Вы тут

17-гадовы студэнт стаў віцэ-чэмпіёнам свету па сёгі


Беларускія спартсмены чарговы раз прадэманстравалі сваё майстэрства на сусветных спаборніцтвах па сёгі.

Гэтым разам віцэ-чэмпіёнам свету і бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы стаў 17-гадовы студэнт факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР Антон Старыкевіч. У турніры прымалі ўдзел больш за сто наймацнейшых гульцоў з розных краін, у тым ліку з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Расіі, ЗША, Францыі і Японіі.


Гэтыя шахматы атрымалі немалую папулярнасць у нашай краіне, а беларуская школа сёгі стала наймацнейшай у Еўропе. У Японіі ж гульня ўжо даўно перастала быць проста хобі ці спортам і ператварылася ў сапраўдную рэлігію. Часта сёгі там выкарыстоўваюць замест сумоўя перад працаўладкаваннем, таму што японскія шахматы выдатна паказваюць узровень эрудыцыі чалавека. Каб даведацца пра іх больш, мы пагутарылі з Антонам Старыкевічам і высветлілі, што трэба для таго, каб стаць прафесіяналам у гэтай гульні, і чым жа сёгі адрозніваецца ад традыцыйных шахмат.

На самай справе адрозненняў нашмат больш, чым падабенстваў. Напрыклад, дошка ў японскіх шахматах 9х9 (у традыцыйных поле 8х8), усе фігуры плоскія, пяцівугольнай формы і аднаго колеру. Хоць паняцце «чорныя» і «белыя» ўсё роўна ёсць, яно адлюстроўвае чарговасць ходу, чорныя ў сёгі ходзяць першымі. На драўляных дошчачках намаляваныя іерогліфы, якія і пазначаюць назву фігуры і яе магчымасці. Так, ёсць кароль, конь, пешка, ладдзя і слон, аднак не ўсе яны ходзяць гэтак жа, як у традыцыйных шахматах.

Антон пазнаёміўся з сёгі ў сталічным Палацы дзяцей і моладзі ў 11-гадовым узросце і захапіўся гэтай гульнёй практычна адразу. Хоць, успамінае ён сёння, спачатку не асабліва думаў над хадамі, не пралічваў камбінацыі. «Больш хацелася проста пагуляць і пагутарыць з хлопцамі», — з усмешкай адзначае цяперашні віцэ-чэмпіён. З тых часоў мінула шэсць гадоў, за іх ён паспеў дасягнуць чацвёртага дана. У японскіх шахматах імі вымяраецца майстэрства гульца, самы высокі дан у аматараў — шосты, але пакуль яго маюць толькі японцы, ніхто з еўрапейцаў не змог дасягнуць выніку вышэй за чацвёрты.

— У Краіне ўзыходзячага сонца нават не ведаюць пра існаванне класічных шахмат, хутчэй за ўсё яны спытаюць: «А нашы што, не класічныя?» — кажа Антон. — Там сёгі навучаюць кожнае дзіця, лічыцца, што гэтая гульня развівае логіку і вельмі дапамагае ў матэматычных сферах. Шмат хто ў Японіі захапляецца сёгі, як хобі, але таксама там гэтая гульня існуе як спорт, праўда, прабіцца ў прафесіяналы даволі цяжка. Для гэтага трэба скончыць спецыяльную школу па сёгі — сёрыкай. Каб туды трапіць, для пачатку трэба здаць уступны экзамен: прэтэндэнт паказвае, што ведае тэарэтычную базу. Затым прад'явіць рэкамендацыю для навучання ад прафесійнага гульца і заплаціць пяць тысяч долараў. Аднак паступіць туды палова справы: у школе раз у паўгода праводзяцца турніры для вучняў, і, каб паспяхова яе скончыць, трэба выйграць тры такія турніры і дасягнуць тым самым чацвёртага дана. Усё гэта трэба зрабіць да 25 гадоў. Тыя, хто становяцца прафесіяналамі, гуляюць у турнірах выключна з роўнымі сабе і змагаюцца за японскія тытулы. Адзіным чалавекам з Еўропы, каму ўдалося скончыць гэтую школу, з'яўляецца дзяўчына з Польшчы.

Удзельнічаць у чэмпіянатах свету і Еўропы па сёгі могуць толькі аматары, кім і лічацца беларускія спартсмены. Асацыяцыя сёгі Японіі адпраўляе на гэтыя міжнародныя турніры па некалькі сваіх прафесійных гульцоў, але толькі для трэніровачных партый. Антон Старыкевіч таксама сустракаўся з імі і нават перамагаў. Названыя спаборніцтвы з'яўляюцца самымі прэстыжнымі турнірамі сярод аматараў, таму сваю «бронзу» і «серабро» Антон успрыняў з радаснымі эмоцыямі.

— На самай справе ў Браціславу я ехаў з адзінай задачай — не прайграць у першым туры, як гэта было два гады запар. Хацелася проста паказаць свой узровень гульні. Таму задаволены выступленнямі, хоць у іх і была доля шанцавання. За другое месца на чэмпіянаце свету атрымаў кубак, роспіс прафесіянала і веер з пажаданнямі ад прафесіяналаў сёгі. Сумна, але большасць турніраў праходзяць без грашовых прызоў, з-за гэтага многія сыходзяць, напрыклад, у кітайскія шахматы, дзе круцяцца даволі вялікія сродкі. У сёгі, наколькі я ведаю, ёсць літаральна некалькі спаборніцтваў, дзе існуе прызавы фонд, адзін з іх — калядны турнір у Кракаве, за першае месца можна атрымаць сімвалічныя грошы — долараў сто, — адзначае Антон.

Хлопец перакананы, што беларуская школа сёгі самая моцная пасля японскай у свеце.

— У нас многа тых, хто вучыць дзяцей сёгі, таму працэс ідзе добра. Шмат выдатных гульцоў таксама сканцэнтраваны ў Нідэрландах, Расіі і Германіі. Вялікім нашым плюсам з'яўляецца яшчэ і тое, што ў Беларусі праводзіцца вялікая колькасць турніраў, спартсмены гуляюць шмат партый, за кошт чаго падымаюць свой рэйтынг. У Еўропе ж спаборніцтваў мала, таму многія маюць добры ўзровень, але пры гэтым не такі вялікі рэйтынг. Наогул, сёгі вельмі непрадказальная гульня, тут другакласнік можа перамагчы прафесара, вынік у многім залежыць ад трэніровак. Напрыклад, я набіраўся майстэрства менавіта на практыцы, акрамя рэйтынгавых гуляю трэніровачныя матчы, гэта вельмі дапамагае.

Сёння ў Антона больш за тысячу рэйтынгавых партый. Аб сваіх наступных жаданнях і мэтах хлопец кажа з асцярожнасцю, не хаваючы, што чэмпіянат свету — турнір, які ўсё ж такі хацелася б выйграць. Таксама ў яго найбліжэйшых задачах спаборніцтвы ў Празе.

— Пераможца атрымае бясплатную паездку ў Японію, таму мне вельмі хацелася б перамагчы там, — дзеліцца планамі Антон. — У гэтай краіне вельмі карысна пабываць хоць бы ў плане вопыту спаборніцтваў з мясцовымі гульцамі. І яшчэ адзін фактар: у нас вельмі цяжка дастаць тэарэтычны матэрыял па сёгі, а ў Японіі гэтыя кніжкі прадаюцца літаральна на кожным кроку. Думаю, узяў бы з сабой асобны чамадан для кніг.

У будучыні Антон Старыкевіч не збіраецца кідаць сёгі, а ў прафесіі бачыць сябе ў ІT-сферы. Зараз ён навучаецца на першым курсе БДУІР. Што датычыцца вольнага часу, то з-за вучобы і захаплення японскімі шахматамі яго застаецца не так шмат, але Антон любіць пешыя прагулкі і прагляд серыялаў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Японскія, а як родныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».

Грамадства

ПВТ адкрыў у Драгічыне STEM-цэнтр

ПВТ адкрыў у Драгічыне STEM-цэнтр

Гэта камп'ютарны клас, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі.

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.