Вы тут

Што патрэбна для ўмацавання сем'яў?


Сёння ў нашай краіне шмат чаго робіцца для ўмацавання інстытута сям'і і сямейных каштоўнасцяў, прычым на гэта скіравана работа ўсіх органаў дзяржкіравання і многіх грамадскіх арганізацый, паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Валерый Кавалькоў.


На што патраціць сямейны капітал?

З 2015 года дзейнічае так званы «сямейны капітал», калі пры нараджэнні трэцяга і наступнага малога сям'я мае права на аднаразовую выплату. На 1 кастрычніка бягучага года больш за 74 тысячы сем'яў ужо адкрылі дэпазітныя рахункі, на якія залічаны 741 мільён долараў ЗША. Дзеючая праграма заканчваецца 31 снежня 2019 года, але Прэзідэнтам краіны ўжо прынята рашэнне аб далейшым выдзяленні сямейнага капіталу на 2020—2024 гады. Толькі калі раней сем'ям, каб скарыстацца грашыма, трэба было дачакацца, калі дзіця, у сувязі з нараджэннем якога прызначаны сямейны капітал, дасягне 18 гадоў, то ў новай праграме такія абмежаванні знятыя. Сродкі можна выкарыстаць датэрмінова і накіраваць на будаўніцтва, рэканструкцыю і набыццё жылля, на некаторыя віды медыцынскіх паслуг і на атрыманне платнай адукацыі. Прычым за гэтыя грошы могуць вучыцца і старэйшыя дзеці, а не толькі тыя, пад каго сям'я атрымала такую фінансавую дапамогу ад дзяржавы.

Малыя першых двух гадоў жыцця ў малазабяспечаных сем'ях атрымліваюць бясплатнае харчаванне. За шэсць месяцаў бягучага года бясплатнымі прадуктамі было забяспечана амаль 15 тысяч дзяцей, пры гэтым больш за чатыры тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі гэту падтрымку незалежна ад узроўню даходу сям'і (апошняя лічба сведчыць пра тое, колькі ў Беларусі нарадзілася дзетак у двойнях і тройнях).

Бацькі, якія гадуюць дзіця-інваліда, могуць скарыстацца паслугай сацыяльнай перадышкі — на 28 дзён у каляндарным годзе размясціць малога ў доме-інтэрнаце для дзяцей і за гэты час вырашыць уласныя сацыяльна-бытавыя праблемы. Выплата дапамог і пенсій на ўвесь перыяд знаходжання дзіцяці ў інтэрнаце захоўваецца. У першым паўгоддзі ўжо 38 сем'яў узялі такую перадышку.

Медыяцыя і бацькоўскія ўніверсітэты

У сістэме органаў па працы і сацыяльнай абароне функцыянуе 146 тэрытарыяльных цэнтраў, работа якіх выбудоўваецца з улікам інтарэсаў сям'і і дзяцей. Найперш у цэнтрах ствараюцца банкі даных па розных сем'ях. Збіраецца інфармацыя пра ўмовы пражывання, занятасць бацькоў, адсочваюцца трывожныя фактары, якія могуць сведчыць пра сацыяльную небяспеку ці пра тое, што сям'я мае асаблівыя патрэбы. Да 1 студзеня 2020 года пастаўлена задача стварыць базу даных па шматдзетных сем'ях.

Цэнтры ўлічваюць разнастайныя патрэбы: бацькі могуць атрымаць кансультацыйна-прававую і сацыяльна-псіхалагічную дапамогу. Калі трэба, спецыялісты падказваюць сужэнцам, як разабрацца з канфліктамі, кансультацыі праводзяць юрысты і псіхолагі. Сярод запатрабаваных сёння паслуг — работа нянькі. Распрацаваныя і спецыяльныя праграмы, мэта якіх — павышэнне культуры шлюбна-сямейных адносін. Дзейнічаюць розныя клубы і гурткі. Пры цэнтрах працуюць і «бацькоўскія ўніверсітэты», дзе можна атрымаць інфармацыю па пытаннях выхавання дзяцей і ўмацавання інстытута сям'і. Не застаюцца без увагі і няпоўныя сем'і, і непаўналетнія мамы. Праводзіць разнастайныя акцыі, лекцыі, святы цэнтрам дапамагаюць грамадскія арганізацыі.

І канешне, у краіне вельмі многа робіцца для таго, каб узнімаць прэстыж сям'і і мацярынства. Жанчыны, якія нарадзілі і годна выхавалі пяцёра і болей дзяцей, узнагароджваюцца ордэнам Маці. Такую ўзнагароду ўжо атрымала больш за 10 тысяч мам, толькі за 2019 год — 567.

Увагу — і малым, і дарослым

— Прыярытэтнымі кірункамі як для службы аховы мацярынства і дзяцінства, так і ў цэлым для сістэмы аховы здароўя з'яўляюцца захаванне і ўмацаванне рэпрадуктыўнага здароўя, павышэнне рэпрадуктыўнага патэнцыялу, зніжэнне смяротнасці ў працаздольным узросце, — заўважыла начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Людміла Лёгкая.

Каб здзейсніць такія планы, папаўняецца матэрыяльна-тэхнічная база, рыхтуюцца кадры, укараняюцца сучасныя тэхналогіі. 100 працэнтаў жанчын маюць доступ да медабслугоўвання перад родамі і пасля, больш за 97 працэнтаў будучых мам сталі на ўлік па цяжарнасці, што вельмі важна для таго, каб своечасова выявіць адхіленні і прызначыць адпаведныя прафілактычныя і лячэбныя мерапрыемствы. Штогод медыка-генетычнае кансультаванне атрымлівае больш за 30 тысяч пацыентаў. Праводзяцца скрынінг-даследаванні і кансультацыі для цяжарных па праблемах ВІЧ/СНІД.

100 працэнтаў родаў праходзіць пры кваліфікаваным наглядзе, практычна ўсе радзільныя дамы працуюць па сістэме сумеснага знаходжання маці і дзіцяці, прытрымліваюцца прынцыпу груднога выкормлівання. Трэба сказаць, што з кожным годам радзільні становяцца ўсё больш адкрытыя. У 2018 годзе загадам Міністэрства аховы здароўя быў зацверджаны рэгламент наведвання радзільных дамоў і акушэрскіх аддзяленняў. Завітаць і падтрымаць маладых мам і паглядзець на немаўлят могуць усе члены сям'і.

Удасканальваецца работа службы планавання сям'і. Работа вядзецца з маладым пакаленнем, з жанчынамі і сем'ямі, якія апынуліся ў крызісных сітуацыях. Разам з грамадскімі арганізацыямі медыкі займаюцца прафілактыкай абортаў. З 2014 года ў краіне ўведзена перадабортнае кансультаванне, і сёння яно дае добрыя вынікі. За 2018-ы больш за 20 працэнтаў жанчын, якія звярнуліся ў арганізацыі аховы здароўя па штучнае перарыванне цяжарнасці, прынялі іншае рашэнне, у выніку нарадзілася каля дзвюх тысяч дзяцей. Змаганне за сям'ю працягваецца — у новы праект закона аб ахове здароўя ўжо ўнесены і такія нормы, як псіхалагічнае кансультаванне партнёра і псіхалагічнае кансультаванне сям'і.

На найбліжэйшы час медыкі паставілі задачу палепшыць рэпрадуктыўнае здароўе мужчын, бо цяпер у сем'ях, якія не могуць завесці дзяцей, у 40 працэнтах выпадкаў праблема звязана з моцнай паловай.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.