Вы тут

Symbіo Cіty — горад разумны, зялёны, камфортны


Брэст апошнім часам імкліва развіваецца. Многа было зроблена, узведзена, рэканструявана, пасаджана да 1000-гадовага юбілею. Але ж развіццё такога складанага арганізма як горад не ўкладваецца ў формулу — будаўніцтва і пашырэнне. Развіццё па-сучаснаму падразумявае стварэнне зоны камфорту, прыгажосці, зручнасці пры ўмовах энергаэканамічнасці і экалагічнасці.


Рацыянальная эканоміка і экалогія

Фота Валерыя Караля

Абмеркаванне канцэпцыі «Разумнага горада» пачалося ў Брэсце амаль два гады таму. На адным з першых такіх сходаў прысутнічалі архітэктары, вучоныя, эколагі, прадстаўнікі ЖКГ і ДАІ, спецыялісты Мінпрыроды, міжнародныя кансультанты. У аснове канцэпцыі «Разумнага горада» на прыкладзе шведскай мадэлі Symbo Cіty закладзена карыснае ўзаемадзеянне паміж усімі органамі гарадской інфраструктуры, якія сумеснымі намаганнямі працуюць на павышэнне ўзроўню жыцця горада, яго якасці, камфорту з улікам рацыянальнай эканомікі, захаваннем экалогіі.

І першай прапановай на гэтым шляху стаў пераход да новай мадэлі прасторавай арганізацыі жылога асяроддзя. Яна мае на ўвазе двары без транспарту, у якіх ёсць школы і дзіцячыя садкі, а будаўніцтва дамоў вядзецца з энергаэфектыўных матэрыялаў. Аказваецца, на этапе праектавання можна ўлічваць і закладваць ў жыллё неабходныя характарыстыкі з улікам напрамкаў ветру, ценю і іншых знешніх фактараў. Гэта дазволіць захоўваць неабходную энергію і тым самым, напрыклад, паменшыць затраты на ацяпленне. Такім чынам ужо быў запраектаваны жылы раён у мікрараёне Бярозаўка плошчай у 109 гектараў. Рэалізацыя праекта пачнецца пасля зацвярджэння новага генплана горада.

Яшчэ ў «Разумным горадзе» прадугледжаны прыярытэтныя адносіны да ўсіх відаў грамадскага транспарту ў параўнанні з індывідуальным. Каб пасажыры аддавалі перавагу гарадскім аўтобусам і тралейбусам, трэба выдзяляць для іх асобныя палосы. І гэта работа ўжо распачатая. У першую чаргу грамадскі транспарт атрымае сваю паласу па вуліцы Маскоўскай, бульвары Касманаўтаў, праспекце Машэрава, вуліцах Луцкай і Піянерскай. На многіх прыпынках сёлета ў нас з'явіліся электронныя табло, дзе адсочваецца рух транспарту ў рэжыме рэальнага часу. Таксама дзейнічае сістэма аплаты электроннага білета цераз праграму ў смартфоне.

Падчас абмеркавання казалі таксама аб перспектывах рэйкавага транспарту. Трамваяў у Брэсце няма, але сетка чыгуначных пуцей, якія не выкарыстоўваюцца, у горадзе ёсць. На думку архітэктараў, можна стварыць дадатковыя веткі рэек і развіваць рэйкавы транспарт. Гэта тэма ў крыху нечаканым ракурсе нядаўна ўзнікла пры абмеркаванні канцэпцыі выкарыстання старога аўтавакзала. Але пра яе крыху пазней.

Веладарожкі

Асаблівы раздзел на шляху да «Разумнага горада» — развіццё роварнага руху. У рамках канцэпцыі Symbo Cіty была агучаная ідэя дазволіць на пагранпераходзе «Брэст» перасякаць мяжу на ровары для стварэння транзітнага веламаршруту «Еўравела-2». Але да замежных паездак на двухколавым транспарце пакуль яшчэ шлях не блізкі. А вось для развіцця веласіпеднага руху ў горадзе зроблена шмат.

Роўна год таму на вуліцы 17-га Верасня з'явілася новая веладарожка. І зрабілі яе не на тратуары, як было раней, а на праезнай частцы. Перад гэтым на вуліцы памянялі асфальтавае пакрыццё. Спецыялісты кампаніі «СТіМ», якія выконвалі работу па нанясенні раздзяляльнай лініі, выкарысталі таўстаслойную дынамічную разметку. Яна выдае гул і вібрацыю пры наездзе колам, што карысна як кіроўцам, так і веласіпедыстам, якія не будуць заязджаць далей аднаго метра ад краю праезнай часткі, як патрабуюць ПДР. А кропкавы від нанясення пакрыцця мае ўласцівасць дрэнажу вільгаці і святлоадбівання.

Дырэктар па бяспецы дарожнага руху і транспартнай мабільнасці ТАА «СТіМ» Сяргей ТАЛАТАЙ заўважыў, што для сур'ёзнага штуршка ў плане развіцця веласіпеднага руху павінна развівацца інфраструктура: «Трэба, каб ровар стаў зручным транспартам на кожны дзень. Вядома, патрэбныя і асобныя веламаршруты, якія будуць цікавыя турыстам, але ж важнейшая сёння наяўнасць паслуг велашэрынгу, калі ровар можа ўзяць кожны ахвотны і даехаць у любы патрэбны пункт».

Велашэрынг

І вось доўгачаканы велашэрынг у Брэсце. Кампанія Kolobіke прывезла ў наш горад першыя сто ровараў. Цікава, што да гэтага названая кампанія працавала толькі ў Мінску, а з абласных цэнтраў першым выбрала для супрацоўніцтва горад над Бугам. Своеасаблівы заезд-прэзентацыя адбылася 1 кастрычніка. І цяпер жоўтыя ровары можна бачыць каля Лядовага палаца, за Кобрынскім мостам, побач з гандлёвымі цэнтрамі. Асаблівасць у тым, што пакідаць байк можна ў любым месцы. З дапамогай сістэмы GPS гаспадар заўсёды бачыць, дзе знаходзіцца веламашына.

Пакуль узяць у часовае карыстанне ровар можна ў чатырох пунктах горада: каля ўвахода ў гарадскі сад, побач з будынкам адміністрацыі Маскоўскага раёна, каля галоўнага корпуса БрДУ імя А. С. Пушкіна, побач з супермаркетам «Мікс». Кошт арэнды складае 50 капеек за 15 хвілін, за гадзіну трэба заплаціць 2 рублі. Каб скарыстацца паслугай, трэба спампаваць на мабільны тэлефон праграму Kolobіke, знайсці і забраніраваць ровар, кожны з якіх мае свой нумар. Далей трэба ўказаць свае прозвішча і імя, прывязаць плацежную картку. Вам дашлюць смс. Застанецца сканіраваць код, замок адкрыецца, і можна ехаць. А дабраўшыся да месца, неабходна закрыць рычажок-замок і паставіць ровар.

Адным з першых апрабаваў новы від транспарту старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. Ён сказаў, што неўзабаве горад атрымае значна больш ровараў, і яны будуць бела-сінімі пад колер герба і флага Брэста.

Пляцоўка, адкрытая для ідэй

Падчас абмеркавання канцэпцыі забудовы і выкарыстання старога аўтавакзала кіраўнік горада расказаў, што спяшацца не варта, лепей дзесяць разоў падысці да гэтай тэмы, каб выпрацаваць адну найлепшую прапанову. І з мэрам нельга не пагадзіцца, бо ўсе хацелі б, каб вызваленая плошча і немалы будынак як найлепш паслужылі гораду і гараджанам. А на конкурс праектаў рэканструкцыі квартала ў межах вуліц Міцкевіча, Карбышава, Пушкінскай і Куйбышава свае прапановы даслалі 11 камандаў архітэктараў, і не толькі з Беларусі. Пры гэтым, адна з канцэпцый, напрыклад, прапануе цікавы спосаб выкарыстання рэйкавых пуцей. Па іх на дзень будуць выязджаць гандлёвыя павільёны на плошчу, а вечарам вяртацца ў ангар-дэпо. А плошча тым часам стане месцам для гулянняў і масавых мерапрыемстваў. Але для гэтага аўтавакзал патрэбна знесці.

Аўтары аднаго з праектаў прапануюць над адным з будынкаў ва ўказаным квартале ўзвесці дадатковы паверх для агарода, паставіць там цяпліцы з памідорамі і агуркамі. Што ж, цяпер гэта модна. Цікавая прапанова паступіла і ад брастаўчан, якія працуюць на дацкае архітэктурнае бюро. Яны бачаць гэты квартал своеасаблівым паркам, у якім знойдзецца месца гандлёвым радам і амфітэатру. Хутка ўсе 11 прадстаўленых канцэпцый будуць апублікаваныя на сайце гарвыканкама, каб кожны мог азнаёміцца і выказаць сваё меркаванне. На горадабудаўнічым савеце маюць намер улічыць заўвагі і прапановы гараджан. Вынікі пасяджэння зноў будуць выкладзены ў інтэрнэт, каб атрымаць зваротную сувязь ад жыхароў. Такім чынам, «Разумны горад» прапануецца ствараць усім разам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».

Культура

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура».