Вы тут

У чым асаблівасці заняткаў відам спорту «паветранае кальцо»


Ніколі не ведаеш, куды прывядзе цябе жыццё. Днём ты можаш працаваць у офісе, а вечарам — скараць новыя нязведаныя вяршыні... Менавіта так жыве Яна Макавец, трэнер па такім незвычайным відзе спорту, як «паветранае кальцо» ў сталічнай студыі танца Вольгі Рэпінай.


— Як вы прыйшлі да гэтага занятку?

— Спорт даўно стаў неад'емнай часткай майго жыцця. Усё пачалося яшчэ ў апошніх класах школы, калі я стала захапляцца сучаснай харэаграфіяй. Далей захацелася чагосьці большага, і я змяніла сваю першую школу танца на студыю Вольгі Рэпінай. Тут усё і закруцілася з падвоенай сілай: новыя стылі, эмоцыі, снарады... У нашай зале заняткі праходзілі па двух кірунках: харэаграфія і даволі рэдкі ў той час pole dance. Год я хадзіла толькі танцаваць, перыядычна пазіраючы на эфектныя трукі дзяўчат на пілоне. Пасля вырашыла — хачу! Праз некалькі гадоў у студыі з'явіўся новы снарад — паветранае кальцо. І ў маім жыцці зноў усё паўтарылася — да двух ужо наяўных кірункаў дадаўся яшчэ адзін.

— Вы пачыналі вучаніцай, а цяпер самі выкладаеце...

— Па збегу абставін папярэдні трэнер па паветраным кальцы больш не змог выкладаць, і гэтую пасаду прапанавалі мне. Было вельмі хвалююча, але ў той жа час надзвычай радасна. Да пачатку маёй трэнерскай дзейнасці быў складаны, але вельмі цікавы перыяд своеасаблівай «перадачы спраў». Далей знаёмства з групамі і маса станоўчых эмоцый. Ну а потым і асноўная работа трэнера. І, ведаеце, гэта зацягвае (смяецца).

— Паветранае кальцо — небяспечны кірунак?

— Першапачаткова гэта ўсё ж цыркавы снарад. Таму, так, яго можна лічыць небяспечным. Аднак, калі прытрымлівацца тэхнікі бяспекі, слухаць указанні і не спяшацца, нічога страшнага не здарыцца. На занятках трэнер заўсёды побач, ён дапаможа, падстрахуе і падтрымае пры неабходнасці.

— Вышыня размяшчэння кальца падчас выступлення змяняецца?

— На ім можна працаваць як на адной вышыні, так і падымаючы ці апускаючы снарад. На жаль, у нас не так шмат пляцовак, дзе яго можна рэгуляваць. Таму часцей за ўсё выступаем на адной вышыні. Максімальная, на якой мне даводзілася працаваць, — 3-3,5 метра.

— Занятак у студыі — работа ці ўсё ж хобі?

— Не магу адназначна адказаць. Кальцо для мяне цяпер хобі, якое па шчаслівай выпадковасці з'яўляецца яшчэ і работай. Калі прыходзяць вучні, я адказна падыходжу да выканання трэнерскіх функцый, але ў той жа час мы можам пажартаваць і пагаварыць, што робіць трэніроўку больш жывой і цікавай. Акрамя выкладання ў мяне ёсць яшчэ іншая спецыяльнасць — маркетолаг-эканаміст. Таму днём я працую ў гэтай сферы, а ўжо па вечарах вяду групы па паветраным кальцы.

— У вас такі загружаны графік... Як на гэта глядзяць блізкія?

— Вельмі нават станоўча! Муж займаецца разам са мной у студыі. Ён танцуе, у тым ліку pole dance, а нядаўна нават рыхтаваў нумар са мной на паветраным кальцы. Магу сказаць, што ён заўсёды падтрымлівае мае захапленні, якімі б вар'яцкімі яны ні здаваліся на першы погляд. Бацькі таксама з задавальненнем прыходзяць паглядзець на нашы выступленні, аднак часцяком дзівяцца, адкуль у мяне ёсць сілы на ўсё.

— Ці кожны ахвотны можа прыйсці да вас?

— Каб пачаць займацца на паветраным кальцы, не патрабуецца нейкай спецыяльнай падрыхтоўкі. З пачаткоўцамі праходзім усе самыя галоўныя базавыя элементы: заходы на кальцо, вучымся «лавіць» балансы і трэніруем сілу рук. Пасля дзвюх-трох трэніровак нават у тых, хто пачаў «з нуля», пачынаюць упэўнена атрымлівацца тыя самыя базавыя элементы. Вядома, большасць маіх вучняў — дзяўчаты. На кальцы можна зрабіць вельмі шмат прыгожых і жаноцкіх элементаў з прагінам і шпагатамі, што і прыцягвае. Аднак і для хлопцаў ёсць не менш эфектныя сілавыя трукі, проста яны не такія папулярныя. Зараз у мяне ў групе адзін малады чалавек.

— А дзеці могуць займацца гэтым відам спорту?

— Вядома ж. Больш за тое, дзякуючы кальцу можна добра развіць гнуткасць і сілавыя паказчыкі ўжо з дзяцінства. Я думаю, такія заняткі можна паставіць у адзін шэраг з трэніроўкамі па гімнастыцы. Але асабіста я дзіцячыя групы не вяду.

— Часта выступаеце?

— Так, бывае з групай, дуэтам ці сольна. Але далёка не ўсе мае выступленні звязаны з паветраным кальцом. Паралельна з работай на гэтым снарадзе актыўна ўдзельнічаю ў харэаграфічных нумарах. Мы з танцавальнай групай перыядычна выступаем на канцэрце беларускага гурта «Без панікі». Гэтак жа ў дуэце з мужам прадстаўлялі нашу студыю на чэмпіянаце спорту і танца на пілоне. Зараз прымаю ўдзел у пастаноўках студыі танца Вольгі Рэпінай. Улетку мы прэзентавалі тэатр танца Contextus «Выхад з зоны к».
У ім перапляталіся гісторыі кахання, якія былі пададзеныя праз танец, і акрабатычныя нумары на палатне, кальцы і пілоне.

— Якая цяпер галоўная мэта?

— Планую падрыхтаваць годны нумар на паветраным кальцы для выступлення на міжнародных спаборніцтвах.

— Ці бываюць у вас моманты ляноты? Што матывуе ў такіх сітуацыях?

— Вядома, здараюцца. А ў дні восеньскай шэрасці і волкасці лянота рабіць абсалютна ўсё. Для мяне ў такія моманты галоўнае — дабрацца да залы, бо там пачынаюць адбывацца сапраўдныя цуды. Якая б стомленая ні была, варта толькі пачаць размінацца, і ўсё самотнае кудысьці знікае. Асабліва люблю групавыя заняткі, калі побач людзі, якія з табой на адной хвалі. Мне здаецца, што менавіта атмасфера ў нашай зале прымушае мяне з дня ў дзень перасільваць ляноту і ісці на трэніроўку. А найлепшая матывацыя — дасягненні мае і маіх вучняў. Радасць і эйфарыя, якія дастаўляе нарэшце выкананы элемент, даюць энергію і сілы для новых здзяйсненняў.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.