Вы тут

Што такое беларуская кава?


Як вядома, на землі сучаснай Беларусі кава прыйшла з Турцыі, таму кубак для кавы на 200 мл у нас называюць на турэцкі манер — філіжанкай.

А ў Еўропе на званне «кававай сталіцы» прэтэндуе Вена. «Кава па-венску» — гэта брэнд, які стаў вельмі папулярны ва ўсім свеце. Менавіта ў Вене з’явіўся першы Музей кавы, штогод ладзіцца Кававы фэст. Але ж адкрыў для Еўропы такі напой, як кава, Юры Франц Кульчыцкі, выхадзец з Вялікага княства Літоўскага.


Калі ў 1683 годзе Вену ўзялі ў аблогу турэцкія войскі, то, як сведчыць гісторыя, «вынаходлівасць і мужнасць праявіў польскі імігрант Франц Кульчыцкі», за што ўлады Аўстрыі ўзнагародзілі яго, падараваўшы дом, а таксама 300 мяшкоў знойдзенай у туркаў кавы ў зярнятах. Гэты дом і стаў першай кавярняй ў Вене. З іншых крыніц вядома, што спачатку Кульчыцкі прадаваў каву навынас, і толькі праз некаторы час папрасіў дазволу зрабіць у сваім памяшканні грамадскае кафэ.

Вось пры такіх цікавых абставінах прадпрымальны шляхціц у 1684 годзе адкрывае ў Вене першую кавярню і пачынае там прадаваць «каву па-венску». Рэцэпт гэтай кавы прыдумаў ён сам: каб прывучыць аўстрыйцаў да новага, досыць горкага напою, Кульчыцкі стаў дадаваць у яго цукар і малако. І сапраўды, хутка кава набыла жаданую папулярнасць сярод жыхароў Вены. Эксперыментуючы, Кульчыцкі паспрабаваў аздобіць каву ўзбітымі вяршкамі. Але класічная «кава па-венску» — менавіта з цукрам і малаком.

  • Кава па-венску

Інгрэдыенты: 2 ч. лыжкі молатай кавы; 50 г вяршкоў або малака; 25 г цукру; 150-170 г вады.

Як гатаваць: усыпаць каву і цукар у турку, заліць халоднай вадой. На вельмі маленькім агні, мяшаючы, давесці да кіпення, працадзіць каву ў падагрэтыя філіжанкі і дадаць малако або вяршкі.

Якую каву пілі нашы продкі?

Вядома, магнаты і заможная шляхта маглі дазволіць сабе такі напой, як натуральная кава. Але яна была не па кішэні звычайнаму селяніну, ды і, шчыра кажучы, асаблівага смаку ў горкіх карычневых зярнятах ён не заўважаў. Затое вясковыя гаспадыні ўмелі гатаваць напоі, блізкія па смаку да кавы, замяняючы чужаземныя зярняткі жалудамі, жытам, аўсом, карэннямі цыкорыі, дзьмухаўцоў ці дзядоўніка. Шляхта таксама не грэбавала такімі напоямі.

Часта «сваё» жыта ці цыкорыю дадавалі да дарагой замежнай кавы з мэтай эканоміі. Аўтарка гаспадарчай энцыклапедыі «Літоўская гаспадыня» шляхцянка Ганна Цюндзявіцкая, апісваючы клопаты гаспадыні па прыгатаванні кавы, раіла дадаваць у яе чвэрць ці нават палову цыкорыі.

Кава, прыгатаваная з насення і каранёў раслін, якія існуюць у прыродзе Беларусі, прыемная на смак і колер. Яна з’яўляецца добрай заменай натуральнай і не мае шкоднага ўздзеяння на цэнтральную нервовую сістэму. Такія напоі лёгка прыгатаваць у хатніх умовах. Дадаючы розныя інгрэдыенты, можна змяняць як смак, так і лекавае ўздзеянне на арганізм. Традыцыйна да насення і каранёў дадаюць плады каліны, рабіны і глогу.

Збор і нарыхтоўка дзікарослай цыкорыі — справа працаёмкая, таму сёння пажадана яе вырошчваць на агародчыку. У адрозненне ад дзікарослай, на першы год яна дае буйныя сакавітыя карняплоды.

Каб прыгатаваць цыкорыю, увосень яе выкопваюць з зямлі, карэньчыкі прамываюць, крыху абскрабаюць і рэжуць на дробныя кавалкі. Потым карэнне сушаць у цёплай печы або духоўцы і ссыпаюць у шкляны посуд з накрыўкай. Перад ужываннем скамянелыя кавалачкі амаль белага колеру таўкуць спачатку ў ступе, а пасля мелюць на парашок у кавамолцы. Гэты парашок тонкім слоем сыплюць на добра разагрэтую патэльню і ўвесь час мяшаюць да атрымання цямнейшага колеру. Ад ступені абсмажвання залежыць смак напою.

Такім жа чынам рыхтуюць і карэнне дзьмухаўцоў. Пражаны парашок захоўваюць у добра закаркаваных шкляных слоіках.

Кава з цыкорыі

Інгрэдыенты: 10 г парашку цыкорыі; 200 мл вады.

Як гатаваць: сухія карані цыкорыі размалоць і зварыць як каву. Дадаць цукар і вяршкі па смаку. Па такім жа прынцыпе і з такімі ж прапорцыямі можна зрабіць каву з карэння дзьмухаўцоў.

Жытняя кава

Інгрэдыенты: 20-30 г парашку з жыта; 200 мл вады.

Як гатаваць: чыстае буйное зерне прасеяць, прамыць, пасушыць, а потым падпражыць у жароўні, засцерагаючыся, каб не падпаліць. Пасля змалоць і гатаваць па звычайным рэцэпце кавы.

Кава з каранёў дзядоўніка

Інгрэдыенты: 40 г молатага карэння дзядоўніка; 200 мл вады.

Як гатаваць: чыстыя карані крышаць, сушаць у печы, пражаць да цёмна-залацістага колеру, мелюць і вараць як каву.

Этнограф Ларыса Мятлеўская

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.