Вы тут

Што цікавага было на Міжнароднай нумізматычнай канферэнцыі


Сёлета яна прымеркавана да 25-годдзя з моманту заканадаўчага замацавання беларускага рубля ў якасці адзінага законнага плацежнага сродку. Адпаведнае рашэнне было прынята Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 19 кастрычніка 1994 года.


Гэта белары. Так маглі выглядаць беларускія грошы, калі б Нацбанк у 1991 годзе прыслухаўся да меркавання нумізматаў. А сёння гэта проста незвычайныя манетападобныя жэтоны.

У канферэнцыі прыняло ўдзел каля 60 прадстаўнікоў буйных музеяў, цэнтральных банкаў, вядучыя навукоўцы-нумізматы, даследчыкі гісторыі грашовага абарачэння, банкаўскай справы і сучаснай манетнай чаканкі з сямі краін: Беларусі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славакіі і Украіны.

Новыя купюры ў 20 і 50 рублёў

Падчас адкрыцця канферэнцыі намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Лапко заявіў, што банк сочыць за тэндэнцыямі ў галіне абароны грашовых знакаў, выкарыстання сучасных матэрыялаў, якія патрэбныя пры іх вырабе, і праводзіць мерапрыемствы па далейшым удасканаленні наяўных грошай. Нацыянальным банкам анансаваны выпуск у абарачэнне ў 2020 годзе абноўленых банкнотаў наміналам 20 і 50 рублёў.

Намеснік старшыні Нацбанка нагадаў, што абноўленыя банкноты наміналам 5 і 10 рублёў уведзены ў абарачэнне сёлета з 20 мая. Яны распрацаваны на аснове пяці- і дзесяцірублёвых банкнотаў, якія знаходзяцца ў абарачэнні з 2016 года. З улікам патрабаванняў часу ў дызайн банкнотаў былі ўнесены змяненні. У прыватнасці, у адпаведнасць з актуальным знешнім выглядам прыведзены выявы архітэктурных збудаванняў на баках банкнотаў. У асветніцкіх мэтах на банкнотах пазначаны назвы гэтых збудаванняў.

Ахоўны комплекс банкнотаў узору 2009 года распрацоўваўся больш за дзесяць гадоў таму, у сувязі з чым патрабаваліся яго аптымізацыя і ўзмацненне. Змяненні закранулі вадзяны знак, ахоўную нітку, схаваны малюнак і асобныя машыначытальныя ахоўныя элементы. Для павелічэння зносаўстойлівасці і падаўжэння тэрміну жыцця банкнотаў выкарыстана двухбаковае лакіраванне і ўмацаванне контуру банкнотаў па перыметры.

Нашы грошы на погляд суседзяў

Збышак Шустэк, супрацоўнік Гістарычнага інстытута Славацкай акадэміі навук, старшыня Славацкага нумізматычнага таварыства падзяліўся сваім асабістым меркаваннем пра беларускія грошы, якія ў нас у абарачэнні з 2016 года. Як дасведчаны нумізмат ён задаўся пытаннем: што на папяровых грашах павінна быць намалявана, каб апрыёры абараніць іх ад падробкі? Многія спецыялісты ўпэўненыя, што на купюрах павінны быць выразныя чалавечыя твары. Чаму?

Збы­шак Шус­тэк.

Наш эксперт лічыць, што ў людзей са старажытнасці захавалася форма невербальнай камунікацыі. Яна вельмі дакладна звязана з тым, як мы глядзім адзін аднаму ў вочы. Лічылася, што па адным поглядзе ў іх можна ўсё даведацца пра чалавека, таму падрабіць такія грошыкі, дзе трэба перадаць унутраную сілу погляду, практычна немагчыма. Калі на банкноце намаляваны будынак ці які-небудзь іншы прадмет, то можна не заўважыць нават сур'ёзны недахоп у падробцы. Недахоп на тварах чалавека выявіць (адчуе) амаль любы карыстальнік.

«На жаль, на еўрапейскіх грашах, гэтак жа як і на беларускіх, чалавечыя асобы адсутнічаюць. У вас будынкі, іншыя архітэктурныя збудаванні, знакавыя прадметы побыту... Так, гэта мае вялікі ўплыў на пэўную падтрымку нацыянальных і дзяржаўных традыцый, самабытнасці і самавызначэння. Бо гэтыя будынкі, якія нанесены на беларускіх грашах, вельмі моцна звязаны з вашай гісторыяй. Гэта вельмі важна. Але чамусьці на вашых грашах адсутнічаюць асобы знакамітых людзей...

А беларуская культура і гісторыя дастаткова багатая на менавіта знакавых людзей. Больш за тое, у вас ёсць асобы, аўтарытэт якіх дастаткова высокі, і ён ужо бясспрэчны.

Абязлічаная еўрапейская валюта стала такой, таму што вельмі складана адшукаць асоб, якія задаволілі б літаральна ўсіх жыхароў краін Еўропы. А Беларусь адносна невялікая дзяржава з адзінымі традыцыямі і ладам жыцця».

Гаворачы пра манеты, Збышак Шустэк адзначыў, што Нацыянальны банк нашай краіны мае групу выдатных мастакоў. Гэта відаць са шматлікай эмісіі памятных манет, якія адрозніваюцца цікавай разнастайнасцю, выдатным стылем і высокай якасцю чаканкі.

«А вашы звычайныя манеты вельмі, вельмі простыя. Няважна, што там нейкі складаны арнамент. Мне здаецца, што не вельмі добра, калі вашы манеты па сваіх тэхнічных параметрах падобныя на манеты еўра. Можа, хто скажа, што мы, бадай, у адной мясцовасці жывём, амаль што адна сям'я. Але, на думку многіх спецыялістаў, манеты еўра няўдалыя.

Напрыклад, чэшскія эксперты параўноўвалі тры серыі манет — славацкія, чэшскія і еўра. Далі іх людзям і папрасілі на хуткасць скласці пэўную суму грошай. Лягчэй за ўсіх справіліся з задачай эксперыментатары са славацкімі грашыма, потым з чэшскімі, і больш за ўсё праблем было з еўра. Гэта звязана з тым, што ўсе дробныя еўра-цэнты візуальна вельмі падобныя. Вашы манеты наміналам 2 капейкі і 10 капеек, і з другога боку 20 капеек і 50 капеек таксама вельмі лёгка можна зблытаць. І трэба быць вельмі ўважлівым, каб не памыліцца...»

Еўрапейскія гульні ўжо і на манетах

Асаблівую ўвагу Нацыянальны банк аддае развіццю нумізматычнага рынку і выпуску ў абарачэнне памятных манет. Яны аб'яднаны ў чатырох асноўных тэматыках: «Беларусь і сусветная супольнасць», «Гісторыя і культура Беларусі», «Спорт» і «Абарона навакольнага асяроддзя».

Сёлета выпушчаны ў абарачэнне памятныя манеты, прысвечаныя праведзеным у краіне ІІ Еўрапейскім гульням. Працягнутыя серыі манет прыродаахоўнай тэматыкі — «Заказнікі Беларусі» і «Птушка года». Падарункавы сегмент прадстаўлены манетай серыі «Кітайскі каляндар» і памятнымі манетамі «Дзень анёла». Нараўне з выпускам манет у гонар 1000-годдзя з дня заснавання Брэста працягнуты выпуск, прысвечаны юбілеям выдатных асоб, напрыклад 200-годдзю з дня нараджэння беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі. Дасягненні беларускіх спартсменаў будуць адзначаны выпускам манет, прысвечаных тэнісу.

Пералік памятных манет на 2020 год зараз фарміруецца. Плануецца выпуск манет, прысвечаных 150-годдзю з дня нараджэння беларускага жывапісца Фердынанда Рушчыца, і памятнай манеты, прысвечанай аднаму з кірункаў выяўленчага мастацтва — авангарду.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. 

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...