Вы тут

Сыны Арлена Кашкурэвіча падзяліліся цёплымі ўспамінамі і думкамі пра бацьку


Імя Арлена Кашкурэвіча не проста гучнае ці вядомае, яно вечнае ў гісторыі беларускага нацыянальнага мастацтва. Мастацтвазнаўцы называлі і называюць яго мастаком з еўрапейскім шармам, а аматары графікі і якасных ілюстраваных кніг станавіліся ў чаргу, каб набыць кнігу з малюнкамі Арлена Міхайлавіча. Сёння прозвішча Кашкурэвіч асацыіруецца з добрым густам, класічнай літаратурай, якаснымі графічнамі кампазіцыямі… Сёлета ў верасні мастаку споўнілася б 90 гадоў. Дата вартая не толькі таго, каб проста ўспомніць (Арлена Кашкурэвіча будуць помніць заўсёды), а каб паглыбіцца ў асаблівыя законы жыцця, звычкі мастака, даведацца крыху больш пра яго лёс не як знакамітага і прызнанага творцы, а як чалавека, які любіў прафесію, людзей, свой родны горад і жыццё.


Сыны Арлена Міхайлавіча Ігар і Тодар Кашкурэвічы розныя па характары, творчасці, але аднолькава ганарацца бацькам, з цеплынёй яго ўспамінаюць. У памяці кожнага з іх — цікавыя моманты, якія сёння нідзе не прачытаеш і проста так не даведаешся. Браты падзяліліся з карэспандэнтам «ЛіМа» дарагімі ўспамінамі і важнымі думкамі наконт жыцця іх дарагога чалавека.

Юнацтва

Тодар Кашкурэвіч:

— Мой тата патомны мінчанін. Яго маладосць, асабліва пасля вайны, зусім не была звязана з мастацтвам. Ён быў хуліганам, сур’ёзна займаўся боксам і акрабатыкай. Вадзіўся з мінскімі крымінальнікамі. Падумайце толькі! Марыў працаваць у цырку акрабатам, а мастаком стаў выпадкова. Віталь Цвірко заўважыў яго работы і параіў паступаць у вучылішча. У 1953-м ён скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, затым вучыўся на аддзяленні графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Дзесяць гадоў (з 1959 па 1969) выкладаў там. Аднак, прааналізаваўшы яго дамастацкі перыяд, трэба адзначыць, што ён (як і ўсе астатнія) быў насычаны чытаннем класічнай літаратуры. Бацька зачытваўся Шэкспірам. Дарэчы, у эвакуацыі ў Саратаве ў свае пятнаццаць гадоў тата пісаў раман пра Парыж у стылістыцы сямнаццатага стагоддзя: ствараў карты, маляваў. Да сённяшняга дня ў нашай сям’і захаваліся яго нататкі.

Ігар Кашкурэвіч:

— Бацька хацеў быць пісьменнікам. Яго захаплялі «Тры мушкецёры» Дзюма. Да гэтага рамана ён дапісваў свае абзацы і нават часткі. Захапленне было моцнае. Пасля прачытання пэўных літаратурных твораў яму хацелася адразу намаляваць альбо сюжэт, альбо герояў. Ён ішоў сваім шляхам, у яго не было настаўнікаў. Можна адкрыта казаць, што ў Арлена Кашкурэвіча была асаблівая форма самавыхавання ў творчасці.

Адносіны

Ігар Кашкурэвіч:

— Калісьці Інстытут Гётэ прапанаваў мне напісаць сваю аўтабіяграфію. Але я не напісаў. А выдаў кніжны праект «Оголенные главы на плечах без погонов», дзе адзін з раздзелаў «Под мордой Целкова» добра адлюстроўвае мае пачуцці ў дзяцінстве, стаўленне да бацькі. Вось урывак адтуль:

«Тогда он (произведение Олега Целкова под названием “Портрет”) висел в маленькой темной комнатке и злорадно завораживающе смотрел на тебя из-за приподнятого кроваво-красного занавеса своими крошечными свиными глазками, в его толстых маникюрных пальцах зажат фрукт жёлтого цвета. Это твоя душа, о естестве которой ты раньше никогда не знал. А теперь смотришь и смотришь на неё. Тебе становится невыносимо жутко, во рту пересыхает, к горлу подкатывает комок романов Достоевского. Ты понимаешь, что жить дальше незачем. Все кончено. Ложишься в кровать и умираешь до завтрашнего утра. А завтра, просто так, чтобы развеселиться, я беру карандаш и провожу по чистому и белому листу бумаги одну единственную линию. Улыбаюсь и показываю её отцу. Он спрашивает: “А что ты смеёшься?” — “Потому что смешно!” — отвечаю я. “А что тут смешного?” — смотря на меня, говорит отец. “Вот нарисовал линию и смеюсь!” — отвечаю я. “А что это такое ты нарисовал?” — смотря на неё (линию) спрашивает художник-график (мой отец). “А это балерина с ухом. Ха-ха-ха”. — “Балерина с ухом?” — “Это смешно. Ха-ха-ха”. Потом мы пошли в огород выкапывать тяжёлые красно-бурые подземные плоды, так хорошо гармонизирующие с грациозно танцующей “балериной скрытого смысла”».

Гэты фрагмент крыху раскрывае таямніцу адносін у сям’і мастака, нашай сям’і. Спачатку мы жылі ў старым, барачнага тыпу, доме на вуліцы Чкалава. Там пасля вайны сам тата рос. Гэта я якраз апісаў адзін з фрагментаў таго нашага жыцця. У тым доме была своеасаблівая атмасфера. Многа кніг, многа рэпрадукцый. Памятаю, што на сцяне ў нас таксама вісела рэпрадукцыя Пікаса «Дзяўчынка на шары». Я заўсёды глядзеў на яе, і для мяне якраз гэты сюжэт быў гарманічным сусветам мастацтва. Пра партрэт ва ўрыўку я згадаў не проста так: мастак Алег Цалкоў быў сябрам майго бацькі. Спачатку яны вучыліся разам, а потым ён з’ехаў у Маскву і стаў там знакамітым аўтарам у маскоўскім андэграўдным мастацтве. Партрэт свой Цалкоў яму падарыў, і ён вісеў там, дзе я спаў. Ён не пужаў мяне, а, наадварот, падабаўся. Сёння я ўспрымаю яго як нітку ўспаміну паміж мной і бацькам.

Калі я быў маленькі, тата працаваў дома. Добра памятаю яго спіну. Ён за сталом сядзеў. Мне гады чатыры было. Я яму ўвесь час перашкаджаў, пытаў, што мне рабіць. Аднойчы ён сказаў: «Бачыш, што я малюю. Трымай ліст і сам што-небудзь намалюй». Я сеў моўчкі і думаю: а што маляваць? Пачаў зноў да яго чапляцца: «Тата, дык а што маляваць? Дай мне тэму». Ён адмовіў, сказаў, каб я сам шукаў ідэі. Тады мне здавалася гэта жорсткім, хацелася кантакту. Але ж тыя моманты выпрацавалі ўнутры сістэму і разуменне, што ты заўседы павінен пачынаць сам. І хоць бацька быў выдатны мастак, мы з братам разумелі, што наш шлях залежыць толькі ад нас. Тата быў лепшым настаўнікам. Калі ўжо ў свядомым узросце у нас былі размовы з бацькам на тэму мастацтва, кожны з нас адчуваў сябе незалежным. Дыялогі былі адкрытымі.

Цікавыя апошнія пяць гадоў жыцця бацькі. Я ўжо жыў у Берліне. Калі прыязджаў, ён запрашаў мяне ў майстэрню. Паказваў работы. Размаўляў са мной на роўных. Яму цікава было слухаць мае заўвагі, думкі. З чымсьці ён мог не згаджацца, але ж маё меркаванне прымаў. Але трохкутніка ў нас не атрымлівалася. Калі хтосьці прыходзіў у госці ў майстэрню, бацька адразу займаў пазіцыю назіральніка.

Тата быў чалавекам скрытным, інтравертам у поўным сэнсе гэтага слова, яму падабалася быць аднаму, разважаць. Гэта, дарэчы, перадалося зараз і мне. Ён ніколі не прымяраў на сябе ніякія маскі. Мог выказваць меркаванне сціпла, але ж казаў тое, што думаў. Тата вельмі дакладна ведаў сваё месца ў мастацтве, але не рабіў кар’еру. У яго ніколі не было прагі быць багатым, забяспечаным. Калі разглядаць тэму матэрыяльнасці, то галоўным для яго было мець майстэрню і ўтульную кватэру, каб свабодна працаваць.

Тодар Кашкурэвіч:

— Бацька ніколі не скіроўваў нас, сыноў, на пэўны мастацкі шлях. Але ён быў бібліятэкай, якая нас сфарміравала. І за гэта хочацца яму падзякаваць. Мы з братам абралі мастацтва, але розныя напрамкі развіцця. І зрабілі гэта, таму што нам цікава, а не дзеля пэўных пажаданняў таты. Арлен Кашкурэвіч быў для нас настаўнікам жыцця.

Творчасць

Тодар Кашкурэвіч:

— Арлен Кашкурэвіч быў не проста знакамітым мастаком, ён зрабіў у нашым мастацтве некалькі рэвалюцыйных адкрыццяў. Першае — гэта рэвалюцыя ў спосабе падачы гістарычнай фактуры, апісанай літаратарамі, напрыклад, Караткевічам ці Купалам. Ён парушыў каноны: адышоўшы ад ілюстрацыі сялянскай традыцыі, рэалізаваў арыстакратычны падыход. У гэтым было яго наватарства. Па-другое, тата стаў адным з першых, хто рэалізаваў еўрапейскія тэндэнцыі ў мастацтве. Менавіта экспрэсіянізм нямецкага, італьянскага кшталту. Гэта было нават адступленне не ад сацрэалізму ці сацыялістычнага рэалізму (трэба заўважыць, што гэта розныя рэчы), ён рэалізаваў менавіта сваё экспрэсіяністычнае бачанне праз творчасць. Разглядаў падзеі вайны экзістэнцыянальна. Яму цікава было не само супрацьстаянне Савецкага Саюза з фашысцкай Германіяй, а чалавек у трагічнай і крытычнай сітуацыі. Гэта для мяне вельмі істотна.

Ігар Кашкурэвіч:

— Творчасць майго бацькі ў большай ступені мела напрамак антываенны. Гэта не быў патрыятызм. Стаўленне да ваенных падзей сфарміравалася па літаратурных творах таго ж Васіля Быкава, Алеся Адамовіча. Адгалоскі антываеннай тэмы яго зачапілі і ў «Фаўсце».

Тодар Кашкурэвіч:

— Тата быў не зусім тыповы графік-ілюстратар. Бо звычайна мастакі ідуць за літаратурным творам і мастацкай мовай, паўтараюць тое, што стварыў пісьменнік. У гэтым сэнсе ён заўсёды выступаў суаўтарам літаратурнага твора, які выклікаў у яго імпульсы, ідэі, думкі, эмоцыі, філасофскія асацыяцыі. Ён ствараў паралельны ілюстрацыйны тэкст, быў сутворцай, які ўмеў адчуваць сутнасць.

Незалежна ад хуліганскага юнацтва бацька запомніўся як інтэлігент найвышэйшага кшталту, псіхалагічнага тыпу, ніколі ні з кім не сварыўся. Але ж, здавалася, праца мастака-графіка — прафесія рабочага чалавека. Калі займаешся афортамі, літаграфіяй, то трэба браць жалезную пласціну, вышкрэбваць пэўныя элементы рукамі, шліфаваць, піліць, вытраўляць у кіслаце… Гэта цэлая складаная сістэма, з якой працуюць толькі моцныя людзі, быццам рабочыя на заводзе. У бацькі ўвесь час рукі былі чорныя, нібы ў механіка, які рамантуе машыну. Для яго гэта была штодзенная праца, якой ён займаўся да самай смерці.

Яшчэ Арлен Кашкурэвіч цікавы тым, што ўжо ў сталым узросце зрабіў адны з самых лепшых моцных мужчынскіх работ. Звычайна наадварот: у мастака, калі ён сталее, азарт знікае, а тут — не. Гэта было дзесьці за год альбо два да смерці. Бацька стварыў геніяльны трыпціх «Вузлы і галава Іаана Хрысціцеля» і апошні «Більярд» (першы быў у 1960-х гадах). Як мастак і як сапраўдны мужчына ён не старэў з гадамі.

Звычкі і традыцыі

Ігар Кашкурэвіч:

— Амаль усё сваё творчае жыццё тата пад Новы год рабіў віншаванні сябрам у выглядзе паштовак. Рассылаў іх па пошце. На паштоўцы абавязкова павінны былі быць тры элементы: персанаж П’еро з італьянскай камедыі дэль артэ (выбіраў таму, што сябе атаясамляў з гэтым персанажам, яго любіў, з ім размаўляў, рабіў з ім фотаздымкі; у яго быў такі ж капялюш, як у П’еро; яму падабалася ў ім працаваць), сэрца і лацінскі надпіс. На мой погляд, гэта быў намёк на інтэлектуальную гульню.

Тодар Кашкурэвіч:

— Справа ў тым, што захапленне паштоўкамі, з аднаго боку, было простым хобі, а з іншага — культуралагічнай акцыяй. Ён кожны год адсылаў новага п’еро з пэўнай метафарай з лацінскім надпісам без перакладу. Рассылаў усёй беларускай інтэлігенцыі дзесяцігоддзямі. Чаму ж гэта культуралагічная акцыя? Ён трымаў усіх у тонусе пэўнага вектара, ментальнасці і кантэксту культуры. На мой погляд, гэта была схаваная андэграўндная культуралагічная палітыка. Ён сягаў у свядомасць пэўнага сацыяльнага слоя. Усе былі ў тонусе. Калі Кашкурэвіч даслаў паштоўку, трэба ж было ўзяць слоўнік і зразумець, што там за надпіс, што мастак пажадаў.

Ёсць адна дэталь, якая да апошняга дня мяне ў бацьку здзіўляла. Калі тата стаў ужо забяспечаны, мог дазволіць сабе самую лепшую французскую паперу. Але ён маляваў экспрэсіўныя эскізы на абрывачках паперы, каляндарных лістках. І атрымліваліся геніяльныя малюнкі, тое, што ішло ад душы. Гэта ўсё наступствы пасляваеннага перыяду, калі паперы ў горадзе не было. Ён збіраў нямецкія бланкі, якія вецер ганяў па вуліцы. Вось адкуль беражлівасць. Пасля смерці таты ў нас засталіся вялікія стосы яго паперы, дарагушчай і якаснай.

Ігар Кашкурэвіч:

— Бацька быў заўзятым бібліяфілам, захопленым літаратурай. Ён сабраў вялікую бібліятэку, якую да сённяшняга дня мы да канца не змаглі цалкам праглядзець. Гэта частка яго самаадукацыі. Яму вельмі падабалася музыка, асабліва Бетховен. На гэтай глебе ў яго адбылося знаёмства з маёй маці. Яна прыехала з Бабруйска, вучылася ў Лінгвістычным універсітэце, любіла маляваць і музіцыраваць, што вельмі аб’яднала іх. Сёння мне здаецца, што ў такім фармаце зносін і быў дух таго часу.

Вікторыя АСКЕРА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: «Ён не старэў з гадамі»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.