Вы тут

Беларусь пераймае традыцыю Венскіх баляў


Беларуская бальная культура даволі даўняя, паспела адчуць на сабе і заходні, і ўсходні ўплыў. І, як ні дзіўна, традыцыя не перарвалася і па сёння, хаця большасці сучасных беларусаў даволі складана ўявіць сапраўдны свецкі баль.


Павел Латушка, Антон Бладзік і Алаізія Вёргетэр падчас прэс-канферэнцыі.

Напрыканцы гэтага года такая магчымасць з’явіцца, а да беларускай бальнай культуры далучыцца адна з найбольш маштабных традыцый у гэтай галіне. 14 снежня чакае надзвычайная падзея — першы «Венскі баль з А1 у Купалаўскім». Арганізатары мерапрыемства — Купалаўскі тэатр, Пасольства Аўстрыі ў Рэспубліцы Беларусь і кампанія А1. Прадстаўнікі арганізатараў распавялі пра незвычайны праект падчас прэс-канферэнцыі.

Венскі баль — традыцыйная імпрэза, якая штогод ладзіцца ў Венскай дзяржаўнай оперы. Яна ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і мае фіксаваную праграму. Усё пачынаецца з паланэза дэбютантаў: маладыя людзі адкрываюць баль і быццам дэманструюць сябе вышэйшаму свету. Гэта своеасаблівая метафара сталення, абрад ініцыяцыі. Першы танец для гасцей — абавязкова вальс Штрауса. Пасля — шматлікія танцы з розных культур, апоўначы абавязковы агульны танец усіх гасцей. Строга замацаваных пар для танцаў няма, прынцып вечара — усе танцуюць з усімі. Арганізатары жартуюць, што, вядома ж, не будуць на ўваходзе правяраць харэаграфічныя навыкі. Пасол Аўстрыі Алаізія Вёргетэр звярнула ўвагу на тое, што, нягледзячы на арыстакратычную атмасферу, госці балю ў першую чаргу павінны атрымліваць задавальненне ад танцаў і камунікацыі, а ідэальнае выкананне класічных харэаграфічных кампазіцый неабавязковае.

Вядома ж, гэта асноўнае правіла, якое будзе перанесена ў беларускі варыянт імпрэзы. Пляцоўкай для яе стане галоўная зала Купалаўскага тэатра, які з пачатку свайго існавання быў пераймальнікам традыцыі баляў у Беларусі. Дырэктар тэатра Павел Латушка распавёў, што 130 гадоў таму, калі Мінскі гарадскі тэатр быў толькі створаны, архітэктар будынка Караль Казлоўскі прыладзіў спецыяльную механічную сістэму, якая дазваляла падняць падлогу глядзельнай залы да ўзроўню сцэны. Сёння гэты механізм ужо, зразумела, не працуе, але менавіта па такім прынцыпе будзе арганізавана пляцоўка балю. Пры гэтым асноўная частка сцэны будзе занятая аркестрам. Павел Латушка адзначыў, што гэты праект стане своеасаблівым аб’яднаннем брэндаў — сусветнага брэнду Венскага балю і нацыянальнага брэнду Купалаўскага тэатра.

Дакладная праграма мерапрыемства пакуль у распрацоўцы. Яна будзе апублікавана адначасова са з’яўленнем у продажы квіткоў. Арганізатары плануюць распаўсю-дзіць 250 квіткоў па адзіным кошце. Ёсць у праекта і дабрачынная мэта — палову сродкаў ад продажу квіткоў накіруюць у SOS-дзіцячыя вёскі — арганізацыю, што займаецца аховай дзяцінства і ўмацаваннем сям’і, выхоўвае дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, падтрымлівае сацыяльна небяспечныя сем’і, супрацоўнічае з установамі адукацыі.

Трапіць на баль бясплатна змогуць дэбютанты — сорак маладых людзей: дваццаць хлопцаў ад васямнаццаці да дваццаці шасці гадоў і дваццаць дзяўчат ад васямнаццаці да дваццаці трох, абавязкова не жанатыя і не замужнія. Да балю яны пройдуць чатырохтыднёвы курс танцаў і майстар-класы па свецкіх паводзінах, вядзенні размовы і этыкету. Выбіраць дэбютантаў будуць пры дапамозе кастынгу сярод усіх, хто падасць заяўку на ўдзел.

Паглядзець на цудоўную падзею тым, хто не трапіць на яе непасрэдна, можна будзе праз анлайн-трансляцыю, якую забяспечыць А1. Удзел у арганізацыі імпрэзы каштоўны для кампаніі не толькі тым, што Аўстрыя — радзіма франшызы А1, але і тым, што падобныя праекты дэманструюць беларускую культуру як неад’емную частку еўрапейскай. Гэта адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па лічбавых платформах і кантэнце Антон Бладзік.

Сама ідэя арганізацыі падобнай імпрэзы вельмі натхняльная, нягледзячы на правядзенне баляў і ў Вялікім тэатры, і на іншых пляцоўках. У межах праекта адкрываюцца вялікія магчымасці для спалучэння даўніх аўстрыйскіх традыцый і беларускай самабытнасці. Гэта адлюструе і музычная праграма, і сцэнарый увогуле, над якім працуюць рэжысёры Купалаўскага. Пры гэтым, нягледзячы на афіцыёз, класічны бальны дрэскод і сапраўды свецкую атмасферу, сучасны Венскі баль элегантна спалучае свецкую строгасць і правільнасць з разняволенасцю: галоўнае на ім — прыемна праводзіць час і атрымліваць асалоду ад танцаў. Для мінскага балю гэты прынцып спрацуе абавязкова.

Дар’я СМІРНОВА

Загаловак у газеце: Галоўнае — асалода ад танцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».