Вы тут

Што хвалюе жыхароў Крупскага раёна?


Асабісты прыём грамадзян правёў у Крупках першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў. Па дапамогу да яго прыйшлі жыхары горада і раёна. Са сваімі праблемамі прыехалі таксама грамадзяне з іншых райцэнтраў Мінскай вобласці, сталіцы, Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай, Брэсцкай абласцей. Пытанні ў людзей былі самыя розныя — зямельных узаемаадносін, капітальнага рамонту жылфонду, работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, уладкавання ачышчальных збудаванняў, працаўладкавання.


Фота БЕЛТА

У прыватнасці, Таццяна Уладзіміраўна з Новалукомля, што на Віцебшчыне, трыццаць чатыры гады адпрацавала на чашніцкім участку электрасувязі Аршанскага занальнага вузла электрасувязі. Ёй 55 гадоў, усяго два гады заставалася да пенсіі. Але з жанчынай датэрмінова перарвалі кантракт, нібыта за прагулы. Таццяна Уладзіміраўна вусна адпрасілася з работы, каб забраць дачку з радзільнага дома, яе падмяніў муж, які працуе на гэтым жа прадпрыемстве, прычым ён атрымаў на гэта згоду кіраўніцтва. Нягледзячы на гэта, жанчыне далі вымову і звольнілі з работы, маўляў, усё трэба было аформіць дакументальна. Ёй, інжынеру, прапаноўвалі работу балетмайстра. Іронія, ды і годзе... Да гэтага часу Таццяна Уладзіміраўна беспрацоўная.

Максім Рыжанкоў пагадзіўся, што ў перадпенсійным узросце чалавеку сапраўды цяжка знайсці работу. І перш чым звальняць, жанчыне павінны былі падрыхтаваць іншае месца. Але мясцовыя ўлады нічога ўзамен не прапанавалі, практычна выкінулі заяўніцу на вуліцу. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі нагадаў, што мясцовым уладам трэба больш уважліва ставіцца да такіх людзей. Як сказаў Прэзідэнт, задача ўлады — бачыць такіх людзей, дапамагаць у працаўладкаванні, гэтым павінны займацца спецыяльныя камісіі разам з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый, райвыканкамамі. Максім Рыжанкоў узяў пытанне пад кантроль.

Таіса Пятроўна, Рэгіна Вікенцьеўна і Ніна Іванаўна — пенсіянеркі. Яны пражываюць у Крупках у доме 1971 года пабудовы. У будынку працякае дах, вада трапляе ў падвалы. Праўда, камунальнікі экстранна рэагуюць на сітуацыю — адпампоўваюць ваду. Але гэта не выйсце, неабходны капітальны рамонт будынка. Ды ён штогод пераносіцца. Дырэктар Крупскага раённага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Жылцеплабуд» Дзмітрый Ліпскі пацвердзіў, што дом сапраўды мае патрэбу ў капрамонце і што ён запланаваны на 2021 год. Максім Рыжанкоў прапанаваў прааналізаваць спецыялістам пытанне яшчэ раз і, калі ёсць магчымасць, паскорыць тэрміны рамонту. Старшыня Крупскага райвыканкама Анатоль Козел паабяцаў яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання і выказаў гатоўнасць прыняць меры, каб хутчэй адрамантаваць дом.

Іна Ігараўна цікавілася, калі будзе ўведзена ў эксплуатацыю цэнтральная каналізацыя ў Крупках. Рэч у тым, што камунікацыі праходзяць па яе зямельным участку і захопліваюць яшчэ некалькі. На агародзе гаспадары не могуць нічога пасадзіць, бо нечыстоты з калодзежаў прасочваюцца ў зямлю. Пытанне не вырашаецца на працягу некалькіх гадоў. Намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Ганчар сказаў, што новую каналізацыю пачалі будаваць у 2010 годзе. Па плане работы павінны былі праводзіцца ў тры этапы. Але не хапае сродкаў, каб іх завяршыць. Тым не менш кіраўніцтва раёна гэтую праблему бачыць і абяцала да канца года тэму закрыць.

Ну і, вядома, не абышлося без зямельных спрэчак паміж суседзямі. «Такіх пытанняў на кожным прыёме бывае па тры-чатыры. І гэта нездаровая тэндэнцыя. Шмат сітуацый узнікае з прычын не зусім правільных, вывераных, пацверджаных заканадаўствам рашэнняў мясцовых улад, сельсаветаў. Самае цікавае, што яны пры гэтым хаваюцца ў цень, маўляў, даўно было. А што рабіць суседзям, калі яны сталі заложнікамі няпростых адносін, якія атручваюць ім жыццё? У гэта ўцягваюцца іншыя суседзі, а праблему стварыла мясцовая ўлада. Дык знайдзіце сёння ў сабе мужнасць, магчымасць і вырашыце гэтыя праблемы зыходзячы з таго, што вы дапамаглі стварыць іх самі», — падкрэсліў напрыканцы прыёму Максім Рыжанкоў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».