Вы тут

Гісторыі людзей, якія хварэюць на шызафрэнію


Яны спяваюць і пішуць вершы, іграюць на фартэпіяна, выгульваюць любімых жывёл і кахаюць жанчын, але іх жыццё ўскладнена дыягназам «шызафрэнія». Вова быў звычайным хлопцам, вучыўся ў вучылішчы і падпрацоўваў на хуткай дапамозе, а захварэў пасля таго, як блізкая дзяўчына скончыла жыццё самагубствам... Вера вучылася ў гандлёвым каледжы, дыягназ ёй паставілі пасля смерці бабулі і дзядулі, якія пайшлі з жыцця з розніцай у два дні. Андрэй з гэтай хваробай нарадзіўся. А Юрый Васілевіч, які прайшоў Афганістан, захварэў у пажылым узросце. Дарэчы, знаходзячыся ў РНПЦ псіхічнага здароўя, ён напісаў верш, які пачынаецца з радкоў: «Не дай вам Бог сойти с ума и ощутить всю силу равнодушья». Менавіта стаўленне ў грамадстве да псіхічнахворых людзей самі пацыенты лічаць асноўнай праблемай свайго жыцця.


Герой фільма Валодзя.

— Гэтыя людзі баяцца пайсці ў магазін па прадукты. Страшна, што не так дадуць грошы на касе, не так паглядзяць... Ці самі зробяць нешта такое, што выдасць іх дыягназ. Яны не баяцца свайго расстройства. Ім страшна жыць у соцыуме, які пазбягае і дзесьці нават пагарджае імі. Але яны не вінаватыя — праблема ў самім грамадстве, — лічыць практыкуючы ўрач-псіхіятр і рэжысёр дакументальнага фільма «Жыццё з дыягназам «F20» Канстанцін РУНЕЦ.

Задумваючы свой фільм, ён хацеў паказаць людзей, якія маюць абмежаванні і асаблівасці, напрыклад, па-іншаму запамінаюць, але па-ранейшаму застаюцца асобамі са сваімі жаданнямі, перажываннямі і як ніхто маюць патрэбу ў клопаце.

...Вова заканчваў вучылішча і адначасова працаваў санітарам на хуткай дапамозе, калі пасля самагубства сваёй дзяўчыны атрымаў дыягназ «шызафрэнія».

— У момант абвастрэння хваробы я пастаянна напіваўся і трапляў у стацыянар, — расказвае ён. — Потым вырашыў не піць. Цяпер ужо тры гады не ўжываю алкаголь і не трапляю ў РНПЦ.

Бацька Уладзіміра — урач. Але хвароба сына выклікала страх і разгубленасць.

— У мяне была думка, што ўсё скончана. Я нічога не мог зрабіць для рэабілітацыі сына, яго пастаянна шпіталізавалі, — расказвае мужчына. — Мы нават хацелі аддаць Вову ў інтэрнат. І калі абмяркоўвалі гэта на сямейным савеце, малодшае дзіця, якое вельмі прывязана да яго, заплакала. У той момант мы зразумелі, што ніколі гэтага не зробім, і забралі дакументы. Мы сям'я і павінны справіцца з гэтай бядой. Паступова сталі прыходзіць да памяці. Сын ужо некалькі гадоў не мае патрэбы ў стацыянары. Я радаваўся, калі яго перавялі ў валанцёры. Ён вельмі любіць клапаціцца пра іншых, усім імкнецца дапамагчы. У яго з'явіліся сябры і добрая кампанія.

Героі фільма.

— Некаторыя знакамітыя людзі таксама хварэлі на шызафрэнію, але гэта не перашкодзіла ім стварыць свае шэдэўры, — кажа Валодзя. — Нават калі ты захварэў, жыццё працягваецца.

...27-гадовы Андрэй упэўнены, што з шызафрэніяй ён нарадзіўся.

— Дзівацтвы з'явіліся ў мяне ў тры гады. Маці казала, што гэта аўтызм. А калі я вырас, атрымаў дыягназ «F20». Я стаю на ўліку ў гарадскім дыспансеры, але ў стацыянары не ляжаў ні разу, — расказвае хлопец.

Андрэй нядрэнна вучыўся ў старэйшых класах (праўда, навучанне было надомнае) і нават паспяхова здаў рэпетыцыйнае тэсціраванне, але не стаў паступаць. Скончыў курсы дызайну і цяпер працуе па гэтай спецыяльнасці. Людзі з такім дыягназам могуць працаваць, але не ўсе наймальнікі ахвотна прымаюць іх.

Героі фільма Андрэй і Вера (крайнія справа)

— Я атрымліваю пенсію па страце кармільца (у Андрэя загінула мама, ён жыве з бацькам. — «Зв».) у 246 рублёў. Трэба быць гуру эканоміі, каб на яе пражыць, мне даводзілася весці хатнюю бухгалтэрыю, і далёка не кожны дзень я мог нешта набыць. Таму я вельмі хацеў працаваць. У адной фірме за 15 дзён мне заплацілі ўсяго 10 рублёў. Зараз ужо чацвёрты месяц працую ў іншай кампаніі, — расказвае хлопец.

... 22-гадовая Вера захварэла чатыры гады таму, калі памерлі дзядуля і бабуля. Тады яна вучылася ў гандлёвым каледжы. Цяпер дзяўчына жыве з мамай. Яна скончыла курсы кухара і кандытара, але пакуль нідзе не працуе. У праекце Беларускага Чырвонага Крыжа «Адкрыты дом», які аб'ядноўвае людзей з такімі ж праблемамі, Вера пачала спяваць, хоць музычную адукацыю атрымала яшчэ ў дзяцінстве, — вучылася ў музычнай школе.

— Хвароба адсеяла выпадковых людзей, — кажа дзяўчына. — Побач засталіся толькі сапраўдныя сябры.

Дырэктар РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксандр СТАРЦАЎ.

Усе гэтыя маладыя людзі сталі героямі фільма «Жыццё з дыягназам «F20». Ён быў прадстаўлены напярэдадні Сусветнага дня псіхічнага здароўя, які адзначаецца сёння. Карціна прыме ўдзел у конкурсных праграмах Канскага кінафестывалю, Берлінале і іншых міжнародных форумах.

— Каля 1 % людзей у Беларусі, гэтак жа як і ва ўсім свеце, хварэюць на шызафрэнію. Пры гэтым яны могуць нават не мець групы інваліднасці і працаваць. Канешне, пілатаваць самалёт ці кіраваць падводнай лодкай яны не здолеюць, але нават урачом-статыстыкам могуць быць, — кажа дырэктар РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксандр СТАРЦАЎ. — Толькі далёка не ўсе наймальнікі гатовы прыняць іх на работу.

Рэжысёр фільма Канстанцін Рунец.

Каля 40—60 % людзей хоць аднойчы ў жыцці маюць патрэбу ў псіхіятрычнай дапамозе. РНПЦ псіхічнага здароўя з'яўляецца найбуйнейшай у Еўропе псіхіятрычнай клінікай. Яна разлічана на 1600 пацыентаў. Адметна, што за апошнія 20 гадоў у краіне колькасць ложкаў у псіхіятрычных стацыянарах скарацілася ўдвая — гэта звязана са з'яўленнем новых прэпаратаў і методык лячэння.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Жыццё з дыягназам «F20»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.