Вы тут

Як прыкрывацца клопатам пра кіно, а прасоўваць свае інтарэсы


Люблю згадваць словы Зігфрыда Кракаўэра пра тое, што «нацыянальнае кіно адлюстроўвае псіхалогію народа больш, чым іншыя віды мастацтва». Аўтар праграмнага даследавання «Ад Калігары да Гітлера. Псіхалагічная гісторыя нямецкага кіно» лічыў, што калі кінапрадукт разлічвае на масавага гледача, ён стараецца трапіць у яго жаданні і надзеі, не кажучы ўжо пра тое, што фільм сам па сабе з'яўляецца вынікам калектыўнай працы. Я часта думаю, што можа адлюстроўваць наш кволы беларускі кінематограф, і не магу даверыцца ніводнай выснове, бо за рэдкім выключэннем айчыннае кіно даўно забылася разлічваць на гледача.


Пакуль у Беларусі няма паўнавартаснай кінаіндустрыі, прафінансаваныя дзяржавай праекты разам з грашыма атрымліваюць зададзеныя велічыні, а незалежныя глядацкія карціны здараюцца нячаста, знакі нацыянальнай самасвядомасці можна не вылучаць, а толькі прыцягваць за вушы. Таму пакуль беларускае кіно можа сведчыць толькі пра тое, дазволю сабе перабольшанне, што яго няма. Непрыдатнасць тэзіса Кракаўэра да беларускіх рэалій — паказальная характарыстыка стану нацыянальнай кінематаграфіі, але найбольш анекдатычна тое, што калі праз беларускі кінапрадукт мы не можам выявіць псіхалогію народа, то праз беларускую кінасферу часта можам з вялікай акуратнасцю апісаць «псіхалогію» кіношніка. Пакуль мы бачым намаганні адных запаўняць лакуны, што ўтвараюцца ад няўмелага кіравання галіной кіно, іншыя дрэнна хаваюць прафесійныя эгаізм і рэўнасць.


Кінематаграфісты напісалі артыкул. Пачалі за здароўе, а скончылі за памін душы: сталі быццам адказваць на пытанне, што рабіць, каб палепшыць стан беларускага кіно, і звялі адказ да асабістых крыўдаў з-за неатрыманых ад міністэрства грошай альбо зарубленых кінапраектаў. Тэкст пад назвай «Не дайце яму загінуць» (пасля адмовы «Звязды» яго апублікаваць матэрыял быў размешчаны ў «Народнай волі» за 27 верасня) падпісалі чатырнаццаць аўтараў, і мяне асабліва чапляе, што ў краіне ёсць прынамсі чатырнаццаць прафесіяналаў, гатовых сур'ёзна цытаваць ленінскія словы пра тое, што «найважнейшым з усіх мастацтваў з'яўляецца кіно». Мне не ўяўляецца магчымым аддзяліць вырваную з кантэксту цытату ад стаўлення Уладзіміра Ільіча да папулярнага мастацтва, якое нашы кінематаграфісты свядома альбо несвядома транслююць.

Добра было б здобрыць распаўсюджанае сцвярджэнне разуменнем, што найважнейшым кіно называлася дзякуючы сваёй даступнасці як адукаванаму, так і неадукаванаму масаваму гледачу, што адразу рабіла яго прыдатным для перадачы камуністычных ідэй і патрэбных партыі ўстановак. «Стужкі контррэвалюцыйныя і амаральныя не павінны мець месца», — цытаваў Леніна Анатоль Луначарскі і паказваў, што цэнзура віталася, што на кінематограф рабіўся асаблівы разлік і што савецкія фільмы мелі канкрэтнае, важнае для патрэб партыі, прызначэнне.

Таму Савецкі Саюз і займеў майстроў —  гэтае слова часта выкарыстоўваецца ў артыкуле «Не дайце яму загінуць» — на службе ідэалогіі. Сцэна на лесвіцы з фільма «Браняносец Пацёмкін» Сяргея Эйзенштэйна з'яўляецца кананічнай з пункту гледжання мастацтва, аднак па змесце паказвае бязлітасны шыхт белагвардзейцаў, які правакуе хаос і чалавечыя ахвяры.

Гэта 1925 год (у прыклад можна прыводзіць усю фільмаграфію Эйзенштэйна) — а вось карціна 1965-га «Перад судом гісторыі» Фрыдрыха Эрмлера, між іншым, лаўрэата Канскага кінафестывалю. Апошняя работа майстра складаецца з размоў прасавецкага гісторыка з адным з арганізатараў Белай арміі Васілём Шульгіным, які вярнуўся з эміграцыі і быццам уразіўся дасягненнямі камуністычнага Савецкага Саюза. У фінальнай сцэне суразмоўцы развітваюцца — гісторык ідзе ў залу, дзе публіка вітае пафасныя спічы, што славяць Савецкі Саюз, а Васіль Шульгін панураны і разбіты сыходзіць у другі бок.

Якія б выбітныя з пункту гледжання ўнёску ў мастацтва ні былі шматлікія прасавецкія рэжысёры, іх дасягненні ў нейкай ступені дэвальвуюцца адначасовым унёскам у прапаганду. У нас зараз 2010-я, а прафінансаваныя міністэрствам і знятыя на «Беларусьфільме» карціны часта дэвальвуюцца такім жа чынам, праз відавочную замоўленасць, адрозненне толькі ў тым, што колькі-небудзь важкага ўнёску ў кіно яны ўжо не робяць.

Бачанне кінематографа афіцыйным бокам сёння шмат у чым наследуе Уладзіміру Ільічу — гэта крыўдна адстала, але нейкім чынам вытлумачальна. Невытлумачальна, калі Леніна без усялякай іроніі цытуюць рэжысёры і прадзюсары. Цэлых чатырнаццаць асоб.


Паміж «галоўнымі» і «сапраўднымі» прычынамі заняпаду беларускага кіно аўтары артыкула расказваюць пра фільмы, якія не паўсталі з-за абуральных дзеянняў тых, хто ў галіне кіно прымае рашэнні. Пакрыўджаныя сцэнарысты і рэжысёры — вядома ж, сярод аўтараў.

Мне было прыкра даведацца, што выключны выпадак, калі дзяржаўнае фінансаванне атрымаў не «Беларусьфільм», а прыватная кінакампанія, аказаўся перакрэслены рашэннем міністэрства. Фільм для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Жывадзёры» (сцэнарый напісаў рэжысёр і памочнік генеральнага дырэктара «Беларусьфільма» па творчых пытаннях Вячаслаў Нікіфараў) яшчэ гэтым летам планавала здымаць «Першая кінавідэакампанія», але неабходнасць у рэалізацыі праекта быццам бы знікла, толькі куды, міністэрства тлумачыць не стала.

У артыкуле згадваецца гэты выпадак і тут жа побач для адраджэння беларускага кінематографа прапануецца мабілізуючым і аналітычным цэнтрам зрабіць «Беларусьфільм». «Менавіта з кінастудыяй звязаныя найбольш яскравыя старонкі нацыянальнага кіно, на ёй ляжыць і галоўная адказнасць за яго будучыню». Я не буду настойваць на тым, што супрацоўніцтва з прыватнай кінакампаніяй супярэчыць такому бачанню ролі нацыянальнай кінастудыі, — у нашых умовах хочацца, каб аўтары рэалізоўвалі свае задумы хоць дзе. Але на ўсе тыя крыўды на несправядлівую абыякавасць міністэрства нельга не заўважыць: лягчэй сказаць, каму міністэрства выдзеліла свае невялікія грошы, чым пералічыць тых, каго абдзяліла; і ўсе выдзеленыя сродкі за рэдкім выключэннем і без таго атрымлівае «Беларусьфільм». Ці гэта не «мабілізуючы цэнтр» беларускага кінематографа і наколькі гэты цэнтр паспяховы ў сваёй мабілізацыі.

Менавіта «Беларусьфільм» і «майстры» — цудоўная саманадзейнасць — бачацца аўтарам галоўнымі ўдзельнікамі адраджэння нацыянальнага кіно. «Майстар засунуты на задворкі, — скразным матывам праходзіць праз увесь тэкст, — яго статус паніжаны да радавога, бесславеснага выканальніка, якому дазволена толькі цікавіцца: «Чаго вашай ласцы?»

Я разумею пакрыўджанасць творчага чалавека, я толькі не бачу, а дзе, уласна, заяўлены ў артыкуле бунт? Той бунт, які па азначэнні клапоціцца пра агульнае, а не прыватнае. Бо бунту, які цытуе Леніна, транслюе старарэжымнае бачанне сферы і прапануе абмежаваць беларускае кіно сценамі «Беларусьфільма», я не давяраю. Такая эгаістычная засяроджанасць на асабістых інтарэсах і адначасовая згода з міністэрствам у прынцыповых момантах утвараюць даволі цікавы мікс.

Усё ж сапраўдны бунт хаваецца ў тых, хто арганізуе адукацыйныя ініцыятывы, шукае магчымасці і робіць кіно без крыўдаў і спадзяванняў на дзяржаўныя грошы.


«Беларусьфільм» апублікаваў пост на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook. Гэтым разам ён вырашыў адгукнуцца на здымкі прыватна-дзяржаўнага фільма пад рабочай назвай «Адбітак» на тэму катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Між іншым, праект выклікае зацікаўленасць, бо займаецца адной з галоўных беларускіх траўмаў XX стагоддзя і дае разгарнуцца маладому рэжысёру, выпускніку УДІКа і аўтару прывабных кароткаметражак Мітрыю Сямёнаву-Алейнікаву.

З'едлівы тэкст паста, які, дарэчы, быў хутка выдалены, задаваўся пытаннямі, «хто лічыць, што мы некага здзівім гэтым фільмам і ён будзе запатрабаваны гледачом пасля выхаду вялікай колькасці работ па гэтай тэматыцы» і «ці варта траціць дзяржаўны бюджэт на другасны прадукт пры поўным дэфіцыце беларускіх фільмаў па іншай жанравай тэматыцы».

Падобныя пытанні ад Нацыянальнай кінастудыі, якая даўно ўжо робіць выключна другасны прадукт ды на дзяржаўныя грошы, пераклікаюцца з яшчэ адным раўнівым каментарыем у бок самага паспяховага беларускага фільма апошняга часу «Хрусталь» Дар'і Жук. Аўтары артыкула «Не дайце яму загінуць» апелююць да амерыканскага бэкграўнду рэжысёркі і ўплыву на яе заходняга кіно і пішуць выснову: «Як адлюстраваная ў фільме беларуская рэчаіснасць? Татальная разруха ў эканоміцы і розумах, адсутнасць усялякай свабоды, паўсюль квітнеюць распуста і п'янства, а беларуская нацыя, што зрабіла немалы ўнёсак у сусветную культуру, паказана ўбогім зборышчам «тварей дрожащих». У гэтых словах гучыць Ленін, праглядваецца неразуменне мастацкай умоўнасці і праяўляецца ўжо не проста  эгаізм, а яго найвышэйшая ступень.

Крок за крокам, калі закранаюцца асабістыя інтарэсы і непахісная манаполія на бюджэт, хваляванне датычных да дзяржаўнага бюджэту замацоўвае эфект. У беларускім кінематографе ёсць элементы, у якіх ужо няма патэнцыялу зрабіць нешта важнае, затое ёсць прафесійны эгаізм. Парадаксальная засяроджанасць на сабе ва ўмовах сціплага дзяржаўнага фінансавання дае пра сябе ведаць і становіцца рысай «псіхалогіі» беларускага кінематаграфіста. Можа быць, часткова таму псіхалогіі народа месца не застаецца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Сфера багатая хіба на эгаізм

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. 

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...