Вы тут

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю


У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць — гэта 6 % ад усяго насельніцтва краіны, прычым лічбы з кожным годам растуць. Парадокс, але спецыялісты кажуць, што гэта зваротны бок добрага развіцця медыцыны. Мы цяпер ратуем дзяцей, якія раней пры нараджэнні проста не выжылі б. А яны потым атрымліваюць групу інваліднасці, таму што нарадзіліся са шматлікімі паталогіямі. Так што чым вышэйшы ўзровень медыцынскага прагрэсу, тым большы ў грамадстве працэнт інвалідаў...


Фота Анатоля Клешчука. Мае ілюстрацыйны характар.

Вельмі шмат залежыць і ад узросту. Наша краіна адносіцца да старэючых. А старэнне насельніцтва прыводзіць да павелічэння колькасці ўзроставых захворванняў, асабліва анкалогіі, а таксама дэменцыі і іншых паталогій, якія з'яўляюцца пры павелічэнні працягласці жыцця.

Дзяржава разумее ўсю неабходнасць улічваць патрэбы і інтарэсы гэтых людзей, якія, дарэчы, не зводзяцца толькі да медыцынскай рэабілітацыі і атрымання пенсіі. Таму цяпер дэпутаты Палаты прадстаўнікоў рыхтуюць да першага чытання новы законапраект аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі — і анансуюць важныя інавацыйныя падыходы.

Задача дзяржавы — дапамагаць сем'ям з інвалідамі даглядаць іх

Самае важнае — і для чыноўнікаў, і для грамадства ў цэлым, а гэта значыць, для ўсіх нас — гэта змяніць свой погляд на людзей з інваліднасцю. Эксперты кажуць, што пара ўжо перастаць глядзець на іх як на аб'екты догляду, калі пераважае медыцынская мадэль іх успрымання, — трэба пераходзіць да стаўлення да іх як да паўнавартасных членаў грамадства, якім проста патрэбныя асаблівыя ўмовы. А самым новым кірункам работы лічыцца комплексны падыход, калі не толькі прапануюцца дадатковыя паслугі для нейкай асобнай катэгорыі грамадзян, але змяняецца сама канцэпцыя аказання падтрымкі людзям з інваліднасцю.

Галоўная задача адаптацыі чалавека з асаблівымі патрэбамі — памяншэнне яго залежнасці ад старонняй дапамогі. Гэта павялічыць якасць яго жыцця і адначасова знізіць нагрузку на сацыяльныя службы, павялічыць колькасць людзей, якія не знаходзяцца ў стацыянарных сацыяльных установах, а атрымліваюць паслугі на даму, у сваім звыклым сацыяльным асяроддзі.

Прычым у інтэрнатах цяпер, па словах намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандра Румака, жыве толькі невялікая частка такіх людзей. «Асноўная іх маса пражывае ў сем'ях, таму наша задача — дапамагаць такім сем'ям, каб забяспечыць ім незалежны лад жыцця, дапамагчы ім даглядаць інваліда, — сцвярджае намеснік міністра. — І тут важна знайсці тыя пункты, дзе іх рэсурсаў недастаткова, і прапанаваць ім дапамогу. Тут важная падтрымка грамадскіх арганізацый, важна працаваць з іх суседзямі...»

Тым не менш у краіне на сённяшні дзень функцыянуе 50 псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў і 9 дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. І ў іх цяпер праводзіцца работа па сацыялізацыі людзей, якія там пражываюць, падрыхтоўцы іх да самастойнага жыцця.

«У 2018 годзе вернута ў сям'ю 25 чалавек, працаўладкаваныя два выхаванцы, паступілі ва ўстановы адукацыі чатыры чалавекі, — прывёў звесткі намеснік міністра. — Дзякуючы суправаджаемаму пражыванню змаглі аднавіцца ў дзеяздольнасці і вярнуцца ў грамадства 57 інвалідаў, яшчэ 282 інваліды сваякі змаглі забраць з устаноў пад сваю апеку».

Але выпусціць чалавека з дома-інтэрната мала, неабходна такіх людзей суправаджаць і далей. Аляксандр Румак прыводзіць выпадкі, калі некаторыя дзеці — сацыяльныя сіроты, выпушчаныя з дамоў-інтэрнатаў сістэмы адукацыі, атрымаўшы сваё жыллё, аказаліся ахвярамі аферыстаў. І гэта, як падкрэслівае намеснік міністра, адбывалася з дзецьмі, якія не мелі ні ментальных, ні фізічных парушэнняў. «А нашы падапечныя, у якіх ёсць падобныя парушэнні, вельмі маюць патрэбу ў сацыяльным суправаджэнні, — заяўляе Аляксандр Румак. — Таму мы арганізавалі ўзаемадзеянне ўсіх службаў, каб можна было выпусціць такіх маладых людзей з дома-інтэрната, даць ім жыллё і работу, і не пакінуць іх без суправаджэння. Гэта вельмі доўгая праца, каб аднавіць дзеяздольнасць чалавека і падрыхтаваць яго да самастойнага жыцця».

У ТЦСАН з'явяцца спецыялісты па сацыяльнай рэабілітацыі, а на прадпрыемствах — квоты на працаўладкаванне для інвалідаў

Найвышэйшай ступенню сацыяльнай рэабілітацыі спецыялісты называюць працаўладкаванне. Між іншым, з 570 тысяч беларусаў, якія маюць інваліднасць, 200 тысяч складаюць людзі працаздольнага ўзросту. З іх 113 тысяч мае рэкамендацыі для працягу працоўнай дзейнасці. Але працуе толькі каля 60 тысяч чалавек. Цікава, што высокі працэнт працаўладкавання сярод інвалідаў 1-й і 2-й груп — хоць часам на спецыялізаваных прадпрыемствах, але яны працуюць. Але не ўсе тыя, хто мог бы працаваць, хочуць працаваць.

Мы ўжо пісалі, што законапраект, які цяпер разглядаюць дэпутаты, прапануе новы для нашай краіны падыход, які спецыялісты ўжо назвалі рэвалюцыйным, а менавіта ўвядзенне на прадпрыемствах квот на рабочыя месцы для інвалідаў. Гэта значыць, што ў арганізацыях будзе вызначацца мінімальная колькасць рабочых месцаў для людзей з інваліднасцю — у працэнтах да сярэдняспісачнай колькасці работнікаў. Плануецца, што квоты будуць вызначаць для прадпрыемстваў, у якіх працуе больш за 100 чалавек. Яны, як мяркуецца, будуць уведзеныя ў 2023 годзе. Таксама павінен з'явіцца спецыяльны фонд для стварэння і абсталявання рабочых месцаў для людзей з інваліднасцю, стварэння для іх неабходных умоў. Законам такія рэчы будуць прадугледжаны.

А каб чалавек, які атрымаў заключэнне МРЭК, у якім яму прысвоена група інваліднасці, не застаўся сам-насам са сваімі праблемамі, сацыяльныя службы пачынаюць пераходзіць ад заяўнага да выяўляльнага прынцыпу ў сацабслугоўванні, то-бок не чакаць, пакуль да іх звернуцца па дапамогу, а самім яе прапаноўваць усім тым, хто ў ёй мае патрэбу. На пашыраным пасяджэнні пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Румак расказаў і яшчэ пра адну навінку, якую дзяржава плануе ўкараніць пасля прыняцця новага закона.

«Мы хочам перафарматаваць аддзяленні дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю ў ТЦСАН, каб у іх былі і спецыялісты па сацыяльнай рэабілітацыі, якія б кантактавалі з МРЭК, — сказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны. — І як толькі чалавек атрымае інваліднасць, яны будуць адразу прыходзіць яму на дапамогу і вызначаць, што яму неабходна для сацыяльнай рэабілітацыі, у тым ліку для яго далейшага працаўладкавання».

Святлана Бусько

Загаловак у газеце: Крок да найвышэйшай ступені сацыяльнай рэабілітацыі

Выбар рэдакцыі

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.