Вы тут

У ЕdCamp Belarus—2019 возьмуць удзел замежныя мегазоркі педагогікі


Трэцяя (не)канферэнцыя беларускіх педагогаў ЕdCamp Belarus-2019 пройдзе ў сталічным бізнес-клубе «Імагуру» 12-13 кастрычніка. Яе ідэйнымі натхняльнікамі і арганізатарамі выступаюць Мінскі Хаб глабальных архітэктараў будучыні (Global Shapers) і Таварыства беларускай школы.


Мэтай (не)канферэнцыі з’яўляецца стварэнне нефармальнай творчай пляцоўкі для школьных настаўнікаў па абмене ідэямі, вопытам і далейшым супрацоўніцтве для прафесійнага росту. Для ўдзелу ў EdCamp Belarus было пададзена больш як 430 анкет, але запрашэнні атрымалі толькі 200 беларускіх педагогаў, паколькі фізічныя магчымасці «Імагуру» не дазваляюць размясціць на яго плошчах усіх ахвотных. Летась, каб паслухаць некаторых спікераў, педагогі размяшчаліся... на падлозе на дыванах, бо ў памяшканні не хапала месца для крэслаў. Гэта стала падставай для жартаў, але ніхто не застаўся пакрыўджаным.

У ЕdCamp Belarus—2019 прымуць удзел эксперты з Вялікабрытаніі, Польшчы, Чэхіі, Украіны і нават з Японіі.

— У Мінск прыедзе з выступленнем адзін з самых уплывовых педагогаў у свеце Рос Морысан МАКГІЛ, — расказвае намеснік старшыні Таварыства беларускай школы, кіраўнік партала nastaunik.info Тамара МАЦКЕВІЧ. — 12-13 кастрычніка ён дасць некалькі майстар-класаў для беларускіх настаўнікаў. Рос Морысан Макгіл — не проста вядомы настаўнік, а таксама вядомы пісьменнік і блогер. Яго сайт рэгулярна ўваходзіць у топ-100 самых карысных педагагічных рэсурсаў і мае каля 10 мільёнаў чытачоў. Рос Морысан Макгіл намінаваўся газетай The Sunday Times у 500 самых уплывовых людзей у Вялікабрытаніі. Больш за 25 гадоў працаваў настаўнікам (быў «Настаўнікам года Вялікабрытаніі» ў 2004 годзе.) і кіраўніком у адной з самых складаных лонданскіх школ. Рэгулярна выступае на міжнародных кангрэсах у Вялікабрытаніі, Канадзе, Германіі, Іспаніі і іншых краінах. Цяпер працуе над доктарскай дысертацыяй па педагогіцы ў Кембрыджскім універсітэце.

Яшчэ адзін наш спікер — Данута СТЭРНА, эксперт «Цэнтра грамадзянскай адукацыі» з Варшавы. Працавала навуковым супрацоўнікам Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта, з 1990 года — настаўнікам матэматыкі ў дзяржаўных і прыватных школах, аўтар публікацый для выкладчыкаў і метадычных матэрыялаў для настаўнікаў школ, трэнер праграмы SUS («Школа, якая вучыцца»), кіраўнік Акадэміі SUS. Данута Стэрна займаецца перападрыхтоўкай настаўнікаў ў Польшчы і ў Беларусі. Гэта наш даўні сябар, і прыход у беларускія школы актыўнай ацэнкі звязаны менавіта з ёй. Данута з’яўляецца аўтарам кнігі «Фарматыўная ацэнка на практыцы». 

Выступіць на педагагічнай (не) канферэнцыі і Марціна ЧУРДАВА з Чэхіі. Яна з’яўляецца супрацоўнікам некамерцыйнай арганізацыі Post bellum. Таксама працуе тэатральным рэжысёрам, выканаўцам і пазаштатным выкладчыкам. Удзельнічае ў тэатральных праектах у Чэхіі і за мяжой і выкарыстоўвае розныя тэхнікі — ад дакументальнага тэатра да новага цырка.

Post bellum — гэта некамерцыйная арганізацыя, якая збірае ўспаміны сведкаў і асабісты досвед, звязаны з гістарычнымі падзеямі ХХ стагоддзя. Арганізацыю заснавала група журналістаў і гісторыкаў з Чэхі. Яны лічаць, што сведкі павінны мець магчымасць распавядаць свае гісторыі і што іх гісторыі павінны быць даступныя ўсім.

З нецярплівасцю чакаем мы ў Мінску і Аліну ВАЎРАНЮК — настаўніцу школы № 4 з Беластока, якая выкладае беларускую мову ў пачатковых класах. Аліна — заснавальніца і актыўная ўдзельніца грамадскай арганізацыі «АБ-БА» — аб’яднання на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, аўтар трох падручнікаў для пачатковай школы, галоўны рэдактар альманаха «Беларускі настаўнік», які выходзіць у Беластоку на беларускай мове. Як практык, Аліна Ваўранюк зрабіла дзясяткі праектаў для вучняў і разам з вучнямі і іх бацькамі, звязаных з медыя і медыяперсонамі. 

За сваю адукацыйную і грамадскую дзейнасць для захавання культурных традыцый і мовы беларусаў Падляшша ўзнагароджана медалём «Заслужаны дзеяч польскай культуры», а ў 2013 годзе атрымала ад прэзідэнта Польшчы ўзнагароду «Сярэбраны крыж заслугі». На Edcamp Belarus Аліна Ваўранюк будзе дзяліцца сваім вопытам супрацоўніцтва з бацькамі, распавядзе, як з дапамогай навучальных праектаў, асабліва медыйных, можна спрыяць павышэнню матывацыі вучняў да вучобы, іх культурнай і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі

Агульная тэма для Edcamp Belarus- 2019 — «Супрацоўніцтва для будучыні». Прафесар Джон Хэці — аўтар самых аўтарытэтных даследаванняў пра уплыў на эфектыўнасць навучання, сцвярджае, што супрацоўніцтва паміж настаўнікамі мае самы моцны эфект сярод фактараў, якія ўплываюць на якасць навучання, ён утрая большы, чым сацыяльны статус навучэнца або стварэнне элітных школ і адмысловых праграм.

Па словах Тамары Мацкевіч, у гэтым годзе на EdCamp упершыню будзе прадстаўлены новы фармат удзелу — постэрная сесія. Гэта форма прадстаўлення сваіх напрацовак з постэрам (плакатам). У адрозненне ад выступлення з прэзентацыяй перад вялікай аудыторыяй, падчас постэрнай сесіі кожны з удзельнікаў будзе распавядаць пра свой вопыт невялікай групе людзей. Фармат EdCamp гарантуе, што кожная вартая ўвагі педагагічная iдэя будзе пачутая.

Але, безумоўна. візітнай карткай педагагічнай (не)канферэнцыі з’яўляецца Кірмаш педагагічных ідэй. У кожнага з ахвотных будзе 60 секунд, каб прэзентаваць сваю ідэю. Падчас першага беларускага EdCamp ў 2017 годзе педагогі прапанавалі амаль 20 сваіх тэмаў. Летась было агучана ўжо 40 ідэй.

EdCamp (Education Camp) — міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася сярод настаўнікаў ЗША і распаўсюдзілася па ўсім свеце. На сёння больш за 1500 мерапрыемстваў у 35 краінах свету аб’ядналі 120000 настаўнікаў і тых, хто зацікаўлены ў паляпшэнні адукацыйнага працэсу, для адкрытага абмену педагагічным вопытам, супрацоўніцтва і вырашэння агульных задач. Беларусь тры гады таму стала 26 краінай свету, якая далучылася да EdCamp-супольнасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.