Вы тут

Дыстанцыйны курс па медыяадукацыі для падлеткаў распрацавалі педагогі з Гродна


Суседзі кажуць, што трэба адмовіцца ад прышчэпак, па тэлебачанні абмяркоўваюць прышэсце чарговага канца свету. У інтэрнэце пішуць, што кефірная дыета (гандаль на «Форэксе», халатропнае дыханне, прабежкі галышом) назаўжды зробяць цябе шчаслівым. Вакол нас занадта шмат інфармацыі, але як адрозніць праўдзівыя і абгрунтаваныя заявы ад нахабнай маніпуляцыі і шчырага, але не менш небяспечнага глупства? 


Педагогі з гродзенскай сярэдняй школы № 26 Таццяна і Сяргей ФАДЗІНЫ запусцілі для падлеткаў аўтарскі дыстанцыйны курс «Бачу. Чую. Разумею». 

— Яго мэта — павышэнне медыяінфармацыйнай кампетэнтнасці падлеткаў, — тлумачыць настаўніца англійскай мовы Таццяна Фадзіна. — Наш курс — гэта частка праграмы па медыяадукацыі, якую рэалізуе Таварыства беларускай школы. Мушу заўважыць, што аналагічнымі праблемамі сёння заклапочаны ва ўсім свеце, але ў большасці краін, як, між іншым, і ў нас, асобнага прадмета «медыяадукацыя» ў школе няма. Таму гэтыя веды інтэгруюцца ў іншыя дысцыпліны. Між іншым, пошук і выкарыстанне інфармацыі пастаянна прысутнічаюць у нашым жыцці. Сёння мы ўсе знаходзімся ў медыяпалоне круглыя суткі. Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, рэклама, камерцыйныя аб’явы, тэленавіны, кінафільмы, музыка, мноства радыёстанцый... Аўтаматычныя сэрвісы падказваюць нам, што купіць і дзе, у якую турфірму звярнуцца, з кім пазнаёміцца, што пачытаць... Медыя інтэграваныя ў наша жыццё настолькі, што большасць паведамленняў мы атрымліваем у фонавым рэжыме, не звяртаючы на іх увагі.

— Інфармацыя самага рознага кшталту не проста льецца патокам, а «вучыць» маладое пакаленне, выхоўвае яго, пакідаючы далёка ззаду бацькоў і педагогаў з іх патрабаваннямі, муштраваннем і маралізатарствам, — дапаўняе калегу настаўнік фізікі Сяргей Фадзін. — Сёння казаць пра ўплыў інтэрнэту на дзяцей і падлеткаў у прынцыпе няправільна, бо ён стаў для іх асяроддзем пражывання. Межы паміж віртуальным і рэальным жыццём паступова сціраюцца... Наш дыстанцыйны курс падыходзіць для тынейджараў, якія хочуць «пасябраваць» з медыя, глядзець на свет самастойна і прымаць свае ўласныя рашэнні ў эпоху інфармацыйнага буму і хуткіх перамен, а таксама тым, хто хоча зрабіць апгрэйд і набыць навыкі высокага ўзроўню ў галіне інфармацыйнай і лічбавай пісьменнасці. 

Перш, чым прыступіць да вывучэння модуляў, усім падлеткам прапануецца прайсці тэст, каб даведацца, наколькі прасунутымі спажыўцамі медыякантэнту яны з’яўляюцца. Напрыклад, ці ведаеце вы, адкуль узялося слова «спам»? А на якое паняцце брытанскія ўлады пастанавілі замяніць у афіцыйных дакументах тэрмін «fаkе nеws»? Што такое клікбэйт? У якой сацыяльнай сетцы больш за ўсё ботаў — акаўнтаў, якія кіруюцца праграмамі, арыентаванымі на маніпуляцыі і змяненне грамадскай думкі?

Дыстанцыйны курс складаецца з трох навучальных модуляў: «Ахоўнікі МедыяСусвету ці як стаць Фэйкхантарам», «Вялікі брат сочыць за намі?» і «Фантастычны медыякантэнт і дзе ён „жыве“?» 

Першы модуль прысвечаны ўменню распазнаваць фэйкі. Той, хто яго паспяхова пераадолее, можа лічыць сябе вопытным «паляўнічым» на фэйкі (фэйкхантарам). Другі модуль прысвечаны бігдаце — падлеткі даведаюцца, навошта ў сеціве збіраюцца звесткі пра нас, як абараніць свае персанальныя дадзеныя, як адключыць рэкламу і як не пакідаць глабальных слядоў у інтэрнэце. Трэці модуль закранае такія важныя праблемы, як захаванне аўтарскага права, адказнасць за інфармацыю, якую ты размяшчаеш у сеціве ці робіш яе перапост (між іншым, блогерам сёння можа стаць абсалютна кожны), што такое варожасць у інтэрнэце, як ствараць уласныя цікавыя інфармацыйныя падставы, каб захапіць сваім кантэнтам інтэрнэт-аўдыторыю і іншыя. 

— Наш дыстанцыйны курс можна праходзіць абсалютна ў любы час і з той хуткасцю, якая будзе зручнай для падлетка, — падкрэслівае Таццяна Фадзіна. — У кожны модуль уключаны практычныя заданні, відэакантэнт, інфаграфіка. Але курс пабудаваны такім чынам, што перайсці да наступнага модулю будзе немагчыма, не прайшоўшы цалкам папярэдні. Напрыканцы мы просім падлеткаў падзяліцца сваімі ўражаннямі ад навучання: што было для іх найбольш захапляльным, карысным і складаным? Дыстанцыйны курс «Бачу.Чую. Разумею» знаходзіцца на платформе CANVAS, якая прызначана для размяшчэння масавых адкрытых анлайн-курсаў. 

— Інтэрнэт-прастора ўяўляе сабой сёння сапраўдную «кашу», такі своеасаблівы інфармацыйны «фаст-фуд», дзе можна знайсці ўсё, што заўгодна: і сайты ўльтраправых арганізацый, і блогі, і забаўляльныя рэсурсы, і сур’ёзныя навуковыя работы, — разважае Сяргей Фадзін. — І як у гэтым моры не патануць? Як адрозніць факты ад інтэрпрэтацыі? Як не трапіць на кручок да махляроў, распазнаць тэхнікі маніпуляцыі («схаваную рэкламу», «гульню на эмоцыях» і іншыя)? Спадзяемся, што наш дыстанцыйны курс стане дадатковым штуршком для развіцця медыяпісьменнасці ў новага пакалення.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.