Вы тут

І болей, і болей уважліва



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


І болей, і болей уважліва

Канспект-рэпартаж з вечарыны “Чyжыx дyмaк нe пepaкaзвaў, cвae мeў”, прысвечанай 120-годдзю Адама Бабарэкі ў межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”

Фрагмент экспазіцыі

15 кастрычніка, амаль ў дзень нараджэння Адама Бабарэкі, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына, якая больш нагадвала навукова-практычную канферэнцыю — толькі ўдзельнікаў было менш і гаварылі яны карацей, чым цягнуцца звычайныя даклады. Але тое, што гаварылі, і зместам, і эмоцыямі заслугоўвала такой увагі, што прымушала літаральна канспектаваць думкі і прымушае цяпер пісаць замест звычайнага пост-рэлізу гэты разгорнуты рэпартаж.

Рукапіс Бабарэкі

“Словы, якія далі назву нашай імпрэзе, належаць Якубу Коласу”, — сказала ў пачатку вечарыны загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея, вядучая і мадэратар мерапрыемства Эліна Свірыдовіч. Гэтыя словы прагучалі ў размове з Максімам Лужаніным, што стала пасля часткай кнігі “Колас расказвае пра сябе”, і мелі дачыненне да ацэнкі Адамам Бабарэкам твора “Сымон-музыка”. Якуб Колас убачыў у гэтым пісьменніку крытыка, здольнага заўважыць тое, што не заўважалася іншымі. Прынамсі, Адам Бабарэка першым сказаў пра блізкасць названай паэмы нашага класіка да “Боскай камедыі” Дантэ.

У зале сабраліся тыя, каму было што прынесці ў выглядзе ўласных веданняў і меркаванняў, каму хацелася імі дзяліцца і каго астатнім па-сапраўднаму цікава было пачуць

Як чалавека, але найперш як літаратурнага крытыка мы павінны былі раскрыць яго для сябе і іншых падчас паўтарагадзіннага мерапрыемства, на якое ў той вачер сабраліся. Што азначае “раскрыць”? Кожны ці амаль кожны прысутны мог сказаць, абсалютна праўдзіва, без аніякага, што ёсць у яго свой Адам Бабарэка — такі, якім ён яго здолеў адкрыць для сябе, маючы справу хто з архіўнымі дакументамі, хто з літаратурнымі тэкстамі, хто з успамінамі і іншым, з чым толькі можна яе мець. У зале сабраліся тыя, каму было што ў яе прынесці ў выглядзе ўласных веданняў і меркаванняў, каму хацелася імі дзяліцца і каго астатнім па-сапраўднаму цікава было пачуць.

Алесь Суша

Афіцыйнае слова як аднаму з прадстаўнікоў “дамовы чатырох” (так стаў называцца ў нефармальнай атмасферы праект да 100-годдзя “Маладняка” — адукацыйна-асветніцкі, навукова-даследчыцкі, віртуальны і самы што ні ёсць рэальны) прадастаўлена было ў ліку першых Алесю Сушы, намесніку дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Пачалося яно з падзякі, але не так калегам і аднадумцам, супрацоўнікам партнёрскіх арганізацый, колькі агульнаму памкненню — “памкненню да збірання камянёў, якое мае месца і тут, у сценах музея, і ў сценах кожнай з інстытуцый-арганізатараў”. Адзначыўшы багатыя набыткі музея гісторыі літаратуры і архіва-музея літаратуры і мастацтва, Алесь Суша сказаў, што і Нацыянальнай бібліятэцы ёсць чым хваліцца ў справе збірання “камянёў” — матэрыялаў па літаратуры 1920-х: у сценах НББ было рэалізавана нямала цікавых праектаў. “Але важна не тое, што мы пачалі аб’ядноўвацца, — сказаў ён, — хоць і гэта выключна цудоўна, а тое, што мы ўсё больш гучна і ўпэўнена гаворым пра сваю літаратуру і культуру як вартую, годную, дастатковую для таго, каб заняць свой пачэсны пасад між літаратурамі і культурамі іншых народаў. Я са школьных гадоў памятаю музейную экспазіцыю, якая для многіх стала адкрыццём, з якой і пачалося вяртанне ў грамадскую свядомасць літаратуры 1920-х гадоў, у значнай ступені “расстралянай літаратуры”: гэта была ў нейкім сэнсе шокавая тэрапія ў выглядзе яркіх слоў і вобразаў, якія перад намі тады паўставалі. Сёння мы ў іншай сітуацыі: прыйшоў час перастаць плакаць і жаліцца з прычыны знішчаных набыткаў і няздзейсненых перспектыў, і паглядзець перад сабою, наперад пазітыўна, сыходзячы з таго, што набыта за гэты перыяд. Прабачце, але трыццаць гадоў таму рэдка хто ў Беларусі мог сказаць, хто такі Адам Бабарэка. Сёння ж гэтае веданне ахапіла шырокую аўдыторыю. І гэта каштоўнае дасягненне. Прыйшоў час наўпрост сказаць, ні ў якім разе не прыніжаючы годнасць і заслугі вялікіх класікаў іншых літаратур, што і ў нас ёсць сваё вялікае, для нас актуальнае і не менш значнае. Нам гэты сцяг трэба несці наперад, бо праз гэта фарміруецца адметнасць народа, праз гэта нараджаецца і цікавасць да яго. Быў жа час, калі прозвішчы, сёння сусветна праслаўленыя, не ведаў ніхто. Гэта створаныя брэнды. І нам трэба ствараць свае брэнды. І нізкі паклон вам, калегі, за тое, што мы гэтай працай займаемся разам”.

Міхаіл Рыбакоў

“Час паказаў, што тое, чым спачатку цікавіцца вузкае кола, заўсёды набірае абароты і атрымлівае паплечнікаў: нехта абавязкова знянацку пачынае цікавіцца тым, чаго раней нават не ведаў”, — адзначыў дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў. Заслуга ў гэтым належыць і праекту “На хвалі часу, у плыні жыцця”, і кожнаму яго ўдзельніку. “Бо кожны даў часцінку таго, што ў сабе выспеліў і асэнсаваў. І НББ са сваёй нястомнай працай, і архіў-музей са сваімі каштоўнасцямі, і нашы супрацоўнікі, і прадстаўнікі СМІ — кожны пасеяў зярнятка, а ў выніку мы пажынаем прыгожы, багаты праект, які цягне за сабою наступныя. Кожны даў тое, што мог, і атрымаў тое, што хацеў, а разам усе атрымалі значна больш, чым кожны спадзяваўся. Калі гэтая праца дае такі плён, яна мусіць працягвацца”, — дадаў Міхаіл Рыбакоў.

Ганна Запартыка

Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва музея літаратуры і мастацтва, расказала пра свае сустрэчы з дачкой Адама Бабарэкі Алесяй Адамаўнай і пра тое, як трапіў у архіў-музей архіў яе бацькі. Многа цікавых фактаў яна паведаміла і пра жонку Адама Антонавіча, і гэты яе аповед дазволіў прысутным перанесціся на некалькі хвілін у мінулае і ўбачыць герояў тых падзей такімі, якімі яны былі. “Ганна Іванаўна, жонка Адама Бабарэкі, была вельмі моцным чалавекам. Яна фізічна была супрацьлегласцю Адаму Антонавічу. Моцная, звонкая, настойлівая, на ўгаворы мужа не ехаць да яго на месца высылкі яна не паддавалася — узяла і прыехала, і не проста прыехала, але і арганізавала перавоз маёмасці з Мінска ў Слабадскі. Яна была яго апорай, падтрымлівала маральна. Выратавала і рукапісы, і ўсе дакументы — ад атэстата да фотаздымкаў і ўсяго іншага, што было ў дамашнім архіве”. Нам цяжка гэта ўявіць, але Бабарэка ў высылцы працягваў працу. Не друкаваўся, не меў такой і надзеі, але пісаў. Яго філасофскія працы таго часу ўнікальныя. Цяпер яны апублікаваны ў двухтомным Зборы твораў. “Архіў у апошнія дзесяцігоддзі зберагаўся ў Маскве, спачатку ў жонкі, пасля ў дачкі, — расказвае Ганна Запартыка. — У 1974 годзе Уладзімір Конан напісаў кнігу “Адам Бабарэка”. Гэта быў першы і на той час адзіны чалавек, якому Ганна Іванаўна Бабарэка даверыла архіў мужа. Я ведаю, што да яе прыязджаў і Станіслаў Шушкевіч, але ён атрымаў толькі некалькі фотаздымкаў. Недзе напрыканцы 1970-х наша дырэктар Клара Сцяпанаўна Жорава, светлай памяці, знаёміцца з адным з Дзянішчыкаў, гэта дзявочае прозвішча Ганны Іванаўны. Сваякі яе жылі ў Маскве, яны камунікавалі, і недзе на адпачынку гэты чалавек сказаў Жоравай: я, маўляў, сваяк вашага земляка, крытыка і літаратуразнаўцы Адама Бабарэкі. І даў адрас. Клару Сцяпанаўну ў Бабарэкаў добра прынялі, ды гэтак жа ветліва і выправілі, сказаўшы, што нічога не захавана. Але ж у кнізе Уладзіміра Конана ўвесь час даюцца спасылкі на дамашні архіў”. Лёд крануўся, калі ў 1996 годзе Алеся Адамаўна Бабарэка прыехала на Гарэцкія чытанні. Можна сказаць, што дзякуючы гэтым чытанням цяпер маюць тое, што маюць і архіў-музей, і бібліятэка, і музей гісторыі літаратуры. “Алеся Адамаўна тады пачала знаёміцца з нашым асяродкам. Вельмі ёй спадабалася наша сховішча — як там усё ляжыць. Ёй гэта падалося незвычайным парадкам, хоць натуральна, што ўсе архівы так захоўваюць дакументы. І ў 1997 годзе яна пагадзілася што-небудзь прывезці. Але прывезла толькі паказаць і зняць копіі, што мы зрабілі вельмі спешна і на кепскай тэхніцы”. У 1999 годзе, калі адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння Адама Бабарэкі, а гэта было вялікае свята з выездам на Радзіму, у Капыль і ў родную для Адама Бабарэкі Слабада-Кучынку, Алеся Адамаўна зрабіла першы свой падарунак архіву-музею — невялікі ўнёсак у будучы фонд. А пад канец таго ж 1999 года яна ўжо прыняла рашэнне. “…І запрасіла мяне да сябе, — расказвае Ганна Запартыка. — Мы з ёю суткі не спалі, размаўлялі. Яна расказвала, расказвала, расказвала. Пра Уладзіміра Дубоўку, пра Язэпа Пушчу, пра сваю сям’ю, пра многае, многае, многае”. Пасля гэтай размовы архіў Бабарэкі прыехаў у Мінск, маючы нейкую колькасць дубляў, якія былі перададзены з дазволу Алесі Адамаўны і ў музей гісторыі літаратуры. Так Бабарэка вярнуўся ў Беларусь.

Віктар Жыбуль

Навуковы супрацоўнік архіва-музея Віктар Жыбуль запэўніў прысутных у тым, што такая асоба як Адам Бабарэка павінна была ўвесь час прысутнічаць у нашай літаратуры, у культурным кантэксце, але раней мы маглі прачытаць пра яго толькі невялікія энцыклапедычныя нататкі — адзінае, што было даступна, або, схадзіўшы ў бібліятэку, пагартаць кнігу Уладзіміра Конана. “Нават калі траплялася анталогія ці хрэстаматыя, то ў ёй найчасцей змяшчаўся перадрукаваны адзін і той жа твор — апавяданне “Як красназорцы зямлі сцураліся”, на мой погляд, не лепшае ў мастацкай спыдчыне Бабарэкі. Вельмі я рады, што давялося спрычыніцца да справы адкрыцця яго творчасці для ўсіх нас. Валерый Булгакаў напачатку прапанаваў мне выдаць нейкага выбітнага беларускага інтэлектуала тых часоў. Бабарэка пад такое азначэнне “прасіўся”: яго надрукаваныя артыкулы вельмі грунтоўныя. Але надрукаванае аказалася надводнай часткай айсберга: у выдадзены двухтомнік увайшло шмат недрукаванага”, — расказаў Віктар Жыбуль. Болей за тое, некаторыя тэксты ён як укладальнік вырашыў даць у двух або і большай колькасці варыянтаў. “Часам цяжка было вызначыць, які лепшы, і, бывала, нешта вельмі істотнае, што ўтрымліваў адзін варыянт, адсутнічала ў іншых. Творы Адама Бабарэкі поўняцца глыбокімі думкамі, трапнымі выказваннямі, і я рыхтаваў гэты Збор з прыцэлам, што калі Адама Бабарэку будуць чытаць і болей, і болей уважліва, то гэтыя творы разыдуцца на цытаты”. Справа, між тым, не толькі ў цытатах, але і ў фактах, якія крыюцца ў гэтых варыянтах. Мы, напрыклад, дагэтуль не ведаем, што некаторыя нашы пісьменнікі хаваліся пад псеўданімамі. “І вось у адным з варыянтаў лістоў да чытача згадваецца, што Аркадзь Галь — гэта Андрэй Александровіч, Алесь Дудар некаторыя публікацыі падпісваў псеўданімам Зніч, хоць такім самым падпісваўся і Аляксандр Шлюбскі. А ў Бабарэкі гэта пазначана, у нейкіх, магчыма, не асноўных тэкстах, у маргінальных запісах, але гэта ёсць, і мы можам гэтымі звесткамі карыстацца, павінны іх улічваць у нашых будучых даследаваннях”.

Варта дадаць, што 23 і 30 кастрычніка а 17-й у сценах музея гісторыі беларускай літаратуры пройдуць адкрытыя лекцыі Віктара Жыбуля, прысвечаныя Адаму Бабарэку. Гэта розныя лекцыі, таму лепш трапіць на кожную.

Таццяна Лаўрык

З электроннай прэзентацыяй віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” выступіла яго ініцыятарка, супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Лаўрык. Да першага раздзела праекта, прэзентаванага вясной пры святкаванні юбілея Валерыя Маракова, дадаўся цяпер другі, чарговы і далёка не апошні — прысвечаны Адаму Бабарэку. Таццяна Лаўрык адзначыла, што праект вельмі жывы і рухавы, і калі з’яўляюцца новыя звесткі, дакументы, фотаздымкі або выданні, яны адразу дадаюцца на яго старонкі. Усё робіцца з адной мэтай: даць сучаснаму даследчыку літаратуры мінулага магчымасць працаваць з дакументамі ў вольным доступе, нібыта яны ляжаць у яго на пісьмовым стале: спампаваць, павялічыць, прааналізаваць любыя дробныя пазнакі. “Новая асоба — новыя цікавосткі. Кожны раздзел плануецца і ствараецца непадобным на іншыя. У раздзеле пра Адама Бабарэку ёсць часткі пра яго жыццёвы і творчы шлях, даследчыцкія работы пра яго як пра “знявечанага паэта” і “маладнякоўскага Бялінскага”, фотагалерэя, за якую мы выказваем падзякі партнёрам”. Адзін са стваральнікаў літаратурнага аб’яднання, Адам Бабарэка ўваходзіць у шасцёрку пісьменнікаў, якія сабраліся 28 лістапада 1923 года ў Мінскім камсамольскім клубе КІМ. Ён жа і стваральнік “Узвышша”, у якім быў сакратаром. “Праца і святкаванні працягваюцца і працягваюцца”, — прамовіла Таццяна Лаўрык. І падумалася: праца як свята. Віртуальны праект дае інфармацыю і  пра тое, што і дзе можна ўбачыць з асабістых рэчаў героя раздзела: у архіве-музеі ёсць рукапісы і лісты, а ў музеі сабраны асабістыя рэчы — папка для папер, талерка, гальштук, шахматы, гадзіннік. “Вядома, што пры жыцці выйшаў толькі адзін зборнік Адама Бабарэкі — кніжачка апавяданняў, у 1925 годзе. Сёння многа раскажа двухтомнік 2011 года. Яго размясціць на партале цалкам цяжка, нават і немагчыма, але мы размясцілі змест — з тым каб тыя, каму цікава, маглі пазнаёміцца з ім, а пасля ўжо замовіць кнігу ў НББ. Тут жа размешчаны творы Адама Бабарэкі ў зборніках. І спіс прыжыццёвых публікацый у перыёдыцы”. Раздзел “Знявечаны талент” прадстаўлены літаратурай пра Адама Бабарэку. Кніг тут многа, у іх ліку істотныя даследаванні Уладзіміра Конана і Мікалая Ількевіча. “Ёсць спадзяванні, што выйдуць і больш поўныя манаграфіі пра Адама Бабарэку, — сказала Таццяна Лаўрык. — Нам хочацца з кожным раздзелам праекта, прысвечаным кожнай персоне з “Маладняку”, даць нешта карыснае, патрэбнае, цікавае, а ў гэтым ліку і паўнатэкставыя даследаванні ад тых аўтараў, хто даў свой дазвол на іх размяшчэнне. Па гіперспасылках можна іх атрымаць і, спампаваўшы, карыстацца неабмежавана.

Дзмітрый Давідоўскі

Супрацоўнік Нацыянальнай бібліятэкі Дзмітрый Давідоўскі распавёў пра тое, якім Бабарэка быў сябрам, сыходзячы з фактаў пра сяброўства яго з Уладзімірам Дубоўкам. “Маё знаёмства з архівам Адама Бабарэкі пачалося ў кватэры Алесі Адамаўны ў Маскве. Невялічкая кватэра, мы сядзім за сталом і я слухаю Алесю Адамаўну, а яна раскрывае таямніцы — тое, што ніхто да той пары не ведаў. Сяброўства ж Дубоўкі і Бабарэкі — гэта сапраўдная духоўная еднасць. Нягледзячы на тое, што Дубоўка жыў у Маскве, а Бабарэка ў Мінску, амаль у 700 кіламетраў, у лістах іх адзін да аднаго адчуваецца, што яны на адной струне, духоўнай струне. Яны адзін аднаго добра дапаўнялі. Дубоўка быў арганізатар, падказчык, рухавік. І які ж быў давер з яго боку да Бабарэкі, калі, пасылаючы артыкул, ён пісаў у лісце: “Адаме, калі знойдзеш магчымасць не друкаваць, не друкуй, я табе давяраю”. Гэта пра многае сведчыць. “Маладнякоўскім Бялінскім” Бабарэку называлі нездарма. Ён бачыў у творы нешта патаемнае, чаго мог не бачыць, напісаўшы, і сам аўтар. І назва нашай вечарыны — “Чужых думак не пераказваў, свае меў” — гэта сапраўдны партрэт Бабарэкі: гэты чалавек меў аналітычны розум.

Эліна Свірыдовіч

Гаспадыня вечара Эліна Свірыдовіч расказала пра часовую экспазіцыю, створаную спецыяльна да юбілея і для таго, каб наведвальнікі ажно чатырох мерапрыемстваў з яго нагоды змаглі на свае вочы ўбачыць прадметы, якія дэманструюць Адама Бабарэку на розных этапах яго жыцця і творчасці. “Мы бачым і почырк яго, і знакаміты блакнот, дзе ён аналізаваў творчасць паплечнікаў, і два вялікія рукапісы пра творчасць Дубоўкі, і раздзел з манаграфіі “Хто такі Пушча”. І рукапісы гэтыя — арыгіналы! Каштоўнасці!”

Святлана Воцінава

У згаданым блакноце захаваліся малюнкі дочак Адама Бабарэкі, іх таксама можна ўбачыць. Ці ж гэта не цуд дакранання да светлай асобы? Да асобы, якая працягвае асвятляць…

 

Святлана ВОЦІНАВА, “Маладосць”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?