Вы тут

Як разнастаіць свой рацыён, каб перамагчы восеньскую хандру


Восеньская хандра, асабліва калі за акном ідзе дождж, вецер раскачвае дрэвы, і не хочацца не тое што займацца справамі, але і з-пад цёплай коўдры вылазіць, напэўна, знаёма кожнаму. Дрэнны настрой перашкаджае нам бачыць прыгажосць наваколля, зніжае працаздольнасць і павялічвае рызыку ўзнікнення захворванняў. Каб дэпрэсіўныя думкі не трымалі нас у сваіх моцных абдымках, неабходны пэўныя хімічныя рэчывы і элементы. З восеньскай хандрой можна змагацца, але трэба ведаць, чым узмацніць свой рацыён. Ёсць шэраг прадуктаў, якія здольныя падняць нам настрой і палепшыць работу мозга.


Галоўным хімічным рэгулятарам настрою ў нашым арганізме з'яўляецца сератанін. Гэта гармон, які ўтвараецца ў нервовых клетках. Канцэнтруецца ён у страўніку і кішэчніку, крыві і цэнтральнай нервовай сістэме. Дзякуючы яму, мы радуемся і добра спім, выдатна сябе адчуваем і даўжэй жывём. Сератанін утвараецца з трыптафану — незамянімай амінакіслаты, якую мы атрымліваем з ежай, а пад уздзеяннем ферментаў яна пераўтвараецца ў гармон, так неабходны нам для падтрымання псіхаэмацыянальнага балансу. Яго яшчэ называюць гармонам радасці ці задавальнення.

Як жа атрымаць неабходную колькасць трыптафану? З такіх прадуктаў, як сыр цвёрдых гатункаў, чырвоная рыба, індычка, чырвоная ікра. Прычым засвойвацца ён будзе значна лепш разам з вітамінам В6. Таму варта дадаць у рацыён салодкі перац, кедравыя арэхі, фасолю, абляпіху.

Тыразін уплывае на кагнітыўныя функцыі мозга. Дэфіцыт гэтай амінакіслаты вядзе да сіндрому хранічнай стомленасці. Тыразін ёсць ва ўсіх прыродных бялках, лепш за ўсё засвойваецца бялок курынай грудкі, таксама ён прысутнічае ў бананах, авакада, міндалі. А яго сінтэз паляпшаецца пры дапамозе вітаміну В12, які ўтрымлівае грэчка, скумбрыя, печань, кальмары.

Крыніцай селену, які нармалізуе абмен бялкоў, паляпшае памяць і настрой, з'яўляюцца бразільскія арэхі і часнок. Дапамагае сінтэзу сератаніну і фоліевая кіслата (форма вітаміну В9). Найбольшая колькасць гэтага вітаміну ў печані, апельсінах, брокалі і любой ліставой зеляніне. Яшчэ адзін неабходны мікраэлемент — цынк. Дадайце ў рацыён морапрадукты, імбір, водарасці, а таксама буры рыс і ўсе цытрусавыя.

Ну а галоўным «палівам» для нашага мозга з'яўляецца глюкоза. Яе крыніца, як вядома, вугляводы, якія ўтрымліваюць крухмалістыя прадукты. Таму наш восеньскі сняданак павінен складацца з гарачай кашы. Лепш, калі яна прыгатавана з цэльназерневых круп. У якасці асновы для бутэрбродаў варта выбіраць хлеб з мукі грубага памолу.

Здавалася б, нічога складанага ў тым, каб зрабіць разнастайным свой рацыён, няма. Тым не менш штодзень нас падпільноўваюць ворагі здаровага харчавання:

— Характар і структура харчавання за апошнія 50 гадоў змяніліся амаль да непазнавальнасці. Віной гэтаму наш імклівы лад жыцця, высокія тэхналогіі, генная інжынерыя, — кажа загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі, урач-лабарант 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Ганна Нішчыменка. — Мы і самі не заўважылі, як увайшлі ў звычку яда на бягу і перакусы, бо нават у сучаснага школьніка дзень распісаны па хвілінах. Ды і вытворцы прадуктаў хуткага харчавання імгненна сарыентаваліся. Між тым, ежу хуткага прыгатавання, растварымыя супы і кашы, пюрэ, фаст-фуд, паўфабрыкаты варта ўжываць толькі тады, калі іншага выйсця няма. Яны ні ў якім разе не павінны замяняць штодзённыя паўнацэнныя сняданкі ці абеды. Трэба заўсёды памятаць, што з ежы мы будуем сваё здароўе, таму харчаванне павінна быць разнастайным, паўнацэнным, збалансаваным.

Але павысіць сінтэз «гармону радасці» дапамагае не толькі багаты рацыён. Гэтаму садзейнічаюць сонечнае святло і фізічная актыўнасць. Удзяляйце хоць бы 30 хвілін у дзень фізічным практыкаванням ці заняткам любым відам спорту (бег, плаванне, танцы і іншыя), дарыце сабе ў кожны сонечны дзень шпацыр на свежым паветры і атрымлівайце асалоду ад самай яркай на фарбы пары года. Чым разнастайнейшыя будуць ваш восеньскі рацыён і вашы карысныя заняткі, тым менш у хандры шанцаў перамагчы вас.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з нявесткай вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.