Вы тут

Унікальная сфера ўспрымання Паўла Кандрусевіча ў яркіх вобразах і перажытых сюжэтах


Мастак Павел Кандрусевіч — гонар беларускага нацыянальнага мастацтва. Аўтар па-сапраўднаму самаідэнтыфікаваўся ў жаданні быць цэласнай асобай, не паўтараючы прафесійныя стратэгіі прадстаўнікоў творчай дынастыі, з якой выйшаў. Абапіраючыся на вялікі творчы досвед сям’і, Павел Кандрусевіч знайшоў сябе і сёння з’яўляецца ўнікальным прыкладам мастака-наватара ў беларускім мастацтве. У сярэдзіне верасня ў Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» творца прэзентаваў выстаўку жывапісу «Memoria. Память», дзе праз розныя жанры мастацтва паказаў уласныя каштоўнасці як у творчасці, так і ў жыцці.


Мастак Павел Кандрусевіч.

Экспазіцыю складаюць каля шасцідзесяці сямі работ, у якіх арганічна зліваюцца светаўспрыманне сучаснага чалавека і цікавасць мастака да класічнай традыцыі еўрапейскага мастацтва. Наведвальнікі могуць убачыць серыі рэальных і фантастычных пейзажаў, натхнёных архітэктурай і прыродай Харватыі, Італіі, Аўстрыі і Літвы. Таксама прадстаўлены тэматычныя і фігуратыўныя карціны, якія паказваюць скульптуру і многія артэфакты антычнай культуры, спалучаныя з партрэтнымі жаночымі вобразамі.

— Павел Кандрусевіч мастак цікавы і зацікаўлены. Ён вядомы як у роднай Беларусі, так і за мяжой, — падкрэсліў на адкрыцці намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — Яго мастацтва яркае, выразнае, інтэлігентнае і натхнёнае, насычанае добрай энергетыкай. Аўтар прадстаўляе беларускае мастацтва на Захадзе інтэлектуальнай творчасцю. Ён стратэг у праяўленні пафесійнага майстэрства. Заўсёды прызнаецца ў гэтым сціпла, але мы, калегі, радуемся за нашага сябра. Творчасць Паўла актуальная новымі пластычнымі мастацкімі формамі і прыгажосцю.

Мастацкія кампазіцыі Паўла Кандрусевіча характарызуюцца не толькі якаснай сюжэтнасцю, але і цікавым успрыманнем рэлігіі, міфалогіі. Творца з вялікай адказнасцю ставіцца да любых задач і эксперыментаў, дасканала вывучае выбраную тэматыку.

— Фарміраванне Паўла Кандрусевіча адбывалася ў дзіўнай сям’і. Дзядуля Натан Воранаў — унікальны каларыст, педагог тады тэатральна-мастацкага інстытута — вельмі на яго паўплываў, — адзначыла мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. Многія гады ў работах вучняў Натана Майсеевіча можна было разгледзець адлюстраванне каларыстычнага ўспрымання Натана Воранава, сёння гэта заўважна і ў работах яго ўнукаў — Паўла і Уладзіміра. Уся сям’я Паўла Кандрусевіча цесна звязана з мастацтвам, менавіта гэтая творчая абстаноўка паўплывала на аўтара, яго самабытнасць і самадастатковасць у прафесійным рэчышчы. Прычым Павел Кандрусевіч не пайшоў па слядах сям’і, а знайшоў свой шлях. Калі ўважліва паглядзець на работы мастака, узнікае адчуванне, што вяртаешся ў эпоху Адраджэння: у яго выкананні тэмы біблейскія, ужо вядомыя любому, вельмі свежыя, зроблены па-аўтарску. Здавалася б, сюжэты з Бібліі, Евангелля... Што тут можна сказаць новага? Аказваецца, можна. Мастак апісвае гэтыя тэмы такімі сродкамі, што не толькі ўдыхаеш вялікія гістарычныя сюжэты і традыцыі, але і адчуваеш новае паветра.

Павел Кандрусевіч працуе ў галіне станковага жывапісу і насценнага роспісу. З’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў і Саюза мастакоў Аўстрыі. У 1991 годзе скончыў Гімназію-каледж мастацтваў імя. І. В. Ахрэмчыка, у 1998 годзе — Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, аддзяленне жывапісу. Шмат стажыраваўся ў творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі, скульптуры Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, вывучаў тэхніку фрэсак на стажыроўцы ў Італіі. З 2004 па 2013 гады аўтар навучаўся ў Грацкім універсітэце імя Карла і Франца ў Аўстрыі на аддзяленні гісторыі мастацтваў. Пасля заканчэння вучобы атрымаў званне магістра гісторыі мастацтваў.

— Выстаўкі Паўла заўсёды цікавыя. Яму ўласцівая разнастайная палітра тэм і сюжэтаў, — адзначае Ларыса Фінкельштэйн. — Яго глабальны падыход да працы зусім не выключае валоданне дэталізацыяй. Моц утрымання, дзіўная камернасць, лірызм, валоданне майстэрствам стварэння прыгажосці — гэта даволі рэдкае спалучэнне, якое сустракаецца ў мастацкім свете. Усе гэтыя якасці сведчаць пра вялікую эрудыцыю Паўла, пра яго грунтоўную дарогу ў прафесійным кірунку, якая ўвасабляецца ў палатне і становіцца дарогай мастацтва. У мастака свой погляд на многія рэчы. Кажуць, эпоха Адраджэння мела патрэбу ў тытанах і нараджала тытанаў. Наша эпоха таксама мае патрэбу ў людзях шырокіх магчымасцяў, вялікіх ведаў і высокага майстэрства. У асобе Паўла эпоха нарадзіла знакавую фігуру для таго, каб, як ужо не раз казалі, прадстаўляць наша сучаснае мастацтва на самых высокіх мастацкіх подыумах сучаснасці.

Мастака адрознівае яркая творчая індывідуальнасць. Яна знаходзіць выяўленне ў трактоўцы тэмы і арыгінальнасці сюжэта, у здольнасці аўтара стварыць непаўторны свет глыбокіх вобразаў, эмацыянальных станаў і інтэлектуальнага зместу. Спалучэнне ўсяго гэтага з бездакорнай маляўнічай тэхнікай, прафесійным майстэрствам, імкненнем да самаўдасканалення і творчым пошукам робіць работы аўтара цікавымі і актуальнымі для гледачоў, аматараў мастацтва і калекцыянераў.

«Per Sempre (Назаўсёды). Легенды Мельвійскага моста», 2017 г.

— Усе тры залы звязаныя тэмай памяці. Я часта працую з натуры, і пейзажы, якія намаляваў, для мяне памятныя, — тлумачыць канцэпцыю выстаўкі Павел Кандрусевіч. — Але не толькі гэта важна. Я ўспамінаю сябе ў тыя моманты, атаясамліваю сваю асобу з пэўным перыядам фарміравання. Тут ёсць памяць пра людзей, некаторых з якіх ужо няма ў жывых. Гэта такая ўнікальная сфера ўспрымання памяці! Яна дапамагае адчуваць усе важныя імгненні, дэталі, якія раней не былі прыкметныя.

Работы Паўла Кандрусевіча вобразныя і свабодныя. Яго сюжэты не заміраюць у імгненні, а працягваюць жыць унутры карціны, пакідаючы месца для фантазіі. Каля карцін мастака хочацца разважаць, думаць, шукаць сэнсы. У іх падкупляе адкрытасць і філасофія, дыялагічнасць. Работы аўтара, безумоўна, не для аднаго прагляду, яны ўздзейнічаюць на гледача быццам эфект назапашвання. Напэўна, мастацкая шматслойнасць стала для творцы вынікам сямейнага прафесійнага досведу.

— Для мяне сям’я заўсёды была вялікай дапамогай у засваенні найтанчэйшых нюансаў прафесіі, — тлумачыць Павел Кандрусевіч. — Гэта, вядома, вялікая ўзнагарода. Бо заўсёды было і ёсць у каго чэрпаць натхненне. Я вельмі люблю работы дзядулі Натана Воранава, яны па-асабліваму фарміруюць настрой, мне як мастаку даюць дадатковы сэнс. Прадстаўнікоў нашай сям’і параўноўваць, вядома, не трэба: кожнаму з нас заўсёды хацелася знайсці нешта сваё, і час расставіў усё так, што кожнаму з нас пашчасціла знайсці свой шлях.

На рахунку Паўла Кандрусевіча — некалькі персанальных выставак у Беларусі, Германіі, Харватыі, Аўстрыі, а таксама ўдзел у шматлікіх выстаўках і пленэрах міжнароднага ўзроўню ў Расіі, Заходняй Еўропе і ЗША. Ён з’яўляецца аўтарам манументальных твораў не толькі ў Беларусі, але і за межамі. Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Заходняй Еўропы і ЗША.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Палітра памяці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.