Вы тут

Сяргей Кавальчык: Рэжысёр не павінен быць дылетантам


Беларускі тэатральны рэжысёр, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргей Кавальчык — яркі прыклад асобы, якой цікава працаваць не толькі для свайго задавальнення, але і для аўдыторыі. Творца — адзін з самых маладых мастацкіх кіраўнікоў тэатра ў краіне, але яго досвед у прафесіі ўражвае і зацікаўлівае. Прадумванне якасных пастановак, жаданне разабрацца ва ўсіх аспектах тэатральнай дзейнасці — усё гэта для Сяргея Міхайлавіча не проста словы, а задачы і ўстаноўкі, на якіх грунтуецца яго дзейнасць у тэатры ўжо шмат гадоў. Сёлета рэжысёру споўнілася 50. І гэта не проста прыгожая дата, а своеасаблівая нагода задумацца пра здзейсненае і запланаванае. Сяргей Кавальчык шмат аналізуе тэатральны працэс, думае пра яго актуальнасць і сутнасць у наш час. Сваімі думкамі мастацкі кіраўнік горкаўскага тэатра падзяліўся з чытачамі «ЛіМа».


Вяртанне да вытокаў

— На мой погляд, рэжысёр сёння павінен быць незаўважны. Менавіта ў пяцьдзясят гадоў я прыйшоў да такой думкі. Цяпер мне хочацца сысці ў цень, каб вярнуцца да вытокаў. У свой час у мяне быў выпадак: я займаўся ў студыі кінаакцёра пры Саюзе кінематаграфістаў. І неяк хлопцы са студыі папрасілі мяне паглядзець сцэну, якую яны павінны былі паказваць Віктару Мікалаевічу Бандарчуку. Я паглядзеў і параіў, як зрабіць сцэну лепшай. Калі яны паказалі яе, Віктар Мікалаевіч іх пахваліў, усе заапладзіравалі. А я атрымаў такое задавальненне! Зразумеў, што мне падабаецца больш падказваць, як увасобіць ідэю, чым самому яе рэалізоўваць. Гэта было ў 1985 годзе, а зараз 2019-ы. І я зноў пачынаю вяртацца да тых жа думак. Бо сёння шмат рэжысёраў-крыкуноў, якія займаюцца не рэалізацыяй і адаптацыяй тэксту аўтара, а крычаць сваімі спектаклямі: «Паглядзіце, які я круты! Як жа я ўмею паставіць! Які я дасціпны і вынаходлівы!» Такія ўнутраныя крычалкі проста зашкальваюць у многіх спектаклях.

Моднасць стала пераважаць. Тэатр часам сёння ўяўляе сабой кітч. Адчуваецца засмечанасць не толькі рэжысёрскім, але часам і акцёрскім эпатажам. А калі казаць пра сцэнаграфію, то могуць выдаць такое рашэнне: «Глядзіце, які я мастак». А спектакль у яго існуе асобна. У гэтым і ёсць важнасць работы: рэжысёр павінен «дацягнуць» спектакль да аднаго ўзроўню. Напрыклад, глядач выходзіць са спектакля і кажа: «Якія добрыя касцюмы». Гэта значыць, праваліўся мастак па касцюмах, пацягнуў коўдру на сябе. Таму я і хачу цяпер быць больш сціплым, хачу працаваць праз артыста, з артыстам і менавіта гэтым дасягаць сцэнічнай выразнасці, а не крыклівымі спробамі паказаць сябе. Прасцей за ўсё ўзяць п’есу «Вішнёвы сад» і паставіць яе на мясабойні. Вось вам трэш і эпатаж, авангарднае прачытанне. Але якое гэта мае дачыненне да Чэхава? Ды ніякага! Таму сёння шмат спектакляў з’яўляюцца падставай для самавыяўлення творчых людзей. Толькі я не хачу гэта блытаць з рэжысурай. Адразу ж ўспамінаюцца «Д’яблы» Дастаеўскага, калі папашка Верхавенскі зразумеў, хто яго сынок, і сказаў: «Пятруша, няўжо ты такі, які ёсць, хочаш сябе людзям замест Хрыста прапанаваць?» Дык вось у мяне ўзнікае такая ж думка. Няўжо сёння рэжысёры могуць прапанаваць сябе замест Шэкспіра, Чэхава, Гогаля?

Але з такімі рэжысёрамі цяжка канкурыраваць. Бо Шэкспір ужо шмат гадоў Шэкспір. І калі ў канцэпцыі шэкспіраўскай змяніць факт (дапусцім не ўваходзіць ён у рэжысёрскі малюнак), то тады лепш пісаць сваю п’есу з іншымі імёнамі. І калі гэтая п’еса пражыве пяцьсот гадоў, тады і паглядзім, хто Шэкспір. Так будзе сумленна. Але гэта не тычыцца сучасных аўтараў, з якімі можна працаваць.

Сенсацыя = эксперымент

— На мой погляд, сёння тэатру трэба пазбавіцца ад сенсацыі, каб выжыць у рынкавы час. Сенсацыя — гэта эксперымент, які прапагандуецца на кожным кроку. Калі ж яе няма, то лічаць, што такі тэатр сумны, нецікавы, традыцыйны. Гэта клішэ.

Але эксперымент, які бесперапынна прапагандуецца, губіць сапраўдны тэатр.

Справа не ва ўплеценых у спектакль іншародных кампанентах, якія ты выхапіў у сённяшнім дні і выклаў як нанаканцэпцыю Чэхава. Справа ў тым, што добры рэжысёр ведае, як трэба, а майстар ведае, як не трэба. У гэтым і грань.

Я не магу ацаніць сябе як рэжысёра. Для гэтага ёсць крытыкі і гледачы. Але я стараюся вучыцца таму, як не трэба. Сёння шмат пастановак, і яны часам нагадваюць бабулін дыванок: пашытыя з розных кавалкаў і розных нітак. Насычаны спектаклі настолькі, што складана ў іх разабрацца. А ў пастаноўцы хочацца бачыць невыпадковыя дэталі, а не выпадковасці, бо яны — прыкмета дылетантызму. Таму што прафесіяналізм — гэта адбор. У Таркоўскага ў фільмах няма ніводнай выпадковай дэталі. Усё падпарадкавана задуме. І гэта таксама менавіта тое, да чаго я сёння імкнуся.

Прафесійнасць

— У спектаклях вельмі многае залежыць ад рэжысёрскай задумы і абранага матэрыялу. Формулу задумы знайсці складана: яна альбо ёсць, альбо яе няма. Але калі яе знаходзіш, знутры цябе проста абпальвае. Галоўнае, каб тое была сапраўдная знаходка. Часам шукаеш, шукаеш, нават пачынаеш угаворваць сябе, што знайшоў, а на самай справе не знайшоў, тады спектакль атрымліваецца не такі добры. Тэатр — гэта мастацтва на добраахвотных пачатках, тут не можа быць прэсінгу або гвалту, толькі адна ўлада — улада мастацкай задумы. Калі будзеш указваць артысту, што рабіць, а ён не будзе разумець ідэі, з яго атрымаецца марыянетка. Калі працуеш натхнённа, трэба ўсе бар’еры рассоўваць. Рэжысёр — гэта Моцарт і Сальеры ў адной асобе. Прыдумляць трэба, як Моцарт, а ставіць — як Сальеры.

Сёння я вучуся нестандартна бачыць матэрыял. І гэта частка майго шляху. Вось зрабіў я «Гора ад розуму». Першае пытанне, якое мне задалі з нагоды спектакля, было такім: «Па словах Меерхольда, Чацкі з дому Фамусавых выйшаў на Сенацкую плошчу. А як у вас?» А я ж разумею, што Чацкі не ведаў, што такое Сенацкая плошча. Як ён мог на яе выйсці, калі яе яшчэ не было? Я стараюся разбірацца з першакрыніцамі, каб не страціць аўтарскае бачанне. У мяне ў «Горы ад розуму» Соф’я, якая стаіць паміж бацькам, Малчаніным і Чацкім, не ведае, куды ісці. Таму што, валодаючы розумам (а Соф’я — разумная дзяўчына), вельмі цяжка зрабіць выбар сумленна, за кім пайсці. І гэтае рашэнне ў спектаклі я выцягнуў з жыцця Грыбаедава.

Я заўсёды хацеў ведаць тэатр ад цвіка да бухгалтарскага рахунку.

Рэжысёр не павінен быць дылетантам. Таму што рэжысёр — гэта велізарная сфера адказнасці. Бо, акрамя творчай, ён удзельнічае ў абмеркаванні адміністрацыйнай, гаспадарчай часткі. Вядома, ты можаш прайсці міма. Але тады які ты мастацкі кіраўнік? Гэтая пасада значна шырэйшая. Ты павінен камандаваць фронтам.

Тэатр — мастацтва маладых душой. Расціслаў Іванавіч Янкоўскі, з якім мне пашчасціла працаваць, апошнія гады быў абсалютна галодным маладым артыстам, які ўгрызаўся ў ролю. Успамінаю Рамана Вікцюка 70-гадовага: ён з такім гарачым вокам працаваў, што любы малады рэжысёр мог пазайздросціць такой энергетыцы.

Я люблю тэатр, у які прыходзяць гледачы розных узростаў. Я прыхільнік Георгія Таўстаногава, лічу яго адным са сваіх настаўнікаў. Увесь час яго чытаю, раюся з ім. Бо ён стварыў тэатр, у якім было цікава ўсім: і крытыку, і слесару, і маладому артысту. Я лічу, што тэатр — гэта дом, дзе кожнаму цікава знаходзіць нешта важнае і блізкае для сябе.

Крытыка ці крытыканства?

— На жаль, сёння мала крытыкі, а больш крытыканства. Калі казаць пра крытыку (а я яе вельмі люблю), то сапраўдная крытыка — гэта глыбокая тонкая работа, у якой крытык зацікаўлены ў тым, каб тэатр стаў лепшы. Сёння ж любы блогер дазваляе сабе проста раптоўныя выпады, якія складана назваць крытыкай, гэта хутчэй банальнае абмеркаванне. А вось якраз сапраўдная канструктыўная крытыка заўсёды цікавая, заўсёды развівае. Тут такая ж сітуацыя, як і з маладой рэжысурай, крытык нам заяўляе: «Глядзіце, які я начытаны, як я стратэгічна мыслю». Няма аналізу, але ёсць самапіяр. Час такі. Я зноў жа вяртаюся да таго, што трэба быць больш сціплымі. Разумнага чалавека пачуюць без эпатажу, бо ён валодае магнетызмам і яго хочацца слухаць.

Новая псіхалогія

— Рынак сёння пагібельна ўздзейнічае на схему прафесійнага мастацтва. Тэатр у большай ступені становіцца сферай забавы, прыходзіць ужо сапсаваная рынкам публіка, у якой выпрацавана псіхалогія спажывання. Вось я прыйшоў, давайце мне сюжэт. Выбар ёсць, а момант пошуку адсутнічае. У 1976 годзе мне пад Новы год вельмі захацелася апельсінаў. 31 снежня мы ў Брэсце з мамай ішлі дадому. Убачылі палатку, у якой была кіламетровая чарга па гэтыя апельсіны. Я кажу: «Мама, давай пастаім, я так хачу апельсінаў». А мама адказала: «Сярожа, я не буду стаяць». Я адказаў: «Я буду стаяць». Прастаяў у чарзе дзве гадзіны, потым падышла мама, і мы купілі два кілаграмы апельсінаў. Я хадзіў горды, што іх здабыў. Сёння гэта па-іншаму: прыходзіць глядач у залу, ён не настроены шукаць і знайсці, ён настроены толькі спажываць.

У ідэале тэатр павінен быць падзеяй.

Глядач павінен ведаць, на якую п’есу ідзе, павінен разумець, пра які час ідзе гаворка, каб прыйсці на спектакль і адчуць задуму рэжысёра, гульню акцёраў, адкрыць нешта новае для сябе. У Маскве ў адным з тэатраў я назіраў, як дзве дамы чакалі ў тэатры, калі пробкі на дарогах стануць меншыя. Вось так рынак сёння мяняе псіхалогію гледача. Па Дастаеўскім тут палка з двума канцамі, то бок ёсць два варыянты развіцця лёсу тэатра: улічыць усе інтарэсы гледача і быць бульварным тэатрам, або стаць пляцоўкай ОК16, але гледачоў там будзе 80 ці 100 чалавек. Мне здаецца, што ісціна дзесьці пасярэдзіне. Сёння я шукаю глядацкую мадэль тэатра.

Любая навацыя, калі яна не захоплівае ўсеагульную глядацкую ўвагу, сыходзіць у пясок. Сёння ў тэатры забыліся пра слова, якое агучыў Арыстоцель шмат стагоддзяў таму: «катарсіс» — духоўнае перараджэнне чалавека ад убачанага, ад твора, які трапіў у душу. Рэжысёр ва ўсе часы — менавіта той чалавек, які здольны публіку давесці да стану катарсісу. Станіслаўскі заклаў тэатр як навуку з выразнымі крытэрыямі ацэнкі, з выразнай тэрміналогіяй. А сёння любы перформер адчувае сябе геніяльным рэжысёрам. І гэта размывае межы. Трэба зноў нашым тэатралам вучыцца думаць прафесійна.

Дзіцячая аўдыторыя

— Я вельмі люблю дзяцей. І лічу, што іх трэба да тэатра прывучаць. Самае важнае — першы кантакт дзіцяці з тэатрам. Калі ў маленькага гледача з’яўляецца цікавасць, то адбываецца развіццё ў сістэме. Дзеці ў тэатры адкрываюць для сябе свет. Таму вельмі важная роля чалавека, які ім адчыніць гэтыя дзверы. Для рэжысёра і акцёраў гэта вялікая адказнасць. Я не люблю ставіць казкі, а стаўлю дзіцячыя спектаклі. І яны па каштарысе не саступаюць дарослым. Бо нельга малому даваць зробленую спехам цацку, павінна быць цікава і з сэнсам.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.