Вы тут

За сяброўскім сталом бяседа


Пачынаючы з 2007 года, добрай традыцыяй Дня беларускага пісьменства стала правядзенне Міжнароднага круглага стала з агульнай ідэяй: «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго»


І сёлета, 31 жніўня, у самы пярэдадзень галоўнага асветніцкага свята краіны ў Слонім, дакладней — у блізкія да яго старажытныя Жыровічы, прыехалі літаратары не толькі з Беларусі, але і з Азербайджана, Грузіі, Італіі, Індыі, Казахстана, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны.

З вітальным словам да ўдзельнікаў дыскусій звярнулася першая намесніца старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, публіцыстка Алена Стэльмах. У прыватнасці, яна адзначыла высокі ўзровень стасункаў творчай арганізацыі з нацыянальнымі Саюзамі літаратараў іншых краін. Пра гэта сведчаць і многія публікацыі твораў айчынных паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, літаратуразнаўцаў у замежных перыядычных выданнях, у кніжных выдавецтвах іншых краін.

Добры зачын размовам, а часам і спрэчкам, падаў намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», кандыдат філалагічных навук Мікола Трус. На прыкладзе беларуска-славацкіх літаратурных сувязяў даследчык засведчыў усю глыбіню міжнародных стасункаў беларускай літаратуры. Адзначыў, што даўнейшыя практыкі і сёння адыгрываюць важную ролю ў фармаванні новых памкненняў да сяброўства, узаемапранікнення, арганізацыі мастацкіх перакладаў. Над характарам беларуска-славацкіх адносін узвышаецца светлая постаць народнага песняра Беларусі Янкі Купалы, які ў складзе дэлегацыі Саюза савецкіх пісьменнікаў у 1935 годзе наведаў Славакію. Дарэчы, адносна нядаўна была здзейснена экспедыцыя з Беларусі па славацкіх адрасах Янкі Купалы.

Следам за Міколам Трусам тэма стасункаў з беларускай літаратурай гучала і ў іншых выступах удзельнікаў круглага стала. Пра пераклады беларускай паэзіі на грузінскую мову расказаў паэт і перакладчык з Тбілісі Аляксандр Элердашвілі. Закрануў ён пры гэтым і ранейшыя часы, якія ўжо сталі гісторыяй. Спадар Аляксандр унёс таксама і шэраг цікавых адметных прапаноў, рэалізацыя якіх паспрыяла бы болей шырокаму знаёмству грузінскага чытача з беларускім мастацкім светам. Цяпер у Тбілісі рыхтуецца анталогія жаночай паэзіі свету, да ўдзелу ў якой прамоўца запрасіў беларускіх паэтэс. Між іншым, Аляксандр Элердашвілі і сам спрычыніўся да пераўвасаблення беларускай паэзіі на грузінскую мову. Толькі што пабачыў свет зборнік «Санеты» Янкі Купалы на мовах свету. Грузінскі пераклад належыць Аляксандру Элердашвілі. У кнізе неўміручае купалаўскае слова гучыць на беларускай і яшчэ 16 (!) мовах.

Тэма перакладаў, прадстаўлення беларускай літаратуры ў іншамоўнай прасторы стала асновай выступлення новасібірскага паэта Уладзіміра Бяразева, які доўгі час працаваў галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага часопіса «Сибирские огни». Менавіта гэтае выданне ўжо ў постсавецкі час пазнаёміла сваіх чытачоў з творчасцю многіх сучасных паэтаў і празаікаў Беларусі: з Алесем Пашкевічам, Валерыям Казаковым, Аленай Бравай, Алесем Бадаком… Між іншым, што датычыць беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў, то ў гэтым кірунку напрацоўкі досыць грунтоўныя. Па-першае, у Беларусі ў апошнія гады выйшла нямала кніг, якія на рускай і беларускай мовах знаёмяць літаральна з дзясяткамі пісьменнікаў Расіі. І не толькі тых, хто працуе ў рускай літаратуры, але і ў нацыянальных літаратурах Расійскай Федэрацыі: башкірскай, чувашскай, балкарскай, чачэнскай, калмыцкай, удмурцкай, татарскай, марыйскай… У Мінску выйшлі ці рыхтуюцца да друку кнігі вершаў народнага паэта Татарстана Рэната Харыса, народнага паэта Чувашыі Валеры Тургая, народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі, чачэнскага паэта Адама Ахматукаева, калмыцкага паэта Эрдні Эльдышава, маскоўскіх літаратараў Любові Турбіной, Алеся Кажадуба, Аляксандра Чэрняка, кніга вершаў Яўгенія Еўтушэнкі, зборнік апавяданняў Валянціна Распуціна… Выйшла дзве кнігі народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна — зборнік вершаў у серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі» і кніга вершаў, адрасаваных юнаму чытачу. Перакладчыкі на беларускую мову — Мікола Мятліцкі і Яна Явіч.

Перакладчыцкая справа — аснова асноў у стасунках паміж мастацкімі літаратурамі. І гэта падкрэслівалі ўсе ўдзельнікі размовы. Арганізацыя перакладчыцкіх праектаў — магістральны шлях з дзвюма палосамі. У Беларусі істотную падтрымку ў гэтай справе аказвае дзяржава. Гэта датычыць і выдання літаратурна-мастацкіх часопісаў «Полымя», «Маладосць» і «Нёман», газеты «Літаратура і мастацтва». А таксама датавання ў выданні мастацкіх кніг, у тым ліку і перакладных. У апошнія гады з істотнай матэрыяльнай падтрымкай дзяржавы выйшлі дзве аўтарскія анталогіі кітайскай паэзіі ў перакладах Міколы Мятліцкага: «Пад крыламі Дракона» і «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы». Гэтыя ёмістыя зборнікі, у кожным з якіх прадстаўлены па 100 паэтаў Кітая, сталі падзеяй у літаратурным жыцці Беларусі. Былі праведзены прэзентацыі, у друку з’явіліся рэцэнзіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі і цяпер працягвае перакладаць кітайскую паэзію. Дарэчы, толькі што пабачыла свет кніга вершаў класіка кітайскай паэзіі Лю Юйсі «Восеньскі вецер» у серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая». Перакладчыкі — Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп, Таццяна Сівец, Юлія Алейчанка. Дарэчы, усяго ў гэтай серыі, пачатак якой быў пакладзены ў 2014 годзе, пабачылі свет ужо чатырнаццаць паэтычных зборнікаў: Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна, Мэн Хаажаня, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня, Сюй Чжымо, Вэнь Ідо, іншых класікаў і паэтаў-сучаснікаў.

Другі складнік ці «другая палоса адной дарогі» — творчая, пісьменніцкая ініцыятыва. Вакол рэдакцый літаратурных часопісаў сфармаваўся сталы атрад беларускіх перакладчыкаў. Іх імёны добра вядомы чытачам: Юлія Алейчанка, Таццяна Сівец, Навум Гальпяровіч, Марыя Кобец, Міхась Пазнякоў, Віктар Шніп, Іна Фралова, Святлана Быкава…

«Здзіўляе сістэмная паслядоўнасць, з якой беларускія перакладчыкі засвойваюць сусветны мастацкі досвед, — заўважыла ў сваім выступленні загадчыца аддзела міжнародных сувязяў Інстытута літаратуры і мастацтва імя Мухтара Амарханавіча Ауэзава Міністэрства адукацыі і навукі Казахстана, кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева. — Беларускія літаратуры не баяцца зазірнуць у новыя прасторы. Гэта відаць і па іх увазе да казахскай літаратуры. На сваю родную мову пераўвасобіў кнігу легендарнага Абая Мікола Мятліцкі. Сярод перакладчыкаў трох кніг Немата Келімбетава («Не хачу губляць надзею», «Зайздрасць», «Лісты да сына») — Алесь Бадак, Генадзь Аўласенка, Алесь Карлюкевіч. У дзіцячым часопісе «Домік», ведаю, друкуецца аповесць для падлеткаў казахскага празаіка Нурдаулета Акыша…» Святлана Ананьева расказала і пра тое, што ў казахскіх літаратуразнаўцаў наладжаны добрыя сувязі з часопісам «Нёман». Ужо рыхтуецца трэці выпуск часопіса, які прадстаўляе здабыткі казахскай літаратурна-мастацкай крытыкі, казахскага літаратуразнаўства. Практыка досыць цікавая. «Магчыма, з часам мы выбудуем такія стасункі, калі аснову нашых сувязяў будуць дапамагаць умацоўваць старонкі параўнальнага літаратуразнаўства, — сказала Святлана Ананьева. — Што я маю на ўвазе? А чаму б, напрыклад, рэцэнзентамі найбольш адметных твораў беларускай прозы не выступіць казахскім аўтарам? Ніколькі не сумняваюся, што маіх калег павінны зацікавіць не толькі дакументальныя аповесці лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, але і проза Андрэя Федарэнкі, Алены Брава, апавяданні Алеся Бадака, аповесці Валерыя Гапеева… Проста ўпэўнена ў гэтым…» Разам са Святланай Ананьевай з казахскага боку ўдзел у дыскусіях прымалі і другія казахскія госці: намеснік дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва імя Мухтара Амарханавіча Ауэзава, доктар філалагічных навук Альміра Каліева, прафесар Еўразійскага ўніверсітэта імя Льва Мікалаевіча Гумілёва, доктар філалагічных навук Серык Тахан.

З Узбекістана да ўдзелу ў круглым стале далучыліся празаік, перакладчыца, галоўны спецыяліст аддзела міжнародных літаратурных сувязяў і мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Узбекістана Рысалат Хайдарава і першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Узбекістана Мінхажыддзін Хажыматаў. Яны прыехалі на Дзень беларускага пісьменства ў Слонім з сімпатычным падарункам — кнігай вершаў сучасных беларускіх паэтаў на узбекскай мове. Пад адной вокладкай — творы Навума Гальпяровіча, Міколы Мятліцкага, Віктара Шніпа, Леаніда Дранько-Майсюка, Таццяны Сівец, Юліі Алейчанкі. Праўда, адкрываюць кнігу пераклады двух вершаў класіка — народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Але гэтая публікацыя — яшчэ і даніна вечнай павагі да Коласа, які ў час Вялікай Айчыннай вайны жыў і працаваў у Ташкенце. Цяпер у сталіцы Узбекістана ёсць і помнік беларускаму класіку, і адна з вуліц горада носіць яго імя.

«Мы ўжо спраектавалі і новыя справы творчых узаемаадносін з беларускімі пісьменнікамі, — зазначыла на пасяджэнні круглага стала ўзбекская пісьменніца Рысалат Хайдарава. — У Ташкенце выдаецца аўтарытэтны часопіс «Сусветная літаратура». Мы аднойчы здзейснілі на яго старонках «беларускі выпуск». Цяпер вось я павязу з Беларусі новыя тэксты, новыя падрадкоўныя пераклады. Мяркую, што з часам ва Узбекістане складзецца добрае кола перакладчыкаў беларускай літаратуры.

А мадэратар круглага стала Алесь Карлюкевіч распавёў, што ў «Мастацкай літаратуры» рыхтуецца да выдання пераклад паэмы Эркіна Вахідава «Паўстанне бессмяротных» — праца, якую завяршыў беларускі паэт Навум Гальпяровіч. Творы народнага паэта Узбекістана, Героя Узбекістана Эркіна Вахідава ўжо друкаваліся і раней у перакладзе на беларускую — у альманахах «Братэрства», «Далягляды». А што да пераўвасаблення на беларускую мову паэмы ўзбекскага творцы, якая прысвечана шматпакутнаму бангладэшскаму, бенгальскаму паэту Казі Назруло Ісламу, то кніга пабачыць свет на пачатку 2020 года, у пярэдадзень традыцыйнай Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Дарэчы, і ўзбекскія госці, і Алесь Карлюкевіч у размове пра аснову беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязяў згадвалі імёны і Якуба Коласа, і Сцяпана Ліхадзіеўскага, і Эдзі Агняцвет, і Аркадзя Мардвілкі, Рыгора Барадуліна, а яшчэ — Зульфіі, Хаміда Алімджана, іншых узбекскіх пісьменнікаў.

Новыя сувязі павінны развівацца з улікам ужо зробленага. Ранейшыя прыклады, факты літаратурнага пабрацімства павінны вывучацца, разглядацца як вытокі, як падказка, якім шляхам рухацца далей.

З іншых удзельнікаў круглага стала нельга не ўзгадаць Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Індыі ў Рэспубліцы Беларусь, пісьменніцу Сангіту Бахадур. Яна абрала тэмай свайго выступа наступныя абсягі — «Фэнтэзі: жанр, які аб’ядноўвае сусветную літаратуру». Як празаік Сагніта Бахадур якраз і піша раманы-фэнтэзі. Індыйская пісьменніца з вялікай ахвотай прапаноўвае свае творы для перакладу на беларускую мову. Размова Амбасадара з Дэлі акрэсліла і наступную акалічнасць. Сярод дыпламатаў, якія прадстаўляюць у Беларусі іншыя краіны, дастаткова творчых людзей. І не ўлічваць гэтага нельга. Знаёмства з імі дазволіць болей грунтоўна выбудаваць масты літаратурных стасункаў, весці шырокі мастацкі дыялог.

Шмат цікавых думак выказаў у час свайго выступа і госць з Польшчы — пісьменнік і падарожнік Яцэк Палкевіч. Ён з’яўляецца аўтарам многіх кніг, якія расказваюць пра розныя куточкі свету. Яцэк Палкевіч толькі яшчэ адкрывае Беларусь. Ён шмат гаварыў пра тое, што ўжо першыя сустрэчы з Беларуссю, яе людзьмі пераконваюць яго ў вартасцях турыстычнага патэнцыялу нашай краіны, пра які павінна шырока распавядаць і мастацкае, публіцыстычнае слова.

Літву на круглым стале ў Жыровічах прадстаўлялі дзіцячы пісьменнік Яронімас Лауцюс, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў Леў Месенгісер. Малдову — празаік, эсэіст, драматург Мікалай Русу. Сербію — пісьменнік Уладзімір Кецмановіч. Украіну — культуролаг, перакладчык Глеб Кудрашоў. Таджыкістан — празаік Хатлоні Салімі. Азербайджан — публіцыст, гісторык Балдадаш Ганбараў. Італію — публіцыст, прафесар гісторыі Рымскага ўніверсітэта La Sapienza. Расію — пісьменнік, архівіст Аляксандр Карскі, старшыня Савета грамадскай арганізацыі «Уздэні Дагестана», кіраўнік грамадскай арганізацыі «Беларусь — Дагестан» Керымхан Умаханаў. Кожнаму з іх было што расказаць сваім калегам. А самае галоўнае — кожны прыехаў у Беларусь з даволі канкрэтнымі ініцыятывамі. І якраз гэта самае важнае, бо рэалізацыя тых ці іншых клопатаў спрыяе пашырэнню ведаў пра розныя краіны, пашырэнню беларускага мастацкага слова, а значыць і самой Беларусі ў шматнацыянальным свеце.

Мікола Раўнапольскі

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.