Вы тут

Беларуска заваявала бронзавы медаль на міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы


Зараз Міраслава БУЛГАКАВА — студэнтка першага курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ спецыяльнасці «інфарматыка». За плячыма — навучанне ў гімназіі № 4 Мінска, пазней — у Ліцэі БДУ на фізічным профілі. Сёлета ў Венгрыі дзяўчына заваявала бронзавы медаль на VІІІ Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы сярод школьнікаў.


Міраслава з камандай на міжнародным этапе ў Венгрыі.

— Зацікаўленасць астраноміяй пачалася з зацікаўленасці фізікай. У восьмым класе папрасіла бацькоў, каб яны адвялі мяне да рэпетытара па гэтым прадмеце, бо ў школе не атрымлівалася рашаць некаторыя задачы, — расказвае Міраслава. — Настаўнік Аляксандр Зязюля заахвоціў гэтай навукай, я і не падазравала, наколькі яна набліжаная да жыцця. Калі б рэпетытар не змог давесці зразумелай мовай, што такое фізіка, хутчэй за ўсё, я не займалася б ёй надалей. Многае адразу не атрымлівалася, давялося шмат працаваць. У дзявятым класе пайшла ў Ліцэй БДУ на падрыхтоўчыя курсы, вельмі хацела апынуцца ў ліку залічаных на фізічны профіль. Акрамя таго, займалася самастойна. Намаганні аказаліся недарэмнымі, я стала ліцэісткай і была вельмі гэтаму рада.

У 11 класе суразмоўніца пачала рыхтавацца да алімпіяды па астраноміі і трапіла на міжнародны этап. Ці быў гэта імгненны сакрэт поспеху?

— Бронзавы медаль на міжнароднай алімпіядзе — вынік сур'ёзнай штодзённай падрыхтоўкі і майго жадання прадэманстраваць веды ў тым, што мяне цікавіць, — кажа суразмоўніца. — Мне заўсёды падабаліся спаборніцтвы, таму хацелася паглядзець на ўзровень іншых удзельнікаў і параўнаць яго с асабістым. Каб добра падрыхтавацца, падчас вучобы звярнулася да цудоўнага выкладчыка Ліцэя БДУ — Віктара Васілевіча Малышчыца. Лічу, што вынік, якога я дабілася сёлета ў Венгрыі ў складзе беларускай каманды, у большасці яго заслуга. Дарэчы, свае факультатывы педагог заўсёды праводзіў па-беларуску.

Гэтую акалічнасць дзяўчына не лічыць нечым незвычайным, бо бацькі з дзяцінства выхоўвалі яе толькі па-беларуску, да чатырох гадоў Міраслава не ведала іншай мовы. Зараз у большасці выпадкаў яна таксама размаўляе на роднай.

Згадваючы міжнародны этап, дзяўчына растлумачыла, чым ён адрозніваўся ад папярэдніх:

— Самай цяжкай аказалася работа з тэлескопам, бо на рэспубліканскім узроўні ніякага абсталявання не было. На спаборніцтвах у Венгрыі было многа нестандартных і складаных задач, а таксама вялікая канкурэнцыя.

Астраномія прываблівае Міраславу тым, што пры вывучэнні навукі шмат працуе фантазія. Любімы раздзел для дзяўчыны — касмалогія. Яна вывучае эвалюцыю нашага Сусвету і стараецца даць адказы на розныя пытанні: «з чаго ўсё пачалося?», «што чакае Сусвет у будучыні?» і гэтак далей.

У Міраславы ёсць маленькая мара — стварыць свой анлайн-планетарый. У ім можна будзе ўбачыць нябесную сферу з зоркамі, планетамі і спадарожнікамі, каметамі і метэорамі. Пакуль што гэта толькі ідэя: не хапае вопыту, каб яе ажыццявіць, але дзяўчыне хацелася б рэалізаваць сваю задуму.

— Ведаю, што табе прапаноўвалі рыхтаваць школьнікаў да алімпіяды па астраноміі...

— Так, ад Ліцэя БДУ. Я і не супраць, але з-за вучобы ва ўніверсітэце не ўпэўненая, ці атрымаецца сумяшчаць гэтыя заняткі. Калі што — з радасцю паспрабую сябе ў новай якасці, думаю, што змагу чамусьці навучыць дзяцей, якія захопленыя астраноміяй.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Мова, зоры, мара...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.