Вы тут

«Сям'я года — 2019». Партрэтная галерэя сем'яў-удзельніц


12 кастрычніка фінішуе чацвёрты рэспубліканскі конкурс «Сям'я года», які праводзіцца ў Беларусі з мэтай умацавання ролі і прэстыжу сям'і ў сучасным грамадстве, выхавання дзяцей і моладзі ў рэчышчы традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, арыентаваных на стабільнасць стасункаў, адказнае бацькоўства, здаровы лад жыцця, захаванне пераемнасці пакаленняў, узаемаразуменне і ўзаемападтрымку.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь падкрэсліваюць: «Сям'я года» — не толькі сацыяльна значнае мерапрыемства, зладжанае ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь», але перадусім вялікае свята. Яго ўдзельнікі на ўласным прыкладзе пацвярджаюць, што моцная, дружная, шчаслівая сям'я — тая найвялікшая каштоўнасць, з якой бярэ пачатак грамадства, тая крыніца, якая сілкуе і падтрымлівае кожнага з нас усё жыццё».

Незалежна ад таго, хто атрымае сёлета дыплом І ступені і званне «Сям'я года — 2019», усе сямёра фіналістаў у пэўным сэнсе ўжо трыумфатары: яны сталі найлепшымі сем'ямі ў сваіх рэгіёнах, а галоўнае — яны з'яўляюцца добрымі сябрамі, апорай і падтрымкай адно для аднаго. І, паверце, у кожнага з іх ёсць карысны досвед, варты пераймання: як спраўляцца з канфліктамі і захоўваць лад і згоду, як адкрываць і падтрымліваць таленты сваіх дзяцей, як зрабіць актыўнае баўленне часу добрай звычкай, як навучыцца слухаць і чуць адзін аднаго... Уласна, пра ўсё гэта лепш раскажуць самі героі ў фінале рэспубліканскага конкурсу, а напярэдадні карэспандэнты «СГ» падрыхтавалі невялікую партрэтную галерэю сем'яў-удзельніц. Прыемнага знаёмства!


Сюрпрыз да дня нараджэння

У сям'і Кулаковых з Віцебска мяркуюць, што сакрэт шчасця — у колькасці дзяцей. Тут тры дачкі: школьніцы Ксюша і Кіра і маленькая Саша. Да сваіх сонейкаў (старэйшая і малодшая дочкі рыжыя) вяртаецца з работы тата — энергетык Дзяніс. А мама Марына паспявае працаваць на страхавым прадпрыемстве і лічыць, што для дачок-падлеткаў удзел у конкурсе — яскравая прыгода і магчымасць вылучыцца сярод аднагодкаў.

Усе рашэнні ў сям'і прымаюцца сумесна, аднак асаблівую важнасць мае бацькава меркаванне, кажа маці сямейства:

— З цягам часу з'яўляецца пэўная жаночая мудрасць, калі разумееш, што лепш, напэўна, пагадзіцца, бо я гляджу на дзяўчынак з жаночай пазіцыі, а патрэбны і мужчынскі погляд.

— Вядома, мяне дзяўчынкі слухаюцца, я для іх аўтарытэт. Аднак і мама карыстаецца той жа павагай, — дадае Дзяніс Генадзевіч.

Яшчэ да вяселля ён скарыў Марыну стаўленнем да чужых дзяцей, прызнаецца яна:

— Усе суседскія хлопцы званілі ў дзверы і пыталіся: «А Дзяніс выйдзе, будзе з намі ў футбол гуляць?» Тое, што ў яго адны дзяўчынкі, — гэта найвышэйшае шчасце, і ён зробіць для іх абсалютна ўсё. Пры гэтым будзе прытрымлівацца пэўных крытэрыяў строгасці і мужчынскага бачання.

— Я прыходжу дадому як у кветнік і акунаюся ў самыя цёплыя абдымкі сваіх рыжыкаў. Яны заўжды мне нешта смачнае прыгатуюць, спытаюць, як справы на рабоце, — пацвярджае бацька сямейства. — Я столькі святла атрымліваю ад гэтых косак і спаднічак.

Марына запэўнівае, што яны — самая звычайная сям'я, далёкая ад медыйнасці, якая ніколі не імкнулася выдзяляцца. Проста так склалася, што дзяўчынкі ўдзельнічалі ў конкурсах у школе. Запрасілі далучыцца да конкурсу на званне лепшай мамы і яе — давялося рыхтавацца.

— Пасля гэтага школьная адміністрацыя вырашыла, што мы актыўная сям'я, і запрасіла да ўдзелу ў конкурсе на найлепшую сям'ю, — смяецца жанчына. — Не ўсё атрымлівалася так, як хацелася б, канешне. Затое цяпер больш нагод сабрацца разам, чаго даўно не рабілі. А Ксюша падчас фіналу наўпрост на сцэне адзначыць свой 14-ы дзень нараджэння. І мы ўжо гэта абыгралі ў выступленні, так што яе чакае сюрпрыз.

Калі ў сям'і ёсць павага і каханне, то ўсё становіцца на свае месцы, перакананы Кулаковы: «Бывае рознае ў стасунках, аднак галоўнае — памятаць, што яны яшчэ дзеці, а мы ўжо бацькі, таму трэба неяк знаходзіць кампрамісы ў сітуацыях, якія нам першапачаткова здаваліся бязвыхаднымі».

Трыма рукамі «за»

— Мая пазіцыя — рух, дынаміка, актыўнасць, творчасць, — заяўляе Наталля Коцік, настаўніца пачатковых класаў дзяржаўнай установы адукацыі «Вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад — пачатковая школа № 10 горада Брэста». Брастаўчанка — пераможца абласнога конкурса «Выхоўваем грамадзяніна Беларусі», узнагароджана дыпломам ІІ ступені ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, шматлікімі граматамі і падзякамі. Яна любіць вязаць, ствараць прыгожыя рэчы з цеста, бісеру, паетак і нават... газетных трубачак! Ну як з такой творчай мамай не перамагчы! А калі сям'я Коцік выйграла Брэсцкі абласны этап конкурсу «Сям'я года», і маці ў сваіх дзяцей запыталася: «Далей будзем ўдзельнічаць?» — то ўбачыла тры ўзнятыя ўгору рукі.

— Мы з мужам пераглянуліся і былі вымушаны пагадзіцца. Рухавіком у конкурсе была я, але атрымала падтрымку нашых дзетак, і гэта вельмі прыемна. І няхай яны ў нас не такія вялікія — 3, 6, а старэйшаму 12 гадоў, — мы верым, што яны зробяць усё магчымае, каб перамагчы, — дзеліцца Наталля Віктараўна. Можна не сумнявацца, што на конкурсе брэсцкая сям'я выступіць зладжанай камандай.

— Як такога галоўнага ў сям'і няма, абавязкі даўно падзелены, і кожны адказвае за свой фронт работ. Напрыклад, дзеці сочаць за парадкам у пакоях. Бытавыя абавязкі на кухні размеркаваны паміж усімі: можа дапамагаць і муж, і маленькая дачушка. Самы любімы занятак у маёй Машы — работа з цестам. Даеш ёй кавалачак — і яна лепіць кветачку, таму ў нас беляшы з кветкамі, — раскрывае хатнія сакрэты Наталля Віктараўна. Наогул у сям'і рабіць уласную выпечку ўжо ўвайшло ў традыцыю. Дзеці вельмі любяць піцу, пончыкі, беляшы, і такія ласункі заўсёды бываюць на стале.

Бацька сямейства Сяргей Георгіевіч (менеджар па продажах, захапляецца скаладромам і праграмаваннем) заўсёды гатовы прыйсці жонцы на дапамогу, адвесці дзяцей на трэніроўкі і рэпетыцыі. Шасцігадовы Андрэйка займаецца ў секцыі па плаванні, гуляе ў шашкі, захапляецца мадэляваннем. А старэйшы Валодзя ходзіць на скачкі на батуце, у спартыўную секцыю бадмінтона, піша вершы, праграмуе, цікавіцца аматарскай астраноміяй і добра разбіраецца ў геаграфіі.

Сакрэт шчаслівай сям'і — найперш цярпенне, узаемная павага, упэўнены Коцікі. «Шчасце ў сям'і можа з'явіцца толькі тады, калі яно свеціцца ўнутры чалавека, у кожным з нас», — кажа Наталля Віктараўна.

Канфлікты разрульваем адразу

У сям'і Мікалаевых з Магілёва — фіналістаў ад вобласці — пяцёра дзяцей. Трое з іх ужо амаль дарослыя. Андрэю і Алесі па 20 гадоў, Уладзіславу 17. Яны вучацца ў каледжах і працуюць, аднак жыць асобна ад бацькоў не спяшаюцца. Аляксандра ходзіць у школу, а самая малодшая, Станіслава, — у дзіцячы садок. Тата Сяргей працуе на камбінаце «Магілёўхімвалакно», мама Алена — памочнік выхавацеля ў садку.

У гэтай сям'і заведзена прымаць рашэнні з улікам інтарэсаў кожнага. Сямейныя нарады ў Мікалаевых адбываюцца рэгулярна. Па гаспадарцы падзелу абавязкаў таксама няма — дапамагае той, хто вольны ў пэўны момант, і ўгаворваць на гэта нікога не трэба.

Удзельнічаць у фінале рэспубліканскага спаборніцтва за званне найлепшай сям'і таксама будуць усе разам — каб і сябе паказаць, і на іншых паглядзець. Прычым прапановы дзяцей пры падрыхтоўцы таксама ўлічваюцца.

— Я пісала сцэнарый, пасля чытала яго сям'і, мы ўсе разам абмяркоўвалі, кожны выказваў сваё бачанне, нейкія моманты перароблівалі, — расказвае Алена Аляксандраўна. — Мы ўсе людзі крыху творчыя, таму прывыклі да такога вар'яцкага рытму. Пастаянна нейкія канцэрты, рэпетыцыі, выступленні, так што падобныя клопаты не ў навінку.

Кожны член сям'і пароўну разбірае сабе і словы, і песні, і ролі. Калі Мікалаевы сказалі рэжысёру, што ім трэба сем мікрафонаў для выступлення, ён здзівіўся і спытаў: «А што, у вас усе гаворачыя?» Вядома ж, усе, нават Станіслава будзе спяваць і ўдзельнічаць у іншых пастаноўках, смяецца мама Алена:

— Удзелам у конкурсе мы самі сабе даказалі, што мы сям'я, што мы дружныя, згуртаваныя і можам нешта разам. Пасля конкурсу будзем адпачываць, бо ўдзельнічаць у спаборніцтвах такога ўзроўню ўжо і адказна, і цяжкавата.

Як і ва ўсіх сем'ях, у Мікалаевых, вядома, бываюць і спрэчкі, і канфлікты, але ж кожны раз сітуацыю стараюцца «разруліць» адразу, не замоўчваць у сабе крыўды, каб пасля не множыліся непаразуменні. Гэта, магчыма, і ёсць сакрэт шчаслівага жыцця, мяркуе Алена Аляксандраўна:

— Мы з самага дзяцінства вучым дзяцей, што калі мы з бацькам сыдзем, то толькі яны застануцца адно ў аднаго. З дочкамі ў нас такія адносіны, нібыта мы сяброўкі, яны дзеляцца са мной сваімі сакрэцікамі. І хлопчыкі расказваюць, якія дзяўчынкі ім падабаюцца. А ўвогуле дзеці аднолькава ставяцца і да мяне, і да бацькі. Спадзяюся, мы абодва ім аднолькава дарагія.

Усё дзелім напалам

Сям'я Качураў з Ліды — фіналісты ад Гродзенскай вобласці. Мама Людміла працуе ў медыцынскім цэнтры, тата Андрэй — на малочна-кансервавым камбінаце. Старэйшыя дачка Лера і сын Максім школьнікі, а малодшаму Мікіту нядаўна споўнілася тры гады.

Творчы шлях сям'і пачаўся з таго, што Лера захацела паўдзельнічаць у школьным конкурсе «Міс маленькая прынцэса».

— Мы з ёй прыдумвалі вершы, фасон сукенкі, стваралі нейкія калажы, я распрацоўвала танец, — успамінае Людміла Качура. — У выніку занялі першае месца, і класны кіраўнік прапанавала ўжо мне разам з дачкой паўдзельнічаць у конкурсе «Супер МАМА — 2018», дзе мы таксама перамаглі. На гэтым спаборніцтве нас прыкмеціла намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце і запрасіла паўдзельнічаць у раённым конкурсе на найлепшую сям'ю.

Конкурс сямейства выйграла, а адолеўшы наступную прыступку — абласны этап, — Качуры апынуліся ў фінале.

Натхняльнік і завадатар у сям'і Людміла, а вось астатнія клопаты — і бытавыя, і тыя, што датычацца выхавання дзяцей, — дзеляць напалам.

— Жывём душа ў душу, — пацвярджае Андрэй словы жонкі.

— Усе кажуць, што мне пашанцавала, што муж у мяне залаты, — смяецца жанчына. — У сям'і вельмі важная ўзаемадапамога. Шмат пар «з'ядаюць» бытавыя сітуацыі, калі лічыцца, што жонка павінна гатаваць, прыбіраць... павінна, павінна, павінна... А муж павінен працаваць. У нас не так, у нашай сям'і проста няма слова «павінен», бо мы ўсё дзелім пароўну.

У конкурсе сёлета будуць удзельнічаць усе разам. Хоць Мікіта яшчэ маленькі, ён падтрымлівае бацькоў ва ўсім.

— Слоў у яго па сцэнарыі няма, але спадзяёмся, што ён нешта пакажа на сцэне, будзе нейкі сюрпрыз. Ён вельмі рухавы, не стаіць на месцы больш за дзесяць хвілін. Для старэйшых дзяцей рэпетыцыі — гэта ўжо як мае быць, як у школу хадзіць, — смяюцца бацькі. І ўдакладняюць: угаворваць нікога з малых не даводзіцца, дзецям самім цікава спрабаваць сябе ў розных кірунках.

— Максім «гарэў» футболам, прасіўся ў спартыўную секцыю і з чатырох гадоў займаецца. Дачка хацела плаванне — ідзі, пажадала танцы — танцуй, калі ласка. Ніколі такога не было, каб мы нешта ім прапаноўвалі: дзеці самі выбралі, што ўпадабалі, і ідуць па гэтым шляху.

А яшчэ сям'я актыўная ў сацыяльным плане. «Дапамагаем збірацца ў школу малым з дзіцячых дамоў: закупляем канцылярскія прылады, і нашы дзеці з задавальненнем нясуць іх у школу і складаюць у спецыяльныя скрыні. Збіраем асобна смецце, макулатуру, батарэйкі, накрыўкі», — пералічваюць бацькі.

Конкурс не толькі зрабіў жыццё сям'і больш разнастайным, але і даў шмат новых знаёмстваў. «Мы сустрэлі столькі таленавітых людзей! Яны падсілкавалі нас сваім пазітывам, паказалі, як правільна размаўляць, як рухацца на сцэне... Гэта, пэўна, самы вялікі плюс, што нам пашанцавала акунуцца ў такую атмасферу, — радуецца мама сямейства. — Тым больш гэта так адказна, бо мы ж удзельнічаем не толькі дзеля сябе, а і змагаемся за гонар нашага раёна, горада. А Лера вось спакойная. Нядаўна ў школе пажартавала: «Ай, чаго там... Я ведаю, што мы пераможам».

Спартсмены становяцца акцёрамі

Хто б мог падумаць, што званок з тэрытарыяльнага цэнтра з прапановай паўдзельнічаць у конкурсе «Сям'я года» так моцна паўплывае на сям'ю Нікіціных з Гомеля!

— Вельмі рэдка нам удаецца сабрацца разам, — прызнаецца маці Надзея Васілеўна. — То ў аднаго дзіцяці трэніроўка, то ў другога, у мяне работа ў тэатры, у мужа служба (Мікалай Анатолевіч працуе ў Дэпартаменце аховы МУС). Карацей, усе мы збіраемся толькі бліжэй да позняга вечара. А тут на рэпетыцыях столькі часу праводзім разам! Ёсць і яшчэ адзін станоўчы аспект. Я працую ў Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек, і для мяне ўдзел у такім конкурсе — гэта не складаная, а зразумелая справа. Але ж на сцэну давядзецца выходзіць і маім дамашнім, і я бачу, што ім удалося лепш адчуць і зразумець мой стан, маю прафесію. Напрыклад, наш тата ўсвядоміў вельмі моцна, што праца акцёра нялёгкая. Я разумею, што яму цяжкавата: даводзіцца прыкладаць пэўныя намаганні, у чымсьці сябе крыху напружваць, таму што эмацыянальна гэта не яго. А дзеці ў нас спартсмены, і пабыць на сцэне ў якасці акцёраў — для іх вялікі крок у развіцці. Для мяне яны раскрыліся па-новаму, шмат чым уразілі. Яны звяртаюцца па парады. Больш стала цеплыні ў адносінах...

Бацькам Нікіціных лёс двойчы падарыў двайное шчасце. Спачатку нарадзіліся Дзяменцій і Дзмітрый, а праз тры гады — Эльвіра і Аліса. Усе дзеці дасягнулі высокіх спартыўных поспехаў, станавіліся прызёрамі гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Дзяменцій на прафесійным узроўні займаецца водным пола, Дзмітрый — скачкамі на акрабатычнай дарожцы, а дзяўчынкі абралі спартыўную акрабатыку.

Важныя рашэнні ў сям'і імкнуцца прымаць сумесна: ідэі могуць прапаноўваць усе, а ўжо большасцю галасоў выбіраюць, якая прапанова лепшая. «Мы імкнёмся дапамагаць адно аднаму, размяркоўваем хатнія абавязкі», — кажуць Нікіціны. Будаўнічыя, цяжкія работы — натуральна, старэйшыя хлопчыкі робяць разам з татам. Мама можа дапамагчы дзецям з урокамі. Эля адказвае за хатніх гадаванцаў — сабачак і папугая Кешу. А яшчэ, падкрэслівае Надзея Васілеўна, у сям'і вельмі важная ўзаемапавага. Для таго каб зразумець іншых, часам усяго толькі і трэба паставіць сябе на іх месца. Сямейнае шчасце ж, на думку Нікіціных, асаблівых сакрэтных складнікаў не мае: перадусім гэта агульная любоў, і не за што-небудзь, а проста таму, што яны ёсць адно ў аднаго.

Крыніца натхнення

Мінскую вобласць на конкурсе прадстаўляе сямейна-творчы дэсант Івашкаў з Нясвіжа — мама Анастасія, тата Дзмітрый і пяць дачок: Мілана, Ульяна, Дзіяна, Паліна і Арышка, якой толькі ўвесну споўніўся годзік. У скарбонцы іх дасягненняў, акрамя перамог у раённым і абласным спаборніцтвах «Сям'я года», ёсць яшчэ выйграны летась раённы конкурс «Тата, мама, я — творчая сям'я», а таксама шматлікія граматы, дыпломы і падзякі з устаноў адукацыі, дзе займаюцца старэйшыя дзяўчаты.

— Хто ў нас дома галоўны? Канешне, тата! — у адзін голас сцвярджаюць дзеці. Хоць не ўпускаюць магчымасці лісічкамі падласціцца і надаваць тату заказаў: каму касметыку прывезці, каму абноўку, каму цацку — хіба што не пунсовую кветачку.

— На ваш погляд, які найпершы сакрэт моцнай, шчаслівай сям'і?

— Захоўваць любоў і ўзаемаразуменне, сяброўскія стасункі паміж бацькамі і дзецьмі. А самае важнае, мабыць, — у любой складанай сітуацыі знайсці магчымасць, каб выслухаць праблемы кожнага, зразумець іх. Толькі здаецца, што на гэта не стае часу, насамрэч цалкам рэальна скласці распарадак дня, у якім на кожную справу будзе свой час і месца. Тым больш у дзяўчат ёсць свае абавязкі, тата вельмі дапамагае, бо ўжо ўсё ўмее: і выпякаць, і мыць бялізну, і коскі заплятаць. І, канешне, з любой будаўнічай работы даць рады. Майстар на ўсе рукі — гэта дакладна пра яго! — расказвае мама сямейства.

А яшчэ Дзмітрый Івашка любіць спяваць — у падлеткавым узросце ён атрымаў перамогу на абласным конкурсе мастацкай самадзейнасці, і гэта творчае захапленне захаваў да сёння. А мама Анастасія — генератар ідэй: яна піша сцэнарыі для выступленняў дачок, робіць адмысловыя прычоскі і прыдумляе рэцэпты тартоў, якія прыводзяць блізкіх у захапленне. Творчыя здольнасці праявіліся і ў дзяцей: шасцікласніца Мілана вучыцца на мастацкім аддзяленні Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў, захапляецца танцамі і тэатрам, Ульяна вучыцца ў 4 класе звычайнай школы і ў мастацкай па класе фартэпіяна, спрабуе пісаць вершы, выступае ў складзе танцавальнага і тэатральнага калектываў. Дзіяна займаецца ў танцавальным гуртку, а Паліна марыць стаць артысткай. Магчыма, гэта будучы сямейны музычны або танцавальны калектыў? «А чаму не, — разважае Анастасія Івашка, — у нас практычна ў кожным пакаленні хтосьці іграе на музычных інструментах: мой бацька — на гітары, я вучылася на піяніна, сярод сваякоў ёсць майстры-баяністы, ёсць тыя, хто добра іграе на сінтэзатары... Ці пакажам мы гэтыя таленты на фінале ў Мінску? А вось прыходзьце — убачыце! Гарантуем кантраст эмоцый: і слёзы, і радасць, усё напоўніцу».

На рэспубліканскім конкурсе сям'я Івашкаў спадзяецца не толькі сябе паказаць, але і на іншых паглядзець, знайсці новых сяброў і атрымаць самыя прыемныя, яркія і станоўчыя ўражанні. «Галоўнае, што мы хочам сказаць: шматдзетная сям'я — гэта не праблема, не сацыяльная неўладкаванасць, як многія стэрэатыпна лічаць, а шчасце, радасць і бясконцае натхненне». Анастасія і Дзмітрый дакладна ведаюць, пра што кажуць: яны абодва самі выраслі ў шматдзетных сем'ях.

Дзесяць плюс адзін

Мама Вольга, тата Дзмітрый і ажно васьмёра дзяцей, старэйшы з якіх Ягор ужо і сам жанаты і выхоўвае сына, а малодшая Міра яшчэ «дарастае» да дзіцячага садка. Усе разам яны — сям'я Бычкоўскіх, пераможцы сталічнага конкурсу «Найлепшая шматдзетная сям'я 2019 года» і прадстаўнікі Мінска ў фінале рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года».

Зрэшты, чакайце — ледзь не забыліся прадставіць яшчэ аднаго ўдзельніка: гэта выхаванец дзіцячага дома Паша. Бычкоўскія сталі для хлопчыка патранатнай сям'ёй і прызнаюцца, што ўжо лічаць яго цалкам сваім. Таму на сцэне Палаца прафсаюзаў выступяць усе разам — і, дарэчы, прэзентуюць сацыяльны праект, прысвечаны дзецям, якія з розных прычын засталіся без бацькоўскай апекі, таму ім асабліва патрэбныя клопат і душэўная цеплыня...

Бычкоўскім як удзельнікам асацыяцыі шматдзетных бацькоў прапаноўвалі паспрабаваць свае сілы ў «Сям'і года» значна раней, але ўсё нешта не складвалася: то дзеці яшчэ зусім маленькія былі, то часу і фізічных сіл не хапала, то адчування ўласнай гатоўнасці. А сёлета ім ёсць што сказаць і паказаць!

Яны апантаныя і творчыя, і ў кожнага ёсць свае таленты: бацька сямейства Дзмітрый Міхайлавіч — майстар арганізацыі сямейных падарожжаў, мама Вольга Віктараўна паралельна збірае некалькі калекцый: заморскіх слонікаў, мяккіх мядзведзяў і незвычайныя стравы розных народаў. Старэйшая дачка Ангеліна — пастаянная ўдзельніца і прызёрка спартыўных раённых спаборніцтваў, а таксама танцавальных конкурсаў, 5-класнік Прохар захапляецца брэйк-дансам і футболам, як і малодшы брат-другакласнік Ціхан, 4-класніца Кіра танчыць хіп-хоп, любіць спяваць і маляваць, будучая першакласніца Міхаліна з асалодай танчыць і малюе, Лія наведвае інтэлектуальны гурток, а маленькая Міра бярэ ад усіх пакрысе.

Галоўны сакрэт шчаслівай сям'і, паводле Бычкоўскіх, у тым, што не бывае бясхмарнага шчасця з першага дня. «Мабыць, у першы год сумеснага жыцця «разводзяцца» ўсе. Але помніце: каб стаць жонкай генерала, трэба выйсці замуж за лейтэнанта і паматляцца з ім па гарнізонах. Гэтаксама ў любой сям'і: каб была прыгожая карцінка, трэба нястомна працаваць кожны дзень, вучыцца прымаць адно аднаго. Таму і сыну старэйшаму раім: пасварыліся — не маўчыце, гаварыце пра тое, што не задавальняе. Сям'я з гэтага і будуецца — не з пакрыўджанага маўчання, не з крыкаў і скандалаў, а з размоў пра ўсё, што падабаецца і не падабаецца».

У сям'і не дзеляцца на «галоўнага» і «падначаленых», і кожны робіць свой унёсак, хоць гэта жыццёвая мудрасць, зазначае мама Вольга, прыйшла далёка не адразу:

— Мы з мужам разам з 15 гадоў, і па маладосці ў кожнага былі свае цвёрдыя перакананні пра ролю мужа і жонкі, хто што павінен. З часам прыйшлі да таго, што муж у асноўным здабытчык, а хатняя праца пераважна на мне — але ён заўжды прыйдзе на дапамогу, калі не заняты па рабоце, з'ездзіць у краму і г. д. Часта бярэ з сабой Міру, бо яна практычна ніколі не капрызіць і не патрабуе «купі тое і гэта».

Часта цікавяцца, як у вялікай сям'і падзяліць бацькоўскую ўвагу і любоў на ўсіх. «А яе не трэба дзяліць, — лічаць Бычкоўскія, — любоў множыцца са з'яўленнем кожнага дзіцяці, бо яна ідзе ад сэрца, і сваё дзіця ты будзеш любіць і ў сем месяцаў, і ў сем гадоў, і ў 70, проста па-рознаму».

— У нас так атрымлівалася, што нараджаліся якраз тыя дзеці, якіх мы з мужам хацелі: хацелі дзяўчынку — дзяўчынка, планавалі хлопчыка — калі ласка, да таго ж усе дзеці былі вельмі спакойныя, як па кніжках, — смяецца Вольга Бычкоўская. — Магу толькі пажадаць усім, каб дзеці нараджаліся запланаванымі і чаканымі, і яшчэ, канешне, здаровымі: напэўна, гэта для любой маці самае важнае.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, Ірына СІДАРОК, Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Фестываль шчасця і любові

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.