Вы тут

Цікавыя навіны замежжа


Жанчына пахудзела дзеля чужога вяселля

Жыхарка брытанскага горада Лосімут (Шатландыя) пахудзела на 57 кілаграмаў, таму што не хацела быць самай тоўстай сяброўкай нявесты на вяселлі бацькі, паведамляе выданне The Mіrror.

Зусім нядаўна Даніэль Рычманд важыла 133 кілаграмы. Яна працавала ў барах, на сняданак жанчына ела кекс з кавай, абедала бульбай з маслам, а на вячэру заказвала піцу, фастфуд ці паўфабрыкаты. Паміж прыёмамі ежы яна штодня з'ядала два пачкі чыпсаў, мармелад і выпівала дзве бляшанкі колы. У выніку ад лішняй вагі жанчына не магла прапыласосіць лесвіцу: яна пачынала задыхацца. Калегі па рабоце смяяліся з яе. Рычманд насіла футболкі і мехаватую вопратку і саромелася з'яўляцца на публіцы.

Потым у яе пачаўся боль у грудзях. Урачы тлумачылі хваробу лішняй вагой і пасіўным спосабам жыцця і раілі брытанцы пахудзець. Да таго ж яе паклікалі на вяселле адразу некалькі сваякоў, на цырымоніі ў бацькі яна павінна была стаць сяброўкай нявесты. Рычманд цвёрда вырашыла, што не хоча быць самай тоўстай на свяце.

Яна далучылася да праграмы для пахудзення і пачала бегаць два разы на тыдзень, перагледзела сваю дыету і стала гатаваць усю ежу самастойна. У выніку жанчына здолела скінуць 57 кілаграмаў. На вяселлі бацькі і сваякі казалі ёй кампліменты, а яе брат нават расплакаўся ад гонару за сястру.

Дзе ў свеце больш за ўсё турыстаў

Рэйтынг самых наведвальных і перагружаных турыстамі месцаў у свеце апублікавалі на афіцыйным сайце эксперты даследчай кампаніі Columbus Dіrect.

Спецыялісты склалі рэйтынг зыходзячы з колькасці турыстаў на квадратную мілю (2,6 км2) у дзень. Высветлілася, што самым перапоўненым лічыцца востраў Пхукет у Тайландзе, дзе на кожную квадратную мілю прыпадае прыблізна пяць тысяч наведвальнікаў.

Другую пазіцыю заняў горад Пальма, дзе штодзень на кожнай квадратнай мілі ў сярэднім аказваецца 2,9 тысячы турыстаў. На трэцім радку размясцілася Патая (2,7 тысячы турыстаў), а на чацвёрты трапіў Парыж (каля 1000 падарожнікаў). Акрамя таго, у топ-10 самых загружаных турыстычных месцаў трапілі Барселона (605 турыстаў), Куала-Лумпур (367), Мілан (344), Осака (268), Сінгапур (127) і Нью-Ёрк (119).

У доме састарэлых зладзілі байцоўскі клуб

Супрацоўніцы амерыканскага дома састарэлых, размешчанага ў горадзе Уінстан-Сейлем, штат Паўночная Караліна, прымушалі старых біцца адно з адным, паведамляе Fox News.

Днямі па абвінавачванні ў жорсткім абыходжанні з інвалідамі былі арыштаваныя 32-гадовая Мэрылін Маккей, 20-гадовая Танасія Івон Тайсан і 26-гадовая Танешыя Дэшон Джордан. Паводле судовых дакументаў, у чэрвені бягучага года жанчыны глядзелі на бойку паміж 70-гадовай і 73-гадовай жыхаркамі дома састарэлых, здымалі тое, што адбывалася, на відэа і правакавалі іх на працяг канфлікту. Супрацоўніцы не разнялі бойку нават пасля таго, як адна з бабулек пачала прасіць аб дапамозе.

Як толькі кіраўніцтва дома састарэлых даведалася пра інцыдэнт, жанчын звольнілі. «Калі гаворка ідзе пра людзей, якія не могуць пра сябе паклапаціцца, мы звяртаем на гэтую справу асаблівую ўвагу», — паведаміў журналістам паліцэйскі, які браў удзел у расследаванні. Кіраўніцтва дома састарэлых заявіла, што зробіць больш жорсткім працэс прыёму на работу новых супрацоўнікаў.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».