Адна з найбольш важных якасцей для дзіцячага пісьменніка, чыя праца зазвычай цяжэйшая, чым «дарослага» аўтара, — гэта ўменне бачыць свет вачыма дзяцей, разумець іх. Дзіцячая кніга, адпаведна, павінна знаёміць маленькага чытача са светам так, каб яму было зразумела і цікава.
Кніга Веры Бурлак «Фантазюркі» («Галіяфы», 2018) каштоўная тым, што размаўляе з маленькімі чытачамі на іх мове. Аўтарка вядомая таксама як перакладчыца аповесці Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што там убачыла Аліса». Нягледзячы на розныя ўзроставыя і тэматычныя кірункі твораў, па «Фантазюрках» можна заўважыць пэўную блізкасць кэралаўскіх твораў для аўтаркі. Фантазія, свет, перакулены дагары нагамі, — галоўны матыў кнігі, ён жа дыктуе афармленне (мастацкае аздабленне «Фантазюрак» выканалі Андрэй Пакроўскі і Вераніка Лемешава). Сімбіёз рэальнага і неверагоднага — найлепшы рэцэпт для размовы з дзецьмі. Дынамічныя і смешныя кароткія вершыкі не проста апісваюць навакольны свет, але і адказваюць на пэўныя дзіцячыя пытанні: чаму гэта працуе так? чаму тут адбываецца тое? Адзін момант, які мог бы падацца камусьці спрэчным, але хутчэй усё ж такі станоўчы, — у кнізе абсалютна адсутнічае выхаваўчы элемент. На дзіцячыя творы часта ўскладаецца вялікая задача — навучыць, прывіць каштоўнасці, сфарміраваць характар. У «Фантазюрках» гэта ўсё адсутнічае, і, безумоўна, на карысць кнізе. Творы не ціснуць на дзяцей, не падштурхоўваюць да пэўнай пазіцыі — яны прапаноўваюць фантазіраваць і разбірацца самім. Кніга проста выбудоўвае сваю мадэль рэчаіснасці, прыстасаваную для дзяцей, якую яны могуць бясконца дапаўняць, перабіраць элементы ў ёй. Навакольны свет жывы і добры: нават дрэнныя насамрэч не хочуць быць дрэннымі, — яго цікава даследаваць і хочацца зразумець.
Я скарпіён. Такая праца.
Не вінаваты я, што джалю.
Гатовы сам раўці ад жалю,
Калі даводзіцца кусацца.
Я гідкі з выгляду і злосны,
Магу параніць і забіць.
Але ўвесь свет такі дзівосны
І мне так хочацца любіць…
Яшчэ адна безумоўная вартасць, якая адзначае гэтую кнігу, адрознівае яе ад звычайных твораў для старэйшага дашкольнага ўзросту, — адлюстраванне сапраўднага жыцця, рэчаіснасці, якая праходзіць праз прызму фантазіі. Персанажамі кнігі побач з жывёламі і птушкамі выступаюць машыны, тралейбусы, электрычнае святло і больш філасофскія матэрыі — час, музыка. Творы фарміруюць падмурак для разумення маленькім чалавекам самога сябе, могуць дапамагчы ў выбудоўванні свайго свету, уласнай прасторы. Бо, у адрозненне ад многіх кніг для такой узроставай катэгорыі, нельга назваць «Фантазюркі» творам «для бацькоў і дзяцей». Лёгкая мова і прыдатная форма дазваляюць пакінуць маленькага чытача сам-насам з кнігай.
Ідзе гадзіннік —
музыка гадзін,
Гудзе халадзільнік —
музыка льдзін.
А вось цяпер —
чыя музыка грае,
Калі сяджу я,
Калі маўчу я?
Грае мая музыка.
Шкада, што ніхто не чуе!
Добрая, прыемная з выгляду, смешная кніга, якая быццам гуляецца з дзіцем, прыдумваючы неверагодныя адказы на яго пытанні. «Фантазюркі» Веры Бурлак перамаглі ў намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» Прэміі Цёткі за 2019 год. І гэта адзінае, што не здзіўляе.
Дар’я СМІРНОВА
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».