Вы тут

Алесь Ставер. Покліч жураўліны, альбо Музыка вершаў


Не трэба надта напружваць памяць, каб прыгадаліся радкі вядомай песні, якая ўспрымаецца як народная — «Жураўлі на Палессе ляцяць». Простыя, але ў той жа час мілагучныя, напоўненыя замілаваннем да Радзімы, надзіва пяшчотныя словы кранаюць самыя чуйныя струны душы, выклікаюць гонар за Бацькаўшчыну, нагадваюць аб тым, што лепшай зямлі на свеце няма і быць не можа:


Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Разумею цяпер, чаму з выраю

Жураўлі на Палессе ляцяць.

Што ім тыя пагоды паўднёвыя!

Што ім пышны платанавы рай,

Калі клічуць іх далі сасновыя

І азёрны рабінавы край.

Песня гэта стала сваёй і «Песнярам». Тады, калі яны яшчэ толькі набывалі вядомасць, аднак далёка не ўсе ведаюць, што гэта аднайменны верш Алеся Ставера, пакладзены на музыку Ігарам Лучанком, слава да якога на той час таксама толькі прыходзіла. А выказаў Ставер тое, што сам асабліва востра адчуваў, калі знаходзіўся ў далечыні ад Беларусі: пабываў не толькі ў колішніх савецкіх рэспубліках, але і, як цяпер кажуць, у краінах далёкага замежжа. Яшчэ больш пераканаўся, што

Сакавітыя пожні мурожныя

Не заменіш нічым і нідзе

І зямлю, дзе сцяжыначка кожная

У прыветлівы двор прывядзе.

На жаль, сёння шмат каму прозвішча Ставер мала што гаворыць. Ёсць і тыя, хто гатовы скептычна запярэчыць: «Які гэта паэт?» А ў сапраўднасці…

Нарадзіўся ён 10 жніўня 1929 года ў вёсцы Маргавіца Бягомльскага, а цяпер Докшыцкага раёна. У маленстве на ўласным досведзе адчуў, што такое фашызм. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, з бацькамі апынуўся ў партызанскай зоне. У час аблавы, уцякаючы ад карнікаў, згубіў братоў, трапіў у палон. З іншымі нявольнікамі яго вывезлі ў Нямеччыну, у канцлагер. Дамоў вярнуўся толькі ў верасні 1945 года, калі родныя ўжо не спадзяваліся ўбачыць яго жывым. Пазней пра перажытае праўдзіва расказаў у рамане «Пад канвоем», які выходзіў двойчы (1969, 1990). Выдаў кнігі прозы «Да сваіх» (1974) і «Лясныя аповесці» (1986), дзе па-свойму асэнсаваў партызанскую барацьбу на акупаванай ворагам тэрыторыі. Але прызванне адчуў у паэзіі.

Спачатку, праўда, у яго і думкі не было пісаць вершы. Закончыўшы Бягомльскую сямігодку, марыў стаць шафёрам. Інакш меркавалі бацькі: хацелі, каб быў настаўнікам. Паддаўшыся угаворам, паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, закончыў Барысаўскае. Яно знаходзілася бліжэй да роднага дому, лацвей было дабірацца, каб не толькі парадавацца сустрэчы, але і сёе-тое ўзяць з сабой: у горадзе жылося не так і лёгка. Першы ж верш напісаў дзякуючы… шафёру. Як гэта адбылося, можна даведацца з яго аўтабіяграфіі «Старонка з жыцця».

Неяк, калі яшчэ вучыўся ў сталіцы, вяртаючыся з канікул, пехам дайшоў да Бягомля. На паштовай машыне дабраўся да Барысава, дзе на вакзале чакаў прыгарадны цягнік на Мінск. Знайшоўся шафёр, які прапанаваў падвезці яго на сваёй «Победе». Ставер успамінаў: «Вечарэла. Аўтастрада чыстая ад снегу, шырокая. Загледзеўся я на барвовае сонца, што апускалася за лес, і міжволі склаліся радкі:

Сонца нізенька зусім

Над любімым краем.

І, здаецца, можна з ім

Стрэціцца за гаем.

Гаснуць промні, і за лес

Медны шар садзіцца

Адпачыць за ноч, каб лепш

Заўтра засвяціцца».

Было яму тады дзевятнаццаць гадоў. Па прыездзе паспяшаўся прадэкламаваць гэты верш аднакурснікам. Яны былі ў захапленні, сталі Алеся паэтам называць. Заахвочаны такой пахвальбой, «паэт», па яго прызнанні, узяўся пісаць «вершы з д’ябальскай упартасцю. Бывала, навалішся ўночы на стол і думаеш: ну, пра што скласці верш? Давай пра дарогу. Пра поле? Ну і пра поле. За акном вецер. І пра вецер трэба… І так, можа, да дзясяці вершаў выдумляў за ноч». За зіму 1950 года нават тры паэмы напісаў.

«Вершамі» (ужо сам узяў гэтае слова ў двукоссе. — А. М.) «завальваў» рэдакцыі газет. Аднак «адказы прыходзілі, безумоўна, адмоўныя. Я пачаў думаць, ці варта пісаць. І ўвосень 1949 года парашыў кінуць займацца “вытворчасцю” вершаў». Магчыма, і перастаў бы пісаць, але нехта прапанаваў звярнуцца ў кабінет маладога аўтара Саюза пісьменнікаў БССР да Аляксея Русецкага. Той, у адрозненне ад супрацоўнікаў рэдакцый, паставіўся да яго больш уважліва. У лістах-адказах вершы падрабязна праналізаваў, а ў маі 1950-га выклікаў у Мінск на нараду пачынаючых паэтаў.

У Мінску Ставер «пачуў добрую сардэчную гаворку». Максім Лужанін дэталёва разгледзеў яго паэму «Вясна». Праз некалькі гадоў не менш уважліва прачытаў яго вершы Пімен Панчанка. Праўда, пры першай сустрэчы іх «літаральна разбіў». Ды яшчэ сказаў: «Калі ты што-небудзь вартае зможаш стварыць, то зразумееш маю крытыку і будзеш удзячны мне». Ставер не пакрыўдзіўся. Быў упэўнены, што да парадаў дасведчанага майстра трэба прыслухацца. Выхаду ж у 1959 годзе яго дэбютнай кнігі вершаў «Золак над Бярозай» паспрыяў Міхась Калачынскі.

Пазней пабачылі свет зборнікі «Ластаўкі перад дажджом» (1967), «Жураўлі ляцяць…» (1972), «Лірнік» (1975), «Мой край беларускі» (1983, у ім змешчаны песні на словы Алеся Ставера). Выдавалася і выбранае: «Жнівеньскі вырай» (1979) і «Зоры зямныя» (1989). Крытыка па-рознаму ставілася да яго творчасці. Хапала закідаў, што часам піша павярхоўна, паэзію падмяняе звычайным рыфмаваннем. Але прычына незадавальнення была не толькі ў тым, што А. Ставеру часам не ставала майстэрства. Яго не адразу дасягалі і паэтычныя мэтры. Аднак ці не ўсе, хто браўся ацэньваць напісанае Ставерам, не прымалі пад увагу адметнасць яго таленту. Такое неразуменне крыўдзіла паэта. Нават напісаў верш «Зварот да крытыкаў»:

Дык зразумейце ж вы жыццё паэта!

І не шукайце хітрасці ў яго.

Яго душа раскрыта перад светам

І свеціцца, як вечнасці агонь.

Крытыкі ж выказвалі заўвагі адносна спрошчанасці асобных вершаў Ставера. Пры гэтым не разумелі, а магчыма, і не хацелі зразумець, што гэта не спрошчанасць, а прастата. Свядомае імкненне і жаданне пісаць так, каб быць больш блізкім не столькі літаратурным эстэтам, колькі тым, хто не разумее ўсіх тонкасцяў паэзіі, а захапляецца гутарковасцю верша, наяўнасцю інтанацый, якія ўзнімаюць настрой, выклікаюць усмешку.

У аўтабіяграфіі творцы чытаем: «Складаць вершы на фальклорнай аснове стала галоўнай умовай маёй творчасці, калі я пачаў часта сустракацца з чытачамі, бываць у калгасах, на заводах Беларусі, калі мой пісьменніцкі лёс павадзіў мяне па прасцягах многіх братніх рэспублік. Ажывалі ў памяці чутыя ў дзяцінстве апавяданні дзеда Чэчы (маргавіцкага мудраца), бабы Макарыхі (па бацьку), бабы Петрачыхі (па маці), купальскія і святочныя песні маргаўчан». І, вядома ж, на ўсё жыццё ўвайшлі ў яго душу песні, якія чуў ад сваёй маці Хрысціны Пятроўны.

У захапленні фальклорам, не ў апошнюю чаргу песенным, — вытокі такіх твораў, як «Песня адной імянінніцы», «Індык і гусак», «Каб дома не журыліся», «А мне ў шчасце верыцца», «Трасуха» і іншых. Адсюль «родам» і цудоўны верш «Скрыпка і бубен». Адзін з самых лепшых не толькі ў самога А. Ставера. Гэты верш — найбольш значны набытак сатырыка-гумарыстычнай плыні ва ўсёй нацыянальнай літаратуры. Ад першага да апошняга радка твор прасякнуты самой народнай стыхіяй. У ім столькі меладычнасці, пачуццёвасці: адразу акунаешся ў дзівосны свет, пра які іначай і не скажаш, што гэта ўсё роднае, не прыдуманае, з жыцця ўзятае і па-майстэрску пададзенае. Гаворка пра тое, як жаніх спяшаецца на сваё вяселле:

Па гасцінцы, міма клёнаў,

Пранясло аўтакалону

З песняй, музыкай і смехам, —

 Сам шафёр у сваты ехаў.

З гулам — гоманам вясёлым

Шпарка ўехалі ў пасёлак.

І ля хаты, што пад вязам,

Прыпыніліся адразу.

Скрыпка і бубен — тут як тут. Да таго, што адбываецца, яны не могуць быць абыякавымі:

Скрыпка гучна стала весці: —

Будзем піць і будзем есці!

Бубен біў у добрым гудзе: —

Будзем бачыць, што там будзе!

Будзем бачыць, што там будзе!

Ды закавыка ў тым, што няма… нявесты. Аказваецца, яна днём раней «з’ехала да цёткі ў горад».

Ёсць у вершы і драматургічныя элементы. Дыялог, які вядуць скрыпка з бубнам, не проста добра ўпісваецца ў структуру верша — гучыць рэфрэнам. Пачуў яго Ставер ад сваёй цёткі Куліны, маці вядомага паэта Юрася Свіркі. Са Свіркам яны — стрыечныя браты. Як прызнаваўся, «а вось над сюжэтам і зместам твора папрацаваў тры гады». Рэфрэн надае вершу дынамізм, а змены, што адбываюцца ў ім адпаведна таму, як разгортваецца сітуацыя, гэта як бы міні-п’еса.

Шмат досціпу, тонкага гумару і ў такіх творах Ставера, як «Знаходлівы Марка», «Пра шафёра-ліхача, жонку Мішы Чухнача», «Жончына знаходка», «Храбры заяц»… Яны са зборніка, назва якога гаворыць сама за сябе — «Усмешкі — промні душы чалавечай» (1996). У гэтых промнях таксама відавочныя фальклорныя матывы. Ды ўсё пададзена не толькі на пацеху, але і для таго, каб чытач мог задумацца над самім жыццём, у якім заўсёды ёсць месца не толькі сур’ёзнаму. У вершы ж «Дзе прычына даўгалецця» Ставер цалкам паўтарыў сітуацыю з вядомага анекдота. Паводле гэтай гісторыі, вучоныя зацікавіліся ў аднаго дзеда з Палесся, як удалося яму дажыць да 120 гадоў. Прызнаўся, што не п’е, не курыць, увесь час жыве з адной жонкай. І раптам за сцяной раздаўся крык:

Дзед з усмешкай прамаўляе: —

Гэта ж мой старэйшы брат…

Курыць, п’е, жанок мяняе —

Хоць яму сто пяцьдзясят.

Між іншым, Ставер паспрабаваў сябе і ў драматургіі. Яго лірычная камедыя «Алімпіяда Салодкая» і п’еса «Слова — не верабей» былі пастаўлены ў 1977 годзе. Для дзяцей напісаў кнігі «Касцёр не гасне» (1961) і «Пад вясёлкавай дугой» (1984). Займаўся перакладам, а яго лепшыя вершы былі перакладзены на многія мовы народаў колішняга Савецкага Саюз, а таксама на балгарскую і польскую.

Аднак найперш быў паэтам «дарослым». Хай сабе і не ўсе вершы аднолькава высокамастацкія (а хто можа пахваліцца, што ў яго ўсё бездакорна?!), аднаго толькі верша «Жураўлі на Палессе ляцяць» дастаткова, каб ведаць, што ёсць у беларускай літаратуры такі паэт. На слыху ў многіх і іншыя яго песні: «Нарачанка», «А мне ў шчасце верыцца», «Маё каханне, дзе ты?..» і іншыя. А песня «Косіць хлопец канюшыну» аж двойчы пакладзена на музыку — Мікалаем Пятрэнкам і Алегам Чыркуном. Чаму творчасць Ставера так прываблівала кампазітараў, добра відаць з гэтага сведчання І. Лучанка: «Як кампазітар, я хачу зазначыць: пявучая паэзія Алеся Ставера — з’ява даволі рэдкая. […] Паэт умее падмеціць трапны жарт, сакавіты радок і, прыдаўшы ім высокую адухоўленасць і непасрэднасць, стварыць у песенным вершы паўнацэнны мастацкі вобраз».

У нашай літаратуры А. Ставер менавіта ёсць, а не быў, хоць жыццёвы шлях абарваўся рана. 23 ліпеня 1995 года ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Па недарэчнасці: любіў хуткую язду і праявіў неасцярожнасць, выязджаючы з другаснай дарогі на асноўную. Тыя, хто знаходзіўся ў машыне, выжылі, а яго не стала.

Любіў падкрэсліць, што ён не хто-небудзь, а Аляксандр Сяргеевіч. Ці то жартам, а можа, і ўсур’ёз, параўноўваў сябе з Пушкіным. Па-рознаму ставіліся да гэтага тыя, хто чуў падобнае. Адны ўсміхаліся прыязна, успрымаючы прамоўленае дасціпным жартам. Хтосьці — скептычна. Нехта моўчкі адыходзіў убок.

Але ён ведаў сабе цану. Найлепшы доказ гэтаму — «Жураўлі на Палессе ляцяць», покліч якіх — свайго роду візітоўка Беларусі. Дый і «Беларусачка» — плён яго супрацоўніцтва з Юрыем Семянякам, што асабліва хораша гучыць у выкананні Данчыка (Багдана Андрусішына):

Я гляджу на твае косы русыя,

Не магу наглядзецца ніяк,

Беларусачка, беларусачка,

Дарагая сяброўка мая.

Так, усё ж ёсць у нас Аляксандр Сяргеевіч — Ставер! Алесь Ставер…

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.