Вы тут

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах


Чалавек не выбірае, дзе яму нарадзіцца. Але ён можа выбраць месца жыхарства і, галоўнае, зрабіць свой горад ці вёску камфортнымі і зручнымі. У гэтым змаглі пераканацца жыхары трох беларускіх гарадоў — Магілёва, Баранавічаў і Чавусаў — падчас рэалізацыі праекта «Камунальнае кіраванне ў гарадах (КАМГОР): камунікацыі і кіраванне для ўцягвання грамадскасці ў кіраванне гарадской гаспадаркай у Беларусі». Ён выконваўся з 2015 да 2019 года пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.


Фо­та з ар­хі­ва пра­ек­та КАМ­ГОР.

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай, садзейнічаць укараненню прынцыпаў зялёнага горадабудаўніцтва і павысіць якасць жыцця гараджан за кошт эфектыўнага супрацоўніцтва мясцовых органаў улады і насельніцтва — партнёрскага кіравання.

Выдатныя вынікі такога супрацоўніцтва дэманструюць многія гарады ў Заходняй Еўропе, а таксама ў суседніх з намі краінах Прыбалтыкі. Таму ў тым ліку і на аснове замежнага вопыту ў беларускіх гарадах паспрабавалі рэалізаваць пілотныя ініцыятывы з абавязковым удзелам на розных этапах як адміністрацый гарадоў, так і гараджан. Што з гэтага атрымалася?

«Зялёная» гісторыя

На працягу некалькіх гадоў гарадскія ўлады Магілёва і неабыякавая грамадскасць развівалі ідэю добраўпарадкавання парка Падміколле — гістарычнага месца, дзе першапачаткова фарміраваўся горад. Была нават створана грамадская ініцыятыва, каб забяспечыць удзел гараджан у праектаванні паркавай зоны. А дзякуючы праекту
КАМГОР стала магчымым аб'яднаць намаганні адміністрацыі і грамадскасці, адпрацаваць механізм сумеснага прыняцця рашэнняў.

У рамках праекта была створана платформа «Агульны горад» для абмену вопытам і ведамі па стварэнні ўстойлівага, камфортнага гарадскога асяроддзя. Распрацаваны інтэрактыўныя карты, якія дазваляюць кожнаму жыхару даведвацца і дадаваць інфармацыю аб найбольш цікавых мясцінах горада, мясцовых праблемах, а таксама прапаноўваць новыя тэмы для стварэння агульнай гарадской прасторы.

— Каб вызначыцца, што ж зрабіць на гэтым месцы, былі сабраныя прапановы гісторыкаў, архітэктараў, грамадскасці, выканкама, прадстаўнікоў канфесій — каб улічыць пажаданні максімальнай колькасці людзей, для якіх гэты аб'ект уяўляе інтарэс, — расказала эксперт праекта КАМГОР у Магілёве Таццяна АСМАЛОЎСКАЯ. — Было важна захаваць у цэнтры горада не толькі зялёную зону, але і гістарычную частку.

Для гэтага на пачатку рэалізацыі пілотнай ініцыятывы «Азеляненне тэрыторыі гарадскога парка Падміколле на этапе планавання вырашылі аднавіць гістарычныя назвы вуліц і завулкаў, якія раней існавалі ў Магілёве. Такія дарожкі-вуліцы з адпаведнымі паказальнікамі з'явіліся ў парку.

Летам 2019 года ў Падміколлі за Свята-Мікольскім манастыром адкрылі зону ціхага адпачынку. Папярэдне там высадзілі каля дзвюх тысяч дрэў і кустоў з захаваннем гістарычнага грунту. Сёння ў парку знаходзіцца лесвіца з каскадным фантанам, зоны адпачынку для дзяцей, дарожкі для прагулак матуль з каляскамі, пешаходныя і веладарожкі. На месцы гарадскога вала створана алея, разбіты фруктовы сад, закладзены бэзоўнік. Нягледзячы на тое, што дрэвы і кусты ў парку яшчэ дастаткова маладыя, месца стала папулярным сярод гараджан.

— Падчас абмеркавання праекта азелянення парку мы ўпэўніліся, што грамадства не бачыць праблем адміністрацыі горада, а адміністрацыя — грамадства, — адзначыла Таццяна Асмалоўская. — Мы не вельмі добра ўмеем даносіць свае пытанні і праблемы, не ўлічвалі моманты, што некаторыя рэчы нельга зрабіць хутка. Але калі ішлі на дыялог, не было выпадкаў, каб мы аб чымсьці не дамовіліся.

Начальнік аддзела ЖКГ Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Ігар ДАНЬКОЎ упэўнены: у рэалізацыі праекта вельмі дапамаглі ўдзел зацікаўленых бакоў у семінарах, якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі, а таксама паездкі ў Германію і Латвію, падчас якіх прадстаўнікі гарадскіх адміністрацый азнаёміліся з вопытам работы мясцовых улад з грамадскасцю. Усё гэта паспрыяла больш эфектыўнай рэалізацыі праекта.

Сёння парк знаходзіцца на балансе «Магілёўзелянбуда», і, дзякуючы грамадскасці і мясцовым арганізацыям, паступова развіваецца.

Ад ідэі да ажыццяўлення

Праблема добраўпарадкавання тэрыторый у новых мікрараёнах актуальная для многіх гарадоў Беларусі. Не абышла яна і Баранавічы — буйны прамысловы цэнтр у Брэсцкай вобласці з насельніцтвам каля 180 тысяч чалавек. Паколькі аб'екты інфраструктуры ў горадзе размешчаны нераўнамерна, не ўсе яго жыхары маюць хуткі доступ да гульнявых, спартыўных пляцовак, зручных месцаў адпачынку.

Для аднаго з куткоў горада гэтую праблему дапамагла вырашыць рэалізацыя ініцыятывы «Добраўпарадкаванне шматфункцыянальнай спартыўна-гульнявой пляцоўкі па вуліцы Прамысловай у горадзе Баранавічы». Пляцоўка адкрылася 29 чэрвеня 2018 года.

Там былі створаны пляцоўкі для пляжнага футбола і валейбола, баскетбольнае поле для трэніровак, сектар гімнастычнага абсталявання, выкладзены пешаходныя дарожкі, размешчаны малыя архітэктурныя формы, лаўкі ды іншае.

Але перад стварэннем аб'екта планы добраўпарадкавання тэрыторыі абмеркавалі з мясцовым насельніцтвам. Было прапанавана некалькі варыянтаў, і гараджане спыніліся на спартыўным кірунку.

Жыхары мікрараёна і іншая грамадскасць удзельнічалі не толькі на этапе абмеркавання. Яны таксама займаліся добраўпарадкаваннем пляцоўкі, а з дапамогай сродкаў праекта КАМГОР усталявалі агароджу паміж пляцоўкай і аўтастаянкай магазіна, аўтаномнае асвятленне і відэаназіранне.

— Гэты праект стаў для нас добрым вопытам зносін як з замежнымі калегамі, так і з мясцовым насельніцтвам, — сказаў намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дзмітрый ЦІХНО. — Мы працягнулі раіцца з гараджанамі наконт далейшага развіцця горада. Іх прапановы ўвайшлі ў праект рэканструкцыі так званага маладога парку і ў план стварэння парку ў мікрараёне Броўкі.

Тое, што прадстаўнікі гарадской адміністрацыі бралі ўдзел у навучальных паездках у Германію і Латвію, у семінарах на тэрыторыі Беларусі, адыграла сур'ёзную ролю ў актывізацыі ўзаемадзеяння з грамадскасцю, упэўнены эксперт праекта КАМГОР у Баранавічах Уладзімір ЗУЕЎ. Да гэтага многія не разумелі, што асобы,
якія прымаюць рашэнні, павінны дзейнічаць не толькі зыходзячы з розных нарматываў, указанняў вышэйстаячых органаў улады, але і прыслухоўвацца да меркавання гараджан, даваць ім магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні планаў развіцця горада.

Сёння ў Баранавічах рэалізуюцца розныя ініцыятывы і праекты з удзелам і для грамадскасці: ствараюцца веласіпедныя дарожкі, арганізаваны паасобны збор раслінных адходаў у раёне катэджнай забудовы, працуюць інфармацыйны сэрвіс 115.бел, платформа для ўдасканалення дарожнай сеткі і добраўпарадкавання горада «Народны рэпарцёр», Vіbеr-чат па гарадскіх праблемах, удасканальваецца практыка грамадскіх абмеркаванняў і іншае.

«Агульны цэнтр»

Нягледзячы на тое, што Чавусы — невялікі горад у параўнанні з Магілёвам і Баранавічамі (тут жыве ўсяго каля 10 тысяч чалавек), ён даволі актыўна рухаецца ў кірунку ўстойлівага развіцця. Чавусы — першы горад у Магілёўскай вобласці, які распрацаваў Мясцовую стратэгію ўстойлівага развіцця, — яшчэ ў 2016 годзе, а ў 2014-м падпісаў Пагадненне мэраў.

— Таму калі вырашылі ўдзельнічаць у праекце, мы ўжо разумелі, што неабходна рабіць, — адзначыла асістэнт праекта КАМГОР у Чавусах Алена ПАХОМЕНКА, якая прэзентавала пілотную ініцыятыву «Зялёныя зоны для амаладжэння гістарычнай часткі горада Чавусы».

Адна з праблем, якую неабходна было вырашыць, — адраджэнне Ратушнага сквера. Гэты аб'ект знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Чавусаў, але доўгі час не карыстаўся папулярнасцю ў жыхароў, асабліва ў моладзі.

Што рабіць са скверам, каб ён стаў месцам прыцягнення розных катэгорый гараджан, а не асацыяльных элементаў, спыталі ў саміх мясцовых жыхароў. У райцэнтры выкарыстоўваюць для гэтага розныя інструменты — апытанні, анкетаванне, сустрэчы з групамі, а таксама скрынкі «Для добрых ідэй», развешаныя ў горадзе.

Высветлілася, што дзяўчынкі на зялёнай пляцоўцы хацелі б плесці вянкі, падлеткі — хадзіць па траве басанож, і маленькія дзеці, і падлеткі — катацца на арэлях, для пажылых людзей важнымі былі лаўкі, дзе яны маглі б перадыхнуць падчас дарогі ў адміністрацыйную частку горада.

Жыхары Чавусаў — ад малога да вялікага — сваімі ж рукамі і ператваралі планы ў жыццё: саджалі кусты і кветкі, устанаўлівалі лаўкі і арэлі, фарміравалі зоны адпачынку для дзяцей розных узростаў, зону тэатральных паказаў, тэрыторыю для заняткаў ёгай, скейт-парк і многае іншае.

Бюджэт праекта КАМГОР склаў каля 580 тысяч еўра, пры гэтым 25 % з гэтай сумы — сафінансаванне ад партнёраў (у асноўным, гарадскіх адміністрацый).

— Практыка паказвае, што больш эфектыўна вырашаць тыя праблемы, якія хвалююць гараджан, — расказаў Андрэй ВЕРХАВОДКІН, намеснік старшыні Чавускага райвыканкама. — Калі ў вас ёсць якая-небудзь ініцыятыва, яе трэба абмяркоўваць. Калі ж такая ідэя, якую хочуць рэалізаваць, не абмяркоўваецца, яна ніколі не прыжываецца.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Агульны двор. Агульны парк. Агульны горад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.