Вы тут

Пінск пабагацеў ганаровымі грамадзянамі


На Дні горада ў Пінску ў мінулую суботу ўшаноўвалі двух новых ганаровых грамадзян. Рашэннем сесіі гарадскога Савета гэты статус атрымалі былыя кіраўнікі горада Васіль ШУСТ і Аляксандр ГОРДЗІЧ. Абодва працяглы час узначальвалі гарвыканкам, Аляксандр Гордзіч таксама тры гады працаваў старшынёй гарадскога Савета дэпутатаў.


Як адзначыў пры ўручэнні пасведчанняў цяперашні старшыня гарсавета Лявонцій ЛЕМЯШЭЎСКІ, за час знаходжання іх пры ўладзе расла эканоміка горада, будавалася жыллё, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база аб'ектаў сацкультбыту, узводзіліся аб'екты інфраструктуры і добраўпарадкавання, захоўвалася гісторыка-культурная спадчына Пінска. Таму дэпутаты аднадушна падтрымалі ініцыятыву працоўных калектываў аб наданні статусу ганаровага грамадзяніна кожнаму з названых былых мэраў.

Цяпер спіс ганаровых грамадзян горада над Пінай змяшчае 22 прозвішчы. Сярод іх ёсць ветэраны вайны і партызанскага руху, марак-вызваліцель, кіраўнікі прадпрыемстваў, медык, спартсмен, мецэнат. У 2011 годзе званне «Ганаровы грамадзянін Пінска» прысвоена Пятру Фёдаравічу Лысенку за значны ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. На жаль, акадэмік Лысенка, які падарыў гораду і свету знакамітае «Бярэсце», такога звання ў Брэсце не мае.

Ёсць у гэтым ганаровым пераліку пінчукоў і жанчына — Зінаіда Мандроўская, якая доўгі час узначальвала адно з прадпрыемстваў Пінска, была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання. Спіс заўсёды адкрыты для тых, хто сумее дасягнуць велічынь у сваёй справе або праславіць горад за яго межамі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.