіноты, і цёплым словам да маці — такія разнастайныя настроі адлюстраваны на старонках зборніка. Прысутнічаюць у кнізе і так званыя «Думкі ўголас» — гэтак названы раздзел, у якім сабраны двухі чатырохрадкоўі, невялікія вершы. Яны фіксуюць глыбокія жыццёвыя назіранні, роздумы над сутнасцю быцця ў свеце.

Удасканаленне — святы Закон Сусвету.

Хто супраць — без сляда канае ў Лету.

Ад смутку Святлана Быкава лечыцца самым надзейным сродкам — гумарам, менавіта таму з усмешкай да жыцця раіць жыць і свайму чытачу. Тут паэтка паўстае чалавекам заземленым, блізкім да штодзённасці з яе клопатамі і турботамі. Многія вершы носяць павучальны характар («Не бяры чужога» і інш.) і нават нагадваюць кароценькія байкі («Павукі і прасцякі (жыццёвае назіранне)» і інш.). Часам мастацкі свет Святланы Быкавай набывае незвычайныя, нават фантастычныя абрысы: у ім здараюцца казачныя рэчы. Напрыклад, пахілены плот здольны адзывацца на ўшчуванні гаспадыні і зноў уздымацца, каб сэканоміць ёй грошы, пазбаўляючы неабходнасці ўсталёўваць новы, металічны.

Дзякуючы зборніку становяцца вядомымі і разнастайныя абставіны «з’яўлення» паэтычных твораў Святланы Быкавай на свет: часта яны прыходзяць раптоўна і вымушаны запісвацца на шматках паперы агрызкамі алоўкаў («Творчы працэс»), надоўга пакідаючы забытымі кубак з гарбатай ці кавай. Гартаючы старонкі кнігі, чытачы могуць падгледзець таямніцу «нараджэння» верша. З гэтай нагоды ў аўтаркі ўзнікае прыгожая метафара: паэт — гэта «дудачка Бога», які «струны душы закранае — і дудачка ладна так грае»...

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».