Вы тут

Як сартуюць паштовыя адпраўленні?


Амаль усе лісты ў нашай краіне праходзяць праз сталіцу. А дакладней кажучы, праз цэх пісьмовай карэспандэнцыі і гібрыднай пошты вытворчасці «Мінская пошта». Знаходзіцца ён таксама ў сімвалічным месцы — у самым цэнтры галоўнага горада нашай краіны. Сарціроўка адбываецца кругласутачна ў тры змены. Ды і рамкі па часе пастаўлены жорсткія. Бо ад гэтага залежыць, як хутка па Беларусі раз'едуцца паштовыя грузавікі...


Ма­рыя Ба­бі­но­віч — апе­ра­тар су­вя­зі цэ­ха пісь­мо­вай ка­рэс­пан­дэн­цыі  і гіб­рыд­най пош­ты вы­твор­час­ці «Мін­ская пош­та» РУП «Бел­пош­та».

— Памятаеце, раней на канвертах і паштоўках была цэлая інструкцыя аб тым, як трэба правільна пісаць лічбы індэкса? — пытаецца намеснік начальніка вытворчасці «Мінская пошта» Тамара Дзербан. — Гэта было важна для яшчэ савецкага сартавальнага абсталявання. Распазнаць друкаваныя літары і тым больш рукапісныя ў графах «Каму» і «Куды» было для тагачасных тэхналогій звышнатуральнай задачай. А вось «навучыць» машыну ідэнтыфікаваць лічбы, намаляваныя па кропачках, аказалася больш пасільным. Ды і тое вялікую колькасць работы даводзілася рабіць уручную. Праведзены не там штрышок або напісаная не так лічба тут жа «выбівала» памылку.

Сучаснае ж абсталяванне з'явілася на «Мінскай пошце» параўнальна не так даўно — у 2012 годзе. Але нагрузка на яго істотная. Спецыялісты падлічылі, што за суткі праз цэх праходзіць у сярэднім каля 90 тысяч паштовых адпраўленняў. Калі ўзважыць такую масу лістоў, то яна будзе складаць крыху менш за паўтары тоны. А, напрыклад, перад навагоднімі святамі гэтую колькасць можна смела множыць удвая.

— Але ў машыну трапяць не ўсе лісты. Напрыклад, існуе абмежаванне па таўшчыні. І яно даволі істотнае — да шасці міліметраў. Усё, што перавышае гэты паказчык, у тым ліку і дробныя пакеты, — ідзе на ручную апрацоўку. Канверты фармату А4, дарэчы, таксама адпраўляюцца выключна туды.

Працэнт аўтаматычнай сарціроўкі даходзіць да 70. Яго можна павялічыць, балазе запас ёсць. Але мяч у гэтым выпадку на баку тых, хто адпраўляе лісты.

— Нярэдка здараецца так, што наша машына не можа карэктна распазнаць адрас і правільна яго суаднесці з патрэбнай ячэйкай, якая адпавядае рабочаму ўчастку, — заўважае начальнік цэха пісьмовай карэспандэнцыі і гібрыднай пошты вытворчасці «Мінская пошта» Аксана Зуеўская. — Прычын тут, як правіла, дзве. Першая — гэта арфаграфічныя памылкі ў адрасе. Напрыклад, што да Мінска, то праспект Любімава не раз ператвараўся ў праспект Любімага. Але такога наймення не існуе ў рэальнасці! А яшчэ ў чалавека можа быць неразборлівы почырк. У такім выпадку «праблемныя» лісты адпраўляюцца на відэакадзіраванне. Пры дапамозе спецыяльнага праграмнага забеспячэння адрас на маніторы павялічваецца шматкроць, што дапамагае правільна зразумець літары. Але гэта магчыма не заўжды. У 10 % выпадкаў бяссільнае і яно. У такім разе загадкавае адпраўленне аддаюць да спецыялістаў, якія займаюцца ручной сарціроўкай. Аднак кожны дзень застаецца лістоў дзесяць, дэшыфраваць почырк на якіх не пад сілу і ім. Тады іх вяртаюць па адрасе, з якога было зроблена адпраўленне.

Ка­ця­ры­на То­зік — апе­ра­тар су­вя­зі цэ­ха  пісь­мо­вай ка­рэс­пан­дэн­цыі і гіб­рыд­най пош­ты вы­твор­час­ці «Мін­ская пош­та»  РУП «Бел­пош­та».

Ва­ле­рыя Кан­дра­цен­ка — апе­ра­тар су­вя­зі  цэ­ха пісь­мо­вай ка­рэс­пан­дэн­цыі і гіб­рыд­най пош­ты вы­твор­час­ці «Мін­ская пош­та»  РУП «Бел­пош­та».

Цікава, што датычна карэспандэнцыі, якую адпраўляюць юрыдычныя асобы, такой праблемы амаль не існуе. Справа ў тым, што яны, як правіла, на канвертах усю неабходную інфармацыю друкуюць. І таму толькі адзін ліст з сотні не пройдзе з першага разу аўтаматычную сарціроўку, ды і тое гэта звязана з тым, што, напрыклад, у адпраўшчыка быў вельмі бледна надрукаваны адрас.

— Новая карэспандэнцыя паступае ў цэх пісьмовай карэспандэнцыі і гібрыднай пошты ўвесь час на працягу дня, — кажа Тамара Дзербан. — У нас па Мінску працуюць 20 маршрутаў выемкі па 509 паштовых скрынях. Калі кіроўца сабраў пошту, то прыязджае і здае свае набыткі. З аддзяленняў паштовай сувязі да нас прывозяць пошту два разы на дзень. А вось з абласцей — раз на суткі. І адтуль паступленні бываюць выключна ў мяшках.

Што да ранжыравання па часе адпраўлення машын, то яно вельмі жорстка рэгламентавана. Спачатку адправіцца карэспандэнцыя ў абласныя цэнтры. У мінскія паштовыя аддзяленні рэйсы пачынаюцца бліжэй да раніцы. Справа ў тым, што адначасова з лістамі, пасылкамі і дробнымі пакетамі аўтамабілі вязуць і перыядычныя друкаваныя выданні. А такая істотная розніца ў часе абумоўлена адлегласцю.

А вось паштовых вагонаў у Беларусі ўжо не сустрэнеш. Яны былі вельмі актуальныя ў часы СССР — паспрабуйце даставіць самалётамі вал паштовых адпраўленняў у Сібір ці наогул на Далёкі Усход. Цяпер жа на такія вялікія адлегласці наша пошта не працуе, а для ўнутрырэспубліканскіх перавозак плаціць за карыстанне вагонам нявыгадна ў параўнанні з выдаткамі на аўтамабільны транспарт. Ды і не ў кожны райцэнтр праведзены рэйкі, а гэта значыць, што ўсё роўна перагрузка на машыны спатрэбіцца. Праўда, міжнародныя паштовыя вагоны існавалі яшчэ не так даўно. Напрыклад, адзін такі вагон курсіраваў з Мінска ў Іркуцк. Цяпер жа ўся міжнародная пошта апрацоўваецца да бюро абменаў. Гэта азначае, што калі вы пасылаеце ліст, напрыклад, у той самы Іркуцк, то спярша яго адвязуць у Маскву на аўтамабілі.

Кі­ра Ера­шэ­віч — сар­та­валь­нік паш­то­вых ад­праў­лен­няў  і дру­ка­ва­ных срод­каў ма­са­вай ін­фар­ма­цыі цэ­ха  пісь­мо­вай ка­рэс­пан­дэн­цыі і гіб­рыд­най пош­ты  вы­твор­час­ці «Мін­ская пош­та» РУП «Бел­пош­та».

Воль­га Са­сі­но­віч —  апе­ра­тар су­вя­зі цэ­ха пісь­мо­вай  ка­рэс­пан­дэн­цыі і гіб­рыд­най пош­ты вы­твор­час­ці «Мін­ская пош­та»  РУП «Бел­пош­та».

Часцей за ўсё беларусы пасылаюць лісты ў краіны Балтыі, Расію, Украіну. А што да ўваходнай пошты, то тут безумоўны лідар — Кітай. Больш за ўсё адтуль ідзе дробных пакетаў — інтэрнэт-гандаль набірае абароты. Але даволі шмат адпраўленняў прыходзіць да нас з ЗША, Германіі, Італіі і нават Сінгапура. Штодня рэгіструюцца пасылкі і лісты з даволі экзатычных для нас краін — напрыклад, з Бангладэш. Праўда, лісты, падпісаныя на лацініцы, адправяцца на ручную сарціроўку: абсталяванне «заточана» на кірыліцу з прычыны таго, што пераважная большасць карэспандэнцыі ў нас усё-такі ўнутрырэспубліканская.

Вядучы інжынер-электронік Сяргей Коптыш дэманструе, як працуе сучасная сартавальная машына. Аператар націсне на пульце некалькі кнопак — і шчыльна састаўленыя лісты схаваюцца за металічным корпусам, каб праз некалькі секундаў размясціцца на патрэбным даставачным участку.

— Можна выставіць хуткасць падачы, адлегласць паміж лістамі. Камера робіць да 45 тысяч карцінак у гадзіну ў вельмі высокім раздзяленні. Яны пасля трапляюць на сервер, дзе апрацоўваюцца крыптаграфічным праграмным забеспячэннем. Калі інфармацыя расшыфравана — ліст адпраўляецца ў прыгатаваную для яго ячэйку, якая разлічана на 600 лістоў. Калі не — то ён ідзе на відэакадзіраванне, дзе 25 аператараў апрацоўваюць атрыманыя карцінкі. Пры паўторным прагоне лістоў машына чытае інфармацыю, якую прысвоіў аператар відэакадзіравання. Пры любой няштатнай сітуацыі — напрыклад, два лісты намоклі і счапіліся паміж сабой, — машына спыніцца, а на маніторы будзе бачна ўзніклая праблема.

У планах «Белпошты» — набыць сартавальнае абсталяванне для апрацоўкі дробных пакетаў і невялікіх пасылак.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Вам — лісты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.