Вы тут

Ці варта цярпець пякотку?


Пякотку хоць раз у жыцці адчуваў кожны. Як правіла, гэта адносна небяспечнае наступства пераядання або ўжывання непадыходзячай ежы. Але часам пякотка, асабліва калі яна частая, сведчыць пра захворванне, якое патрабуе сур'ёзнага лячэння. Як узнікае гастраэзафагеальная рэфлюксная хвароба і чаму пякотку, як адну з яе праяў, нельга ігнараваць ці лячыць падручнымі сродкамі, расказаў урач агульнай практыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Андрэй Макарэвіч.


— Андрэй Міхайлавіч, як узнікае гастраэзафагеальная рэфлюксная хвароба?

— Гэта захворванне — следства шматлікіх зваротных закідаў у стрававод змесціва страўніка. Яны магчымыя, калі ніжні страваводны сфінктар (клапан) не вельмі добра працуе з шэрагу прычын. Яны да канца не вывучаны, самай распаўсюджанай лічыцца грыжа харчовай адтуліны дыяфрагмы. Гэта зрушэнне ў грудную поласць ніжняй часткі стрававода і часткі страўніка. Такі стан правакуе пашырэнне сфінктара, а адпаведна і закіды кіслага змесціва страўніка ў стрававод. Гэта самая яўная прычына, астатнія дакладна невядомы.

— Ці мае захворванне ўзроставыя межы?

— У дарослых яно сустракаецца незалежна ад узросту. Гэтак жа, як гастрыты могуць быць у маладым узросце, так і гастраэзафагеальная рэфлюксная хвароба. У лёгкіх формах яна сустракаецца ледзь не ў паловы насельніцтва нашай краіны.

— Як яна сябе праяўляе? Што адчувае хворы?

— Пякотка — першы і асноўны сімптом гэтага захворвання. Таксама павялічваецца слінааддзяленне (раптоўнае з'яўленне вялікай колькасці сліны ў роце), часта далучаецца адрыжка, бо сфінктар недастаткова сціскаецца, і адпаведна, газы паступаюць са страўніка ў стрававод і вонкі. Апроч гэтага, пацыент можа адчуваць камяк у горле, кіслы смак у роце, асабліва раніцай. У больш позняй стадыі, калі частае траўміраванне страўнікавым сокам слізістай стрававода прыводзіць да рубцовых змяненняў, адзначаюцца і іншыя сімптомы, у прыватнасці, парушэнне глытання: ежа дрэнна праходзіць са стрававода ў страўнік, і пацыент адчувае камяк у грудной клетцы, але гэта больш датычыцца цвёрдай сухой ежы.

— Хранічная пякотка — сімптом толькі гэтага захворвання або яна можа сведчыць пра нейкія іншыя непаладкі ў арганізме?

— Спачатку варта сказаць, што такое пякотка. Гэта адчуванне пякоты за грудзінай, якое ўзнікае з-за салянай кіслаты, што выдзяляецца ў страўніку. Гэта кіслата патрэбна нам для ператраўлівання і прасоўвання ежы ў дванаццаціперсную кішку і абясшкоджвання некаторых кампанентаў ежы. Пякотка адчуваецца звычайна пад лыжачкай, але змесціва страўніка можа падымацца і вышэй, асабліва калі хворы знаходзіцца ў гарызантальным становішчы, — тады гэта адчуваецца як боль пры глытанні, боль у вобласці глоткі.

Ускосна пякотка можа быць сімптомам абдамінальнай формы інфаркту міякарда. Таму, калі пацыент скардзіцца на пякоту ў грудзях, для ўдакладнення дыягназу і выключэння вострага каранарнага сіндрому мы накіроўваем яго на ЭКГ.

— Якія абследаванні праходзіць пацыент са скаргамі на пякотку?

— У ідэале робіцца ўнутрыстрававодная РH-метрыя, якая вызначае кіслотнасць у ніжняй частцы стрававода. Але магчымасці яе выканаць ёсць усяго ў некалькіх стацыянарах. Таму звычайна пацыент праходзіць гастраскапію. Эндаскапіст ацэньвае слізістую стрававода, страўніка, на падставе гэтых даных ставіцца дыягназ. Калі маецца грыжа харчовай адтуліны дыягфрагмы, то робіцца рэнтген з кантрасным рэчывам.

— Захворванне можна вылечыць?

— Гэта хранічная хвароба. Але палепшыць стан і дасягнуць рэмісіі можна, і тут выкарыстоўваюцца як медыкаментозныя, так і немедыкаментозныя метады. Часта такі стан узнікае ў цяжарных жанчын, але тут яго складана аблегчыць, бо ім прэпараты не рэкамендуюцца. Яшчэ адна катэгорыя — людзі з высокай масай цела. Ім рэкамендуюць нармалізаваць вагу. Часта сімптомы непакояць пацыента ў гарызантальным становішчы. Таму мы рэкамендуем спаць на высокім узгалоўі, не есці на ноч, харчавацца рэгулярна і невялікімі порцыямі, пасля прыёму ежы не нагінацца на працягу 1-2 гадзін, не насіць паясы і тугое адзенне. Таксама важна памяняць некаторыя звычкі: адмовіцца ад курэння, асабліва нашча, зменшыць ужыванне алкаголю, тлустай ежы, шакаладу, кавы і газіраваных напояў.

Медыкаментозныя метады накіраваны на зніжэнне кіслотаўтварэння ў страўніку. Для гэтага выкарыстоўваюць інгібітары пратоннай помпы, той жа амез. Але калі гастрыты і язвы імі мы лечым восем тыдняў, то ў гэтым выпадку іх прымяняць варта ад трох да шасці месяцаў, а часам і пажыццёва. Яшчэ адна група прэпаратаў, пракінетыкі, нармалізуюць маторыку страўніка (а папросту прымушаюць сціскацца сфінктар) і перашкаджаюць зваротнаму закіду ператраўленай ежы ў стрававод. Але гэтыя прэпараты не рэкамендуецца прымяняць працяглы час і рабіць гэта варта па прызначэнні і пад кантролем урача.

Выкарыстанне тэрапіі дазваляе дасягнуць рэмісіі, захворванне не пераходзіць у наступную стадыю. Калі форма запалення пакуль без эрозій, то на фоне прыёму прэпаратаў яны і не ўтворацца. Дарэчы, некаторыя прэпараты, якія выкарыстоўваюцца для лячэння бранхіяльнай астмы і кардыялагічных хвароб, могуць уплываць на тонус сфінктара. Тады з двух ліхаў трэба выбіраць меншае.

— Што будзе, калі не лячыць гэту хваробу?

— У запушчанай форме яна можа прывесці да ўтварэння язваў, страўнікава-кішэчных крывацёкаў і нават раку страваводу, слізістая якога з-за пастаяннага закіду кіслаты пачынае перабудоўвацца па страўнікавым тыпе (гэта называюць страваводам Барэта) і ў рэшце рэшт становіцца чужароднай для арганізма: імунная сістэма пачынае гэты ўчастак атакаваць. Часта з-за рубцоў узнікае непраходнасць.

— Многія не звяртаюць увагу на пякотку...

— ...і прымаюць такія прэпараты, як фосфалюгель. Ён абвалаквае слізістую страўніка, і пацыент адчувае палёгку.

— Так можна рабіць?

— У вострай стадыі гэта не забаронена і аблягчае стан хворага. Але такія прэпараты не лечаць, у адрозненне ад інгібітараў пратоннай помпы і пракінетыкаў. Таму лепш звяртацца да ўрача і імкнуцца ліквідаваць прычыну: калі гэта грыжа, то яе пажадана ўшыць. Або прымяняць прэпараты, якія прызначыць доктар, на працягу рэкамендаванага ім тэрміну.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.