Вы тут

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»


Самыя актыўныя і пазітыўныя шматдзетныя сем'і з усіх абласцей краіны сабраліся ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў на фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года».


...Атмасфера ў зале незвычайная, чароўная. Групы падтрымкі як мага гучней імкнуцца пазнаёміць усіх прысутных са сваімі фаварытамі. Дык хто ж яны? Дзяніс і Марына КУЛАКОВЫ з Віцебска, якія выхоўваюць трох дачок — Ксюшу, Кіру і Сашу; сям'я КАЧУРАЎ з Ліды, у якой бацькі Андрэй і Людміла таксама маюць трое дзяцей: Леру, Максіма і Мікіту. А ў Сяргея і Алены НІКАЛАЕВЫХ з Магілёва іх пяцёра: Андрэй, Алеся, Уладзіслаў, Аляксандра і Станіслава; сям'я КОЦІКАЎ з Брэста, дзе ў бацькоў Сяргея і Наталлі растуць сыны Андрэй, Валодзя і дачка Маша. Дзве блізняты-дзяўчыны Эльвіра і Аліса, а таксама два блізняты-хлопцы Дзяменцій і Дзмітрый у сям'і НІКІЦІНЫХ з Гомеля; Мінскую вобласць прадставіла сям'я ІВАШКАЎ, дзе ў бацькоў Дзмітрыя і Анастасіі ажно пяць дачок; удзельнікі конкурсу з Мінска — сям'я БЫЧКОЎСКІХ, у таты Дзмітрыя і мамы Вольгі васьмёра дзяцей.

Пакуль сем'і настройваліся на патрэбны лад перад выступленнямі, з прывітальным словам выступіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй КУНЦЭВІЧ, які адзначыў, што абсалютная любоў маці — галоўная абарона і аснова дабрабыту сям'і, а значыць, усёй краіны. «Гэты конкурс — яшчэ адна нагода ганарыцца тым, што ў нас ёсць цудоўныя сем'і, цудоўныя жанчыны-маці і ёсць краіна, дзе паважаюць сямейныя каштоўнасці. Дзе матчына любоў робіць цябе па-сапраўднаму шчаслівым».

«Моцная сям'я — моцная краіна. У Беларусі дзесяць тысяч матуль, якія выхоўваюць і выхавалі пяць і больш дзетак, яны ўзнагароджаны ордэнам Маці. Звыш 560 атрымалі яго сёлета. Але галоўнае для кожнай маці — каб дзеці вырасталі прыстойнымі, сумленнымі людзьмі. З любоўю да радзімы, да іншых людзей, і, канешне, да бацькоў», — сказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ.

Пасля добрых слоў — у творчае спаборніцтва! Падчас першага этапу конкурсу пад назвай «Радавод» усе сем'і-фіналісты прадэманстравалі свае здольнасці і артыстызм. Як? Праз гісторыю свайго роду, сямейныя звычаі і традыцыі. Напрыклад, сям'я Івашкаў з Нясвіжа падзялілася, што ў іх шматдзетнасць перадаецца ўжо не адно пакаленне. У сям'і Кулаковых светаўспрыманне заўсёды ідзе праз вершы. Сям'я Коцікаў распавяла, што ў іх радаводзе сабраны імёны 108 продкаў з пяці пакаленняў. Яны беражліва захоўваюць такія рэліквіі, як лісты з фронту дзеда Захара і ўнікальная вышыўка прабабулі Фёклы. «Усе радасці перажываем разам і ўсе пытанні вырашаем сумесна», — падзяліліся фіналісты з Брэста. А вось Вольга Бычкоўская паведаміла ўсім прысутным, як пры першай сустрэчы з будучым мужам Дзмітрыем расказала яму пра гісторыю жыцця прабабулі Вольгі, у якой было пяць дачок і тры сыны. «Нічога сабе», — адрэагаваў муж. Але цяпер яны самі выхоўваюць васьмёра дзяцей. Сям'я Нікалаевых спела на сцэне ваенную песню і нават паказала перформанс — на некалькі хвілін яны апынуліся і перанеслі іншых у далёкі 1942 год, дзе сустрэліся з адным са сваіх продкаў.

«Мой дом — мая крэпасць», — так лічаць члены сям'і Нікіціных. Мама Надзея і тата Мікалай разам ужо больш за 20 гадоў. З дзецьмі яны прадэманстравалі спартыўныя здольнасці. Дзяменцій на прафесійным узроўні займаецца водным пола, Дзмітрый — скачкамі на акрабатычнай дарожцы, а Аліса і Эльвіра — спартыўнай акрабатыкай.

Другое заданне для фіналістаў — прадстаўленне праекта «Мая краіна — мая сям'я». У ім удзельнікі конкурсу прадэманстравалі сваю актыўную жыццёвую пазіцыю, а таксама творчыя захапленні. Сям'я Кулаковых падзялілася з гледачамі сваёй любоўю да нацыянальных традыцый, прадставіўшы народны абрад «Жаніцьба Коміна». Сям'я Бычкоўскіх распавяла аб сацыяльным праекце «Дзіця, народжанае сэрцам». Акрамя васьмі дзетак, якія нарадзіліся ў сям'і, нядаўна ў іх з'явіўся прыгожы хлопчык Паша з дзіцячага дома, над ім бацькі ўзялі патранат, і цяпер ён — таксама адзін з вялікай каманды Бычкоўскіх. Сям'я Івашкаў расказала ўсім прысутным аб тым, што яны любяць збірацца разам на выхадных, пячы духмяныя пірагі і піць чай. Аказалася, у родных ёсць старадаўні абярэг — Малітваслоў, які яны чытаюць кожны вечар. У горадзе Анастасія і Дзмітрый стварылі сямейны клуб, дзе дзеляцца вопытам выхавання дзяцей з іншымі бацькамі. А на сцэне Івашкі прадэманстравалі песні, танцы і выдатнае пачуццё гумару. «Нездарма наш тата з раніцы да вечара прападае на рабоце. Паспрабуйце апрануць столькі прыгажосці!» — кажуць яго пяць маленькіх дачушак.

Сям'я Нікіціных паведаміла аб прыхільнасці да здаровага спосабу жыцця і парадавала гледачоў яркім акрабатычным нумарам: «Спорт вучыць нас глядзець на свет з любоўю, у рэальнасць увасабляць мары». Сям'я Коцікаў узняла праблему забруджання планеты бытавымі адходамі. Ужо больш за дзесяць гадоў яны сартуюць смецце: «Мы не будзем стаяць убаку, навядзём парадак на нашай Зямлі». Не пакінуў раўнадушным гледачоў сацыяльны праект сям'і Нікалаевых «Дом дабрыні». Усе дзеці і бацькі прайшлі навучанне па сцэнічнай мове, аратарскім майстэрстве і вакале і пачалі ажыццяўляць мару. У дзіцячым доме-інтэрнаце Глускага раёна правялі тэатралізаваную праграму, у «Доме дзіцяці» ў родным горадзе з дзецьмі да трох гадоў — клоўнатэрапію, у абласной дзіцячай бальніцы — творчыя майстар-класы. І гэта яшчэ не ўсё. Алена дзялілася з маладымі мамамі Магілёва вопытам выхавання дзяцей, тым, як забяспечыць іх бяспеку
ў доме.

Пасля ўсіх выступленняў для прысутных надышла чарга песень і танцаў, а для журы — адказныя хвіліны вызначэння пераможцаў. Перад тым як агучыць вынікі, арганізатары конкурсу выказалі словы падзякі фіналістам. Памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце Узброеных Сіл — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Леанід КАСІНСКІ адзначыў, што вельмі радасна, калі ўсіх фіналістаў конкурсу аб'ядноўваюць аднолькавыя сямейныя каштоўнасці: шанаванне старэйшых, традыцый краіны і продкаў, павага да іншых: «Калі дзяржава складаецца з такіх сем'яў, то ў яе вялікая будучыня».

Міністр аховы здароўя Уладзімір КАРАНІК падзяліўся шчырымі пачуццямі ад убачанага на святочным вечары. «Як бацька я быў вельмі крануты, назіраючы за такой колькасцю актыўных, таленавітых дзяцей. Як грамадзянін сваёй краіны я адчуў гонар за тое, што ў дзяржаве здолелі захаваць пераемнасць пакаленняў, — мы памятаем сваю гісторыю і з аптымізмам глядзім у будучыню. Як міністр аховы здароўя з радасцю адзначыў для сябе, што амаль усе сям'і ў сваіх сацыяльных праектах звярнулі ўвагу на здаровы спосаб жыцця. Гэта вельмі правільны падыход. Дзякуй вам за тое, што знайшлі ў сабе сілы выхоўваць столькі дзетак і прывіваць ім правільныя каштоўнасці».

— Тое, што адбывалася тут, нікога не пакінула раўнадушным, — прызнаўся намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір КУХАРАЎ. — Прыемна, што сям'я — галоўная каштоўнасць нашага грамадства. І такіх у Беларусі вельмі шмат. Дзяржава будзе рабіць усё магчымае, каб яны ў нашай краіне былі шчаслівыя, здаровыя і каб усё ў іх атрымлівалася.

Дыпломы ІІІ ступені ўручылі адразу некалькім сем'ям — Коцікам, Кулаковым, Качурам і Івашкам. Дыпломамі ІІ ступені журы ўзнагародзіла сем'і Нікіціных і Бычкоўскіх. «Сям'ёй года» прызнаныя Нікалаевы. «Мы вельмі рады! Немагчыма стрымаць слёзы! — не хавалі эмоцый пераможцы. — Мы не падвялі свой родны горад і яшчэ раз пацвердзілі: калі ты разам з вялікай сям'ёй, усё атрымліваецца». Акрамя таго, Нікалаевы атрымалі грашовую ўзнагароду ў памеры 1,9 тысячы рублёў. Ад спонсараў конкурсу ўсім фіналістам у падарунак уручылі персанальныя камп'ютары, тэлевізары, ровары, салодкія вырабы і цацкі, сертыфікаты на бытавую тэхніку і іншыя прыемныя падарункі.

«Радасна, што ў нас ёсць такія сем'і, — адзначыла Ірына Касцевіч, віншуючы пераможцаў. — Вы сапраўды героі, краіна вамі ганарыцца. Сямейная дзяржаўная палітыка шматгранная. Перш за ўсё, гэта фінансавая падтрымка. Але фінансамі не ўсё вымяраецца. Сёння мы фарміруем у грамадстве сем'і-ўзоры, сем'і-прыклады. Гэта тыя, хто сёння стаіць на сцэне: моцныя, разумныя, прыгожыя, шчаслівыя».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: З запалам у душы і любоўю ў сэрцы

Выбар рэдакцыі

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.