Вы тут

Роднай вёсцы пакланіцца


Вёска Полкацічы, што ў Іванаўскім раёне Брэстчыны, сабрала на 520-годдзе  гасцей з усёй Беларусі ды з замежжа


Самадзейным артыстам у Полкацічах  — раздолле

У часавым вымярэнні вёска гэтая вядомая нават да таго, як на ўсходнеславянскія землі прыйшло друкаванае слова — здарылася ж тое, нагадаем, у 1517-м. Паселішча ў сённяшнім выглядзе тады, вядома ж, не было. Пачыналіся Полкацічы з хутароў. Даўнія дакументы фіксавалі, напрыклад, хутар Паплаўскіх, дзе жылі сем’і Стасевічаў, Мінічаў ды іншыя. Жыхары Полкаціч захавалі ўнікальны дакумент “Выпись из крепостной книги и Пинского Нотариального архива...”, датаваны 1902 годам, які сведчыць пра куплю-продаж зямлі ў вёсцы Полкацічы.

А пасля рэвалюцыі 1917 года, іншых падзей таго часу ў гэтай палескай глыбінцы адбыліся немалыя змены. Была й такая палітыка: ссяляць хутары ў буйныя паселішчы, арганізоўваць калгасы. Як мне казалі мясцовыя людзі сталага веку, ніхто з хутаран тады не хацеў мяняць сваё месца жыхарства. Ды хіба ж можна было камусьці не падпарадкавацца новым уладам?

Вяскоўцы любяць свае Полкацічы, не хочуць людзі сталага веку з імі разлучацца, некуды пераязджаць на жыхарства, калі й гады бяруць сваё. Як, напрыклад, 91-гадовая Надзея Кулеш: яна шчаслівая не толькі пражытымі гадамі, але й добрай старасцю. Найстарэйшая жыхарка вёскі выхавала сабе на радасць сына Міхаіла Куляша, які стаў паэтам — ён сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, жыве ў Брэсце. Пэўна ж, не толькі, як кажуць, пра хлеб дбаюць у вёсцы. Там і даўнія традыцыі продкаў зберагаюць. Скажам, у Полкацічах і ў наш час яшчэ жывы старадаўні абрад Ваджэнне Куста. Які, дарэчы, сустрэнеш цяпер усяго ў некалькіх раёнах Беларусі. Абрад апісалі беларускія фалькларысты — распісваць яго не буду. А знешняе праяўленне яго такое. На другі дзень Сёмухі ў Полкацічах упрыгожваюць Куста — для гэтай ганаровай ролі выбіраецца маладая дзяўчына, якую апранаюць нявестай. Ёй з галінак бярозы, клёна робяць зялёны ўбор, часам у яго ўплятаюць мяту. Куста водзяць у часе абраду па вёсцы — адсюль і назва дзеі. Святочны гурт з Кустом заходзіць у кожную вясковую хату, дзе жывуць сем’і. А ўдзельнікі абраду спяваюць пры тым адметныя песні-пажаданні на шчаслівае сямейнае жыццё.

Людзі працоўнага ўзросту, што цяпер жывуць у Полкацічах, у асноўным занятыя на працах у адкрытым акцыянерным таварыстве “Агра-Моталь”. Кіраўніцтва гаспадаркі на чале з Вячаславам Каштальянам падтрымала ініцыятыву энтузіястаў: адсвяткаваць 520-годдзе вёскі. Зладзілі ж імпрэзу ў цёплую пару. Землякоў, што сабраліся на Бацькаўшчыну з розных месцаў Беларусі, нават з замежжа, віталі-віншавалі кіраўніца аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык, дырэктар ААТ “Агра-Моталь” Вячаслаў Каштальян. У канцэртнай праграме выступалі фальклорны гурт “Славяначка” з мясцовага сельскага клуба, самадзейныя артысты з Моталя, салісты Аляксандр Парфёнчык (ён жа й арганізатар Ляхавіцкага дома культуры), Аляксандр Крываносаў. Кампазітар і спявак Віктар Мяцельскі выканаў песні на вершы Міхася Пазнякова, Міхаіла Куляша ды й на свае таксама.

Сардэчнае атрымалася ў Полкацічах свята — на радасць усіх ягоных “дзяцей”, вялікіх і малых.

Васіль Кулікоў. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.