Вы тут

За тыдзень прышчапілася больш за 95 тысяч мінчан


«Чарга ў працэдурны кабінет па прышчэпку ад грыпу пакуль невялікая — некалькі чалавек. Звычайна яна павялічваецца, калі перыяд вакцынацыі заканчваецца: усе, хто адкладваў, раптам вырашаюць прышчапіцца», — каментуе Вольга Есманчык, галоўны ўрач 39-й сталічнай паліклінікі. Перад кабінетам і сапраўды людзей няшмат, сярод іх — і ўрачы гэтай жа паліклінікі. Медработнікі ўваходзяць у групу рызыкі і прышчапляюцца ў абавязковым парадку. З пачатку кастрычніка ў краіне пачалася сезонная вакцынацыя ад грыпу, яна працягнецца да 1 снежня. За гэты час плануецца прышчапіць 40 % насельніцтва, што дазволіць не дапусціць эпідэміі гэтай інфекцыі.


Паказана нават цяжарным і хворым на анкалогію

...Рэнтгеналабарант 39-й паліклінікі Іта Расадка прышчапляецца штогод і прызнаецца, што не хварэе ўжо шмат гадоў не толькі на грып, але і на іншыя рэспіраторныя інфекцыі. Яна перадае медсястры заключэнне ўрача аб тым, што прайшла агляд, і вызваляе ад адзення плячо для ўколу.

— Летась у нашай паліклініцы вакцыянавалі 98 % медработнікаў. Некалькі чалавек былі на бальнічным і проста не паспелі. Прышчэпку рабіць ніхто не адмаўляецца — хто ж, калі не мы, пакажа прыклад сваім пацыентам? — тлумачыць Вольга Есманчык, якой летась, па яе прызнанні, давялося зрабіць прышчэпку нават на камеру — падчас здымак тэлесюжэта для аднаго з тэлеканалаў.

24-гадовая Лада прышчапляецца таксама кожную восень апошнія чатыры гады.

— Пачала вакцыянавацца яшчэ ва ўніверсітэце, потым нават цяжарная рабіла прышчэпку. Цяпер прышчапляемся ўсёй сям'ёй — і муж, і дзіця. Дзякуючы гэтаму ніхто не хварэе на грып, — кажа жанчына.

Дарэчы, дзеці ад шасці месяцаў да трох гадоў, цяжарныя жанчыны, сталыя людзі, асобы, якія маюць цяжкія хранічныя захворванні дыхальнай, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, уваходзяць у групу рызыкі і прышчапляюцца абавязкова.

— Людзі з хранічнымі захворваннямі пасля перанесенага грыпу могуць атрымаць шэраг ускладненняў. З боку дыхальнай сістэмы гэта пнеўманіі і бранхіты, сістэмы кровазабеспячэння — запаленне сардэчнай мышцы (міякардыты), у хворых з ішэмічнай хваробай сэрца можа развіцца інфаркт, а ў пацыентаў з артэрыяльнай гіпертэнзіяй — інсульт. Таму гэтыя катэгорыі мы імкнёмся абараніць у першую чаргу, — тлумачыць галоўны эпідэміёлаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Аліна Кісялёва.

Рэкамендуецца абавязкова вакцыянавацца тым, чыя прафесійная дзейнасць нясе рызыку заражэння грыпам: медыкам, работнікам службы жыццезабеспячэння горада, выхавацелям, настаўнікам і выкладчыкам, а таксама дашкольнікам, школьнікам, навучэнцам прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Гэтыя катэгорыі прышчапляюцца бясплатна. Таксама можна атрымаць прышчэпку за сродкі прадпрыемстваў і арганізацый або ўласныя грошы.

Сёлета ад грыпу закуплены вакцыны «Грыпол плюс» (Расія), «Інфлювак» (Нідэрданды), «Ваксігрып» і «Ваксігрып тэтра» (Францыя).

— У нашай паліклініцы прышчэпка расійскай вакцынай каштуе 6 рублёў 5 капеек, «Інфлювак» — 11 рублёў. Вакцына «Ваксігрып» паступіць у канцы месяца, вытворца не паспеў вырабіць неабходны аб'ём. Паслугі па вакцынацыі аказваюцца з мінімальнай рэнтабельнасцю, таму, мяркую, кошт прышчэпкі даступны для ўсіх катэгорый, — кажа Вольга Есманчык.

— Сучасныя вакцыны інактываваныя, яны не ўтрымліваюць жывых кампанентаў грыпу і не здольны выклікаць хваробу. Ад прышчэпкі захварэць на грып нельга, — дадае Аліна Кісялёва. — Летась ніякіх ускладненняў ад прышчэпкі ў Мінску не было. Эфектыўнасць вакцын — 75—90 %. Супрацьпаказанняў для іх амаль няма, за выключэннем алергіі на курыны бялок.

Не з'яўляецца супрацьпаказаннем нават анкалагічнае захворванне: такім пацыентам таксама рэкамендуюць прышчэпку для ўмацавання імунітэту.

Укладаюць долар — эканомяць амаль дзевяць

Сёлета склад вакцыны быў зменены на 2/3 у сувязі з тым, што, сутыкаючыся з імуннай сістэмай чалавека, вірус грыпу муціраваў. Паводле слоў медыкаў, прышчэпка мае і неспецыфічны эфект: абараняе ад некаторых іншых рэспіраторных хвароб. У прышчэпленых людзей на 20—25 % зніжаецца захваральнасць на іншыя сезонныя вірусныя інфекцыі. А калі прышчэплены і захварэе на грып, то хвароба будзе працякаць у лёгкай форме і не выкліча ўскладненняў. У стацыянарах з цяжкім грыпам ужо некалькі гадоў няма ніводнага прышчэпленага. Імунітэт ад прышчэпкі фарміруецца на працягу 21 дня і захоўваецца 6-12 месяцаў. Таму яе рэкамендуецца рабіць штогод.

Вакцынацыя ажыццяўляецца не толькі ў паліклініцы па месцы жыхарства. Брыгады медыкаў, куды ўваходзяць тэрапеўт ці ўрач агульнай практыкі, памочнік урача і медыцынская сястра, выязджаюць і ў працоўныя калектывы. Калі ў вас няма тэмпературы і іншых сімптомаў рэспіраторнага захворвання, іншых часовых супрацьпаказанняў, урач дае дазвол на прышчэпку. Пакуль брыгады наведваюць прадпрыемствы ЖКГ, зелянбуды, гаррэмаўтадоры.

— Узровень ахопу ў працоўных калектывах у 40 % дазваляе знізіць захваральнасць у 2—6 разоў, — кажа Аліна Кісялёва. — Летась вакцынацыя дазволіла сэканоміць 9,9 мільёна долараў. Адзін укладзены ў вакцынацыю долар дае эканамічны эфект у 8,7 долара.

За першы тыдзень кастрычніка ў Мінску ўжо прышчапіліся больш за 95 тысяч жыхароў, сярод іх 23 тысячы дзяцей. Усяго сёлета плануецца вакцыянаваць 761 тысячу мінчан. Па краіне гэта лічба складзе больш за 3,8 мільёна чалавек. Летась у сталіцы прышчапілі 728 тысяч чалавек. Дзякуючы вакцынацыі ўдалося прадухіліць 126 тысяч наведванняў амбулаторна-паліклінічнага звяна.

Ці можна адмовіцца ад прышчэпкі дзіцяці?

Сёлета плануецца прышчапіць ад грыпу палову дашкольнікаў і 60 % школьнікаў.

— Бацькоў у пісьмовай ці вуснай форме інфармуюць, супраць чаго і якім чынам будуць прышчапляць іх дзяцей, якую вакцыну будуць выкарыстоўваць. І яны падпісваюць згоду або адмову па ўстаноўленай форме, — расказвае інструктар-валеолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Ірына Брытвіч. — Яна захоўваецца ў медыцынскай дакументацыі дзіцяці. У пэўны дзень у школу ці садок прыязджае прышчэпачная брыгада, куды ўваходзяць урач і медсястра, і праводзіць вакцынацыю. Калі мама хоча папрысутнічаць падчас правядзення прышчэпкі, яна разам з дзіцем можа звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства.

— Калі бацькі сумняваюцца, яны могуць адмовіцца ад прышчэпкі, мы не прымушаем яе рабіць, — дадае Аліна Кісялёва. — Пры гэтым трэба памятаць, што вакцынацыя абараняе ад такіх сур'ёзных ускладненняў, як пнеўманіі, сінусіты, менінгіты. Таму тут варта старанна ўзважыць усе «за» і «супраць».

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Час абараняцца ад грыпу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?