Вы тут

Пад Мінскам адкрылі памятны знак у гонар славутага фотамайстра Яна Булгака


Разглядваючы даўнейшыя фотаздымкі з выявамі старажытных храмаў, палацаў, знаёмых мясцін, мы часам нібы рэбус разгадваем, ламаючы галаву над пытаннем: што цяпер знаходзіцца на месцы, якое трапіла ў аб'ектыў фатографа сто і болей гадоў таму? Але мала хто задумваецца пра аўтара здымка. Ды і рэдка на якім фота ёсць аўтарскі капірайт. Слыннаму на ўвесь свет майстру фатаграфіі Яну Булгаку ў гэтым сэнсе пашчасціла, хоць шчасце гэта ён стварыў сам сваімі творчымі дасягненнямі, сваёй карпатлівай працай, якая занатавана ў вялікай колькасці фотаальбомаў, у ілюстрацыях даведнікаў і кніг для падарожнікаў.


Свят­ла­на Да­валь­цо­ва і Франц Жыл­ка  па­са­дзі­лі дрэў­ца ка­над­ска­га ду­ба.

Імя Яна Булгака было досыць вядомае ў колах майстроў мастацкай фатаграфіі ў першай палове мінулага стагоддзя. А сёння ён — тэарэтык фотасправы, выдатны фотамастак, пераможца шматлікіх сусветных конкурсаў мастацкай фатаграфіі — набытак культурнай спадчыны, якой ганарацца Літва і Польшча. І толькі ў Беларусі, дзе ён нарадзіўся, дзе зрабіў першыя крокі ў творчасці, дзе стварыў, дарэчы, сваю першую фоталабараторыю, яго імя доўгі час замоўчвалася. Але ўсё роўна вярталася, адгукалася ў знаходках чарговага даследчыка помнікаў мінуўшчыны. Бо вельмі шмат пакінуў майстар фотаздымкаў, што красамоўней за ўсялякія словы сведчаць пра багатую архітэктурную, этнаграфічную і прыродную спадчыну тутэйшай зямлі.

Год таму ў вёсцы Пярэсека Міханавіцкага сельсавета, што ў Мінскім раёне, з'явілася вуліца імя Яна Булгака. Ініцыятарам такога перайменавання ранейшай Цэнтральнай вуліцы стаў бізнесмен, краязнавец і заўзяты аматар даўніны Францішак Жылка, які пабудаваў свой дом менавіта каля пляцоўкі, дзе колісь стаяла сядзіба Яна Булгака. Прыхільна паставіліся да такой ідэі дэпутаты сельсавета на чале са старшынёй Святланай Давальцовай, якая сама загарэлася жаданнем ушанаваць памяць слыннага майстра і мэтанакіравана праходзіла ўсе інстанцыі, усе ўзгадненні. З энтузіязмам удзельнічалі мясцовыя жыхары ў суботніках па добраўпарадкаванні тэрыторыі колішняй сядзібы Яна Булгака. А сам Франц Жылка, не цураючыся фізічнай працы, аднаўляў паціху прысаду, што вяла ад сядзібы на Мінскую шашу.

Мас­так Ва­ле­рый Ка­ля­сін­скі —  аў­тар па­мят­на­га зна­ка.

6 кастрычніка, у дзень нараджэння фотамастака, на расчышчанай пляцоўцы каля падмуркаў колішняга дома Булгака ў Пярэсецы быў урачыста адкрыты помнік — вялікі валун з памятнай шыльдай у гонар чалавека, які сваёй творчасцю спрыяў станаўленню мастацкай фатаграфіі не толькі Беларусі, Літвы і Польшчы, але зрабіў значны ўнёсак у сусветную культуру. На ўрачыстасцях, прысвечаных адкрыццю памятнага знака, прысутнічалі ўплывовыя навукоўцы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, мясцовыя жыхары, якіх злучыла адна думка, адно жаданне — ушанаваць памяць слыннага земляка і пакінуць у спадчыну сваім нашчадкам гонар за чалавека, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам у свеце. А беларусам фотамастак пакінуў, па яго ж словах, «сфатаграфаваныя сэрцам» краявіды, старажытныя храмы і палацы сваёй малой радзімы — Навагрудчыны, а таксама маляўнічыя мясціны Гродзеншчыны ды Міншчыны. Сёння знікла незваротна шмат таго, што мелі шчасце назіраць на свае вочы сучаснікі Яна Булгака. Тым большую карысць маюць яго фотаздымкі.

Пад гукі феерверка аўтар праекта помніка Валерый Калясінскі скінуў покрыва са свайго твора. У гонар гэтай падзеі побач з памятным знакам Франц Жылка і Святлана Давальцова пасадзілі дрэўца канадскага дуба.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.