Вы тут

Чаму Аўстрыя зноў даверылася Себасцьяну Курцу?


У Аўстрыі поўным ходам ідуць перагаворы па фарміраванні новага ўрада. Прэзідэнт краіны Александэр ван дэр Бэлен надзяліў лідара кансерватыўнай Аўстрыйскай народнай партыі (АНП) Себасцьяна Курца адпаведным мандатам па выніках датэрміновых выбараў у Нацыянальны савет (ніжняя палата парламента). Цырымонія адбылася ў пачатку гэтага тыдня ў адміністрацыі кіраўніка дзяржавы ў палацы Хофбург у Вене. Лідар АНП — колішні і будучы канцлер — атрымаў права правесці перагаворы па пытанні стварэння новага кабінета міністраў, таму што яго партыя перамагла на выбарах і атрымала вялікую частку дэпутацкіх мандатаў. Чаму Аўстрыя зноў даверылася Курцу, якія цяпер магчымыя камбінацыі?


Канец «вялікай кааліцыі»

Аўстрыя — адна з найбольш паспяховых краін Еўрапейскага саюза з высокім узроўнем і якасцю жыцця. Пра стабільнасць сацыяльна-эканамічнай сістэмы яскрава сведчыць той факт, што агульны валавы ўнутраны прадукт у разліку на душу насельніцтва ў рэспубліцы складае 42 тысячы еўра. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Аўстрыі складае 78 гадоў, жанчын — 84.

Рэальная сярэдняя зарплата дасягае 2000 еўра. Аўстрыйская эканоміка дэманструе ў апошнія гады добрыя тэмпы росту — у 2018-м ён склаў 2,8 працэнта. Па ўзроўні беспрацоўя гэта дзяржава, як і іншыя альпійскія краіны, таксама сярод найлепшых: цяпер толькі пяць працэнтаў працаздольных жыхароў не маюць у Аўстрыі пастаяннай работы. Зусім не крытычны і ўзровень нацыянальнага доўгу — 78 працэнтаў ВУП.

Апошнія гады працягвала таксама стабільна расці пакупніцкая здольнасць насельніцтва. Аўстрыя — гэта перш за ўсё «эканоміка паслуг», прычым моцна арыентаваная на экспарт, адзначылі spbvedomostі.ru. Але нездарма тры працэнты ВУП выдаткоўваюцца там на даследаванні і інавацыі: краіна валодае вельмі высокім і канкурэнтаздольным узроўнем рабочай сілы і адукацыі, а таксама выдатнай сістэмай аховы здароўя і ў цэлым сацыяльнага забеспячэння.

Сучасная сацыяльная мадэль альпійскай рэспублікі стала магчымай дзякуючы кампрамісу паміж дзвюма галоўнымі партыямі пасляваеннай Аўстрыі — сацыял-дэмакратамі (СДПА) і правацэнтрысцкай Аўстрыйскай народнай партыяй (АНП). Пасля аднаўлення дзяржаўнасці яны па чарзе змянялі адна адну ва ўладзе, а нярэдка і кіравалі разам у рамках «вялікай кааліцыі» — пры адсутнасці сур'ёзных сацыяльна-палітычных канфліктаў. Але ў 2017 годзе, пасля таго як на парламенцкіх выбарах перамогу атрымала дагэтуль другая па ўплыве АНП, гэтаму прыйшоў канец. На тыя выбары правацэнтрыстаў вёў 31-гадовы міністр замежных спраў Себасцьян Курц. Ён стаў да таго часу і старшынёй народнай партыі, шмат у чым стварыўшы сабе імідж прыхільніка кансерватыўнага павароту. Ён пераканаў кіраўніцтва правацэнтрыстаў адмовіцца ад урадавай кааліцыі з СДПА на карысць стварэння «буржуазнага» ўрада з трэцяй па ўплыве сілай краіны — Аўстрыйскай партыяй свабоды (АПС), якая займае правапапулісцкія і нацыяналістычныя пазіцыі. У выніку Курц стаў самым маладым у гісторыі краіны канцлерам — кіраўніком урада.

Пасля «Ібіца-гейту»

Гэты кабінет праводзіў кансерватыўную палітыку, зрабіўшы стаўку на «інвентарызацыю» сацыяльных дапамог, лібералізацыю сацыяльнага заканадаўства, прыняўшы рашэнне, якое дазваляе прадпрымальнікам павялічыць рабочы дзень (пры ўзгадненні з работнікамі) да 12 гадзін. У той жа час былі скарочаны падаткі з заробку працуючых бацькоў, павялічаны дапамогі на дзяцей, уведзены базавы мінімальны даход, паведамілі spbvedomostі.ru. Асабістая палітычная папулярнасць Себасцьяна Курца пры гэтым была досыць вялікая, пра што сведчыць відавочная перамога яго партыі на майскіх еўравыбарах — тады АНП атрымала каля 35 працэнтаў галасоў.

Але трэба адзначыць, што такі вынік быў дасягнуты на фоне магутнага палітычнага скандалу, які разваліў правы ўрад. Гэты скандал з'явіўся вынікам відавочнай правакацыі: адбыўся ўкід у СМІ знятага яшчэ ў 2017 годзе відэа пра сустрэчу на Ібіцы двух лідараў АПС з маладой жанчынай. Яна паабяцала не зусім цвярозым на той момант партыйным дзеячам фінансавую падтрымку свайго «дзядзькі» ў куплі акцый венскага таблоіда. Потым шмат спрачаліся, кім насамрэч была «пляменніца алігарха». Але ў выніку Курц, заявіўшы пра тое, што «больш не давярае «свабоднікам», выставіў іх з кабінета міністраў. Тыя ж, у сваю чаргу, ініцыявалі вотум недаверу самому канцлеру.

Гэты скандал прычыніў сур'ёзную шкоду рэйтынгам АПС і адначасова сыграў на руку АНП, адзначыла нямецкая газета Frankfurter Allgemeіne Zeіtung (FAZ): па звестках апытанняў, значная частка выбаршчыкаў, якія ў 2017-м выбралі АПС, цяпер прагаласавалі за народную партыю. Аўстрыйцы, відавочна, спадзяюцца, што АНП вернецца ў традыцыйную для сябе нішу палітычнага цэнтра, і Курцу варта прыслухацца да гэтага закліку, мяркуе Frankfurter Suddeutsche Zeіtung. Ад скандалу пацярпелі і сацыял-дэмакраты: яны былі не гатовыя да датэрміновых выбараў, асабліва да спаборніцтва з «зялёнымі», тады як Курц вёў актыўную кампанію, пастаянна з'яўляючыся на тэлебачанні і падтрымліваючы кантакты з выбаршчыкамі ў сацыяльных медыя, што яшчэ больш спрыяла росту яго папулярнасці.

Опцыі і варыянты

Выбары ў нацыянальны савет у канцы верасня прынеслі новую відавочную перамогу АНП. Калі два гады таму «народнікі» сталі самай уплывовай партыяй краіны, набраўшы 31,5 працэнта галасоў, то цяпер АНП атрымала 38,4 працэнта і 73 мандаты ў 183-меснай ніжняй палаце парламента. Такім чынам, партыю падтрымалі не толькі яе традыцыйныя выбаршчыкі з ліку буржуазіі, сярэдняга класа і сялянства, але і значная частка наёмных рабочых і служачых. Увогуле, народная партыя на чале з Себасцьянам Курцам сёння цалкам апраўдвае сваю назву.

«Гэтыя выбары былі абсалютна прадказальныя. І яны паказалі, што Курц як аўтарытэтны палітык нават не аўстрыйскага, а еўрапейскага маштабу мае ўсе шанцы стаць новым канцлерам», — адзначыў vz.ru загадчык аддзела сацыяльных і палітычных даследаванняў Інстытута Еўропы РАН Уладзімір Швейцар. Разам з тым, заўважыў эксперт, у Курца і яго партыі даволі сур'ёзныя цяжкасці, бо для таго, каб быць на чале ўрада, неабходна мець абсалютную большасць у парламенце або ствараць кааліцыю. Так, сам малады лідар АНП у ходзе перадвыбарнай кампаніі казаў: «Мы не спекулюем на міністэрствах і кааліцыях». Відавочна таксама, што вярхушка «народнікаў» наогул гатовая пайсці на стварэнне кабінета парламенцкай меншасці. Аднак ці атрымаецца такая камбінацыя? Увогуле, калі не лічыць гэтай опцыі, у АНП цяпер вымалёўваюцца адразу тры варыянты.

Па-першае, аднаўленне даўно вядомай для Аўстрыі формулы «вялікай кааліцыі» з СДПА. Але калі да 2017 года сацыял-дэмакраты ў гэтай пары выступалі ў якасці лакаматыва, то цяпер ролі памяняліся. Насуперак уласным чаканням, вядучая левая партыя Аўстрыі не выйграла ад скандалу на Ібіцы. Больш за тое, калі ў 2017-м СДПА даверыліся 27 працэнтаў выбаршчыкаў, то цяпер яны атрымалі толькі 21,5 працэнта галасоў і набылі толькі 41 дэпутацкі мандат — на 11 менш, чым два гады таму. Між тым у 1970-я гады за сацыял-дэмакратаў аддавала галасы ледзь не паўкраіны. Увогуле, гэта найгоршы вынік за ўсю пасляваенную гісторыю партыі, што лішні раз пацвярджае сістэмны характар крызісу такіх партый у Еўропе. І тут паўстае заканамернае пытанне: ці захоча «патрапаная» СДПА станавіцца малодшым партнёрам у такой невыгаднай сітуацыі?

«Ібіца-гейт» аказаўся наймацнейшым выпрабаваннем для АПС. Дыскрэдытацыя Хайнца-Крысціяна Штрахе хоць і прывяла да яго адстаўкі, але былы міністр транспарту Норберт Хофер, які стаў на чале партыі, не здолеў стрымаць працэс падзення «свабоднікаў». Нягледзячы на тое, што для аўстрыйскай грамадскай думкі ўзнятыя АНП пытанні (грамадская бяспека, масавая іміграцыя, выклікі ісламізацыі) уяўляюцца немалаважнымі, атрымалася так, што ў вачах грамадскасці носьбіты гэтых ідэй раптам пазбавіліся маральнай апоры. АНП праводзіла сваю кампанію шмат у чым на супрацьстаянні з АПС і здолела прыцягнуць на свой бок частку былых вельмі правых выбаршчыкаў, тады як «свабоднікі», набраўшы 17,3 працэнта галасоў, страцілі дзевяць пунктаў і амаль два дзясяткі дэпутацкіх мандатаў. Так, Норберт Хофер падчас кампаніі заклікаў «працягнуць супрацоўніцтва» з АНП, і арыфметычна ў нацыянальным савеце зноў мае месца правая большасць. Як адзначаюць эксперты, такі варыянт таксама магчымы, але пры новай канфігурацыі суадносіны сіл яшчэ больш будуць на карысць «народнікаў».

Трэцяя схема здаецца нібыта малаімавернай, але феерычнае вяртанне партыі «зялёных» у парламент з 12,4 працэнта галасоў і 23 дэпутатамі робіць тэарэтычна магчымым стварэнне нябачанай для Аўстрыі ўрадавай кааліцыі АНП і экалагістаў. Хоць падобная опцыя прымусіць «зялёных», якія маюць адрозныя ад кансерватараў пазіцыі па іміграцыі і сацыяльнай палітыцы, пайсці на сур'ёзныя саступкі.

Не выключаецца і траістая кааліцыя «Народнай партыі», «Зялёнай альтэрнатывы» і лібералаў NEOS: з-за цалкам незвычайнай камбінацыі колераў — бірузовага, зялёнага і ружовага — яе называюць «кааліцыяй дырндля» (альпійскі нацыянальны ўбор). У любым выпадку на кааліцыйныя перагаворы спатрэбіцца нямала часу: пытанне пра тое, з кім уступіць у кааліцыю Себасцьян Курц, застаецца галоўнай інтрыгай мінулых выбараў. І вырашацца яно будзе, як мяркуюць эксперты, аж да Каляд.

Галоўныя задачы

Што ж датычыцца знешнепалітычнай сферы, то, думаецца, незалежна ад расфарбоўкі новага ўрада курс Аўстрыі наўрад ці прыкметна зменіцца. Як вядома, паводле канстытуцыйнага закона 1955 года, гэта альпійская рэспубліка з'яўляецца нейтральнай дзяржавай, і большая частка насельніцтва сёння падтрымлівае захаванне такога статусу. У той жа час Аўстрыя прытрымліваецца практыкі актыўнага нейтралітэту. Краіна гатовая выступаць у якасці пасярэдніка пры вырашэнні міжнародных спрэчак. Аўстрыйскія вайскоўцы бяруць удзел у міратворчых аперацыях ААН у Афганістане, Косаве, Босніі і Ліване.

Себасцьян Курц і ранейшы аўстрыйскі ўрад былі настроеныя на шырокую геаграфію супрацоўніцтва. Сам кіраўнік кабінета з гэтай нагоды казаў: «Аўстрыя, як маленькая, але моцная экспартная краіна, зацікаўлена ў добрых адносінах з Захадам і Усходам». Себасцьян Курц мае намер зрабіць галоўнай задачай свайго новага ўрада барацьбу з нелегальнай іміграцыяй. Іншай важнай тэмай новага ўрада будзе барацьба з пагрозай эканамічнага спаду і ростам беспрацоўя, расказаў далей Курц. Паводле яго слоў, таксама неабходна знізіць падаткі для працоўных і пенсіянераў. У якасці чацвёртага пункта 33-гадовы палітык назваў меры супраць змены клімату.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Вяртанне канцлера

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. 

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.