Вы тут

Спявачка Вольга Сацюк: Музыку я не кіну


Маладая, амбіцыйная, прыгожая і, безумоўна, таленавітая, яна ўжо не раз даказвала ўсім навакол і, вядома ж, самой сабе, што без намаганняў і працы не дабіцца поспеху. Яе галоўнае жыццёвае правіла — ніколі не шкадаваць пра мінулае, а ўпэўнена і мэтанакіравана існаваць у сучаснасці!


— Вольга, давайце пагаворым аб пачатку вашай кар'еры — дзіцячым «Еўрабачанні»... Скажыце, ці не хацелася б прадставіць Беларусь цяпер, калі для стварэння нумара існуе так шмат розных тэхнічных сродкаў?

— На самай справе не асабліва люблю так разважаць — «як магло б быць». Я вучуся жыць у цяперашнім часе, з усімі яго шанцамі і разнастайнасцю! Але, калі казаць пра першыя... Цяпер яшчэ да конкурсу ёсць магчымасць пазнаёміць выступоўцу з гледачом праз сацыяльныя сеткі, можна ўдзельнічаць у розных акцыях, канцэртах і фестывалях. А пра тое, як можна было ўпрыгожыць сваё выступленне 15 гадоў таму, каб усіх здзівіць, мы можам разважаць толькі з пункту гледжання таго часу. Ужо з 2004 года канкурсанты маюць цэлыя каманды, у якія ўваходзяць фаніятр, харэограф, педагог-вакаліст, піяр-менеджар... На той момант, вядома, пра гэта не думала, нават не ведала, што так лепш і ўвогуле магчыма. Я была дзіцем, якому паставілі задачу годна выступіць у прамым эфіры на вялікую аўдыторыю і прадставіць сваю краіну. Хочацца думаць, што я з ёй справілася.

— Вы сталі папулярнай вельмі рана. Ці ўдалося пазбегнуць «зорнай хваробы»?

— Калі я прыехала з «Еўрабачання», мне было ўсяго дзесяць гадоў, адразу ж пасля конкурсу сталі паступаць прапановы: паўдзельнічаць у розных творчых спаборніцтвах міжнароднага фармату, фестывалях, стаць тэлевядучай. Мне пашчасціла весці такія праграмы, як «Сузор'е надзей», «Вас выклікае Спартландыя!», нацыянальны адбор Junіоr Еurоvіsіоn Sоng Соntеst і дзіцячы конкурс у рамках «Славянскага базару ў Віцебску». Для малой усё гэта было як творчы «Дыснейлэнд». Насамрэч магла з'явіцца тая самая «хвароба», але мне вельмі пашанцавала са сваёй сям'ёй. Яна заўсёды падтрымлівала, дапамагала, давала парады, трымала эмацыянальны ўдар і літаральна жыла маім жыццём.

— Пасталеўшы, вы не кінулі займацца музыкай, а, наадварот, пайшлі атрымліваць адпаведную адукацыю...

— Я ведала, што гэта маё і што жыццё будзе звязана з музыкай. Пасля школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «саліст-вакаліст» завочнага аддзялення. На дзённае вырашыла не ісці, бо рэдка сяджу на месцы і магу папросту сарвацца, атрымаўшы прапанову выступіць у іншай краіне, паехаць на фестываль ці быць на здымках. Не магла сабе ўявіць, як часта прыйшлося б прасіць мяне «зразумець і дараваць», дакладней не мяне, а ўсе мае прагулы і просьбы аб здачы датэрмінова іспыту або ўсёй сесіі.

— Пра выступленні... Графік артыста вельмі няўстойлівы. Як ставіліся да гэтага вашы выкладчыкі?

— Вядома, старалася не прапускаць вучобу, але не ўсё нам падуладна (смяецца). Па волі лёсу часта бывала так, што ўсе мае паездкі і выступленні выпадалі на сесію. А наогул я назвала б сябе «руплівай вучаніцай»: заўсёды хвалююся з-за дрэнных адзнак. Вельмі старалася і перажывала з-за вучобы як у школе, так і ва ўніверсітэце.

— Ніколі не думалі пайсці вучыцца па іншай спецыяльнасці?

— Мне вельмі падабаецца прафесія арганізатара. Падабаецца праводзіць розныя вечары, мерапрыемствы, ды і наогул я вельмі адкрыты і пазітыўны чалавек. Сказала б, што занадта адкрытая і добрая, ад таго часам даводзілася пакутаваць (смяецца). Тым не менш, думаю, у гэтай сферы мне было б утульна. Але ўсё ж музыку я не кіну, хоць не ведаю, што падрыхтаваў лёс, бо вучыцца і расці ніколі не позна.

— А што наконт хобі?

— Звыклай справай стала бачыць мяне ў ролі спявачкі ці вядучай, аднак мала хто ведае, што я вельмі люблю пісаць карціны. Хачу нават прафесійна падысці да пытання. Калі малюю, то гэты занятак мяне супакойвае, а жывапіс увогуле — натхняе. Акрамя таго, вельмі люблю падарожнічаць, тым больш што прафесія спрыяе вандроўкам.

— Вас часта можна сустрэць на розных дабрачынных акцыях, у валанцёрскіх праектах. Усё гэта для піяру ці па закліку сэрца?

— Магчыма, хтосьці і выкарыстоўвае валанцёрства для піяру, але дакладна не я. Мне сапраўды падабаецца дапамагаць людзям. Таму пацвярджэнне і мой дыплом. За аснову быў узяты асабісты досвед валанцёра міжнароднага інклюзіўнага фестывалю «Пад крыламі Арыёна». А ўвесь мінулы год я і мае калегі па сцэне з камандай дабрачыннага марафону «Усе фарбы жыцця для цябе» рабілі выдатныя канцэрты ў розных гарадах Беларусі. Дапамогу, сабраныя сродкі, атрымлівалі хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх мы на свае вочы маглі бачыць у глядзельнай зале, альбо іх сем'і, — усё залежала ад ступені цяжкасці праблемы. Гэта толькі пара прыкладаў.

— Ніколі не думалі паспрабаваць сябе ў ролі актрысы кіно або тэатра?

— Для мяне гэта актуальнае пытанне, мне цікавыя і сцэна тэатра, і магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі актрысы кіно. У дзяцінстве я нават удзельнічала ў пілотных серыях аднаго серыяла, у мяне была роля дачкі-рокершы, і гэта было вельмі незвычайна. Апроч таго, здымалася ў рэкламе ды і цяпер наведваю кастынгі.

— З якой зоркай і легендай музыкі хацелі б выступіць на адной сцэне?

— Мяне натхняе творчасць многіх артыстаў. Калі б мне зараз выдаўся шанц выбраць некалькі выканаўцаў, то гэта былі б Фрэнк Сінатра, АС/DС і Бруна Марс.

— Сапраўдны артыст заўсёды павінен выглядаць дагледжана. У чым ваш сакрэт ідэальнай знешнасці?

— Вельмі вялікую ролю адыгрывае сон, ён жа ўплывае і на чыстую гаворку і правільныя думкі. Аднак выспацца ўдаецца не так часта. Ёсць асабістыя «лайфхакі», якія з'явіліся самі сабой, галоўнае да сябе прыслухоўвацца. Я рана трапіла ў «свет грыму», таму ўмею сябе сабраць і на здымачную пляцоўку, і на канцэрт, і ўвогуле на любое мерапрыемства.

— Каму хацелі б сказаць дзякуй за тое, што сталі тым, кім з'яўляецеся цяпер?

— Вядома ж, сваёй сям'і і ўсім тым людзям, якія былі са мной максімальна сумленныя і шчырыя, калі гаварыць пра любоў да мяне і маёй творчасці. Акрамя гэтага я ўдзячная тым, хто крытыкаваў мяне, бо дзякуючы менавіта ім у мяне кожны раз з'яўляліся стымулы станавіцца лепшай.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.