Вы тут

Экскурсія па якасных стужках для зацікаўленага гледача


Раз на год адно з самых прыгожых, рамантычных і неверагодных месцаў у свеце ператвараецца ў прыстанак для найлепшых сусветных кінематаграфістаў. Гэтая гісторыя пачалася яшчэ ў 1932 годзе, а сёлета Венецыянскі кінафестываль адбыўся ўжо 76-ы раз.


Акцёр Хаакін Фенікс і рэжысёр Тод Філіпс з «Залатым львом» Венецыянскага фестывалю.

Апошні прытулак мастацтва

Венецыянскі — найстарэйшы кінафестываль у свеце. Створаны быў па ініцыятыве Беніта Мусаліні. Наўрад ці арганізатары ўяўлялі, што праз нейкі час Венецыя стане не проста прытулкам для аматараў кіно, але і пляцоўкай, дзе ствараецца гісторыя сусветнага кінематографа. Для іншых фестываляў першага класа значны ўплыў маюць палітычныя падзеі, умовы кінарынку ды іншыя моманты, але Венецыя — у першую чаргу месца для кіно як мастацтва. Тут яго любяць, песцяць, паважаюць ды першачарговым лічаць якасць фільмаў, а не касавыя зборы.

Дарэчы, з павагай тут ставяцца да рознага кіно: Венецыянскі фестываль сочыць за трэндамі. 15 гадоў таму там пачалі падтрымліваць лічбавыя тэхналогіі (адкрылі секцыю Digital Cinema), а ў 2016 годзе ў Венецыі паказалі стужку «Іісус VR», знятую ў фармаце віртуальнай рэальнасці. Да таго ж на кінафестывалі станоўча ставяцца і да папулярных зараз стрымінгавых сэрвісаў — у праграму конкурсу запрашаюць, напрыклад, Netflix (на мінулагоднім фестывалі стужка Netflix «Рома» Альфонса Куарона атрымала «Залатога льва»).

Венецыя была і першым месцам, дзе падтрымалі жанчын у кінематографе: яшчэ ў 1981-м «Залатога льва» далі Маргарэце фон Трота за стужку «Свінцовыя часы». Тут заўважылі талент многіх кінематаграфістаў: ці ведалі б у свеце Феліні, Антаніёні, Пазаліні, Берталучы, Курасаву, Таркоўскага, калі б не Венецыянскі кінефестываль? А сёння мы не можам уявіць сабе гісторыю кіно без гэтых легендарных рэжысёраў!

Што да сённяшняга фестывалю, то Венецыя застаецца першакласнай падзеяй: дывановыя дарожкі, зоркі індустрыі, папарацы і бездакорна падабраная праграма, як і мае быць на фестывалі такога ўзроўню. Сёлета ў Венецыі паказалі безліч добрых стужак, якія ўжо хутка можна будзе ўбачыць у кіно, а мы дапаможам вылучыць з іх самыя галоўныя!

Варта адзначыць, што, як і іншыя конкурсы, Венецыянскі фестываль складаецца з некалькіх частак: фільмы могуць трапіць у асноўную праграму, раздзел «Гарызонты» (тут прадстаўлены новыя тэндэнцыі кінематографа), конкурс кароткага метра, пазаконкурсныя паказы (у якіх удзел бяруць толькі міжнародныя прэм’еры), секцыя незалежнага і паралельнага кіно (фільмы адбіраюцца італьянскімі кінематаграфістамі і крытыкамі). Асабліва адказна арганізатары ставяцца да карціны, якая будзе адкрываць паказы. Сёлета выбралі «Праўду» — кіно-метафару японскага рэжысёра Хіракадзу Карээды аб складанасцях акцёрскай прафесіі з Катрын Дэнёў ды Жульет Бінош у галоўных ролях. Здаецца, што назва стужкі стала метафарай усяго фестывалю, бо вельмі шмат жыццёвых стужак, кіно пра адносіны людзей, карцін на рэальных падзеях паказалі ў Венецыі сёлета.

Заснавана на рэальных сакрэтах

Выбар фільма-пераможцы ў Венецыі досыць дзіўны: упершыню на фестывалі такой велічыні перамог комікс — «Джокер» Тода Філіпса. Рэжысёра мы ведаем па серыі камедый «Хлапечнік у Вегасе», а зараз замест лёгкай камедыі кінематаграфіст выдаў жорсткую драму. Герой Філіпса — чалавек, які сутыкнуўся з грамадствам, і менавіта яно (а не хімікаты, як, напрыклад, у фільме Бёртана) зрабіла яго злодзеем. Гісторыя стужкі вяртае нас у Готэм 80-х: там выбіраюць новага мэра, адзін з кандыдатаў называе незадаволеных гараджан клоўнамі, горад запоўнены пацукамі — словам, атмасфера не спрыяе. Менавіта ў такіх абставінах жыве Артур Флек (неверагодны Хаакін Фенікс) — мужчына, якога маці (жыве разам з ім) вучыла заўсёды ўсміхацца ды несці людзям дабро. На жаль, людзі, якім ён, як і вучылі, нёс дабро — працаваў клоўнам-аніматарам, — «аддзячваюць» Артуру толькі вялізным болем, які спачатку сцерпны, але пасля ператварае яго ў Джокера… Тод Філіпс стварыў не агіднага героя, а вельмі тонкую натуру — адзінокага, творчага, мяккага чалавека, якога грамадства даводзіць да перакройвання ўласнай асобы. А Хаакін Фенікс выдатна справіўся з задачай паказаць такога чалавека: адказна паставіўся да ролі, рэпеціраваў розныя віды смеху, складаў характар свайго героя як пазл з розных кавалкаў шматлікіх крыніц. У выніку свет атрымаў выдатную стужку пра тое, як чалавеку падчас пошукаў любові, дабрыні ды справядлівасці надакучвае быць добрым «дзякуючы» тым, хто яго акаляе. Кажуць, што ў гэтым «Джокер» адпавядае асноўным тэмам сёлетняга фестывалю ў Венецыі, і адна з іх — дэструктыўнасць грамадства.

Не менш цікавая стужка атрымала «Срэбнага льва»: Раман Паланскі, складаная і супярэчлівая асоба, якая апынулася ў цэнтры скандалу, прадставіў у Венецыі «Афіцэра і шпіёна». Адзначаецца, што Паланскі мог бы атрымаць галоўны прыз у Венецыі, калі б не быў такі скандальны. Тым не менш «Афіцэр і шпіён» (які ў арыгінале мае назву «Я абвінавачваю») знайшоў свайго гледача ў першую чаргу дзякуючы складанай тэме: адна з самых вядомых судовых спраў у гісторыі Францыі — справа Дрэйфуса стала асновай стужкі Паланскі. У 1895 годзе афіцэра Альфрэда Дрэйфуса (ролю якога выканаў непазнавальна зменены Луі Гарэль) абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Германіі ды адправілі адбываць пакаранне на Чортаву выспу. У той жа час настаўнік Дрэйфуса Жорж Пікар павінен высветліць, чаму ж сакрэты аб Францыі працягваюць нейкім чынам аказвацца ў Германіі, калі злачынца сядзіць за кратамі на выспе. Зразумела, што Дрэйфус стаў ахвярай судовай сістэмы і яго караюць, па сутнасці, ні за што. Па словах рэжысёра, справа Дрэйфуса — «сімвал беззаконня», якому і сёння ёсць месца на свеце.

Яшчэ адна стужка «з гісторыяй» — «Пральня» Стывена Содэрберга, якая выходзіць на стрымінгавым сэрвісе Netflix 18 кастрычніка. «Пральня» таксама запоўніла нішу: кіно, заснаванае на матэрыялах «Панамскага дасье», уводзіць гледача ў кантэкст падзеі праз досыць нечаканую галоўную гераіню. Пенсіянерка Элен (Мэрыл Стрып) з мужам вырашылі паехаць на экскурсію, падчас якой шмат людзей гіне, у тым ліку і муж Элен. Адчайная пенсіянерка, якая павінна атрымаць страхоўку, вырашае купіць кватэру ў памятным для яе сям’і месцы, але і тут не склалася: рускія мільянеры таксама хочуць гэтую ж кватэру, а кампенсацыя Элен «затрымалася» ў страхавой фірме, якая існуе толькі на паперах ды знаходзіцца на Карыбах, куды і паедзе па справядлівасць Элен. Содэрберг лёгка ўплёў у сваю сатырычную стужку сур’ёзную гісторыю пра афшоры ды падстаўныя фірмы, і ўсё сталася так, як ён і хацеў: складаныя фінансавыя схемы ў «Пральні» ператварыліся ў адзін вялізны жарт.

Бясконцасць любові

Кадр з фільма «Афіцэр і Шпіён».

Знайшлося ў Венецыі месца і для гісторыі сямейных адносін: «Шлюбная гісторыя» Ноа Баўмбаха, якую ўжо ўключаюць у спіс найлепшых фільмаў аб разводах, таксама выйдзе на Netflix 6 снежня. Кахання ў гэтай гісторыі, згодна з назвай, чакаць не даводзіцца, але стужка можа стаць выдатнай энцыклапедыяй разрыву адносін: неверагодна мілыя на першы погляд Чарлі (Адам Драйвер) і Ніколь (Скарлет Ёхансан) разам ужо больш за 10 гадоў, у іх ёсць сын, але шлюб пад пагрозай. Ніколь — актрыса з Лос-Анджэлеса, якая так і не паспела стаць знакамітай, а вось Чарлі, наадварот, вельмі папулярны рэжысёр у Нью-Ёрку, у яго нават ёсць свая трупа. Ім хочацца зусім розных рэчаў, хоць раней яны знаходзілі штосьці агульнае, але цяпер мы будзем назіраць за тым, як калісьці блізкія людзі развязваюць вайну ды абвінавачваюць адно аднаго ў сваім няшчасці. Досыць рэальная гісторыя, ці не так? Перад здымкамі Баўмбах натхняўся гісторыямі сваіх сяброў, знаёмых ды сваёй уласнай, Ёхансан прыйшла на кастынг у працэсе разводу з другім мужам, таму пытанне «Чаму гэтая гісторыя так падобна да сітуацыі з рэальнага жыцця?» не трэба і задаваць.

Варта абавязкова ўключыць у спіс стужак для прагляду «Аб бясконцасці» шведскага рэжысёра Роя Андэрсана. Гэты кінематаграфіст ужо неаднойчы здзіўляў і Каны, і Венецыю (атрымаў найвышэйшыя ўзнагароды за «Песні з другога паверху» ды «Голуб сядзеў на галінцы, разважаючы аб быцці»). Сёлета Андэрсан працягвае развіваць ужо знаёмыя тэмы — не абышлося без хрысціянскіх матываў, кранальных момантаў, успамінаў аб маладосці, незвычайна пабудаванай гісторыі, цытавання карціны Марка Шагала «Над горадам»... Усё гэта гучыць досыць рамантычна, а так і ёсць на самай справе: «Аб бясконцасці» — ода любові, пяшчоце ды маладосці, 76-гадовы рэжысёр вяртае сябе ды і нас у атмасферу маладосці, часам бесклапотнасці ды абавязкова неабдуманых учынкаў. Наогул, увесь фільм — гэта пазл-эсэ з героямі (толькі адзін з іх будзе весці нас па сюжэце), якія неабыякавыя да блізкіх, сябе ды жыцця наогул! Людзі нават у самых складаных сітуацыях у стужцы Андэрсана скажуць, што «Усё выдатна! Наогул усё!». Здаецца, менавіта ў герояў гэтага кіно мы будзем вучыцца шанаваць тое, што маем, ды любіць тых, хто побач.

Варта адзначыць, што гэта далёка не ўся палітра сёлетняй Венецыі, але дакладна вядома, што стужкі, якія трапляюць на гэты фестываль, здольныя выхаваць сур’ёзнага, дасціпнага, цікаўнага гледача і, зразумела, часам пазабаўляць яго. А ці не ў гэтым сапраўдная моц кінематографа?

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Аднойчы ў Венецыі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».