Вы тут

У Прыдзвінні каля 297 тысяч — пажылых, 59,3 тысячы — з інваліднасцю


Намеснік старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, кіраўнік Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў падзяліўся вопытам дапамогі састарэлым і людзям з абмежаванымі магчымасцямі. У Прыдзвінні ўсё насельніцтва складае каля 1,2 мільёна жыхароў, з іх прыблізна 297 тысяч (25,3 %) — пажылых, 59,3 тысячы (5,1 %) — з інваліднасцю.


Фота Анатоля Клешчука.

Нядаўна з адпаведнай справаздачай дэпутат выступіў на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама.

Губернатар Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што ўжо многае зроблена, каб сацыяльная дапамога была на высокім узроўні. Але якасць трэба павышаць і надалей, каб задаволіць кожнага, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы.

Мэта — забяспечыць доўгае жыццё ў годных умовах для тых, каму неабходна дапамога. Для прафесіяналаў гэта не праблема, бо ёсць вопыт, жаданне працаваць, добрая матэрыяльна-тэхнічная база ва ўстановах сацыяльнага прызначэння.

Дарэчы, вопыт Віцебскай вобласці па сацыяльнай абароне не раз высока адзначаўся кіраўніцтвам профільнага міністэрства. І прызавыя месцы ў ацэнцы работы — ужо штогадовая традыцыя.

Калі казаць сухой мовай статыстыкі, то ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паслугі аказваюць прыблізна 43 тысячам грамадзян. У 15 стацыянарах жыве больш за 3,6 тысячы чалавек. Плённа працуе і каля 30 аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў. Іх пастаянна наведвае каля 1,2 тысячы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У гэтых установах функцыянуе каля 85 рэабілітацыйна-працоўных майстэрняў, 425 гурткоў па інтарэсах.

Трэба сказаць, што той, хто мае патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, можа выбраць найбольш прымальную форму.

Каб паслугі былі ўсім па кішэні, аблвыканкамам замацаваны нізкі тарыф — 55 капеек за гадзіну. Найбольш запатрабаваная дапамога на даму, яе атрымліваюць 15,3 тысячы жыхароў вобласці.

Цікава, што так званыя разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі аказваюцца 19 гаспадарчымі брыгадамі і 25 брыгадамі сацыяльнага абслугоўвання на мабільнай аснове.

Становіцца ўсё больш папулярным пражыванне састарэлых у так званых замяшчальных сем'ях: у вобласці іх каля трыццаці.

Пенсіянерам, інвалідам, у тым ліку і дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, а таксама для іх бяспечнага пражывання са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання аказваецца матэрыяльная дапамога. Толькі ў першым паўгоддзі яе сума перавысіла 440 тысяч рублёў. Грошы атрымала каля 8 тысяч грамадзян.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Для доўгага і якаснага жыцця

Выбар рэдакцыі

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.