Вы тут

Зарыян Даленга-Хадакоўскі. Апанент Карамзіна


Гучанне імя Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага асацыіруецца са словамі далёка (да самых вытокаў) хадзіць, падарожнічаць, вандраваць — тымі, што з’яўляліся асноўным сэнсам існавання яго ўладальніка. Першы беларускі географ, славяназнаўца, археолаг, фалькларыст, этнограф, дыялектолаг пражыў усяго 40 гадоў (1784—1825), але ж якімі яркімі, багатымі на падзеі і выпрабаванні былі тыя гады! Калі б на аснове біяграфіі Адама Чарноцкага (сапраўднае імя даследчыка) быў створаны раман, то атрымаўся б захапляльны, з нечаканымі сюжэтнымі паваротамі, інтрыгоўнымі калізіямі, любоўнай лініяй, з апісаннем патрыятычных памкненняў, трагедый страт і радасцяў першаадкрыццяў… І не трэба было б нічога выдумляць: сапраўднасць, рэальнае жыццё — найлепшыя фантазёры!


Згадаць хаця б гісторыю псеўданіма… Знаўца айчыннага заканадаўства Адам Чарноцкі сам становіцца аб’ектам пераследу мясцовых уладаў — у зборы законаў не прадугледжвалася тое, што прыватныя лісты, пасланыя поштай, маглі правярацца на прадмет чэснасці і вернасці цару... Між тым у 1808 годзе ў асабістай перапісцы малады юрыст абурыўся некаторымі дзеяннямі мясцовых структур і выказаў намер паступіць на службу да Напалеона, паверыўшы яго абяцанням вызваліць сялян ад прыгоннага права і аднавіць дзяржаўнасць Рэчы Паспалітай.

...Пасля арышту Адама Чарноцкага трымалі ў Гродзенскай турме, потым — у Петрапаўлаўскай крэпасці, у Пецярбургу. Прысуд быў строгі: учарашні арыштант станавіўся радавым салдатам адной з дывізій у Омску…

У 1811 годзе, калі рыхтаваліся да вайны з Францыяй, дывізія апынулася ў Бабруйску. Аднойчы Адам пакінуў сваё адзенне на беразе Бярэзіны, імітаваўшы ўтапленне, і ўцёк на захад, дзе і ажыццявіў намер, неасцярожнае выказванне пра які каштавала яму і шляхецтва...

Пасля разгрому Напалеона, каб не быць выкрытым, Адам Чарноцкі «ператвараецца» ў Зарыяна Даленгу-Хадакоўскага і ўжо да канца жыцця выступае пад гэтым імем. Азнаёміўшыся з працамі рускіх гісторыкаў, польскіх і чэшскіх вучоных, Хадакоўскі сам пачынае даследаваць старажытныя помнікі і робіць шэраг адкрыццяў. Ён быў першы, хто высветліў, што бітва паміж Усяславам Полацкім і Яраславічамі адбылася не на Нёмане, пра што пісаў у «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М. Карамзін, а на Нямізе.

Хадакоўскі заклікаў вывучаць вусную народную творчасць простага народа, яго матэрыяльнае і духоўнае жыццё, без чаго, сцвярджаў ён, нельга спазнаць старажытнай гісторыі. З навуковай мэтай Зарыян здолеў наладзіць шырокую сувязь з карэспандэнтамі з самых аддаленых мясцін па ўсёй тэрыторыі Расійскай імперыі, атрымліваў ад іх запісы народных песень, абрадаў, звычаяў, замоў, паданняў, інфармацыю адносна геаграфічных, тапанімічных і іншых асаблівасцяў мясцовасцей, дзе жылі яго адрасаты.

У 1816 годзе Даленга-Хадакоўскі пісаў: «Шчасце на зямлі — вандраваць сярод люду, жыць поўнай сілай паэтычнага жыцця сялян! Які я шчаслівы ў маёй сярмязе з маім убогім харчаваннем, калі мне расказваюць людзі пра сябе, выказваюць свае жаданні! Сярод люду жыве дабрачыннасць, паміж людзей жыве паэзія!» Варта адзначыць, што асалоду вандравання даследчык зазнаў напоўніцу. Акрамя роднага краю, ён падарожнічаў па Валыні, Польшчы, Галіцыі, Украіне, паўночнай Расіі — збіраў матэрыялы, раскопваў курганы, сопкі, гарадзішчы, рабіў замеры, гутарыў з людзьмі. Апрацоўваючы звесткі, Хадакоўскі заўважыў пэўныя заканамернасці ў тым, як рассяляліся славянскія плямёны: «…усе назвы вакол гарадзішчаў паказваюць разам нейкі парадак. Я пераканаўся ў думцы, што нейкія правілы былі агульнымі для славян: уладкаваць аднолькавыя паўсюль гарадзішчы, да таго ж у абраных прыгожых месцах, і даць аднолькавыя назвы ўрочышчам, што іх акаляюць…» На аснове гэтых назіранняў, што аформіліся ў канцэпцыю, даследчык выправіў шмат недакладнасцяў у працах гісторыкаў, напрыклад, М. Карамзіна, Е. С. Бандке і нават летапісца Нестара. Адметна тое, што на аснове некаторых даных Даленга-Хадакоўскі настолькі падрабязна мог уявіць план пэўнай мясцовасці, нават не наведаўшы яе, што сам падказваў суразмоўцам, якія там павінны быць назвы, курганы, рэчкі, — і не памыляўся (пра гэта захаваліся сведчанні сучаснікаў).

Даследчык тлумачыў выяўленыя ім асаблівасці даўніх славянскіх пасяленняў: геаграфічна і духоўна зямля падзялялася на невялікія прыходы. Каля сотні ўрочышчаў зазвычай на вызначанай адлегласці акалялі гарадкі і гарадзішчы. Гэтыя ўрочышчы можна падзяліць на боскія, ахвярныя, ваенныя, земляробчыя і балявальныя. «Такая правільнасць абавязкова захавалася паўсюль, часткова заменена пазнейшымі назвамі (вучоны лічыў вытокамі археалогіі, геаграфіі і гісторыі дахрысціянскае мінулае славянскіх плямён. — Заўв. аўт.). У многіх месцах з адной назвы здагадваўся я і пра іншыя і насамрэч знаходзіў іх у населеных пунктах і ў пустых месцах. Нярэдка здаралася з-за гэтага, што жыхары прызнавалі мяне сваім, тутэйшым…» — дзяліўся Даленга-Хадакоўскі ў лісце да міністра народнай адукацыі, князя Аляксандра Галіцына, аматара яго даследаванняў.

Расійскі пісьменнік Ксенафонт Палявой згадваў, што, жывучы ў Маскве, Даленга-Хадакоўскі спецыяльна хадзіў на Балотны кірмаш, куды з’язджаліся абозы з розных губерняў, каб распытаць у мужыкоў пра іх гарадкі. «…Звяртаў на сябе ўвагу салдацкай шчырасцю, блізкай да грубасці. Усіх дам, без адрозненняў ад прасталюдзінак, называў ён “матушка”, усіх мужчын “бацюшка”. Пачуўшы пра новы гарадок, уносіў яго ў свой алфавітны спіс гарадкоў і адзначаў на карце… Ён звяртаўся з роспытамі да ўсякага…»

Даследчыцкая цікавасць вучонага пераважала над усімі іншымі, цалкам падпарадкоўвала сабе яго жыццё. Жанчына, якую ён кахаў, якая стала яго жонкай, падзяляла яго захапленні, падарожнічала разам з ім і ва ўсім дапамагала: Канстанцыя Флемінг была адной з першых збіральніц беларускіх песень. Найбольш трапна пра яе ролю ў сваім жыцці пісаў сам Хадакоўскі: «…Я карыстаюся той выгадай, што жонка хутчэй сыдзецца з вясковымі жанчынамі ў разуменні паданняў і абрадавых песень, прад ёю саступае вясковая сціпласць, якая столькі, па маім досведзе, ускладняе для даследчыка-мужчыны. Прытым жонка мая ўмее сама прыгатаваць страву, апякуецца ўсімі маімі патрэбамі, у маю адсутнасць беражэ мае кнігі і матэрыялы, пры сваёй гаспадарлівасці і працалюбстве засцерагае мяне ад многіх выдаткаў, і я, нічым не заклапочаны, маю ўвесь час для майго прадмета…» Сямейная ідылія Хадакоўскага была непрацяглай, але ён спазнаў яе — і тым пачуваўся шчаслівым, што пацвярджаецца ў іншым яго пісьме: «Мая добрая Кастуся, якая шмат у чым памагала мне і ва ўсім выручала, якая ў хвіліны адпачынку была мне ўцехай і якая не давала мне забываць айчынную мову і звычаі, на жаль, не мела моцнага здароўя для такога нялёгкага падарожжа. Аднаго дня яна прастудзілася, захварэла, доўга безвынікова ўжывала лекі і ў Цверы засталася назаўсёды! Да гэтага я раскапаў многа магіл, якія тут называюцца жальнікамі. І вось, нарэшце, мне давялося насыпаць яшчэ адзін уласны жальнік як бы ўзамен за пашкоджаныя чужыя…»

Абагульніўшы сабраны матэрыял, Даленга-Хадакоўскі напісаў праграмную працу «Славяншчына да хрысціянства». Метады даследавання, выкладзеныя ў ёй, сталі пачаткам распрацоўкі навуковых асноў славянскай фалькларыстыкі, археалогіі, этнаграфіі, дыялекталогіі, тапанімікі. Праца атрымала выдатную адзнаку вучоных. Высока былі ацэнены і іншыя яго працы, сярод якіх — «Развагі аб водных шляхах старажытнай Расіі». Упершыню ў даследаваннях Хадакоўскага пачалі разглядацца як паўнавартасныя гістарычныя крыніцы археалагічныя помнікі. Даленга-Хадакоўскі друкаваўся ў «Вестнику Европы», яго імя набыло вядомасць. У 1819 г. Хадакоўскага абіраюць членам-карэспандэнтам Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці, дзе ён пасябраваў з будучымі дзекабрыстамі. Яго імя ў адной з паэм згадвае нават Аляксандр Пушкін, называючы «новым Хадакоўскім» сябе.

Але за імклівым узлётам у жыцці Хадакоўскага надышла змрочная паласа: выдаткаваўшы грошы на першы год падарожжа, урад не быў задаволены справаздачай аб ім, таму спыніў фінансаванне праекта. Даследчык застаўся без сродкаў да існавання. Некаторы час не губляў надзеі знайсці магчымасці далейшых росшукаў, але хутка вымушаны быў развітацца са сваёй марай. «Вяртаецца бусел у краі сваіх продкаў, пакідае ластаўка нашы ваколіцы, і гіль заводзіць песню на бязлістым дрэве! Ах, калі ж я пакіну гэта жыццё, якое мне ўжо абрыдла, што мяне гняце? Калі ж вярнуся ў жальнік, у тую краіну, дзе апынуся, як пад уласнай страхой», — радкі, поўныя бязмежнага адчаю, ён напісаў 1 лістапада 1825 года. 17 лістапада таго ж года, па адных звестках — ад раптоўнай прастуды, па іншых — ад сухотаў, ён памірае. Пахаваны недалёка ад Цверы.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.