Вы тут

Найлепшыя пастаноўкі беларускіх і замежных рэжысёраў на шасці лакацыях Мінска


Найлепшыя пастаноўкі беларускіх і замежных рэжысёраў на шасці лакацыях Мінска


Сцэна са спектакля «Левыя дысідэнты».

Самы вядомы праект беларускай тэатральнай восені, альбо свята для гледача. Тут, напэўна, два ў адным. З мінулай пятніцы ў сталічных аматараў тэатра пачаўся «гарачы» час: у Мінску дзявяты раз стартаваў міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ», які не перастае здзіўляць зацікаўленую публіку чарговымі сюрпрызамі.

Найбуйнейшы тэатральны форум Беларусі традыцыйна складаецца з трох секцый: міжнароднай праграмы, шоукейса Belarus Open і адукацыйнай платформы «Школа ТЭАРТ». Краінамі-ўдзельніцамі сёлета сталі Беларусь, Літва, Грузія, Германія, Францыя. Чатыры спектаклі ўвайшлі ў міжнародную праграму, адзінаццаць мерапрыемстваў прадугледжаны праграмай у адным шоукейсе Belarus Open.

Асноўная ідэя «ТЭАРТа» сёлета схаваная за лаканічным словам «канцэнтрат», што сведчыць пра тое, што ніхто пасля спектакляў не застанецца абыякавы.

— У слогане можна знайсці шмат ідэй, адпаведных дзявятаму фестывалю. Сёлета ў нас вельмі кампактная праграма, дзе кожная пастаноўка сканцэнтравана на сваёй важнай праблеме, — адзначыла дырэктар форуму «ТЭАРТ» Анжаліка Крашэўская. — Асабліва гэта заўважна ў афішы замежных спектакляў. Пастаноўкі кампактныя, але засяроджаны на розных праблемах, таму мы чакаем ад гледача асалівай увагі да праграмы —канцэнтрату ўвагі гледачоў. На самай справе, як кожны спектакль асобны глядач інтэрпрэтуе па-свойму, так і для кожнага госця фестывалю слоган нясе свой сэнс. Я за дыялог паміж гледачом, тэатрам і арганізатарамі. Стварэнне гэтага дыялогу — наша мэта на працягу дзевяці гадоў працы.

Форум пачаўся 20 верасня, і ўжо за гэтыя дні мінчане ўбачылі больш чым палову праграмы. Адкрыла фестываль тэатралізаваная пастаноўка «Канцэнтрат. Адкрыццё». Куратар праграмы Belarus Open тэатральны крытык Людміла Грамыка з 32 заявак абрала 8 самых яркіх беларускіх спектакляў апошніх гадоў. Сёлета ў праграму Belarus Open уключылі такія спектаклі, як «Песнь песень» Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» рэжысёра Юрыя Дзівакова, які прапанаваў гледачам звярнуцца да цялеснасці як аднаго з галоўных складнікаў рамантычнай любові, «Паляванне на сябе» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — гісторыя пра тыповую беларускую сям’ю, якая раптам атрымала кватэру, дзе больш няма месца каханню, а таксама пастаноўка ўкраінскага рэжысёра Стаса Жыркова «ГэтаМы», створаная па кнізе «Радзіва “Прудок”» Андруся Горвата, спектакль Ігара Казакова, які інтэрпрэтуе круцельскі раман «Кандзід, або Аптымізм» Вальтэра.

Усе спектаклі атрымаліся дастаткова падобныя па фармаце. Як адзначае Людміла Грамыка, у межах форуму вырастае новы беларускі тэатр, і сёлета вызначальнымі для арганізатараў сталі эксклюзіўнасць рэжысёрскай ідэі, таленавітае выкананне, разважанні пра свет і чалавека ў ім, а галоўнае — пра Беларусь.

Акрамя таго, падчас беларускага шоукейса ўпершыню адбылася прэзентацыя праектаў «Тэатр сацыяльных даследаванняў». Унікальныя для Беларусі праекты — Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB, HUNCHtheatre, «Крылы халопа» — падаюць тэатр як сацыяльнае выказванне і механізм змен у грамадстве. Адкрыла серыю прэзентацый Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB пастаноўкай «Родныя людзі?» рэжысёра Валянціны Мароз. Таксама ў межах прэзентацыі можна было наведаць спектакль «Левыя дысідэнты» Уладзіміра Шчэрбаня і аўдыявізуальную інсталяцыю тэатра «Крылы халопа» — аўдыяспектакль Brest Stories Guide.

— Праграму «Тэатра сацыяльных даследаванняў» мы склалі з заявак, якія прыйшлі на ўдзел у Belarus Open. Пры адборы заўважылі, што ёсць шмат цікавых спектакляў, якія аб’ядноўвае адна ідэя, — патлумачыла Анжаліка Крашэўская. — Стварэннем такога кірунку мы хацелі паказаць актуальнасць і сучаснасць нашага тэатральнага працэсу: і маладыя рэжысёры, і тыя, якія ўжо адбыліся, звяртаюцца да сацыяльнай тэматыкі, узнімаюць пытанні, важныя грамадству. А значыць, сам беларускі тэатр ідзе ў нагу з часам. Не ведаю, ці атрымае працяг кірунак у будучыні, але я вельмі рада, што на гэтым фестывалі мы разважаем на вострыя сацыяльныя тэмы ў новых фарматах.

Сцэна са спектакля «Паветра».

 Міжнародная праграма тэатра адкрыецца іранічным вандраваннем па матывах гамераўскай «Адысеі». Героі спектакля нямецкага рэжысёра Анту Рамэра Нуньеса — Целегон і Целемах — разам чакаюць вяртання бацькі, які доўга недзе блукае пасля разбурэння Троі. Пастаноўку ў Мінск прывязе адзін з самых старэйшых тэатраў Германіі — Тэатр Талія з Гамбурга.

Пастаноўка «Піксель» Нацыянальнага харэаграфічнага цэнтра Крэтэя і Валь-дэ-Марна і кампаніі «Кефіх» пройдзе 1 кастрычніка. Французскі харэограф Мурада Мерзукі стварыў спектакль на мяжы танца і візуальнага мастацтва. Дзякуючы 3D-выявам, рэальнае і нерэальнае пераплятуцца ў адзінае цэлае, а класічны сцэнічны канфлікт стане супрацьстаяннем магчымасцей цела і лічбавай рэальнасці.

Літоўскі нацыянальны драматычны тэатр 5 кастрычніка прадставіць пастаноўку па п’есе вядомага аўстрыйскага драматурга Томаса Бернхарда «Плошча герояў». Яе паставіў рэжысёр з Польшчы Крысціян Люпа. Сюжэт драматурга Томаса пакажуць увасобленым у драме і псіхалагічным даследаванні на тэму нацыяналізму і фашызму.

Закрые форум «ТЭАРТ» пастаноўка рэжысёра, сцэнарыста, мастака, скульптара Рэзо Габрыядзэ. Сцэнарыст легендарных савецкіх фільмаў «Міміно» і «Кін-дза-дза» прывязе ў Мінск марыянеткавую пастаноўку «Сталінград» Тэатра Рэзо Габрыядзэ (Тбілісі, Грузія). Найлепшы па версіі часопіса The New Yorker (2010), спектакль-рэквіем, спектакль-элегія вытканы з успамінаў Габрыядзэ пра наступствы Сталінградскай бітвы. Далёкія карцінкі з забытага дзяцінства, удовы ў чорным адзенні, калекі, слёзы і гора бабулі рэжысёра… Гістарычныя падзеі ажывуць на сцэне 7 і 8 кастрычніка.

Традыцыйна падчас форуму працуе «Школа ТЭАРТ». Сёлета ў межах яе дзейнічае рэжысёрская лабараторыя пад кіраўніцтвам Дэні Майфера. Пастаноўшчыкі з 2 па 8 кастрычніка створаць эскіз спектакля па п’есе «Рычард IIІ» Уільяма Шэкспіра. Па выніках лабараторыі пройдзе публічны паказ работ. З трынаццаці заявак ад рэжысёраў было адабрана шэсць.

— У кожнага з выбраных удзельнікаў ёсць уласны досвед у тэатральнай сферы, — распавёў куратар «Школы “ТЭАРТа”» Аляксандр Марчанка. —Сярод іх — як ужо знакамітыя рэжысёры, так і асобы, якія толькі скончылі Акадэмію мастацтваў. Ёсць нават не рэжысёры, а драматургі, як, напрыклад, Віталь Каралёў, знаёмы гледачам па п’есе «Опіум». Усе яны атрымаюць магчымасць папрацаваць з Дэні Майферам, прафесіяналам з іншай методыкай, што пашырыць іх светапогляд.

Удзельнікамі лабараторыі стануць: рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Алена Медзякова, рэжысёр спектакля Liebfraumilch Яўген Давідзенка, рэжысёр перфомансу EXIT Лізавета Машковіч, рэжысёр незалежных тэатральных праектаў Марыя Таніна, рэжысёр Брэсцкага абласнога тэатра лялек і ўладальнік «Залатой маскі» за спектакль «Тоўсты сшытак» Аляксандр Янушкевіч і драматург Віталь Каралёў.

Падвядзенне вынікаў і завяршэнне тэатральнага форуму адбудзецца 8 кастрычніка.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Канцэнтрат увагі гледачоў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.