Вы тут

Культура паядноўвае ўсіх


У дні правядзення ў Мінску I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана ў скверы на вуліцы Свярдлова ў межах вуліц Кірава і Ульянаўскай быў адкрыты помнік-бюст Алішэра Наваі — вялікага паэта, дзяржаўнага дзеяча і мысляра, які жыў у XV стагоддзі. У цырымоніі прынялі ўдзел намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Марыяна Шчоткіна, першы намеснік старшыні Сената Олій Мажліса Узбекістана Садык Сафаеў, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Крэпак.


Насірджан Юсупаў, Амбасадар Узбекістана ў Беларусі (злева), вітае Адхама Ікрамава, Старшыню Гандлёва-прамысловай палаты Узбекістана

З надвор’ем пашанцавала: цёпла і сонечна. Запрошаныя прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі Узбекістана, мінскай грамадскасці — а гэта каля 300 чалавек — займаюць месцы на алеях і зялёнай зоне, прылеглай да месца правядзення свята.

Гучаць народныя инструменты: беларускія і ўзбекскія мелодыі граюць салісты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» і ўзбекскага калектыву. Алея ад вуліцы Кірава, якая вядзе да помніка, упрыгожана кампазіцыямі з дзяржаўных сцягоў Беларусі і Узбекістана.

Па абодва бакі алеі стаяць дзяўчаты ў беларускіх і ўзбекскіх строях — па 6 чалавек з кожнага боку. Тыя, хто размясціўся бліжэй да помніка, трымаюць у руках ружы і гваздзікі. Рыхтуюцца ускладваць іх, калі помнік узбекскаму паэту Алішэру Наваі адкрыюць. Сама статуя пакрыта белай тканінай. Па перыметры, ля пастамента стаяць чацвёра юнакоў у беларускіх нацыянальных строях. Гэта салісты ансамбля «Харошкі». Таксама з аднаго боку пастамента на спецыяльных невысокіх подыумах — яшчэ артысты ансамбля «Харошкі». Яны ў беларускіх нацыянальных строях, а з другога боку — артысты ўзбекскага ансамбля класічнай музыкі — ва ўзбекскіх. Назіраюць, як ганаровыя госці прыбываюць да месца правядзення свята і размяшчаюцца сярод удзельнікаў цырымоніі.

Нарэшце, урачыста гучаць фанфары.

Да мікрафонаў выходзяць: Марына Грыцук, вядучая праграм Другога нацыянальнага тэлеканала Беларусі, і Жамшыд Умурзакаў, дыктар Узбекскага тэлебачання.

Ён чытае ўрывак з верша Алішэра Наваі на ўзбекскай мове. А Марына Грыцук, акцэнтуючы нашу ўвагу на тым, што вершы і паэмы Алішэра Наваі перакладзены на многія мовы свету, чытае ўрывак таксама з твора Наваі, перакладзены на беларускую мову паэтам і перакладчыкам Уладзімірам Дубоўкам: «Бяздонна мора слоў!/ Ніхто ж у нас/ Не можа вычарпаць яго запас./ І нават я, лавец зусім слабы,/ Нырнуўшы ў мора пасля ўсіх нібы, —/ Каштоўны скарб такі сабраць спрамог,/ Што гонар за яго мне ў сэрца лёг…».

Вядучыя па чарзе распавядаюць і пра тое, хто такі Алішэр Наваі, і чаму ў гонар выбітнага ўзбекскага паэта, мысляра, асветніка, дзяржаўнага дзеяча Нізамідзіна Мір Алішэра, які здабыў сусветнае прызнанне пад імем Алішэра Наваі, адкрываецца помнік-бюст.

Прысутныя, і мы ў іх ліку, даведваемся: у гісторыі Алішэр Наваі пакінуў след як паэт, мудры і справядлівы дзяржаўны дзеяч, дзякуючы якому старажытны горад Герат ператварыўся ў квітнеючы культурны цэнтр. Ён жыў у XV стагоддзі, ствараючы свае літаратурныя творы на чагатайскай, персідскай, цюркскай, узбекскай і ўйгурцкай мовах. Творчая спадчына гэтай унікальнай асобы ўключае ў сябе каля 30 буйных твораў: зборнікаў вершаў, паэм, філасофскіх і навуковых трактатаў. Алішэр Наваі быў заступнікам навук і мастацтваў, а таксама чалавекам, які дапамагаў бедным і абяздоленым. Увесь адукаваны свет ведае і шануе яго як аўтара збору твораў з пяці паэм «Хамсэ» і больш чым 3000 газэляў.

Вядучыя нагадваюць нам пра тое, што беларускія і ўзбекскія народы паядноўвае далікатнае, паважнае стаўленне да слова, паэзіі, роднай мовы. І як даніна павагі беларускай культуры ў 2018 годзе ў Ташкенце быў усталяваны бюст Якубу Коласу, чыя творчасць непарыўна звязана з узбекскай зямлёй.

І вось — дзень адкрыцця помніка-бюста выдатнага паэта Усходу, заснавальніка ўзбекскай мовы і літаратуры Алішэра Наваі як бачнае сведчанне духоўнай роднасці і непарушнай дружбы беларускага і ўзбекскага народаў настаў.

Як знак сімвалічнай сустрэчы двух геніяў гучаць і творы на вершы Якуба Коласа і Алішэра Наваі. Аркестравая група і салісты ансамбля «Харошкі» выконваюць песню кампазітара Ігара Лучанка на вершы Якуба Коласа «Мой родны кут». А пасля гучыць музычны твор на вершы Алішэра Наваі ў выкананні ўзбекскага ансамбля класічнай музыкі.

Помнік Алішэру Наваі ў Мінску

Помнік Якубу Коласу ў Ташкенце

Пасля завяршэння выступлення беларускія і ўзбекскія салісты яшчэ застаюцца на подыумах да заканчэння цырымоніі.

Вядучыя дзякуюць ім і запрашаюць да мікрафона намесніцу Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Марыяну Шчоткіну і першага намесніка Старшыні Сената Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан Садыка Сафаева для прывітання ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі.

Выступаючы на цырымоніі, Марыяна Акіндзінаўна заўважае, што працы Наваі не губляюць значэння і ў наш час:

— Адкрыццё помніка выдатнаму сыну Узбекістана, мысліцелю Алішэру Наваі — светлая і ўрачыстая падзея. Ён быў не толькі паэтам, але і вялікім гуманістам. Яго творы перакладзены на многія мовы свету. Сваёй глыбокай філасофіяй, разнастайнасцю вобразаў ён і сёння прыцягвае мноства людзей да сваіх твораў.

Акрамя таго, яна падкрэсліла:

— Можна смела сказаць, што гэта — спадчына ўсяго чалавецтва. Мудрыя словы Алішэра Наваі: нагода, каб дзейнічаць нам — тым, хто жыве ў сучасным свеце. Культура аб’ядноўвае ўсіх і з’яўляецца асновай міру, у яе няма межаў. Мы любім культуру Беларусі і шануем культуру Узбекістана. І ўпэўненыя, што духоўная аснова, якая аб’ядноўвае ўсе народы, была, ёсць і будзе.

А Садык Сафаеў сказаў, што для яго вялікі гонар удзельнічаць у адкрыцці бюста вялікаму сыну ўзбекскага народа ў сталіцы брацкай Беларусі. Ад імя народа Узбекістана ён выказаў шчырую ўдзячнасць Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, мэрыі і грамадскасці Мінска за праяўленую павагу да памяці вялікага продка.

— Алішэр Наваі займае асаблівае месца ў сэрцы кожнага ўзбека. Яго творчасць пакінула глыбокі след у культуры нашага народа. З неперасягнутай паэтычнай сілай ён апеў лепшыя чалавечыя якасці, пачуцці, любоў да сваёй радзімы і народа, роднай мовы. Алішэр Наваі быў першым выбітным паэтам, які адкрыў свету маляўнічы і незвычайна вобразны свет узбекскай мовы, — дадаў ён. — Але Наваі быў і геніяльным асветнікам, вядомым дзяржаўным дзеячам сваёй эпохі, падтрымліваў навукоўцаў, мысляроў, мастакоў, на свае ўласныя сродкі ўзвёў 380 грамадскіх будынкаў. Яго спадчына арганічна ўпісваецца ў сусветную культуру.

Па словах Садыка Сафаева, Узбекістан разглядае Беларусь як надзейнага партнёра, выпрабаванага часам. І адносіны з ім з’яўляюцца адным з галоўных прыярытэтаў знешняй палітыкі. А адкрыццё помніка Наваі пацвяржае: сувязі паміж двума народамі мацнеюць.

Ганаровае права адкрыць помнік-бюст Алішэра Наваі надаецца Марыяне Шчоткінай і Садыку Сафаеву, Міністрам культуры Беларусі і Узбекістана Юрыю Бондару і Бахціёру Сайфулаеву, першаму намесніку старшыні Мінскага гарвыканкама Фёдару Рымашэўскаму і аўтару помніка-бюста, маладому скульптару Максіму Макарэвічу.

Прызнаемся, гэта быў хвалюючы момант.

Удзельнікі цырымоніі падыходзяць да помніка-бюста. Юнакі ў беларускіх нацыянальных строях падаюць ім вяровачкі, замацаваныя на белым палатне, якое пакрывала помнік-бюст. І пасля гэтага пад гукі музыкі палотнішча з помніка-бюста сцягваецца. Яго адразу ж юнакі адносяць у бок ад пастаменту. А дзяўчаты ў беларускіх і ўзбекскіх нацыянальных строях падаюць ганаровым гасцям кветкі. Вядучыя прапануюць ім ускласці кветкі да падножжа помніка-бюста. Падчас ускладання гучыць інструментальная музыка ў выкананні артыстаў аркестра ансамбля «Харошкі».

Пасля ганаровыя госці займаюць месцы справа і злева ад помніка- бюста.

Услед за імі юнак у беларускім нацыянальным строі і дзяўчына ва ўзбекскім устанаўліваюць да падножжа помніка-бюста кошык кветак ад Амбасады Узбекістана ў Беларусі. Тут жа побач і Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Узбекістана ў Беларусі Насірджан Юсупаў. Усклаўшы кветкі, ён займае месца побач з ганаровымі гасцямі.

Вядучыя абвяшчаюць закрыццё цырымоніі, дзякуюць усім, хто прыняў у ёй удзел, і жадаюць шчасця і росквіту брацкім народам Беларусі і Узбекістана.

А пасля таго, як ганаровыя госці пакінулі месца правядзення мерапрыемства, вядучыя прапанавалі ўскласці кветкі да падножжа помніка-бюста ўсім тым, хто меў такія намеры.

Валянціна і Іван Ждановічы

Фота sb.by, sputnik.by і БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».