Вы тут

Як праходзіў фестываль Юрыя Башмета ў Мінску


Восенню Мінск паглыбляецца ў асаблівы настрой ці нават стан культурнага віру. Аматарам цікавых мерапрыемтсваў прапануюцца самыя розныя варыянты: у сталіцы ладзяцца шматжанравыя выстаўкі, тэатральныя, кіна- і музычныя форумы, патрапіўшы на якія ніхто не застаецца абыякавы. Фестываль Юрыя Башмета не выключэнне. Штогод напрыканцы верасня і пачатку кастрычніка ён аб’ядноўвае ў Мінску найлепшых музыкантаў сучаснасці. Сёлета фестываль у беларускай сталіцы пачаўся чатырнаццаты раз.


Міжнародны фестываль Юрыя Башмета — доўгатэрміновая буйнамаштабная культурная акцыя, якая ладзіцца пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Яна арыентавана на аб’яднанне творчых сіл Беларусі, Расіі і іншых краін. За сваю гісторыю фестываль вырас у шматграннае свята мастацтва, поўнае дынамічнасці і актыўнай змены формаў, якія сталі яго фірмовым знакам і прычынай шырокага міжнароднага рэзанансу.

Адна з галоўных ідэй фестывалю — даць магчымасць маладым таленавітым музыкантам выступіць на адной сцэне з сусветна вядомымі артыстамі, што садзейнічае не толькі павышэнню ўзроўню выканальніцкага майстэрства моладзі, іх кар’ернаму росту, але і ўмацаванню сувязей у галіне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. Аўтар ідэі фестывалю Башмета і яго мастацкі кіраўнік — вядомы беларускі піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, выпускнік Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане Расціслаў Крымер, а ганаровы сустаршыня арганізацыйнага камітэта фестывалю — сам народны артыст Расіі, лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і Расіі Юрый Башмет

На форум штогод прыязджаюць самыя знакамітыя музыканты. Сярод іх — Віктар Траццякоў, Наталля Гутман, Максім Венгераў, Вадзім Рэпін, Мікалай Луганскі, Бары Дуглас, салісты Вялікага і Марыінскага тэатраў, знакамітыя калектывы — уладальнікі прэміі «Грэмі» — камерны ансамбль «Салісты Масквы», артысты першага аркестра свету — «Камерата Канцэртгебау Амстэрдам», секстэт Берлінскага філарманічнага аркестра, дзяржаўны сімфанічны аркестр «Новая Расія», камерны ансамбль «Крэмерата Балтыка», вядучыя беларускія салісты і калектывы. На сваёй сцэне фестываль таксама вітаў найлепшых кампазітараў сучаснасці — Кшыштафа Пэндэрэцкага, Соф’ю Губайдуліну, Гію Канчэлі. Дарэчы, штогадовыя сусветныя прэм’еры беларускіх кампазітараў, падрыхтаваныя спецыяльна для фестывалю, — таксама добрая традыцыя.

— Асаблівасць фэсту — у неверагодным яднанні публікі, найлепшых музыкантах, легендарных кампазітарах, сусветных прэм’ерах, майстар-класах, праектах, якія прыцягваюць самую шырокую аўдыторыю і вызначаюцца асабліва цёплай атмасферай, — упэўнены мастацкі кіраўнік фестывалю беларускі піяніст Расціслаў Крымер. — За чатырнаццаць гадоў наш форум стаў адной з самых значных культурных падзей не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Як у жыцці — чым больш з’яўляецца досведу, тым больш нюансаў, — так і ў праграме Фестывалю Юрыя Башмета: штосьці становіцца лягчэйшым, а штосьці — наадварот. Кожны раз, каб здзівіць публіку, мы стараемся знаходзіць новыя фарматы і рабіць іх традыцыйнымі. Захоўваем традыцыі, працягваем іх, але крыху перайначваем. Так, напрыклад, з нефарматных канцэртаў для моладзевай аўдыторыі за 14 гадоў мы пераспрабавалі нямала: класіка і рок, класіка і джаз, класіка і поп... Летась знайшоўся новы фармат — праект «Метро». Шмат людзей павінны папрацаваць, каб у 2 гадзіны ночы адкрыць станцыю, пабудаваць за невялікі час канцэртную залу, партэр, наладзіць святло і гук.

Сёлета Фестываль Юрыя Башмета 27 верасня адкрыў канцэрт лонданскага Каралеўскага філарманічнага аркестра. Гэта 80 унікальных музыкантаў, якія для ўдзелу ў фестывалі спецыяльна прыляцелі толькі на адзін дзень у Мінск. Дырыжыраваў калектывам малады венесуэльскі маэстра Рафаэль Паярэ. У праграме адкрыцця фестывалю зоркі выконвалі шэдэўры сусветнай класікі Бетховена, Ліста і Брамса.

Цікава, што інструменты артыстаў дастаўлялі асобна наземным транспартам. Але гэта не дзіўна, бо ў іх цэлы шэраг унікальных рарытэтных скрыпак коштам у мільёны долараў.

За больш чым 60 гадоў існавання Лонданскі філарманічны аркестр стаў не толькі вядучым класічным калектывам свету, але і пастаянна дэманстраваў адкрытасць да ўсяго новага: гэта і арыгінальнае прачытанне музычнай класікі, і аркестравыя аранжыроўкі музыкі, і сумесныя запісы з гуртамі Pink Floyd, U2, ABBA, Queen і Oasis. Знакаміты гімн Лігі чэмпіёнаў УЕФА таксама быў запісаны менавіта Каралеўскім філарманічным аркестрам.

— Я вельмі рады, што нас запрасілі выступіць у вашай краіне, — падкрэсліў на прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця Фестывалю Юрыя Башмета дырыжор лонданскага Каралеўскага філарманічнага аркестра Рафаэль Паярэ. — Рады, што прыехаў у вашу гасцінную Беларусь, краіну з такой выдатнай гісторыяй, з такімі слаўнымі традыцыямі. Першы раз у вашай краіне не толькі я, але і аркестр, які я прадстаўляю. Спадзяюся, што ваша публіка змагла адчуць і зразумець нашы музычныя традыцыі і наш погляд на музыку. Музыка аб’ядноўвае. Упэўнены: сустрэча з вялікім мастацтвам падарыла беларускім гледачам натхненне і незабыўныя ўражанні.

2 кастрычніка для прыхільнікаў усяго незвычайнага на сцэне Белдзяржфілармоніі прайшоў канцэрт знакамітага турэцкага піяніста і кампазітара, які выступае нават на стадыёнах, Фазыл Сая ў суправаджэнні East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера захапіў беларускую публіку нестандартнай ігрой. У рэпертуары музыканта важнае месца займаюць творы Моцарта і Баха. Акрамя майстэрскага выканання класікі, Фазыл Сай піша ўласныя творы, якія высока цэняцца сусветнай музычнай супольнасцю. Адзін з іх — канцэрт для фартэпіяна з аркестрам «Шаўковы шлях». Яго якраз і пачула беларуская публіка ў першым аддзяленні. У другім прагучала музыка Венскай класікі.

Адным з галоўных сюрпрызаў фестывалю стаў канцэрт знакамітага піяніста Барыса Беразоўскага, які прайшоў 3 кастрычніка. Канцэрт з серыі «Легенды фартэпіяна» расцягнуўся на некалькі гадзін і стаў прыкладам якаснага імправізаванага музычнага спектакля. Піяніст выканаў творы Равеля, Дэбюсі, Стравінскага, Пракоф’ева.

Барыс Беразоўскі — адзін з найбуйнейшых віртуозаў свайго пакалення, паслядоўнік рускай фартэпіяннай школы. Сярод яго ўзнагарод — прэстыжная прэмія Gramophone Magazine за запіс дыска сумесна з вядомым скрыпачом Уладзімірам Рэпіным, прэмія года Нямецкай асацыяцыі гуказапісу ў намінацыі «Камерная музыка», прэмія года музычнага часопіса BBC у намінацыі «Інструментальная музыка» і іншыя.

— Дзіўна, але ўсіх гэтых вышынь піяніст дасягнуў без дыплома кансерваторыі, — адзначае Расціслаў Крымер. — Адразу пасля перамогі ў конкурсе імя Чайкоўскага таленавітага музыканта запрасілі на гастролі ў Японію, якія якраз супадалі з экзаменамі. Але ён проста не мог адмовіцца ад такой прапановы. Так скончылася студэнцкае і пачалося гастрольнае жыццё Барыса Беразоўскага. Сёння ён іграе больш за 100 канцэртаў у год, і кожнае выступленне становіцца падзеяй у Лондане, Парыжы, Маскве, Токіа і іншых гарадах свету.

Адзін з самых незвычайных канцэртаў пройдзе на платформе метро. А другой гадзіне ночы з 5 на 6 кастрычніка пад зорным небам станцыі «Пятроўшчына» зноў выступіць міжнародны камерны аркестр East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера. Акустыка на станцыях падземкі асаблівая. Музыка ў абрамленні бетонных сцен і цягнікоў гучыць проста фантастычна. — Гэта складаны праект, але тым ён і каштоўны. Сёлета будзе «Ноч класікі ў метро. Модная версія», — расказаў Расціслаў Крымер. — Модная версія таму, што будзе паказ мод беларускіх дызайнераў пад акампанемент жывога аркестра, у які ўваходзяць найлепшыя музыканты з Усходняй і Заходняй Еўропы, лаўрэаты самых буйных конкурсаў. У такую атмасферу ўпішуцца ўсе кампаненты яркага музычнага свята.

А 9 кастрычніка для аматараў прыгажосці і музычных навінак адбудзецца выступленне Летыцыі Марэна на ўнікальнай скрыпцы разам з камерным аркестрам East-West Chamber Orchestra. Дзея будзе суправаджацца неверагодным галаграфічным шоу.

— Канцэрт «Візуалізацыя сімфоній» будзе суправаджаецца новай тэхналогіяй paper sсrееn: вакол з’яўляюцца галаграмы, а ў паветры можна ўбачыць розныя цікавыя выявы, — расказвае Расціслаў Крымер. — Гэта візуалізацыя камернай сімфоніі Вайнберга — кампазітара, якому спаўняецца 100 гадоў. Ён да нашай краіны мае непасрэднае дачыненне, таму што ў 1939 годзе, калі ўцякаў ад Халакосту, яго выратавала Беларусь. Тут ён вучыўся ў мінскай кансерваторыі. Нашым канцэртам мы хочам падкрэсліць сувязь Беларусі з яго творчасцю. А ў свеце творцу ведаюць як кампазітара, які нарадзіўся ў Варшаве і жыў потым у Маскве. Мінскі перыяд крыху ўбаку. Таму мы хочам звярнуць на яго ўвагу і наогул расказаць пра выдатнага кампазітара, які быў найлепшым сябрам Дзмітрыя Шастаковіча і музыка якога сёння гучыць па ўсім свеце.

Дарэчы, калі праглядаеш праграму Фестывалю Юрыя Башмета, адразу ў вочы кідаецца канцэрт для немаўлят і цяжарных жанчын «Музыка твайго сэрца», які адбудзецца ўвечары 4 кастрычніка ў канцэртнай зале «Верхні горад». Праграма канцэрта складаецца з невялікіх твораў, каб дзеці лёгка ўспрымалі музыку. Глядзельную залу ператвораць у прасторную гульнявую зону, зручную для маці і дзяцей, таксама будуць абсталяваны месцы для таго, каб мамы маглі пакарміць дзяцей. У праграме прадугледжаны гутарковыя паўзы, падчас якіх мамы могуць атрымаць карысную інфармацыю ад запрошаных экспертаў, а дзецям будзе прадастаўлена поўная свабода, а значыць, можна шумець, падпяваць, танцаваць, гуляць — і ўсё гэта пад класічную музыку Моцарта. Таксама будзе паказаны спектакль «Музыка твайго сэрца ў чароўнай краіне» — інтэрактыўнае забаўляльнае прадстаўленне пра свет музыкі.

— «Музыка твайго сэрца» — унікальны музычны праект для мам, дзяцей, а таксама тых, хто знаходзіцца ў чаканні маленькага цуду. На тэрыторыі былога Савецкага Саюза такога не рабіў ніхто, — падкрэсліў мастацкі кіраўнік фестывалю. — Мы паклапаціліся пра адмысловы камфорт, якога патрабуе аўдыторыя. Такія канцэрты атрымліваюцца, як правіла, вельмі кранальныя. Шматлікімі даследаваннямі даказаны факт, што з 32-га тыдня дзіця ва ўлонні маці здольнае запамінаць музыку і пазнаваць яе пасля з’яўлення на свет. У першыя тры гады жыцця класічная музыка неверагодна ўплывае на развіццё мозгу дзіцяці. Мы хочам, каб як мага больш людзей пра гэта ведала. Выхаванне маленькіх трэба пачынаць, калі яны знаходзяцца ва ўлонні маці.

Завяршэнне фестывалю адбудзецца 12 кастрычніка а восьмай гадзіне ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі. На канцэрце-закрыцці ў Белдзяржфілармоніі выступіць уладальнік прэміі «Грэмі» — камерны ансамбль «Салісты Масквы» пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета.

Праграма самога канцэрта пакуль трымаецца ў сакрэце, але арганізатары абяцаюць: сюрпрызы будуць і вечар стане незабыўным. Яно і зразумела, бо гэты ансамбль — адзін з самых запатрабаваных у свеце і, па словах маэстра, ужо некалькі разоў аб’ехаў зямны шар з канцэртамі. Але самае галоўнае, што выступленні маэстра Юрыя Башмета і яго калектыву ў Мінску не пакідаюць гледачоў абыякавымі вось ужо чатырнаццаць гадоў. І гэты год, відавочна, не стане выключэннем.

Вікторыя АСКЕРА

Фота belarus.by

Загаловак у газеце: Сусветная класіка = новы фармат

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».