Вы тут

Як цікава, насычана і радасна могуць жыць людзі ва ўзросце за 55


Грамадская думка ўсё яшчэ прапануе нашай жанчыне пасля 55—60 гадоў заслужаны адпачынак, вышыванне крыжыкам і ролю бабулі. Але, можа, рана ставіць крыж на цікавым і актыўным жыцці? На Захадзе ўжо даўно кажуць аб «трэцім узросце» — актыўным перыядзе пасля 60—65 гадоў. Гэта ўзрост, які папярэднічае ўласна старасці з усімі яе атрыбутамі. Іншымі словамі, у свеце ўзнікае новае стаўленне да людзей старэйшага ўзросту і новая культура старэння. І гэтая культура пакуль яшчэ павольна, але прыходзіць і да нас.

Тым не менш многія ўсё яшчэ лічаць: выйшаў на пенсію — усё, сядзі і маўчы. А ў многіх маладых людзей склаўся стэрэатып аб пажылых як аб канфліктных, якія часам ледзь не наўмысна ідуць на пошту, у банк або паліклініку, каб пасварыцца з кімсьці. Многія ўпэўнены, што характар з гадамі псуецца...


Сёння людзі і на самай справе баяцца старэць, і з усіх сіл імкнуцца адсунуць гэты перыяд. Менавіта таму квітнее велізарная індустрыя па пераадоленні старасці: касметалогія, эстэтычная хірургія і г. д. Хоць варта было б задацца пытаннем: на што чалавецтва марнуе свае рэсурсы? На крэмы ад маршчын?

Магчыма, адной з прычын такога страху з'яўляецца тое, што раней старыя былі назапашвальнікамі вопыту, і маладыя паважалі іх за гэта, глядзелі «знізу ўверх». А што здарылася цяпер? Сітуацыя перавярнулася. Пажылыя людзі перасталі быць транслятарам вопыту. Зараз маладыя вучаць людзей ва ўзросце працаваць з камп'ютарам, смартфонам, Фэйсбукам. Адсюль паблажлівае стаўленне да тых, каму за...

У беларускім грамадстве, на жаль, распаўсюджаны эйджызм

Дык усё ж такі — «незадаволены, бедны, нікуды не варты» або «пазітыўны, мудры, запатрабаваны»? Як вы думаеце, які вобраз пажылога чалавека распаўсюджаны ў нашым грамадстве? ЮНФПА нядаўна прадставіла новае даследаванне пра стаўленне насельніцтва да людзей сталага веку і ўспрыманне феномена старасці, якое было праведзена ў Беларусі кампаніяй у сферы маркетынгавых даследаванняў СІVІTTА Grоuр /SАTІО, чые супрацоўнікі апыталі больш за 1000 рэспандэнтаў па ўсёй краіне. І яно выявіла дастаткова высокі ўзровень «эйджызму», звязаны з адмаўленнем сацыяльнай значнасці пажылых людзей.

Эйджызм — гэта негатыўная ўсталёўка ў адносінах да старасці, стэрэатыпнае ўспрыманне старых людзей як нямоглых, няздольных вучыцца і г. д. Прычым, мяркуючы па даных сацдаследаванняў, эйджысты нічым не вылучаюцца сярод іншых людзей. Такія погляды могуць быць у вашага начальніка, суседа альбо калегі.

Але нешта рабіць з такім стаўленнем да ўзроставых людзей усё ж давядзецца, бо Сусветная арганізацыя аховы здароўя абяцае, што да 2050 года на планеце будзе 2 млрд людзей ва ўзросце 60 гадоў і старэйшых. У нас у Беларусі, як заявіла на адной з прэс-канферэнцый намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Мінпрацы і сацыяльнай абароны Таццяна Фёдарава, ужо да 2040 года кожны трэці чалавек, сустрэты на вуліцы, будзе пажылы.

Вядома, тады давядзецца перагледзець многія нашы погляды і ўсталёўкі. Але пакуль мы маем тое, што маем. Напрыклад, складанасці з працаўладкаваннем людзей старэйшага ўзросту. 89 % апытаных беларусаў згодныя, што пажылыя людзі маюць праблемы з працаўладкаваннем. І тут гаворка нават не пра прафесіяналізм, а хутчэй, пра псіхалагічныя моманты: работадаўцам прасцей узяць чалавека, якому 35 гадоў, чым чалавека пасля 40 і тым больш 50. Многія лічаць, што чалавеку перад пенсіяй трэба толькі дапрацаваць. То-бок, у яго ўжо слабая матывацыя да працы.

Хоць гэта не больш чым стэрэатып, бо тое ж самае даследаванне паказала, што, як ні парадаксальна, значна большая колькасць маладых людзей хацелі б раней выйсці на пенсію і пасля гэтага тут жа перастаць працаваць. І чым старэйшы па ўзросце чалавек, тым даўжэй ён хацеў бы працаваць, у тым ліку і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Магчыма, немалую ролю ў гэтым адыгрывае нежаданне страціць звыклы ўзровень жыцця. Такія даныя былі агучаныя на праведзеным нядаўна форуме «Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў» — тым самым разбіўшы стэрэатыпы большасці работадаўцаў.

Між іншым, калі казаць пра эйджызм, то ён гуляе супраць сваіх жа прыхільнікаў. Таму што, рана ці позна, яны таксама пастарэюць. А медыкамі ўжо даказана, што негатыўнае ўспрыманне старасці памяншае працягласць жыцця на 7,5 года, між тым як станоўчае стаўленне да яе паляпшае памяць, кагнітыўныя здольнасці і здароўе.

«Я не змагла б зрабіць кар'еру, калі б не бабуля»

Тым не менш, калі зноў вярнуцца да даных сацыяльнага даследавання, то былі агучаныя такія лічбы: каля 50 % пажылых людзей пакутуюць ад такой з'явы як самадэвальвацыя, іншымі словамі, прыніжэнне сябе і сваіх магчымасцяў. Але чым менш мы, становячыся старэйшымі, паважаем сябе, тым менш дазваляем сабе актыўнасці.

Думаць, што пажылыя людзі нейкі баласт, што яны толькі патрабуюць нашай увагі, нашых грошай — велізарная памылка. Іх унёсак, асабліва жанчын, у наша жыццё велізарны. У тым ліку і ўнёсак у эканоміку краіны. У нас грамадства, можна сказаць, трымаецца на бабулях, разумных, добрых, дасведчаных. Яны ратуюць маладых мам, дапамагаючы гадаваць ім дзяцей. Яны падтрымліваюць эканоміку дзяржавы, дазваляючы захаваць рэсурсы, якія інакш прыйшлося б укладваць у большае развіццё інфраструктуры для тых жа маладых мам з маленькімі дзецьмі. Адна са спікераў форуму «Годнае даўгалецце» так прама і сказала: «Я не змагла б зрабіць кар'еру, калі б не бабуля».

Так што бабулі — гэта выдатна. Праблема толькі адна — і грамадская думка, і самі жанчыны занадта рана сябе ў іх запісваюць!

Як не стаць старым, бездапаможным і хворым

Але перад нашымі вачыма ўжо ёсць выдатныя прыклады таго, як цікава, насычана і радасна могуць жыць людзі ва ўзросце за 55.

Мы ўжо пісалі ў адным з нумароў, як доктар з Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Буйніч летась у свае 63 гады ўпершыню ў жыцці скокнула з парашутам з вышыні 3,5 тысячы метраў. А пасля гэтага яшчэ заняла першае месца ў конкурсе «Самы лепшы дзень 2018». Мінчанка Валянціна Андрыянава ў свае 68 гадоў займаецца ў танцавальнай групе «Няўрымслівая Клаўдзія» і ўдзельнічае ў шматлікіх канцэртах, хоць да выхаду на пенсію і думаць не магла, што калі-небудзь выйдзе на сцэну. 71-гадовы Міхаіл Заржыцкі, таксама з Мінска, чатыры разы на тыдзень праз увесь горад ездзіць на трэніроўкі і бегае кросы. А 69-гадовая жыхарка сталіцы Тамара Дзялендзік займаецца ёгай, садзіцца на шпагат, вывучыла сама і ўжо выкладае для сваіх равеснікаў ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту асновы відэамантажу.

«Жыццё чалавека на пенсіі будзе залежаць ад таго, як ён у цэлым уяўляе сабе гэты ўзрост, — упэўненая яшчэ адна гераіня «Звязды», пра якую мы пісалі, 70-гадовая Вольга Шатыка. — Калі як узрост выканання жаданняў, якія ён не мог выканаць раней, а цяпер ёсць час на заняткі, якія яму даюць задавальненне, — ён будзе адчуваць сябе здаравейшым і шчаслівейшым. Калі ж ён думае аб гэтым узросце як ўзросце лядашчасці, бездапаможнасці і дажывання да смерці — ён стане вельмі хутка старым, бездапаможным і хворым». Гэтыя словы яна прамовіла на форуме «Годнае даўгалецце», куды яе запрасілі арганізатары ў якасці спікера. Гэтая жанчына не спрабуе падмануць узрост, штучна падоўжыць маладосць ці схаваць сівізну. І разам з тым яна вылучаецца сваёй дагледжанасцю, натуральнасцю і пачуццём стылю.

— У грамадства павінны быць станоўчыя прыклады, натхняльныя вобразы, якія прымушалі б задумацца: што трэба змяніць у сваім жыцці, каб дасягнуць таго ж? Яны могуць зняць страх перад старасцю. А сёння мы баімся старасці —  павольна дрэйфуем у гэтым кірунку. На Захадзе з'явіўся тэрмін «вытанчанае старэнне». Гэта значыць — чалавек застаецца самім сабой, ён развіваецца, атрымлівае асалоду ад жыцця. Так, знешне могуць з'явіцца нейкія ўзроставыя прыкметы, але гэта ніяк яго не пазбаўляе радасці жыцця. Такая новая філасофія, новае стаўленне ды жыцця. І нам таксама трэба мяняць стандартны вобраз чалавека ва ўзросце 60+, які зараз ёсць у нашым грамадстве.

Сама Вольга Шатыка якраз і з'яўляецца такім прыкладам. «Мае сяброўкі, якія гадоў на 10 — 20 маладзейшыя за мяне, кажуць: «Гледзячы на цябе, старэць не страшна», — прызнаецца яна.

Дарэчы, ёсць вядомае Гарвардскае даследаванне, яго праводзяць ужо больш за 75 гадоў, пачалі яшчэ да Другой сусветнай вайны. Дык вось, у ходзе яго высветлілася, што тры галоўныя фактары, якія ўплываюць на задаволенасць жыццём у сталым узросце, пасля 50 гадоў, наступныя. Першы — мець блізкага чалавека, партнёра, з якім вы хацелі б падзяліць жыццё. Другі фактар — не быць хворым. Пры гэтым ёсць розніца паміж тым, хто захварэў, палячыўся і вярнуўся да звычайнага жыцця, і тым, хто захварэў і стаў хворым. Тут маецца на ўвазе ўнутраныя адносіны да сябе. І трэці фактар — гэта бесперапыннае развіццё, цікавасць, новыя заняткі, творчыя задумы...

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.