Вы тут

Агляд чытацкай пошты


Часам думаю: якое ж непрадказальнае наша жыццё! Раніцай прачынаешся, радуешся сонцу, новаму дню, плануеш, што трэба зрабіць... Нешта не так са здароўем? «Ды пройдзе, — думаеш, — такой бяды». А потым трапляеш да ўрачоў, ідзеш на сур'ёзнае абследаванне і чуеш, што гэтым разам, не, на жаль, не пройдзе. Як гром сярод яснага неба: «У вас анкалогія».


Ад гэтай навіны адразу цьмянее ў вачах: нічога больш не хочацца і нішто не радуе. У галаве застаецца толькі адно: гэта канец.

Навукова даказана, што няма нічога страшнейшага, чым... сам гэты страх.

Але ж на змену яму проста павінна прыйсці рашучасць: нельга, сорамна паддавацца настрою, панікаваць (а тым больш чалавеку даросламу), трэба збірацца з сіламі і дзейнічаць. На дварэ дваццаць першы век, ёсць спецыялісты, якія могуць дапамагчы, ёсць Усявышні, які чуе людскія малітвы, ёсць, урэшце, анкахворыя, якія пасля аперацый (часам не адной і не дзвюх), пасля шматлікіх сеансаў хіміятэрапіі і апраменьвання гадамі, нават дзесяцігоддзямі жывуць, гадуюць дзяцей і ўнукаў, працуюць, забываюцца на хваробу...

Як мне асабіста, дык нават прыклады прыводзіць не трэба. Я сама, так бы мовіць, праходзіла ўжо за шлагбаум: на тэрыторыю Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі — хварэла, лячылася і пасля гэтага, дзякаваць богу і людзям, трыццаць (!) гадоў пражыла.

...Цяпер у тым самым цэнтры да непазнавальнасці ўсё змянілася: не ведаю, добра гэта ці дрэнна, але ж вырас цэлы горад у горадзе. У «абдымках» сасновага бору і старыя, ужо знаёмыя мне карпусы, і зусім новыя, па-сучаснаму абсталяваныя... Там жа — паліклініка, «сад мудрасці», які нават сёння радуе мноствам кветак, прыгожыя лавачкі, якія «падказваюць» тым, хто прысядзе: «я — шчаслівы», «я — любімая», «я — здаровая». І гэта неяк міжволі падтрымлівае
надзею...

Аднак галоўнае — гэта, вядома ж, людзі, выратавальнікі чалавечых жыццяў: дактары, навукоўцы, медсёстры, нянечкі, для якіх іх нялёгкая праца — як суд перад богам. Магчыма, таму на сталах амаль у кожным кабінеце стаяць іконы, а на самой тэрыторыі — невялікі храм, куды заўсёды можна зайсці...

Адзначаючы шматлікія перамены на тэрыторыі і ў рабоце цэнтра, не магу не ўспомніць, што іменна тут мне пашчасціла пазнаёміцца са свяцілам сусветнага маштабу ў галіне анкалогіі, доктарам медыцынскіх навук Кацярынай Яфімаўнай Вішнеўскай. Усіх званняў і ўзнагарод гэтай цудоўнай жанчыны, мусіць, не злічыць, а вось іншае — і можна, і, вядома ж, трэба. Кацярына Яфімаўна (светлай памяці!) падарыла месяцы, гады, а то і дзесяцігоддзі шчаслівага жыцця мноству жанчын (у тым ліку і мне), напісала дзясяткі кніг па анкагінекалогіі, пакінула цудоўных вучняў, сярод якіх 23 кандыдаты навук.

Дарэчы, адна з вучаніц, урач-хірург Таццяна Віталеўна Осіпава працуе ў паліклініцы інстытута анкалогіі. Як спецыяліст, па водгуках хворых, мае вельмі высокі рэйтынг.

Успомніла я незабыўную Кацярыну Яфімаўну і пасля кароткай размовы з загадчыцай лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі, доктарам медыцынскіх навук Нінай Мікалаеўнай Ахмед, бо ўбачыла той жа, найвышэйшай пробы, прафесіяналізм, тую ж увагу да пацыента і жаданне дапамагчы.

Іншымі словамі, праз 30 гадоў зноў апынуўшыся «за шлагбаумам» цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, сустрэлася з сапраўднымі прафесіяналамі, да якіх з усіх куткоў Беларусі і нават з-за межаў спяшаюцца хворыя (шмат хворых) — з надзеяй на дапамогу.

Дай бог ім веры ў тое, што гэта спраўдзіцца!

Н. Л. Бярэзінскі раён


Хто са «Звяздой» сябруе, таму і шанцуе

Больш за 30 гадоў я з'яўляюся пастаянным падпісчыкам «роднай газеты на роднай мове» і гэткім жа заўсёдным удзельнікам усіх звяздоўскіх латарэй, гульняў і розных конкурсаў. Прычым на мэце не столькі ў іх нешта выйграць... Мне цікавы сам «працэс»: розыгрыш, чаканне вынікаў, спісы шчасліўчыкаў... Хоць, што казаць, убачыць сярод прозвішчаў і сваё — таксама прыемна.

Першым прызам, на які мне калісьці пашчасціла, быў унутраны замок да дзвярэй. Патрэбная рэч, але ж ехаць па яе мне зусім не выпадала. Таму я папрасіў пляменніка (на той час студэнта БДУ), каб ён завітаў у рэдакцыю... Хлопец паслухаўся — атрымаў мой выйгрыш, але якраз у той самы дзень яго сябры па інтэрнаце згубілі апошні ключ ад пакоя. А паколькі гэта з імі было не ўпершыню, камендант сказаў сваё рашучае «досыць»: маўляў, новы замок купляйце самі.

Грошай на гэта ў хлопцаў не было, а вось замок быў, хоць і мой...

Такім чынам звяздоўскі прыз «прапісаўся» ў інтэрнаце, дзе, можа, і цяпер яшчэ выконвае сваю пачэсную функцыю — захоўвае маёмасць студэнтаў.

Другі раз у звяздоўскай латарэі мне пашчасціла выйграць кухонную машыну, у трэці — мабільны тэлефон.

Была яшчэ і дубовая бочка, з якой мяне затрымалі на ўваходзе ў метро...

А ў апошнім розыгрышы я выйграў рукамыйнік з электрычным падагрэвам вады. Вельмі добрая, зручная рэч, аднак на лецішчы ў нас такая ўжо ёсць (перайшла ў спадчыну ад жончыных бацькоў), таму гэты, звяздоўскі рукамыйнік, мы вырашылі перадаць нашай Свята-Узнясенскай царкве. Будавалася яна дванаццаць гадоў і, так бы мовіць, у складчыну: на сродкі прыхаджан, спонсараў, адлічэнняў ад прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна. А цяпер да гэтай справы прычынілася і «Звязда».

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


І зноў пра настаўнікаў і вучняў

Напрыканцы верасня ледзь не ўся краіна абмяркоўвала абуральную гісторыю канфлікту, які адбыўся ў адной са школ Гомеля. Гаварылі пра яго і ў нас. Мне, школьніку, было цікава: што канкрэтна? Я нават правёў невялікае апытанне, на падставе чаго змог прыйсці да высновы, што думкі з нагоды істотна разыходзяцца і ў многім залежаць ад узросту тых, каго я апытваў.

Такім чынам, людзі старэйшыя кажуць, што выхоўваць дзяцей сёння вельмі складана, што існуе так званы чалавечы фактар, і настаўніцу, якая «сарвалася», можна зразумець. Але з іншага боку галоўныя рысы педагогаў — гэта выхаванасць, стрыманасць, адукаванасць, і надзелены імі спецыяліст, якія б знешнія ці ўнутраныя фактары на яго не ўплывалі, не будзе зрываць свой гнеў на вучнях, ужываць нецэнзурную лексіку. Педагог на тое і педагог, каб заўсёды быць на галаву вышэйшым, каб служыць прыкладам і перш за ўсё для дзяцей.

Так лічаць старэйшыя настаўнікі.

Маладзейшыя сыходзяцца ў асноўным на тым, што ў згаданым канфлікце праўда на баку педагога, бо яна таксама чалавек і зразумець яе паводзіны цалкам магчыма: дзеці абавязаны годна паводзіць сябе і ў школе, і па-за ёй, паважаць настаўнікаў...

Большаць вучняў пераканана ў тым, што ў гісторыі з Гомеля нельга шукаць вінаватых, бо і вучань, і настаўнік у гэтай сітуацыі паводзілі сябе няправільна, што і прывяло да такіх маштабных узрушэнняў.

Іншымі словамі, у ходзе зносін не абысціся без узаемнай павагі. Калі яна будзе, колькасць канфліктных сітуацый абавязкова зменшыцца.

Іван Мазурук, вучань 10 класа Амелянецкай СШ, Камянецкі раён


Аб чым гамоніш, родны лес

Да драбніц знаёмай сцяжынай кіруюся ў лес. Некалі даўно — а помніцца так светла і выразна, быццам учора — я, малы, хадзіў туды з бабуляй.

Першае, што мы ў лесе рабілі, гэта прамаўлялі замову «ад гада паўзучага і звера ляснога». Потым мне расказвалі, куды вядзе тая ці іншая сцежка альбо дарога, вучылі арыентавацца ў лесе. У бабулі былі «ўласныя» грыбныя і ягадныя мясцінкі. Яна беражліва ставілася да кожнага дрэўца і гэтаму ж вучыла мяне.

Як кожны хлапчук, я больш любіў збіраць грыбы, а ягады — не вельмі. Але ж неяк, памятаю, мы пайшлі па чарніцы. У бабулі была кашолка літраў на восем, а я — сямігадовы — збіраў ягады ў невялікі кубак, які потым хацеў высыпаць бабулі...

Яна пахваліла мяне: маўляў, харошы хлопчык — ягадкі без лісцікаў, без іглінак, нясі іх сам.

І я панёс — трымаючы перад сабой, з форсам, аж пакуль... не зачапіўся за сасновы корань, не страціў раўнавагу: ягады чорным гарохам пасыпаліся па сцежцы.

...Вось ён, той самы корань: тады — ледзь не вораг, а цяпер чамусьці як сябра. Колькі год прамінула, а ён па-ранейшаму трымае сваю доню-сасну... Шкада, што старой бярозы няма, якую бабуля вітала нібы сваячку... І ягады збірала па правілах: найпершае было — глядзі, на чым стаіш, нахіліся, падбяры ўсё, што зверху, потым расхіні галінкі...

Журавіны хутка напаўняюць маё вядзерца. Яны зараз самыя спелыя. Дачакаліся мяне... Як некалі нас
з бабуляй.

Аляксандр МАТОШКА, в. Янкавічы, Расонскі раён


У чым яно, тое багацце?

..Антонавіч, аўдавеўшы, не паехаў да дзяцей, гадоў з дзесяць жыў адзін — у сваёй хаце, у сваёй вёсцы. У гарэлку ніколі не ўлягаў, таму гаспадарку сваю вёў спраўна. Апроч іншага, яшчэ і па добрым парсюку штогод выгадоўваў.

Іншымі словамі, годна жыў — з людзьмі, сярод людзей. Яго шчыра паважалі суседзі, яго хату ніколі не міналі не толькі равеснікі, але і маладзейшыя вяскоўцы. Ды і сам ён любіў, што называецца, выйсці «на сяло» — пасядзець, пагаманіць...

А тут раптам моцна захварэў (як-ніяк дзявяты дзясятак пайшоў...), трапіў у бальніцу. І дактары, дзякаваць богу, дапамаглі — не далі памерці добраму чалавеку. Праўда, жыць аднаму больш не раілі. Ды і дачка проста не адпусціла яго ў вёску — пакінула ў сябе.

— Тут жа добра, як у раі, — казаў Антонавіч пра гарадское жыццё. — Еш, што хочаш, спі — хоць да паўдня. У кватэры цёпленька, чысценька. Дачка, як птушка, вакол віецца... Адно не магу перанесці — гэта адзіноцтва. Дзеці на работу, а я ў маркоту: то ў хаце пасяджу, то, бывае, на дварэ... І хоць бы хто калі падышоў ды загаварыў, — не. Усе чыста міма праносяцца... Або ў кватэрах сваіх пазапіраюцца і сядзяць. Пэўна, багацце сваё пільнуюць? Але ж ці ведаюць, у чым яно?..

Цяжка сказаць, ці чытаў гэты дзядуля Экзюперы. Але ж, хаваючы слёзы, марыў: «Мне б хоць на тыдзень які дадому, да сваіх людзей».

Значыць, ведаў ён, што самая галоўная раскоша ў нашым жыцці — гэта раскоша чалавечых зносін.

Фаіна Касаткіна, г. Паставы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».