Вы тут

Чым падобныя бібліятэкі будучыні да Ванесы Мэй?


Гібкі, мабільны, паліглот, утаймоўвае лавіны інфармацыі, кіруе лічбавымі актывамі, ловіць дух часу, прагназуе патрэбы карыстальнікаў, наладжвае міжнародныя кантакты... Гэта сучасны бібліятэкар. І выходзіць ён з факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — бібліятэчнай кузні кадраў, якая сёлета адзначае 75-гадовы юбілей. Факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый (былы бібліятэчны) быў створаны ў 1944 годзе ў складзе Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, і, што адметна, менавіта на яго базе ў 1975 годзе адкрыўся Мінскі інстытут культуры (цяпер БДУКіМ).


Пер­шыя вы­клад­чы­кі біб­лі­я­тэч­на­га фа­куль­тэ­та Іо­сіф Сі­ма­ноў­скі,  Ні­на Ва­та­цы, Мі­ка­лай Тал­ка­чоў (спра­ва на­ле­ва ся­дзяць) з вуч­ня­мі.  1947 год.

Заняткі стартавалі 2 кастрычніка 1944 года і ладзіліся на базе мінскіх школ № 13 і № 35 з першымі 30 студэнтамі (а ў канцы 1950-х гадоў на факультэце навучалася ўжо больш чым 200 студэнтаў). Сярод першых выкладчыкаў бібліятэчнага факультэта — легендарныя Іосіф Сіманоўскі, які ўзначаліў кафедру і кіраваў ёю на працягу дзевяці гадоў, быў першым дэканам бібліятэчнага факультэта, і Ніна Ватацы. Іх можна разгледзець на фатаграфіі, датаванай 1947 годам, знойдзенай у архіве факультэта.

— 75 гадоў назад быў пакладзены пачатак прафесійнай бібліятэчнай адукацыі Беларусі, нагадвае прарэктар па навуковай рабоце БДУКіМ Віктар Языковіч. — За гэтыя гады бібліятэчны факультэт атрымаў моцнае развіццё. Падрыхтаваны тысячы высокакваліфікаваных спецыялістаў для бібліятэчнай сістэмы нашай краіны і замежжа.

Адсюль выйшлі такія мэтры бібліятэчнай справы, як Васіль Лявончыкаў, Лілія Дзямешка, Ніна Ляйко, Соф'я Паўлава, Мікалай Яцэвіч... Раман Матульскі прайшоў усе ступені ўніверсітэцкай бібліятэчнай лесвіцы, у лютым 1998 года быў прызначаны на пасаду дэкана, сёння з асаблівай цеплынёй выказваецца пра альма-матар:

— Адначасова з юбілеем роднага факультэта і ў мяне знамянальная дата: 40 гадоў таму я стаў студэнтам Мінскага інстытута культуры факультэта бібліятэказнаўства і бібліяграфіі. Здаецца, мінула не сорак гадоў, а чатыры, і зусім нядаўна Эдуард Міхайлавіч Краўчэня прымаў у мяне дакументы. Дарэчы, гэты чалавек адыграў ключавую ролю ў маім жыцці, таму што я выбіраў, куды ісці: у Мінск ці ў Кіеў. Краўчэня сказаў, што трэба ў Мінск. Сорак гадоў таму дэкан Уладзімір Аўрамавіч Фамін уручыў нам студэнцкія білеты. Мне пашанцавала: лекцыі чытаў першы студэнт з першага набору ў 1944 годзе — Аляксандр Філіпавіч Галуза, легендарная асоба. Ён расказваў, як праходзілі першыя заняткі ў той час у разбураным Мінску: больш разбіралі завалы, а снедалі адной цыгаркай. Заняткі па беларускай мове праводзіла Вера Адамовіч, жонка вядомага пісьменніка. Усе гэтыя асобы стваралі бібліятэчную адукацыю.

— За час існавання факультэта было падрыхтавана больш чым 16 тысяч спецыялістаў для бібліятэчнай і музейнай справы, — гаворыць дэкан факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Юлія Галкоўская.

Бу­даў­ні­кі пе­рад­алі пер­ша­му рэк­та­ру сім­ва­ліч­ны ключ пад­час ад­крыц­ця Мінск­ага ін­сты­ту­та куль­ту­ры  6 каст­рыч­ні­ка 1975 г.

Развіццё бібліятэчна-інфармацыйнай і музейнай адукацыі, удасканаленне практычнай дзейнасці ў сувязі з патрэбамі інавацыйнай эканомікі, павышэнне канкурэнтаздольнасці бібліятэчнага спецыяліста — задачы сённяшняга часу. Крокам да іх вырашэння стала нядаўняя міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Бібліятэкі і музеі ў сучасным адукацыйным і сацыякультурным асяроддзі: зберажэнне традыцый і перспектывы развіцця». Удзел у ёй узялі больш чым 140 прадстаўнікоў краін блізкага і далёкага замежжа: Расіі, Украіны, ЗША, Польшчы, Азербайджана. У фокусе аказаліся пытанні трансфармацыі кніжніц і музеяў у лічбавую эпоху і стварэння новага аблічча кніжніцы — шматфункцыянальнага цэнтра, таксама абмяркоўвалася праблема жыццяздольнасці кніжніц ва ўмовах панавання інтэрнэту. Бібліятэкі мусяць мяняцца разам са светам і знаходзіць спосабы выконваць свае місіённыя задачы, перакананы і Раман Матульскі. Ён прапануе пераасэнсаваць вобраз сучаснага бібліятэкара і параўноўвае таго са... скрыпкай: «Без скрыпкі немагчыма ўявіць сімфанічны аркестр. Першая скрыпка ў аркестры іграе выключна па нотах, не адступіць ні на ёту ад партытуры. Немагчыма ўявіць, што яна памылілася і сфальшывіла. Гэта наша класічная бібліятэка і бібліятэкар. Ён сфарміраваўся ў ХІХ стагоддзі. У такую бібліятэку трэба было прыходзіць у парадным касцюме. Гэтыя кніжніцы пераступілі праз стагоддзі».

Ёсць і такая скрыпка, якая іграе ў рэстаранах, на вуліцы. Скрыпачу не патрэбны ноты — ён куражыцца. Яму не заўсёды апладзіруюць, як першай скрыпцы. Але ці менш у яго слухачоў, чым у скрыпкі, якая іграе ў аркестры? Гэта бібліятэкар, які меў толькі пачатковую адукацыю, але той, які стварыў аснову для сучаснай кніжніцы, праводзіць паралель Раман Матульскі: «Ванеса Мэй — скрыпачка, кампазітар, спявачка, харэограф... Іграе па нотах, але выключна без нот на памяць. Нам патрэбна Ванеса Мэй — той спецыяліст, які будзе ведаць смарт-фарматы, усе правілы бібліяграфічнага апісання, усе сістэмы класіфікацыі на памяць, валодаць інтэрнэт-тэхналогіямі, ведаць n-ную колькасць замежных моў і рабіць гэта лёгка, як Ванеса Мэй».

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».