Вы тут

Закон "Аб турызме" абмеркавалі на круглым стале


Круглы стол на тэму «Закон Рэспублікі Беларусь «Аб турызме»: правапрымяняльная практыка, праблемы і кірункі ўдасканалення» адбыўся па ініцыятыве Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.


Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ.

Яе старшыня Віктар Сірэнка зазначыў, што размова на гэту тэму ў камісіі наспела. Калі яшчэ адносна нядаўна ў краіне была адна арганізацыя, якая займалася турызмам, то цяпер гэта поле дзейнасці для вялікай колькасці прадпрымальнікаў. Ды і сам турызм змяніўся радыкальна: развіваюцца агратурызм і падобны да яго экатурызм, медыцынскі, маладзёжны, настальгічны і нават прамысловы турызм, скажам, наведванне БелАЗа. Прычым гэта развіццё адбываецца вельмі хутка, і закон ужо не заўсёды адпавядае патрабаванням часу. Вось і вырашылі ў профільнай камісіі ўважліва выслухаць думкі і прапановы зацікаўленых асоб у паляпшэнні заканадаўчай базы па гэтым відзе дзейнасці.

І сапраўды, апошнім часам Закон «Аб турызме», бадай, больш за іншыя законы знаходзіцца на слыху. Яго актыўна абмяркоўваюць усе, хто так ці інакш звязаны з турыстычнай галіной. Рэдкі сход яе прадстаўнікоў, турыстычныя выстаўкі абыходзяцца без крытычнай аналітыкі палажэнняў закона. Вастрыню абмеркаванню надаў леташні сумна вядомы выпадак банкруцтва расійскага тураператара «Наталі Турс». У выніку страты беларускага боку склалі амаль 700 тысяч еўра. А тут яшчэ падліў алею ў агонь нядаўні крах гіганта сусветнай туріндустрыі легендарнай брытанскай кампаніі «Томас Кук».

Таму не дзіўна, што ў пасяджэнні круглага стала прымалі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў спорту і турызму, фінансаў, эканомікі, аховы здароўя, адукацыі, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Белдзяржстраха, турысцкіх арганізацый і саюзаў. Апошнія ў час размовы ставілі пытанні, як той казаў, рубам. Удар трымаў дэпартамент па турызме Міністэрства спорту і турызму ў асобе намесніка яго дырэктара Віталя Грыцэвіча.

Было відаць, што, як чалавек загартаваны ў гэткіх дыскусіях, ён спрабаваў данесці да прысутных заканадаўцаў па магчымасці поўную і аб'ектыўную карціну з турызмам у краіне і далёка за яе межамі. Асобна спыніўся на глабальных тэндэнцыях яго развіцця ў свеце, агучыў цікавыя лічбы, выклаў свой погляд на памылкі кампаніі «Томас Кук» і турфірмаў іншых краін, якія неабходна ўлічваць і пазбягаць у Беларусі. Віталь Грыцэвіч таксама паведаміў аб мяркуемых захадах міністэрства па карэкціроўцы Закона «Аб турызме».

Ён асобна падрабязна спыніўся на пытанні патаннення авіяцыйных пасажырскіх перавозак. Праблема не новая, але пакуль невырашальная. Сусветны досвед сведчыць аб тым, што краіны, якія плануюць павелічэнне турыстычных плыняў да сябе, выкарыстоўваюць магчымасці лаўкостараў. Нагадаем, гэта бюджэтныя авіякампаніі прапануюць вельмі нізкую плату за пералет у абмен на адмову ад большасці традыцыйных пасажырскіх паслуг.

Віталь Грыцэвіч прывёў прыклад Санкт-Пецярбурга, улады якога ўсур'ёз заняліся лабіраваннем увядзення рэжыму адкрытага неба для міжнароднага аэрапорта Пулкава. Што гэта дасць гораду на Няве, турыстычнай Мецы Расіі? Па папярэдніх падліках, новаўвядзенне дазволіць у паўтара раза павялічыць колькасць замежных турыстаў Санкт-Пецярбурга. А гэта абяцае значны рост валютных фінансавых паступленняў у казну горада.

Дык чаму б у Беларусі з мэтай істотнага росту колькасці замежных турыстаў не ўкараніць рэжым адкрытага неба? І неабавязкова над Нацыянальным аэрапортам пад Мінскам. Можна выкарыстаць магчымасці Гродна ці Брэста, аэрапорты якіх былі мадэрнізаваны. Яны здольныя прымаць сучасныя самалёты, лічыць Віталь Грыцэвіч.

Прапанова, безумоўна, цікавая, але вартая грунтоўнага вывучэння і сур'ёзнай прапрацоўкі ў парламенце і ва ўрадзе. Рэжым адкрытага неба прадугледжвае выкарыстанне аэрапорта замежнымі авіякампаніямі. З аднаго боку, гэта паспрыяе іх прыцягненню ў Беларусь, пашырэнню геаграфіі палётаў, павелічэнню ўязнога турызму і гэтак далей. А з другога, трэба падлічыць, якія страты можа панесці наш нацыянальны перавозчык авіякампанія «Белавія»? Што датычыцца Санкт-Пецярбурга, то яму ўжо не першы год не даюць спакою лаўры Венецыі, якая прываблівае больш турыстаў, чым Паўночная сталіца Расіі. Зараз такі рэжым дзейнічае ў аэрапорце Уладзівастока. Але наколькі прыдатны такі падыход для нашай краіны?

У цэлым за круглым сталом адбылася сур'ёзная размова, падчас якой абмеркавалі розныя аспекты плануемых змен у законе. Напрыклад, намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец выклаў свой погляд на магчымасці і наступствы ўвядзення страхавання пры аказанні турыстычных паслуг. Былі закрануты іншыя практычныя пытанні дзейнасці турфірмаў. У прыватнасці, падрыхтоўка кадраў для галіны з улікам міжнароднага вопыту, дакладнае вызначэнне ролі, правоў і абавязкаў тураператара (у тым ліку і замежнага) і турагента, увядзенне іх фінансавай адказнасці.

Гаворка таксама ішла і аб упарадкаванні экскурсійнага абслугоўвання айчынных і замежных турыстаў. Гэта ў першую чаргу супрацьдзеянне «шэрым» экскурсаводам, якія праводзяць экскурсіі як хочуць і як могуць, адным словам, непрафесійна. Мала, што сярод іх сустракаюцца абсалютна непадрыхтаваныя і недасведчаныя людзі, аповеды якіх уводзяць у зман замежных турыстаў. Але такія экскурсаводы яшчэ і пазбягаюць падаткаабкладання сваіх заробкаў. Што ўжо з'яўляецца парушэннем закона. Таму мяркуецца забараніць займацца экскурсійнай дзейнасцю без праходжання адпаведнай прафесійнай атэстацыі. Плануецца ў новай рэдакцыі закона канкрэтызаваць паняцці «экскурсавод», «гід», «аўдыягід» і «гід-перакладчык».

Выказаныя падчас круглага стала прапановы будуць абавязкова ўлічаны пры канчатковай карэкціроўцы Закона «Аб турызме». А час прыспешвае. Змен чакаюць прадстаўнікі амаль паўтары тысячы беларускіх турыстычных арганізацый, якія супрацоўнічаюць з партнёрамі больш як са 140 краін. Расце цікавасць і ў нашых суайчыннікаў да арганізаваных турыстычных паездак у межах краіны. Летась такіх было звыш мільёна чалавек. У 2018 годзе Беларусь наведалі 365,5 тысячы замежных турыстаў з 122 краін.

І гэтыя лічбы будуць павялічвацца, запэўніваюць спецыялісты. У Беларусі больш за 15 тысяч помнікаў, якія маюць гістарычную, культурную і архітэктурную каштоўнасць. Прывабліваюць гасцей і нашы аграсядзібы, якіх зараз ужо больш за дзве тысячы. Ёсць што ўбачыць на свае вочы.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Загаловак у газеце: Рэжым адкрытага неба. Чаму б і не?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.