Вы тут

Самаму сталаму прэтэндэнту на кандыдацтва ў дэпутаты — 83 гады


Старшыня ЦВК Лідзія ЯРМОШЫНА падчас відэабрыфінгу, які зладзіў Нацыянальны прэс-цэнтр, расказала аб ходзе выбарчай кампаніі. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама паведаміла, што камісія зарэгістравала 56 кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі. Дакументы на рэгістрацыю ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падалі 703 чалавекі. Яшчэ 34 камплекты дакументаў для ўдзелу ў выбарах у ніжнюю палату падаў Рух «За свабоду», аднак па законе грамадскія аб'яднанні не маюць права вылучэння кандыдатаў.


Самы вялікі конкурс — у Мінску, больш за восем прэтэндэнтаў на кандыдацтва ў выбарчай акрузе. Аднак Лідзія Ярмошына прагназуе, што не ўсе з іх будуць зарэгістраваныя пасля праверкі дакументаў акруговымі выбарчымі камісіямі. Дарэчы, пасля рэгістрацыі, якая завяршыцца 17 кастрычніка, роўна за месяц да выбараў, звесткі аб кандыдатах з'явяцца ў мабільнай праграме «Галасую!».

Эксперымент па выкарыстанні гэтай праграмы, распрацаванай БРСМ бясплатна, прайшоў летась у Мінску падчас выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Сёлета распрацоўка распаўсюджана на ўсю краіну. Цэнтрвыбаркам запрашае грамадзян паведамляць аб недакладнасцях у праграме. Лідзія Ярмошына падкрэсліла таксама, што далёка не ўсе дзяржавы накіроўваюць выбаршчыкам неабходную інфармацыю і друкаваныя запрашэнні.

«Сёлетняя выбарчая кампанія ў парламент — вельмі актыўная. Колькасць прэтэндэнтаў (яшчэ да рэгістрацыі) большая, чым тры гады таму, і значна большая, чым у 2008 і 2004 гадах. Па сутнасці, мы вярнуліся да лічбаў 2000 года, калі былі вельмі яскравыя, вельмі альтэрнатыўныя парламенцкія выбары. Таму казаць, што «ў нас няма дэмакратыі», — недарэчна», — лічыць старшыня ЦВК.

Парламенцкія выбары — 2019, па словах Лідзіі Ярмошынай, не толькі альтэрнатыўныя, але эканамічныя і сацыяльныя. Кожны кандыдат можа ўдзельнічаць у выбарах бясплатна, яму даецца эфірны час і друкаваныя плошчы.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама паведаміла, што ў Беларусі сфарміравана амаль шэсць тысяч участковых камісій, 46 з іх утвораны за межамі краіны. Сярод членаў участковых камісій больш за ўсё прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў: прафсаюзаў, «Белай Русі», Саюза жанчын. Колькасць палітычных партый — удзельніц у выбарах у параўнанні з папярэдняй кампаніяй узрасла да дванаццаці.

Для назірання за ходам выбараў ужо акрэдытавана больш за 200 прадстаўнікоў Выканкама СНД і дванаццаць — ад АБСЕ. На наступным тыдні ў Беларусь прыедзе кіраўнік місіі назіральнікаў і група доўгатэрміновых назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ.

На парламенцкіх выбарах адсутнічае максімальная ўзроставая мяжа — выбірацца можна з 21 года і пакуль ёсць сілы. Сёлета пазмагацца за дэпутацкі мандат збіраецца грамадзянін, які дасягнуў узросту 83 гадоў.

Варвара Марозава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».